Пра свой досвед актывізму і тое, як знайсці аднадумцаў, выданню “Рэгіянальная газета” расказала сябра каардынацыйнай рады моладзевай арганізацыі NSNL (Next Stop – New Life), куратар экалагічнага напрамку і чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй Ганна Сафонава.
Актыўнасць з дзяцінства
У дзяцінстве Ганны піянеры з камсамолам сышлі ў гісторыю, а іншыя арганізацыі яшчэ толькі пачыналі развівацца. Але жыццё ў прыватным сектары Ліды было насычанае падзеямі жыццёва-бытавымі, таму актыўнасці хапала.
У падлеткавым узросце і пасля Ганна актыўна займалася адукацыяй – ліцэй з фізіка-матэматычным ухілам, універсітэт па спецыяльнасці «Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве», магістратура і паралельна праца. Ганна скончыла музычную школу, займалася шашкамі, танцамі, удзельнічала ў алімпіядах, інтэлектуальных конкурсах.
Магчыма, у гэтым рэалізоўвала імкненне быць актыўнай. Ужо ў магістратуры была спроба пасябраваць з адной з грамадскіх арганізацый, але не склалася.
У новым горадзе
У 2015 годзе жанчына пераехала на радзіму мужа Дзмітрыя ў Маладзечна і была ў стане глыбокага дэкрэтнага адпачынку.
Новы горад, нуль знаёмых, прывязанасць да пэўнага распарадку дня – усё гэта прыводзіла ў роспач. Таму для сябе паставіла дзве задачы: знайсці блізкіх па духу сяброў і палюбіць горад, у якім жыве.
Сяброў сустрэла ў адукацыйным цэнтры «Адкрытая прастора», а першая спроба ў актывізме адбылася на першым гарадскім фестывалі «Прышчэпка» ў 2018 годзе. Там дапамагала ў арганізацыі кірмашу рамеснікаў і майстар-класаў.
З некаторымі будучымі калегамі па NSNL пазнаёмілася якраз у той перыяд: на сустрэчах, арганізацыі «Прышчэпкі». Але тады яшчэ і не думала, што знаёмства прывядзе да нечага большага. Ключавым момантам стаў удзел у праекце «Вуліца стрытфуда», калі актывісты ўсе разам стваралі крэатыўную прастору на тэрыторыі міні-рынку. Менавіта тады Ганна афіцыйна стала членам моладзевай арганізацыі NSNL.
Як знайсці нішу
Каля года Ганна дапамагала рэалізоўваць розныя мерапрыемствы і праекты каманды NSNL па розных напрамках: ад урбаністыкі да інклюзіі. Вельмі дапамагалі разабрацца ў сабе рэфлексіі па выніках працы.
Так жанчына зразумела, што не хапае той самай сваёй нішы, у якой змагла б рэалізавацца як эксперт.
Тэма рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў, беражлівых адносін да прыроды і пазітыўнага ўзаемадзеяння заўсёды была блізкая.
А калі бліжэй пазнаёмілася з інструментамі і магчымасцямі актывізму і партнёрства ў цэлым, выбар стаў відавочны. Так стала паралельна вывучаць досвед іншых і займацца развіццём экалагічнага напрамку ў арганізацыі.
Асаблівасці ў рэгіёне
– Быць актыўным у рэгіёне і прасцей, і складаней адначасова, – лічыць Ганна Сафонава. – Складаней – таму што ў рэгіёнах можа не так добра развітыя інфраструктуры, павольна даходзяць інавацыі, складана перамагчы кансерватызм у поглядах. І прасцей – таму што ў невялікіх гарадах, мястэчках людзі адзін аднаго ведаюць значна лепш, чым у вялікіх гарадах.
І гэты аргумент пераважвае ўсе астатнія, бо ў актывізме самае галоўнае – знайсці аднадумцаў, знайсці сваю каманду.
У камандзе NSNL нават не ішла гаворка пра тое, каб прыпыніць дзейнасць на час пандэміі. Гаворка ішла толькі пра тое, як найбольш эфектыўна перавесці працу ў анлайн рэжым. Уцягнуліся даволі хутка, усе сустрэчы, абмеркаванні і мерапрыемствы перайшлі ў лічбавы фармат. Праца ішла як у напрамку наладжвання ўнутранай дзейнасці арганізацыі, так і правядзення мерапрыемстваў анлайн. Многія паспяхова выкарыстоўвалі гэты час для дадатковай адукацыі, павышэння кампетэнцый і лідарскіх якасцяў.
– Для мяне актывізм – гэта лад жыцця, які дае вялізныя магчымасці рабіць свет вакол лепшым, – дзеліцца маладзечанка.
Гэта мой спосаб выказваць сваю падзяку гораду, у якім жыву, і людзям, якія са мной побач. І мая мэта – дапамагчы стаць актыўным як мага большай колькасці людзей.
Навічкам у актывізме Ганна раіць шукаць таго, хто ўжо нешта змяніў, і спытаць, як гэта атрымалася. Атрымалася ў яго – атрымаецца і ў цябе. А каб доўга не шукаць, пазнаёмцеся з маладзечанскай камандай NSNL бліжэй. Тут абавязкова знойдуцца людзі, гатовыя дапамагчы рэалізаваць нават самыя крэатыўныя змены. Бо гэта місія актывістаў – аб’ядноўваць людзей і змяняць свет да лепшага.
Тэкст: Зоя Хруцкая
Фота: Таццяна Сафонава
Артыкул створаны ў межах праекта RegiON (уключаючы рэгіён), які ў Маладзечне рэалізуецца моладзевай арганізацыяй NSNL, камандай «Жывой Бібліятэкі» Маладзечна і Цэнтрам развіцця эфектыўнай камунікацыі «Жывая Бібліятэка».