Іншыя – гэта беларуская моладзевая арганізацыя, якая:
- працуе для Беларусі і для моладзі Беларусі;
- складаецца з маладых беларусаў_ак, якія жывуць у розных краінах.
Мы кіруемся ў сваёй працы такімі скразнымі каштоўнасцямі як правы чалавека, інклюзія, гендарная роўнасць і экапрыязнасць. Таксама мы лічым, што неад’емнымі складнікамі дэмакратычнага грамадства з’яўляюцца ўзаемапавага, роўнасць і недыскрымінацыя.
Наша місія – садзейнічанне развіццю інклюзіўнага ўзаемадзеяння паміж рознымі людзьмі, заснаванага на скразных каштоўнасцях.
Наша каманда аб’ядналася 4 сакавіка 2022. Аднак і да гэтага мы працавалі як разам, так і паасобку ў разнастайных арганізацыя і ініцыятывах беларускай грамадзянскай супольнасці. Мы маем досвед рэалізацыі як малых лакальных, так і вялікіх праектаў, а таксама супрацоўнічалі з рознымі арганізацыямі і ініцыятывамі ў Беларусі.
Чаму мы “ІншыЯ”? Нашая тэорыя зменаў палягае на філасофскай катэгорыі “Іншы”. Іншы – гэта адна з цэнтральных катэгорый філасофіі, якая вызначае іншага як “не-Я”. Іншы – гэта любы, хто не я, хто не такі самы як Я і нават супрацьстаіць мне, але так жа як і Я адносіцца да чалавечага роду. Іншы патрэбны нам для камунікацыі, якая з’яўляецца неад’емнай часткай нашага жыцця. Для якаснай камунікацыі нам важна прызнаць Іншага паўнавартасным і роўным партнёрам_кай і прызнаць яго/яе права быць адрозным ад нас.
Таму наш дэвіз: “Дазволь Іншым быць Іншымі”.
Нашая назва аднолькава гучыць па-беларуску – “ІншыЯ” – і на рускай мове – “ИншыЯ”. Для нас было важна захаваць беларускае слова і яго правапіс у рускамоўным варыянце. Наша назва па-беларуску: Арганізацыя “ІншыЯ”, по-русски: Организация “ІншыЯ”, in English: “The Others” Organization.
Напрамкі дзейнасці
- Прасоўванне скразных каштоўнасцяў
- Павелічэнне інклюзіўнасці прастораў і мерапрыемстваў
- Развіццё сацыяльнай інклюзіі*
*Змяненне адносін грамадства і паляпшэнне становішча стыгматызаваных і дыскрымінаваных груп праз павелічэнне бачнасці саміх людзей, іх праблем, інтарэсаў і поспехаў у публічнай прасторы.
Мы заўжды рады новым магчымасцям для супрацоўніцтва на карысць грамадства без дыскрымінацыі. Смела пішыце нам на пошту info@theothersby.org ці ў сацсеткі з ідэямі для сумеснай працы!
Як нас падтрымаць?
Калі вам блізкія нашы каштоўнасці і падабаецца тое, што мы робім, вы можаце дапамагчы нам некалькімі спосабамі:
- Распавесці пра нашую працу сваім знаёмым. Цяпер, у складаны час, “сарафаннае радыё” з’яўляецца выдатным спосабам пашырэння дзейнасці!
- Падтрымаць нашыя сацсеткі. Лайк, каментар і падпіска паўплываюць на алгарытмы сацсетак, і пасты ўбачыць большая колькасць людзей. Падпісвайцеся на нас у Facebook і Instagram і адзначайце ў пастах праз @theothersby.
- Чытаць артыкулы на нашым сайце theothersby.org і дзяліцца імі з іншымі! Карысную інфармацыю не заўсёды лёгка знайсці, але наш сайт вам у гэтым сапраўды дапаможа.
- Наведваць нашыя мерапрыемствы. Мы праводзім іх для таго, каб свет рабіўся лепшым. Калі вы прыходзіце на нашыя мерапрыемствы, то такім чынам дапамагаеце нам у нашай працы!