Чаму ў XXI стагоддзі ўсё яшчэ існуе смяротнае пакаранне? Разбіраем погляды дзяржавы, грамадства і рэлігіі

Правы чалавека
Обложка_смертная казнь
5
(6)

Нядаўна ў Японіі суд апраўдаў чалавека, які 46 гадоў у турме чакаў смяротнага прысуду. Дзяржава праз сваю памылку адабрала дзясяткі гадоў жыцця ў чалавека, а таксама яго фізічнае і псіхічнае здароўе. Такія гісторыі кожны раз узнімаюць пытанне, ці ўвогуле гуманна выносіць такія выракі? Магчыма, вымушаць чалавека чакаць сваёй смерці кожны дзень — гэта своеасаблівая форма катавання? І калі так, то чаму некаторыя дзяржавы, у тым ліку дэмакратычныя, не хочуць пазбаўляцца ад такой практыкі?

Каб разабрацца з гэтым, да Дня барацьбы супраць смяротнага пакарання «ІншыЯ» паразмаўлялі з Арцеміем Вашкевічам, актывістам і філосафам, які займаецца гэтай тэмай.

Год таму мы ўжо рабілі артыкул пра смяротнае пакаранне, паразмаўляўшы з праваабаронцамі Андрэем Палудам і Анастасіяй Аўчаровай. Раім вам таксама з ім азнаёміцца.

Спачатку крыху фактаў пра Беларусь

  1. Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе прымяняецца смяротнае пакаранне.
  2. Смяротнае пакаранне можа быць вынесенае толькі мужчынам.
  3. Расcтрэл — адзіны спосаб, якім ажыццяўляюць смяротнае пакаранне.
  4. З 1990 года ў Беларусі былі расстраляныя не меней за 350 чалавек.
  5. Вядомыя толькі тры выпадкі, калі Аляксандр Лукашэнка памілаваў асуджаных да смяротнага пакарання. Апошні такі выпадак адбыўся сёлета — з немцам Рыка Крыгерам, які змог пазбегнуць выраку дзякуючы абмену зняволенымі паміж Расіяй і заходнімі краінамі.

А што там у свеце?

Сёння ў свеце 112 краінаў цалкам адмовіліся ад смяротнага пакарання. Яшчэ 35 альбо ўвялі мараторый, альбо ўжываюць такое пакаранне толькі ў выключных выпадках. У той жа час 51 краіна ўсё яшчэ выносіць смяротныя прысуды.

Карта

Паводле дадзеных арганізацыі Amnesty International, за 2023 год у свеце было вынесена не менш за 1153 смяротныя выракі — гэта на 31% больш, чым у папярэднім годзе. 

Краіны па-рознаму ставяцца да смяротнага пакарання. Розныя падыходы залежаць ад культурных, рэлігійных і нацыянальных асаблівасцяў кожнай супольнасці. Для некаторых культураў забойства можа падавацца апраўданым, калі, напрыклад, гэта помста за абразу маці або рэлігіі. У той час як для іншых — смяротнае пакаранне для серыйна_й забойцы будзе негуманным. Напрыклад, у Саудаўскай Аравіі могуць пакараць смерцю за гомасэксуальнасць. Такую ж практыку сёння складана ўявіць нават у такіх кансерватыўных краінах, як Беларусь. 

* Краіны-абаліцыяністкі — краіны, якія адмянілі смяротнае пакаранне.

Адмова ад смяротнага пакарання — гэта часта вынік міжнароднай дыпламатычнай працы. Сёння з боку галоўных краін-абаліцыяністак* ідзе плённая праца з краінамі Афрыкі, дзе за апошнія гады некалькі дзяржаў, напрыклад Замбія, Экватарыяльная Гвінея, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка, цалкам адмовіліся ад смяротнага пакарання. На жаль, сёння з Беларуссю не працуюць ні інструменты мяккага ўплыву, ні нават санкцыі ці міжнародны ціск.

Арцемій Вашкевіч

У ЕС смяротнае пакаранне забароненае, а ў іншых дэмакратычных краінах таксама?

Смяротнае пакаранне існуе ў дэмакратычных ЗША, Японіі, але варта разумець прычыны гэтага. 

У Японіі адзін з самых высокіх узроўняў падтрымкі смяротнага пакарання сярод насельніцтва. Дзяржава часта спасылаецца на гэта, каб не адмяняць выключную меру пакарання. У Японіі смяротны прысуд ажыццяўляецца праз павешанне, адзін з самых бесчалавечных спосабаў, якія існуюць у гэтым свеце. 

Арцемій Вашкевіч

Аднак японская судовая сістэма часта працуе неэфектыўна, бо следчыя ў сваіх справах давяраюць паказанням, якія затрыманыя далі пад ціскам. У кейсе японца, пра якога мы пісалі ў пачатку артыкула, ціск з боку праваахоўных органаў таксама прысутнічаў.

У ЗША смяротнае пакаранне падтрымлівае прыблізна палова грамадзяна_к. Прычыны розныя, але гэта не значыць, што варта пераймаць такі досвед. У ЗША спосабы пакарання адрозніваюцца ў розных штатах. Часцей за ўсё асуджаных да смяротнага пакарання забіваюць шляхам лятальнай ін’екцыі, але існуюць і іншыя практыкі, такія як газавая камера, расстрэл і электрычнае крэсла. Так, дагэтуль!

Арцемій Вашкевіч

Смяротнае пакаранне зніжае ўзровень злачынстваў?

Большасць даследаванняў паказвае, што смяротнае пакаранне не паніжае ўзровень злачынстваў у краіне.

Калі чалавек здзяйсняе злачынства, то хутчэй за ўсё робіць гэта, бо лічыць, што яго/яе не зловяць. Канстытуцыя і Крымінальны кодэкс могуць быць жорсткімі, але калі следчыя дрэнна працуюць, то чалавек будзе адчуваць, што яго/яе пакараць немагчыма, бо ніхто наўпрост не зможа раскрыць справу. 

Арцемій Вашкевіч

А што, калі я не лічу справядлівым, калі серыйных забойцаў утрымліваюць за кратамі на мае падаткі?

У ЗША кошт такога пакарання звычайна ў некалькі разоў перавышае кошт пажыццёвага зняволення. Гэта звязана з тым, што працэс выканання смяротнага пакарання вельмі складаны і доўгі: людзі могуць чакаць выканання прысуду 10-15 гадоў, пакуль праходзяць усе неабходныя працэдуры. Наймаецца больш адваката_к і пракурора_к, каб забяспечыць падсудна_й дастатковую абарону правоў і пазбегнуць судовых памылак. 

У Беларусі гэты працэс больш просты, таму і атрымліваецца, што ў нас пакараць смерцю выходзіць танней.

Але трэба разумець, што прысуд смяротнага пакарання не заўсёды азначае, што асоба сапраўды вінаватая.

Пытанне ў тым, колькі мы як грамадства гатовы выдаткаваць грошай на тое, каб чалавек меў шанец даказаць сваю невінаватасць? Колькі інструментаў павінна быць у падсудных, каб яны змаглі абараніць сваё жыццё, асабліва калі яны злачынства не здзяйснялі?

Паводле амерыканскага даследавання, доля несправядліва прыгавораных да смерці ў ЗША складае каля 4,1%.

Арцемій Вашкевіч

У гісторыі Беларусі судовыя памылкі ўжо здараліся. За серыйныя забойствы Генадзя Міхасевіча быў асуджаны і расстраляны Мікалай Цярэня.

Ці этычна выносіць такія выракі і чаму яны важныя для інстытута дзяржавы?

Калі мы размаўляем пра смяротнае пакаранне, то перш за ўсё мы аналізуем адносіны паміж чалавекам і дзяржавай. Пытанні этыкі больш характэрныя для міжасабовых зносін.

Калі мэта дзяржавы — забяспечыць бяспеку, то навошта караць чалавека смерцю? У турме чалавек ужо ізалюецца ад грамадства і больш не з’яўляецца небяспечным для іншых.

Некаторыя лічаць, што смяротнае пакаранне — гэта акт літасці, каб асоба не пакутавала ў турме, але якраз тут дзяржава не дзейнічае ў плоскасці помсты ці літасці. Яе мэта — захаваць стабільнасць і грамадскі парадак. Калі прааналізаваць крымінальнае заканадаўства, можна заўважыць, што за раскрыццё дзяржаўнай таямніцы могуць даць большы тэрмін, чым за забойства. Гэта сведчыць пра тое, што дзяржава ў першую чаргу клапоціцца не пра маральныя каштоўнасці грамадства, а пра сваю стабільнасць і нацыянальную бяспеку.

Смяротнае пакаранне з’яўляецца адным са спосабаў, якім дзяржава легітымізуе сваю ўладу. Мішэль Фуко апісваў публічнае смяротнае пакаранне ў манархічнай Францыі як інструмент манарха, з дапамогай якога той мог вярнуць сваю ўладу, што была страчаная праз злачынства, якое зняважыла дзяржаву і яе законы. Хоць публічныя пакаранні зніклі, сутнасць сістэмы засталася.

Дзяржава бачыць найвялікшую пагрозу ў тых, хто меў намер здзейсніць злачынства, здольнае дэманстратыўна падарваць яе аўтарытэт, і ў тых, хто здолеў гэта зрабіць.

Для дзяржавы пытанне не ў смерці людзей, а ў захаванні яе суверэнітэту і ўлады. Нядаўна Беларусь увяла новыя артыкулы, па якіх можа прымяняцца смяротнае пакаранне. Улады пайшлі яшчэ далей, караючы ўжо за сам намер здзейсніць злачынства супраць дзяржавы. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што сістэма звяртае менш увагі на чалавечыя жыцці, а больш на абарону сваёй улады.

Арцемій Вашкевіч

Як праваслаўе і каталіцызм ставяцца да смяротнага пакарання?

Хрысціянскія рэлігіі выступаюць за адмену смяротнага пакарання. Часта да дзеячаў царквы могуць звяртацца як да медыятараў паміж дзяржавай і чалавекам. Мітрапаліт Філарэт калісьці казаў, што «дзяржава, караючы сваіх грамадзянаў смерцю, кожны раз нанава распінае Хрыста».

Каталіцкія святары падзяляюць гэтую пазіцыю, адзначаючы, што касцёл «выступае ў абарону кожнага чалавечага жыцця як галоўнага прынцыпу гуманізму».

Арцемій Вашкевіч

Як сёння ў Беларусі ажыццяўляецца смяротнае пакаранне?

Калі чалавеку ўжо вынеслі смяротны прысуд, то з 99-працэнтнай верагоднасцю гэта будзе выніковае рашэнне. Паводле закона ў асуджанага ёсць магчымасць падаць прашэнне аб памілаванні прэзідэнту. Аднак Аляксандр Лукашэнка за ўсю сваю гісторыю памілаваў толькі некалькі чалавек. Пасля вынясення прысуду асуджаны адпраўляецца ў СІЗА-1, дзе чакае пакарання не больш за год. 

У пэўны момант начальніку расстрэльнай каманды СІЗА прыходзіць распараджэнне аб тым, што трэба выканаць прысуд. Паводле закона, гэтая каманда мае тры месяцы, каб прывесці прысуд у выкананне. Пры гэтым асуджаны не ведае, калі наступіць яго апошні дзень — ён увесь час знаходзіцца ў чаканні, што вельмі траўматычна адбіваецца на яго псіхіцы. У пэўны момант яго выводзяць, завязваюць вочы, праводзяць праз калідор і паведамляюць: «Вам адмовілі ў памілаванні, распішыцеся». Нават калі прашэнне не падавалася, гэтая фраза ўсё роўна гучыць. Выканаўцы гэтай працы — члены расстрэльнай каманды, адабраныя кіраўніком на падставе іх псіхалагічнай устойлівасці. Падчас гэтай працэдуры прысутнічаюць пракурор_ка, лекар_ка, прадстаўні_ца МУС. Пасля чалавека вядуць па калідоры, ставяць на калені і страляюць у патыліцу. 

Арцемій Вашкевіч

Родным забітага не паведамляецца, дзе ён пахаваны і калі адбыўся расстрэл. Свая_чкі даведваюцца пра гэта, калі атрымліваюць бандэроль з яго асабістымі рэчамі і турэмнай робай з надпісам «ИМН» — «исключительная мера наказания». Такая практыка ў дачыненні да родных асуджанага з’яўляецца формай катавання. 

Смяротнаму пакаранню існуе шмат альтэрнатываў. Гэта можа быць як пажыццёвае зняволенне без права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, так і з ім. Таксама ў якасці пакарання за цяжкія злачынствы магчыма прымяняць доўгія тэрміны пазбаўлення волі, напрыклад 20 ці 60 гадоў. Таксама для зняволеных варта праводзіць дадатковыя праграмы рэабілітацыі і аднаўлення. У любым выпадку гэта з’яўляецца нашмат больш гуманнай практыкай у дачыненні да асуджаных.

Яшчэ падрабязней пра практыку смяротнага пакарання ў Беларусі вы можаце пачытаць на сайце беларускай кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання».

Ці сумяшчальныя смяротнае пакаранне і правы чалавека?

Ні ў адной краіне правы чалавека не выконваюцца на 100%. Калі большасць правоў выконваецца, можна меркаваць, што краіна прытрымліваецца асноваў правоў чалавека. Аднак пытанне смяротнага пакарання застаецца адным з самых складаных у галіне правоў чалавека. Калі звярнуцца да артыкулаў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, то можна заўважыць, што для большасці пералічаных там правоў існуюць выключэнні — у некаторых выпадках асоба можа быць пазбаўленая сваіх правоў або яны могуць быць абмежаваныя, у тым ліку права на жыццё для тых краінаў, дзе існуе смяротнае пакаранне. 

Арцемій Вашкевіч

У сістэме правоў чалавека ёсць толькі два абсалютныя правы, якія мусяць выконвацца заўжды і ніколі не могуць быць абмежаваныя: права на свабоду ад катаванняў і права на свабоду ад рабства. Усе астатнія ў той ці іншай меры могуць быць абмежаваныя дзяржавай пры пэўных абставінах, напрыклад, у выпадку пагрозы нацыянальнай бяспецы для краіны.

Смяротнае пакаранне негуманнае, але рашэнне адмовіцца ад яго — гэта выключна палітычная воля дзяржавы.

Праблема палягае ў тым, што многія краіны ўсё яшчэ не маюць гэтай палітычнай волі.

Сучасная сістэма правоў чалавека існуе ў тым выглядзе, на што пагадзіліся ўсе дзяржавы. Менавіта таму толькі ад дзяржаваў залежыць, ці гатовыя яны будуць аднойчы змяніць гэты падыход.


Аўтарка: Ева Л. 

Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 6

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x