Інклюзія ― адзін з галоўных напрамкаў дзейнасці нашай арганізацыі. У сваёй працы мы часта сутыкаліся з непераадольнымі на першы погляд перашкодамі, але нас натхняў досвед іншых грамадскіх арганізацый і ініцыятыў. Мы зразумелі, што ў гэтым працэсе мы не адныя і заўсёды ёсць тыя, хто ўжо працаваў з падобным і можа дапамагчы знайсці вырашэнне.
Інклюзія ― гэта ўключэнне дыскрымінаваных і стыгматызаваных груп у жыццё грамадства
Гэтыя рэкамендацыі ― наша спроба сабраць у адно ўвесь досвед у інклюзіўным падыходзе, які ёсць у нас і нашых каляжанак і калег, і перадаць яго тым, хто толькі пачынае свой шлях у інклюзіі і баіцца зрабіць першы крок. Пры гэтым і тыя, хто ўжо працуе з інклюзіяй, змогуць знайсці тут штосьці карыснае і цікавае.
У рэкамендацыях мы рабілі асноўны фокус на патрэбах наступных груп:
- людзі з абмежаванай мабільнасцю;
- людзі са слабым зрокам і невідушчыя;
- людзі са слабым слыхам і з поўнай яго стратай;
- людзі з псіхічнымі і ментальнымі асаблівасцямі;
- бацькі з маленькімі дзецьмі;
- супольнасць ЛГБТК+;
- людзі, прыязныя да экалагічнага ладу жыцця.
Важна разумець, што гэта не вычарпальны спіс і на практыцы нашмат больш груп вымагаюць інклюзіі. Патрэбы нейкіх з іх заўважныя, вядомыя і «звычныя», а пра пэўныя групы мы ведаем нашмат менш, бо ніколі не сутыкаліся з іх досведам. Тады нам давядзецца прыкласці намаганні, каб гэтыя патрэбы вывучыць.
Нашыя рэкамендацыі напісаныя на дзвюх мовах. Вы можаце не толькі азнаёміцца з імі на сайце, але і спампаваць для сябе:
Спампаваць на беларускай мове Скачать на русском языке
Спадзяемся, што гэтыя рэкамендацыі будуць карыснымі для вас і дапамогуць зрабіць вашую дзейнасць больш інклюзіўнай. Мы будзем вельмі ўдзячныя за любую зваротную сувязь наконт якасці і карыснасці гэтага дакумента, таму смела пішыце свае думкі на нашую электронную пошту [email protected] з пазнакай «Рэкамендацыі» ці ў нашых сацыяльных сетках, а таксама адказвайце на нашыя пытанні ніжэй!
На бягучы момант мы займаемся зборам запытаў ад усіх зацікаўленых у атрыманні друкаванай версіі Рэкамендацый. Калі ў вас ці вашай арганізацыі/ініцыятывы ёсць жаданне мець такі асобнік, то калі ласка запоўніце форму ніжэй, ці па спасылцы https://forms.gle/6R4Q8LszRbPaB3LV9.