«Замест разбурэння сацыяльных штампаў — іх замацаванне». Гісторыя пра інклюзію, інтэрпрэтацыю і неразуменне

ИнклюзияЛюдиГендерПрава человека
Обложка с Оксаной
5
(8)

Гэта гісторыя пра чалавечае неразуменне. Яна пачалася колькі гадоў таму, а цяпер выплеснулася ў публічную прастору: былая журналістка Аксана Дабрыянец у падкасце шчыра і адкрыта распавяла пра няпросты лёс — хатні гвалт, ранняе мацярынства, рэакцыю грамадства, шлях да актывізму і працу ў медыя. Аднак у хуткім часе на іншым сайце з’явіўся пераказ арыгінальнай гісторыі, у якім фокус аказаўся істотна змешчаным.

Гэты тэкст мусіў з’явіцца на сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў, але так сталася, што не з’явіцца. Было прынята рашэнне не публікаваць. Аднак у гераіні ёсць дазвол ад аўтара, таму выкладваем яго і ілюстрацыі ў нас на сайце. Таксама тэкст можна знайсці тут.

Першапачаткова здавалася, што атрымалася ўзняць цяжкую тэму

Каб расказаць без прыкрасы, не хаваючы дэталяў асабістую гісторыю, што змяшчае шмат адчувальных тэмаў, патрэбная нямалая смеласць. Аксана Дабрыянец кажа, што ёю рушыла вялікае жаданне дапамагчы жанчынам, якія перажылі падобнае — жыццё без бацькі, сэксуалізаваны гвалт, цяжарнасць у 15 гадоў, мацярынства ў юнацтве.

— Я была вельмі ўдзячная, калі мяне пазвалі на першы падкаст, што запусціла арганізацыя «ІншыЯ», — расказала беларуска. — Я ведаю шмат жанчын, якія нарадзілі ў маладым узросце і як ім было цяжка. Для мяне гэта шанец расказаць, што абставіны бываюць рознымі. Мне хацелася, каб грамадства пачула і змяніла спрошчаннае стаўленне. Бо кажуць: нарадзіла без бацькі і ў 15 гадоў — прастытутка. Гэта татальнае непаразуменне, якое стыгматызуе ўразлівую групу.

Як падкрэсліваюць аўтары падкасту «Іншыя гісторыі», яны расказваюць аб вопыце беларус_ак з цікавым жыццёвым досведам, якія зараз жывуць у эміграцыі: «Пазбаўляемся ад стэрэатыпаў, задаем пытанні, якія сорамна было спытаць, падтрымліваем. Цешымся такімі рознымі і такімі прыгожымі людзьмі».

Калі ўважліва слухаць падкаст, то немагчыма не пачуць асноўны пасыл гераіні — гэта шматкрокавае пераадоленне неразумення грамадства, якое часам жыве ў межах стэрылізаваных думак. Аксана Дабрыянец расказвае пра новую для яе ролю пасля нараджэння дачкі, пра прыманне змяніўшагася цела, пра першыя крокі да грамадскай дзейнасці, актывізму і журналістыцы. Узнята цэлае сузор’е комплексаў беларускай правінцыі, якія варта вывучаць для пабудавання здаровага грамадства.

Пасля выхаду падкасту жанчыне здавалася, што ў яе атрымалася ўзняць цяжкую тэму. У нейкім сэнсе гэта быў першасны сэанс псіхатэрапіі, калі чалавек выказваецца, што хвалявала яго доўгія гады. І дастаткова адной толькі ўвагі псіхолага, каб пачалося выздараўленне…

— Аднак праз некаторы час знаёмыя сталі дасылаць непрыемныя пасты, — уздыхае дзяўчына. — Гэта былі спасылкі на акаўнт выдання CityDog у Instagram. Я пачала чытаць артыкул на іх сайце і была шакаваная: гэта, сапраўды, гісторыя пра мяне, але нібыта не пра мяне. Я была выстаўленая як маргіналка, неразумнае дзіця, якое вінаватае ў сваім лёсе. Пазней стала зразумелым, што гэта перапрацаваны варыянт аўдыёверсіі маёй размовы на сайце «Іншых». Але замест разбурэння сацыяльных штампаў і стэрэатыпаў атрымалася іх замацаванне!

«Адчула поўную бездапаможнасць, асабліва пасля ігнаравання маіх просьбаў»

Першапачатковы загаловак артыкула на сайце CityDog гучаў у характэрнай клікбэйтнай манеры: «“Пілі гарэлку, хадзілі на дыскатэкі, палілі цыгарэты”. Беларуска — пра цяжарнасць у 15 гадоў і пра тое, якое самастойна выхоўваць дзіця». Калі ж чытаць сам тэкст, то складваецца ўражанне, што распавядаецца перадгісторыя, а да самой гісторыі справа так і не дайшла: выкладаецца пра памылкі юнацтва, але не пра стаўленне асобы, цяжкасці і фобіі грамадства. Выглядае так, што не выкананы прынцып паўнаты інфармацыі.

— У артыкуле падсвечаныя самыя «жоўтыя» акалічнасці майго жыцця: расла без бацькі, хадзіла на дыскатэкі, піла гарэлку, была згвалтаваная. Сэнс згублены. Гэта яшчэ адно пацверджанне, што гісторыі пра дзяўчын, якія нараджаюць да 18 гадоў, — вельмі стыгматызаваныя, — заўважае гераіня падкасту.

Аксану Дабрыянец таксама абурыла, што былі выкарыстаныя прыватныя фатаграфіі, у тым ліку на якіх яна з дачкой. У подпісе было пазначана: з архіву гераіні. Аднак жанчына, па яе словах, у рэдакцыю CityDog здымкі не парадавала, як і не давала згоды на публікацыю артыкула.

— Я адразу звярнулася ў рэдакцыю, напісала праз Instagram. Гэта было раніцай, — працягвае жанчына. — У перапісцы патрабавала выдалення матэрыялаў і рэпостаў другіх СМІ (тэкставую версію CityDog размясціла выданне «Наша Ніва»). Таксама хацела б пабачыць публічнае выбачэнне, бо артыкул ужо паглядзелі людзі, некаторыя пакінулі непрыемныя для мяне каментары. Толькі пасля ўмяшальніцтва трэцяга боку рэдакцыя CityDog адказала, што матэрыял выдалілі, прыносім прабачэнні. Але гэта было толькі ўвечары.

Скрыншот артыкула CityDog
Скрыншот таго артыкула на CityDog

Гераіня гісторыі лічыць, што прабачэнні павінны быць агучаны публічна — у той жа прасторы, як і тэкставая версія.

— Я некалькі дзён не магла працаваць, бо знаходзліася ў моцным стрэсе, — адзначае Аксана Дабрыянец. — Я з маленькага горада, дзе чытаюць і CityDog, і «Нашу Ніву». Баюся, што ў маіх родных будуць торкаць пальцам. Думаю, гэта абсалютна магчыма. На фоне павышанай трывожнасці мой стан пагоршыўся. Раней мне быў пастаўлены дыягназ — дэпрэсія і ПТСР (посттраўматычнае стрэсавае расстройства — Аўт.). Я п’ю лекі. Праз гэтую сітуацыю адбылося абвастрэнне. Відаць, зноў прыйдзецца звяртацца да псіхатэрапеўта.

Цяпер жанчына з дачкой жыве ў Польшчы, куды пераехала з Кіева пасля пачатку вайны. Такім чынам за апошнія гады, як і многія беларусы, яна перажыла двайную эміграцыю (у Беларусі ёй пагражаў пераслед з-за журналісцкай і грамадскай дзейнасці).

— Пасля выхаду артыкула на сайце CityDog я адчула поўную бездапаможнасць, асабліва пасля ігнаравання маіх просьбаў, — прызнаецца Аксана Дабрыянец. — Апошні раз такое было ў Беларусі, калі мяне прывезлі ў КДБ. Адчуванне, быццам я нічога не магу зрабіць: пішу — не адказваюць, спрабую сябе абараніць — не выходзяць на сувязь.

Арганізацыя «ІншыЯ»: «Тэкст адрозніваўся ад таго, што мы скідвалі»

У арганізацыі «ІншыЯ» не хаваюць шкадавання з нагоды склаўшайся сітуацыі. Там паведамілі, што адразу ж уключыліся ў вырашэнне канфлікту і прынеслі прабачэнні гераіне (Аксана Дабрыянец пацвердзіла, што прыняла іх і не мае аніякіх прэтэнзіяў да арганізацыі).

— Калі мы запускалі падкаст «Іншыя гісторыі», то хацелі расказаць пра людзей з уразлівых групаў з розным досведам, якія звычайна дыскрымінуюцца ў беларускім грамадстве, — адзначылі ў арганізацыі. — Аксана Дабрыянец аказалася нашай першай гераіняй. Мы з ёй дамовіліся, запісалі размову, змантавалі выпуск.

Скрыншот сайта арганізацыі «ІншыЯ»
Скрыншот сайта арганізацыі «ІншыЯ»

Звычайная справа, калі грамадскія ініцыятывы звяртаюцца ў такіх выпадках за падтрымкай да медыяў. Менавіта такая калабарацыя адбылася паміж «Іншымі» і рэдакцыяй CityDog.

— Раней мы працавалі ў межах іншага праекту і гэта быў пазітыўны досвед, — дадалі прадстаўнікі араганізацыі. — Гэтым часам даволі хутка дамовіліся аб прасоўванні кантэнту ў межах «Іншых гісторый» і адначасова пацвердзілі агульную пазіцыю пра важнасць барацьбы з стэрэатыпамі.Дамова была, што на сайце CityDog з’явіцца тэкставая версія падкасту. Але першапачатковы варыянт, які прапанавала арганізацыя, не задаволіў рэдакцыю, расказалі прадстаўнікі арганізацыі «ІншыЯ»: аб’ём быў вялікі, аповед вёўся з пункту гледжання трэцяй асобы, не было выразнага звароту да аўдыторыі.

— Мы пагадзіліся і перарабілі тэкст, накіраваўшы ў рэдакцыю новую версію, — падкрэсліваюць «ІншыЯ».

Адзначым, што арганізацыя даслала гэты тэкст. Ён адрозніваецца ад таго, што пазней было апублікавана на сайце CityDog. Напрыклад, загаловак гучыць так: «Гісторыя Аксаны, якая самастойна выхоўвае дачку з 15 гадоў і не здаецца». Першыя ж пытанні — пра ідэнтыфікацыю, асяроддзе, кантэкст юнацтва.

А праз некалькі дзён журналістка, якая рабіла падкаст, скінула ў працоўны чат «Іншых» скрыншот паста CityDog з загалоўкам, што выклікаў абурэнне гераіні гісторыі. Паводле яе, гэта была трансляцыя і падмацаванне стэрэатыпаў, а не адлюстраванне каштоўнасцяў арганізацыі.

— Тэкст не адпавядаў таму, што мы скідвалі: не той загаловак, узятыя іншыя пытанні, а частка адказаў — абрэзаныя. Калі чытаць поўны тэкст ці слухаць падкаст, ствараюцца розныя ўражанні, — адзначаюць «ІншыЯ».

Па ініцыятыве арганізацыі пачалася перапіска з CityDog. Там пагадзіліся змяніць першапачатковы загаловак, а пасля — увогуле выдаліць артыкул. З аналагічнай просьбай «ІншыЯ» звярнуліся ў рэдакцыю «Нашай Нівы».

— Мы выбачыліся перад гераіняй, бо не папярэджвалі яе, што тэкст будзе перадрукаваны на сайце CityDog. З другога боку рэдакцыя не паведаміла нам, што збіраецца ўносіць карэктывы, — кажуць прадстаўнікі арганізацыі.

Там прызнаюць, што ўвесь працэс мусіў быць дэтальна прагавораны, а канчатковая версія тэксту — узгодненая перад публікацыяй. Адначасова «ІншыЯ» выказваюць шкадаванне, што шчырае памкненне па разбурэнні стрэратыпаў прывяло да рэтраўматызацыі гераіні.

CityDog: «Нам вельмі горка, што зрабілі Аксане балюча»

Пакуль рыхтаваўся гэты артыкул, на сайце CityDog з’явіўся тэкст з тлумачэннямі. У ім рэдакцыя выкладае сваю версію гісторыі.

— Нам вельмі прыкра, што першапачатковы загаловак і часткі артыкула ў нашай рэдакцыі выклікалі ў гераіні негатыўныя эмоцыі, абразілі яе і прымусілі лішні раз перажываць траўмы, якія яна пераадольвае, — падкрэсліў CityDog. — Мы выбачаемся і падкрэсліваем: нам вельмі горка, што зрабілі Аксане балюча.Там таксама прызналі грубую памылку, у прыватнасці, у тым, што «з’явіўся загаловак і часткі артыкула, якія інтэрпрэтуюцца як схаваныя абвінавачванні ў бок гераіні і яе смелых прызнанняў».

— Па нашай дамоўленасці, «ІншыЯ» павінны былі падрыхтаваць невялікі артыкул на аснове доўгага падкаста, — такую пазіцыю выкладае рэдакцыя. — Па той жа дамоўленасці яны мусілі папярэджваць герояў, што іх аўдыяразмова будзе пераведзена ў фармат журналісцкага друкаванага артыкула і будзе апублікавана на старонках CityDog.io. Гэта не абавязак журналіста (фактычна любое інтэрв’ю, якое трапіла ў інтэрнэт-прастору, можа стаць асновай артыкула, і дазвол героя на гэта не патрабуецца), але, паколькі мы маем справу з вельмі інтымнымі гісторыямі, лепей папярэдзіць.

Скрыншот артыкула CityDog з тлумачэннямі
Скрыншот артыкула CityDog з тлумачэннямі

Паводле CityDog, «журналісты «Іншых» Аксану пра гэта папярэдзіць забылі». Адначасова рэдакцыя прызнала, што «артыкул быў адрэдагаваны і дапоўнены фактурай з таго ж падкаста нашымі рэдактарамі».

— На жаль, мы не папярэдзілі «Іншых» пра дату выхаду артыкула, таму яны прачыталі матэрыял ужо на сайце, — заўважыла рэдакцыя. — І праз нейкі час папрасілі нас змяніць першапачатковы загаловак, які «не спрыяе мэтам падкаста». Хоць загаловак і змяшчаў прамую цытату з падкаста, мы пагадзіліся з аргументам і адразу змянілі загаловак на нейтральны.

Як сцвярджае CityDog, публікацыя была выдаленая пасля таго, як рэдакцыя атрымала ў сацсетках паведамленні ад гераіні. Яны звярнуліся да арганізацыі «ІншыЯ» з просьбай скантактавацца з дзяўчынай, але «не атрымлівалі ад партнёраў ніякай інфармацыі».

— Мы зразумелі, што не варта марнаваць час на партнёрскую этыку, і пачалі самі вырашаць праблему: спісаліся з Аксанай, выдалілі матэрыял з нашых платформ, папрасілі ў яе прабачэння, — запэўнівае рэдакцыя. — Некалькі дзён і праз «Іншых», і самастойна мы спрабавалі выйсці на кантакт з дзяўчынай, каб пагутарыць і данесці сваё бачанне канфлікту. Пры пасрэдніцтве журналісцкіх арганізацый мы спрабуем прыцягнуць медыятара, які б дапамог нам у зносінах. Тым не менш мы лічым, што мусім выбачыцца перад дзяўчынай публічна.

Адвакатка: Ключавы момант у тым, што гераіня не давала згоды на публікацыю ў CityDog

Наколькі прэтэнзіі гераіні подкаста могуць лічыцца абгрунтаванымі? Па адказы на гэтыя пытанні аўтар звярнуўся да прэзідэнткі Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека Марыі Колесавай-Гудзілінай. Яна пагадзілася пракаментаваць сітуацыю з пункту гледжання заканадаўства Еўрасаюза, паколькі ўсе ўдзельнікі гісторыі знаходзяцца за межамі Беларусі.

— У дадзеным выпадку да месца будзе падняць пытанне аб законнасці выкарыстання асабістых дадзеных, — лічыць адвакатка. — Бо публікацыя змяшчае звесткі з прыватнага жыцця гераіні, яе сацсетак, урэшце, пазначана яе імя. Наколькі вядома са слоў самой жанчыны, згоду на публікацыю ў CityDog яна не давала. Гэта ключавы момант.Яна таксама звяртае ўвагу, што ў публікацыі размяшчаліся фатаграфіі «з архіва гераіні», а дакладней — з сацсетак. Хутчэй за ўсё праваўладальніцай гэтых здымкаў з’яўляецца Аксана Дабрыянец. А значыць, для іх выкарыстання патрабуецца яе згода.

— Больш за тое, ёсць такое паняцце як права на выяву, — заўважае Марыя Колесава-Гудзіліна. — Згодна з ім чалавек можа адмовіцца ад выкарыстання сваёй выявы ў тым ці іншым выданні, нават калі фатаграфіі зробленыя не ім. Гэта адчувальнае пытанне рэгулюецца рэгламентам аб абароне дадзеных (General Data Protection Regulation).

Адвакатка дапаўняе, што на адным са здымкаў — непаўналетняя дачка жанчыны. У Польшчы і Літве перад публікацыяй такіх фатаграфій павінна быць атрымана згода аднаго з бацькоў, а часам і самога дзіцяці. Калі няма згоды законнага прадстаўніка непаўналетняга, то прадугледжана асаблівая адказнасць.

— У Беларусі таксама існуе абарона персанальных дадзеных, — кажа Марыя Колесава-Гудзіліна. — Публікацыя выявы дзіцяці павінна адбывацца са згоды законнага прадстаўніка або органа апекі. Інакш за гэта прадугледжана адказнасць — часцей за ўсё за такое парушэнне прымаецца рашэнне аб штрафе.

Насколько публикация полезна?

Нажмите на звезду, чтобы оценить!

Средняя оценка 5 / 5. Количество оценок: 8

Оценок пока нет. Поставьте оценку первым.

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Подписаться
Уведомить о
0 Comments
Старые
Новые Популярные
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
0
Оставьте комментарий! Напишите, что думаете по поводу статьи.x