Беларускі гросмайстар арганізуе нетыповы квіз
Квіз з «каляшахматнымі» пытаннямі пройдзе 2 кастрычніка ў віленскай прасторы CreateCulture Space, пачатак у 18:30. Адметна, што для ўдзелу неабавязкова ведаць нават базавыя правілы шахмат: пытанні разлічаныя на ўніверсальную логіку і эрудыцыю. Вітаецца ўдзел з дзецьмі: нават калі пытанні квіза ім будуць давацца складана, яны ў любы момант змогуць перамясціцца на суседнюю прастору і паўдзельнічаць у трэніроўцы па шахматах для дзяцей. Удзел бясплатны, але колькасць месцаў абмежаваная — патрэбна рэгістравацца.
Вы можаце рэгістравацца як цэлай камандай (ад 2 да 8 чалавек), так і самастойна (далучыцца да іншай каманды можна будзе на месцы). Калі ж вам цікавыя шахматы ў больш класічным фармаце і вы жадаеце паспрабаваць трэніроўкі з гросмайстрам на беларускай, англійскай ці рускай мовах, пішыце на пошту kazakouskiv@gmail.com.
— У дзяцінстве я заняўся шахматамі ў якасці хобі, а потым гэтае «хобі» зацягнулася на 17 гадоў ды штодзень прыносіць мне усё болей задавальнення, — дзеліцца Валерый Казакоўскі. — Дадаткова я натхняюся тым, што мае вучні і вучаніцы так захопленыя працэсам, што нават трэнды ТыкТока, якія абмяркоўваюць пагодкі, не надта для іх цікавыя — а гэта моцны паказчык у наш час! Захапляюся і дарослымі аматарамі, якія знаходзяць магчымасці сумяшчаць заняткі і турніры нават з працай на поўны дзень. Я ахвотна ўлюбляю ў шахматы новых людзей, таму буду рады і вашым лістам.
Квіз дапамагаюць ладзіць ініцыятыва TLUMACH, арганізацыя «ІншыЯ» і прастора CreateCulture Space.