Спадарыні Аляксандры Ханевіч 72 гады. Яна жыве ў Беластоку, вядзе свой блог у YouTube і Instagram, і даволі часта журналісты і журналісткі бяруць у яе інтэрв’ю. З розных нагод. Пераважна там спадарыню Аляксандру прадстаўляюць як пенсіянерку. Ці пенсіянерку-змагарку. Запытваюцца пра тое, як яна выйшла на пратэсты ў 2020 годзе нягледзячы на свой узрост.
Я бачу ў гэтым нейкае дзіўнае звядзенне асобы да яе ўзросту, ці да таго факта, што асоба атрымлівае пенсію. І я хачу паразмаўляць са спадарыняй Аляксандрай пра яе жыццё ўвогуле, пра кар’еру, пра сям’ю, пра тое, як яна пачуваецца ў эміграцыі і што натхніла яе пачаць весці блог пра жыццё ў Польшчы. Мяне завуць Дар’я Гардзейчык. Гэта падкаст «Іншыя гісторыі». Падкаст, як і раней, даступны на платформах: Ютуб, Cast.box, Mave, Apple Podcats, Spotify. А ніжэй ― яго расшыфроўка.
Выбор был: или родная тюрьма или заграница.
Гэта ўрывак з відэа Юрыя Дудзя ад 26 студзеня 2022 года «Как жить, когда лишают родины». Голас, які вы пачулі ― гэта голас спадарыні Аляксандры Ханевіч. А вось гэта гук пры якім на экране з’явіліся надпісы: «Пенсіянерка», «Горад: Гродна», «Цяпер: Беласток».
«Я нарадзілася 27 сакавіка 1952 года ў вёсцы Калбасіно»
Цяпер гэта ўжо Гародня, бо вёска была надта блізка да Гародні. У школу мне было бліжэй ездзіць у горад ― аўтобусны прыпынак быў пад хатай ― чым ісці ў школу ў Калбасіно. Але я ў першы клас пайшла ў Казахстане: мае бацькі «завербаваліся» на Цэліну.
Цэліна ― то-бок неараная зямля ― гэта зборная назва слабаасвоеных (з-за недахопу насельніцтва) зямель на тэрыторыі Казахстана. Перш за ўсё маецца на ўвазе менавіта Казахстан, бо менавіта там у 1950-я–1960-я рэалізоўвалі дзяржаўную праграму павелічэння харчавання СССР праз асваенне той цэліны. І, канешне, для гэтага трэба было шмат супрацоўнікаў і супрацоўніц. Таму, як сказала спадарыня Аляксандра, шмат хто (асабліва з вёсак) вярбаваліся на Цэліну.
У першы клас спадарыня Аляксандра пайшла менавіта ў Казахстане. Але яе маці захварэла, і сям’я вярнулася на радзіму, і спадарыня Аляксандра пайшла ў школу ў вёсцы Калбасіно.
«Калі я была ў трэцім класе, загінуў мой бацька. А нас было траіх…»
Калі не стала бацькі спадарыні Аляксандры сям’і давялося вельмі цяжка: маленькай Сашы давялося з 9 год улетку працаваць на сельскагаспадарчых працах, каб нешта зарабіць для сям’і.
І праз гэта ёй давялося пазней адмовіцца ад сваёй мары стаць следчай, як яна хацела таго ў восьмым класе. Не атрымалася.
Брат, на 4,5 гады старэйшы за мяне, паступіў ў горна-тыхнічны тэхнікум у Луганскай вобласці. Калі я скончыла школу, брат яшчэ вучыўся. Не было, у што апрануцца нават так. Брат вучыўся, трэба было яму штосьці купляць. Але паступаць ужо не хацела.
Аляксандра не хацела нават спрабаваць паступаць, але сяброўкі яе маці настойвалі, што дзяўчынцы трэба адукацыя. І Аляксандра паддалася на ўгаворы падаць заяву.
Падала заяву ў палітэхнічны тэхнікум Гародні. Першы экзамен ― ці дыктоўка, ці сачыненне. Я напісала на пяць. Матэматыка ў мяне была лепш, чым мова. Калі прыйшла на матэматыку, вакол мяне ўжо сядзелі хлопцы, якія мне: «Як такая разумная, то рашы». Я пачала рашаць. Настаўнік кажа: «Нікіціна, ― маё прозвішча па бацьку ― як вы ўжо ўсё зрабілі, то ідзіце адказваць». Я паклала квіточак і сказала: «Я нічога не ведаю». І пайшла. І калі я выйшла, да мяне дайшло, што я магла б здаць, але я так хацела працаваць. Дахаты нават на аўтобусе не паехала, ішла па чыгунцы і плакала. Пайшла працаваць на абуткавую фабрыку. 8 гадоў там адпрацавала, і пачаў будавацца «Хімвалакно».
Завод Хімвалакно ― гэта гродзенскае прадпрыемства па выпуску сінтэтычнага валакна і нітак. Напрыклад, капронавыя панчохі робяцца з сінтэтычных капронавых нітак. Цяпер «Хімвалакно» ― гэта філіал завода «Гродна Азот», а ў 1970-я ён быў цалкам самастойным прадпрыемствам. У 1977 годзе спадарыня Аляксандра перайшла з абуткавай фабрыкі на толькі што пабудаваны завод Хімвалакно. Без спецыяльнай адукацыі на Хімвалакно не бралі, але пакуль спадарыня Аляксандра была ў дэкрэтным адпачынку, то скончыла ГПТУ (прафесійна-тэхнічнае вучылішча).
Так паралельна з тым, як спадарыня Аляксандра глядзела дзіцё, яна яшчэ і атрымоўвала адукацыю.
Без прафесіі мяне бы не ўзялі. А я скончыла ГПТУ хімікаў, пакуль была ў дэкрэце. Мая прафесія была апаратчык шырокага профіля. Калі я ўжо працавала на «Хімвалакно», то скончыла хіміка-тэхналагічны тэхнікум. Прафесія ― тэхнік-механік. Мужчынская (смяецца). І працавала на «Хімвалакно» больш з мужчынамі.
Па сабе ведаю, што працаваць і вучыцца адначасова ― неймаверна складана. Аднак калі я вучылася, у мяне прынамсі не было сям’і і дзяцей. А ў спадарыні Аляксандры былі.
«Я выйшла замуж у 1972 годзе. У 1973 у мяне нарадзілася дзяўчынка, дачушка, а ў 1976 памерла»
Трагічна, кіпень на сябе перакуліла, і памерла. Я была цяжарная… Яна ў лютым памерла, а хлопчык нарадзіўся першага мая. Цяжка было, плакала. І цяпер плачу. Але тады была мацнейшая. У мяне яшчэ ў 2018 годзе малодшы сын памёр ― яму было 39 гадоў. І застаўся толькі сярэдні. Малодшы быў 1979 года, сярэдні ― 1976. Першага мая яму было 48. Ён тут са мной. Я ― з ім. Ён ехаў, нібы ён са мной, а атрымалася, што я з ім. Вось так з траіх маю толькі аднаго.
Адзінае, што я магу запытацца, гэта тое, што падтрымлівала і падтрымлівае спадарыню Аляксандру.
Маю такі ўнутраны стрыжань. Выдахну. І іду далей.
Яшчэ я заўважыла, што пры адказе на пытанне пра сям’ю спадарыня Аляксандра ўзгадала толькі дзяцей, але не ўзгадала мужа.
Мой муж… Мой першы муж выпіваў, і добра выпіваў. Ой, нават успамінаць не хочацца. Мела б цяперашні розум… Было сорамна, гэта ж бацька дзіцяці. А бацька той, калі з пяці працоўных дзён адзін дзень прыйдзе цвярозы, ― вялікае свята. Добра, што не біўся. Бо адзін раз паспрабаваў. Была хворая, і ён мяне стукнуў. Я схапіла санкі. Мы ў інтэрнаце жылі ― каб суседка не выскачыла, то ў тых санак усе дошачкі павыляталі, адныя палазы засталіся. 20 гадоў амаль з ім пражыла, і потым разыйшлася.
Я ўражаная, як ў спадарыні Аляксандры хапала моцы спалучаць працу, вучобы ў тэхнікуме, яўна цяжкія стасункі з мужам, у якога была алкагольная залежнасць, і дагляд за дзецьмі.
Я не ведаю, дзе браліся тыя сілы. То суседка паглядзіць за дзецьмі, то сяброўка якая прыйдзе. Я працавала ад пачатку на дзве змены, а потым дзеці падраслі, то стала на тры змены працаваць.
Было так, што ў мяне быў такі нэрвовы зрыў, што я ўжо не магла. Увесь час плакала. Мне далі пуцёўку ў санаторый. Дзеці былі ў маёй аднакласніцы. А бацька жывы, быў у хаце.
У 1996 годзе спадарыня Аляксандра выйшла замуж другі раз
Думала, што і не выйду. Мне адной было лягчэй. Зарабляла я, асабліва на «Хімвалакно», някепскія грошы. Муж мой у Гародні. Тры гады не бачыліся. Прыязджаў да мяне ў 2023 годзе.
Калі былы муж спадарыні Аляксандры памёр, яна была ўжо замужам другі раз. Сыны былі ўжо дарослыя і мусілі самі займацца пахаваннем бацькі. Аднак, як часта бывае ў такіх справах, увесь гэты цяжар зноў лёг на плечы жанчыны. Ад пачатку хлопцы прасілі ў мамы проста падказаць, дапамагчы, але ў выніку арганізацыяй пахавання амаль цалкам займалася менавіта спадарыня Аляксандра.
Сямейнае жыццё было моцна складаным для спадарыні Аляксандры ў яе першым шлюбе. А наколькі цяжкая ў параўнанні з гэтым была праца на заводзе?
На абуткавай фабрыцы праца была цяжкая, бо канвеер. Увесь час сядзіш як прывязаны. На «Хімвалакно» я прыйшла нават да запуску. Мы там прыбіралі, абсталяванне чысцілі. Я была «аппаратчиком приготовления химрастворов». Гэта такі раствор, у які трэба прапусціць нітку, каб яна была аднастайная. Шкодная праца. Трэба было адпрацаваць 7,5 гадоў, каб на 10 гадоў раней выйсці на пенсію. Часта нас там пераводзілі, каб не была тая праца шкодная, пішуць «аппаратчик приготовления замаслевателя». А гэта ўжо іншае. Дзякуй богу адпрацавала, перайшла на іншае працоўнае месца – «оператор дистанционного управления». Усе параметры з цэха выведзеныя на шчыты, дзе я сяджу, гляджу. Што магу ― падкручу. Што не магу ― званю хлопцам, што трэба тое і тое. Такі больш мужчынскі калектыў. Сябруем да гэтай пары. Але хачу сказаць, што мужчын вельмі шмат памерла. Не проста так плацяць тую пенсію. Але я адрабіла замест 7,5 год ― 12. Па нашых мерках у мяне някепская пенсія ― 950 рублёў. Гэта 300 даляраў. На польскія ― 1200 злотых. Смеху варта.
Як змяніліся працоўныя будні, калі Беларусь стала незалежнай
Спадарыня Аляксандра кажа, што ў 1991 годзе яна не заўважыла аніякіх асаблівых зменаў на працы. Сітуацыя, па яе назіраннях, змянілася ўжо ў нулявыя.
Мне трэба было заўсёды казаць праўду, і за гэтую праўду я так мела… не вельмі добра.
Тое, што кажа спадарыня Аляксандра, можа гучаць даволі абстрактна. Але я разумею, аб чым вядзецца гаворка. Даволі тыповая сітуацыя ў дзяржаўных арганізацыях у Беларусі, што недзе зверху даводзіцца план, які немагчыма выканаць без парушэння пэўных правілаў: ці то працяг працоўнага дня, ці то тэхніка бяспекі, ці то фінансавая справаздачнасць, ці то аб’ектыўныя крытэры адзнакі якасці ― патрэбнае падкрэсліць. У выніку чалавек мусіць парушаць гэтыя самыя правілы.
Але калі кіраўніцтва парушае правы гэтага самага чалавека, а ён бярэцца іх адстойваць, яму кажаць:
«Ты паглядзі, што там у цябе з тэхнікай бяспекі і кантролем якасці. Будзеш «выпендрывацца» ― звольнім «па артыкуле», пойдзеш з ваўчыным білетам, а можа, і крымінальнай справай».
Так чалавек трапляе амаль у прыгонны стан. Прыблізна так гэта працуе прыблізна на ўсіх узроўнях прыблізна ва ўсіх дзяржаўных арганізацыях: ад дзіцячых садочкаў да заводаў, ад сельсаветаў да міністэрстваў. У гэтую сістэму шантажа ніжэйшых эшэлонаў вышэйшымі дрэнна ўпісваюцца людзі, якія адмаўляюцца парушаць пэўныя правілы і выступаюць за тое, каб на іх працоўным месцы ўсё было, як мае быць.
Спадарыня Аляксандра заўсёды прама казала, калі нешта падавалася ёй няправільным. Але ў апошнія гады працы (а на пенсію яна выйшла ў 2008 годзе) прама казаць без наступстваў станавілася амаль немагчыма.
У 45 гадоў нам пачалі плаціць пенсію, але з працы не звальнялі да 55 гадоў. Мне было 52 гады, калі я начальніку сказала, што павінна быць так і так. Праз месяц ён сказаў, што ў яго цэху мне месца няма. Ну няма, дык няма. Але я ведала, што менш, чым за 3 гады да 55 мяне не маглі звольніць.
Спадарыня Аляксандра магла перайсці на іншую пасаду. Напрыклад, у іншы цэх. Але гэты было не так проста.
Дзе ні прыйду, начальнік звоніць таму і кажа: «не бяры, бо будзеш мець пакуты». І мне там ужо адмаўляюць.
І так было да тых часоў, пакуль спадарыня Аляксандра аднойчы не завітала ў прафком.
А там вісіць газета «Беларускі Час» ― прафсаюзная. І напісана: «Цябе няправільна пакаралі, скарацілі?», ― мая тэма. Недзе ўжо і плакала, нервавалася. Ведаю, што мяне не бяруць. Прыйшла, села і пішу ліст адразу на працы ў той «Беларусі Час». Пішу, што я ўвесь час займалася і спортам, заўсёды прыносіла тыя балы за соцспаборніцтвы. Дружына ― я, спорт ― я, яшчэ штосьці ― я. Тут выходзіць, што нікуды мяне не бяруць. Я ўжо хадзіла і ў гарадскі прафсаюз ― нічога не дапамагала.
Пасля ліста ў газету спадарыня Аляксандра паспрабавала ўладкавацца ў рамонтна-будаўнічы цэх на той час, пакуль супрацоўніца ішла ў дэкрэтны адпачынак. І былы кіраўнік зноў патэлефанаваў. На гэты раз ужо кіраўніку рамонтна-будаўнічага цэха.
І кажа: «Не бяры яе. Цвік налева, цвік направа, і ты ўжо ў турме будзеш, яна адразу напіша ў газету і ўсё». А начальнік рамонтна-будаўнічага цэха мне сказаў, каб я прыйшла а 12-й, калі ў яго абед, тады ўсё зробім. Перапалохаўся той начальнік. Выклікаў тую супрацоўніцу, на чыё я месца хацела. Тая яшчэ не нарадзіла, да родаў мала засталося. Я прыходжу, і яна кажа: «ой, Аляксандра, а вы ведаеце, што я нараджу і не буду сідзець у дэкрэце, бо ў мяне мама, малодшая за вас, будзе глядзець маё дзіця». А мне ўжо сказалі, што яна не выйдзе ні за што. Я кажу: «ну і добра, выходзьце».
У выніку праз упартасць і імкненне да справядлівасці спадарыні Аляксандры яе ўсё ж узялі на той час, калі тая каляжанка сыйшла ў дэкрэтны адпачынак. Спадарыня Аляксандра заняла пасаду «размеркавальніка прац». Але прыгоды на гэтым не скончыліся.
Я была «распределителем работ», але гэта як «делопроизводитель». Я павінна была друкаваць усе цэхавыя паперы, і за тыдзень трэба было перадрукаваць усе працэнтоўкі. Почаркі не ведаю, тэрмінаў ― не вельмі. То я прыходзіла першыя дні а 6-й раніцы, а трэба было на восьмую. Ад 6-й да 22-й гадзіны была ў працы. Але зрабіла ўсё гэта за шэсць дзён. І калі прыйшла і аддала гэта ўсё начальніку, ён быў вельмі здзіўлены. Н дзень будаўніка мне той начальнік, які мяне не хацеў браць, сказаў: «Прабачце, Аляксандра Мікалаеўна, што я вам патрапаў троху нервы». І далей было ўжо вельмі добра.
Як кажа спадарыня Аляксандра, акрамя гэтага выпадку з кіраўніком яна больш не сутыкалася з тым, каб нехта карыстаўся ці карысталася сваёй уладай і тым фактам, што спадарыні Аляксандры засталося некалькі год да выхада на пенсію.
Аднак яна прыгадвае, што некаторых яе калег і каляжанак не «трывалі» да 55 год (тады жанчыны сыходзілі на пенсію менавіта ў гэтым узросце), а звальнялі ў 45. Памятаеце, калі асоба адпрацавала пэўную колькасць год на шкоднай вытворчасці, можа сыходзіць на пенсію на 10 год раней. Можа, але не абавязана.
Але кіраўніцтва магло «развітацца» з такой асобай, як толькі, тая ці той пачалі атрымоўваць пенсію. А на вакантнае месца запрасіць спецыяліста ці спецыялістку «са сваіх».
Такую інфармацыю мы не можам патлумачыць статстыкай: толькі досведам уласных знаёмых. Але што мы можам сказаць дакладна, дык гэта тое, што ў Беларусі сярэдняя пенсія цяпер складае 703 рублі, то бок каля 215 даляраў.
Таксама, калі вам цікава тое, як жывуць беларусы і беларускі на пенсіі, раім пачытаць файны цыкл артыкулаў Анлайнера з вельмі няфайнай назвай ― «Старики». Нягледзячы на назву, якая ў мяне выклікае шквал абурэння, у артыкулах падымаліся вельмі важныя сацыяльныя гісторыі. Гісторыі людзей, якіх у 51 год не бяруць на працу, бо «перадпенсійны узрост»; гісторыі людзей, якія жывуць з мінімальнымі і максімальна магчымымі пенсіямі ў Беларусі; і меркаванне экспертаў і экспертак аб тым, як можна палепшыць пенсійную сістэму.
Аднак вяртаемся да гісторыі спадарыні Аляксандры.
Пасля таго, як Аляксандра выйшла на пенсію, то бок перастала працаваць на заводзе Хімвалакно, яна ўступіла ў ветэранскую арганізацыю завода
Усе выходзілі на пенсію і адразу ўступалі ў ветэранскую арганізацыю. Праз 2 месяцы, як я ўступіла ў яе, мяне выбралі намеснікам старшыні. Я была на гэтай пасадзе да 2018 году. Потым наш старшыня сыйшоў, і мяне выбралі старшынёй. Тады трэба было, каб твой стаж на заводзе быў 10 гадоў, і ты ўжо будзеш атрымліваць матэрыяльную дапамогу на дзень хімікаў, на Новы год. Гэта добрая арганізацыя, хачу сказаць. Такіх, хто не вельмі задаволены ― такія заўсёды знойдуцца. Там былі экскурсіі, і вельмі добрыя. Калі людзі хварэлі, была дапамога ад ветэранскай, і яшчэ была «дырэктарская», як ужо цяжэй хварэюць. І гэта мы ўсё афармлялі.
Да нас з пытаннямі пенсіянеры прыходзілі: што маглі вырашыць, то вырашалі. З той жа дапамогай ― не ў кожнага была высокая пенсія, а людзям, якія больш хварэлі, то і на таблеткі не заўсёды хапала. І ў хаце то мужык выпівае, то сын выпівае. Прыходзілі людзі і з такімі скаргамі.
Хаця ў спадарыні Аляксандры, як яна кажа, была яшчэ даволі прыстойная пенсія, адразу пасля выхаду на пенсію ў яе з’явілася падпрацоўка. Патэлефанаваў знаёмы з «ГроднаПрамБуда» і прапанаваў працу стоража на будоўлі.
Кажа: «Аляксандра Мікалаеўна, патрэбен стораж». А я кажу: «Ой, можа, маме сваёй прапануйце». Яго мама была на 3 гады старэйшая за мяне. «А мая мама на дзвюх працах». І я думаю: «ой, скажа, што тая старэйшая, а гэта гультаіна не хоча». І я прыйшла за таго стоража. Я была вельмі добры стораж, бо ноччу вучыла правілы: у аўташколу пайшла ў 57 гадоў. Яшчэ і сядзелкай падпрацоўвала. Калі мне кажуць, што паехала, прабачце, польскім панам задніцы мыць, то тут я іх не мыла. А там я ў траіх чалавек была такой сядзелкай. У адных ― бязвыхадна была: мне трэба было начаваць у яе, памыць яе. Яна так любіла купацца! І старэйшая жанчына была. Вельмі актыўная. Таксама на «Азоце» працавала. Яна нават хацела, каб я яе ў басейн звадзіла: «Я можа яксьці там з хадункамі». Спартсменка такая была…
Яшчэ хтосьці на час адпачынка прасіў. З нашых жа, з ветэранаў. Мая сяброўка ― таксама з ветэранаў ― ходзіць зараз прыбірае ў дзвюх месцах. Шмат такіх, хто працуе на пенсіі.
Гісторыю пра тое, як спадарыня Аляксандра спачатку збірала подпісы за Лукашэнка як старшыня ветэранскай арганізацыі (хаця ў той момант яна абсалютна не хацела гэтага рабіць, але кіраўніцтва моцна настойвала, да таго ж па тэлебачанню ўжо абвесцілі, што за гэтага кандыдата ўжо і так сабраная дастатковая колькасць подпісаў) і як потым стала ўдзельніцай пратэстаў 2020 года, я пераказваць не буду. Тое, як яе ўразіла затрыманне Сяргея Ціханоўскага ў цэнтры Гародні, як яна потым прастаяла 4 гадзіны ў чарзе, каб паставіць подпіс за Святлану Ціханоўскую, як у дзень выбараў, калі адключылі інтэрнэт, пешшу верталася дахаты ўвечары, і яе затрымалі, вы можаце пачуць у шматлікіх яе інтэрв’ю і ўласных відэа. Але апісанне таго, як яна паводзіла сябе ў гродзенскай турме, я лічу вартым пакінуць. Таму шта пасля таго, як я даведалася больш пра жыццё спадарыні Аляксандры, для мяне гісторыя яе зняволення загучала не менш гераічна, але больш заканамерна напэўна.
Увечары 9 жніўня 2020 года спадарыню Аляксандру затрымалі ў цэнтры Гародні, і запіхнулі (іншага слова я не магу падабраць) у аўтазак разам з іншымі затрыманамі
Пасля некалькіх прыпынкаў, калі ў аўтазак закідвалі новых і новых людзей, аўтазак спыніўся канчаткова. Спадарыня Аляксандра доўга не разумела, куды іх прывезлі.
Божачка, я не магу паняць. Цёмна! А свет такі еле-еле. У нейкі падвал завезлі. Людзі па сценах стаяць ― рукі на сценах. Адзін ляжаў ― можа, сам упаў. Пры мне там нікога не білі. І я пачала там крычаць (на заўтра не памятала, што я крычала). А потым устала як усе: рукі ― на сцену, ногі ― шырэй, бо бачыла, што там білі па нагах, што не так стаяць. Гэты кажа: «А вам не трэба». Я кажу: «Не-не, як усе, так і я стаю». Я думала, што мы ў падвале нейкім, потым вочы падымаю ― божанька, зоркі на небе! Неба! Я не магла падумаць, што ў турму завязуць. Я думала, у міліцыю могуць завезці.
Калі потым я зайшла да міліцыянткі, яна сказала: «здымайце ўпрыгожванні». У мяне крыжык вісеў, і на руцэ срэбраны пярсцёнак і белая стужка.
Усе ўпрыгожванні я паздымала. Пакінула пярсцёнак і ланцужок. Яна кажа: «здымайце ланцужок». Я кажу: «не, ланцужок я ніколі не здымаю». Яна кажа: «а пярсцёнак?». Я кажу: «а гэта таксама, гэта Кіеўска-Пячорскай Лаўры». А амапавец стаіць ― відаць адныя вочы, бо «рондаль» на галаве. Ён да мяне рукі пацягнуў. Я кажу: «пярсцёнак разам з пальцам адарвеш, а ланцужок ― з галавой». Я скруцілася. Міліцыянтка кажа: «не трэба». Усё, што з сябе зняла, кідала ў сваю сумачку. Нічога ў мяне не знікла, без опісі.
Вядзе ён мяне па металічных сходках. Кажа: «налева!». А мяне неяк штурхнула, ціск, можа, падняўся. І ён як закрычыць: «Я, б…, сказаў налева!». Я стала, рукі ў бокі: «Што ты сказаў? Ты хто такі, каб мне такое казаць». І ён: «налева вам сказаў». Ну і ўсё. Прывёў. Дзве дзяўчыны ў камеры. Ложкі ― два паверхі, такога блакітнага колеру. Палупленыя ўжо, паржавеўшыя. Адна дзяўчына адразу ўскочыла, палезла наверх. Я падзякавала. Кажу: «а дзе гэта мы?». У турме. Божачка!
Вакно зачынена, такая духата! Было горача, а дзеўкі яшчэ курылі. Я ўжо нічога не кажу. І яны пачалі крычаць наглядчыкам: «адкрыйце нам вакно». Я адарвала ад цюфяка ― цюфякі былі, падушак не было ― такі шматочак і зачыніла ім вочка. Наглядчыкі кожныя 15 хвілін заглядвалі. Заўважылі і крычаць: «адчыніце вочка». Я кажу: «адчыніце вакно, тады адчыню вочка». А там такая дзірка ― «кармушка», дзе ежу ставяць. І праз гэтую кармушку: «Вазьміце!». Далі такую, як качаргу. Я ― на батарэю, вакно адчыніла.
І кожныя 15 хвілін на касцёле гадзіннік ― пум. А 3-й гадзіне ночы нас павялі на допыт. Сказалі: «80% ужо прагаласавалі за яго». Я кажу: «да ранку будзе 105%». «Ну, 105 ― можа, не, а 95 можа быць».
Потом прывялі мяне да кабеты:
― А вы ў свой пашпарт глядзелі?!
― Глядзела, і вам магу паказаць, але застаўся ў сумачцы.
― Ужо ў такім веку, куды вы?!»
― Я ішла дахаты.
― Усе вы ішлі дахаты!
Я падумала: «ужо 3 гадзіны мінула, то, мабыць, дамоў пайду». І я свайму сыну нашкодзіла, бо я там усіх пытала, дзе мой сын. І ўжо ўся турма ведала, што ён мой сын, хаця прозвішчы ў нас розныя: у мяне ж другі муж.
«Вас судзіць будуць». Я ўжо думаю: «Божачка, што я там крычала? Можа, я матам лаялася?». А мне так сорамна. А можа, я там каго нагой стукнула? Нічога не памятаю. Калі мяне ўжо на суд вядуць, адзін амапавец кажа:
― Алі вы ўчора і крычалі!
― Скажыце яшчэ, што і матам лаялася!
― Не, матам не лаяліся.
Думаю: «ну то дзякуй Богу». А ўспомніла, што я крычала, праз 2 дні. «Налапалі злачынцаў! А што ж вы столькі гадаў не можаце знайсці, хто Захарэнку…». Усіх паўспамінала, потым стала да сцяны.
Калі нас ужо асудзілі, ў дзяўчат маіх… У адной было 10 базавых, у другой ― 15. А мне 20 далі. А калі зайшоў сын ― суддзя быў адзін і той жа ― і як толькі сказаў прозвішча: «А, дык гэта ў цябе такая мама разумная? Сем сутак». Мяне выпусцілі а 15- гадзіне. Тэлефон адразу аддалі. Сыну ― праз 2 тыдні, бо недзе ў КДБ яго глядзелі. Потым я пачала хадзіць на мітынгі да апошняга. Пакуль не захварэла на кавід. Выздаравела і з’ехала 7-га снежня.
І пасля гэтай страшнай гісторыі ― адной з тысяч страшных беларускіх гісторый ― спадарыня Аляксандра ўспамінае пра гісторыю сваёй сям’і
Мая мама ў гэтай турме была ў 1942 годзе. І калі я там была, то думала: «мама, можа, на адным ложку ляжым». Там сцены такія страшныя. Можа, з таго 1942 нічога не роблена. Потым яна была ў Асвенцыме і ў Бухенвальдзе, бо была сувязной партызанскага атраду «Звязда». Бабуля жыла ў Капцёўцы на хутары, партызаны ― на гарышчы, а ў лесе ― немцы. І там хтосьці ранены. Трэба было да Гародні ісці па лекі. І маю маму злапалі. Потым амерыканцы вызвалілі, вярнулася. А мой тата з Сібіры. Ён меў 18 гадоў, калі пачалася вайна. Яго забралі ў войска. Дзядулю майго ― у яго нешта было з нагой ― не ўзялі і паставілі старшынёй калгаса. У 1944 ён памёр галоднай смерцю.
Бабулю я бачыла, бо калі была маленькая, яна да нас прыязджала. Калі мне было 33 гады, а бабулі ― 99 у 1985, мы з малодшым сынам паляцелі да бабулі ў госці.
Для спадарыні Аляксандры вельмі важны той эпізод: яна пабачылася са сваімі цёцямі і дзядзямі, якіх ці даволі блага памятала, ці ўвогуле ніколі не бачыла. Успамінае, што для ўсіх з таго сібірскага сяла яна была нейкай іншапланецянкай: дарослая дачка Мікалая Нікіціна, які даўно памёр, прыязджае раптам са сваім сынам з Беларусі. Шок.
І мне вельмі важна было пакінуць тое, што расказала спадарыня Аляксандра, па-першае таму, шта ўспаміны пра бабулю для яе важныя, светлыя. І яна хацела, каб гэты ўспамін быў недзе зафіксаваны. А па-другое, таму што гэта наглядная ілюстрацыя, як шмат для каго з нас трагічны лёс ― гэта тое, што перадаецца з пакалення ў пакаленне як генетычная хвароба. І не дзіва, што ўдалечы ад радзімы, у вымушанай эміграцыі, спадарыня Аляксандра пачувае сябе найбольш задавалёнай жыццём.
«Самыя лепшыя гады ― у мяне вось, два апошнія»
Бо першы год, калі прыехалі, то за адно, то за другое хвалявалася. Блогеркай стала, як пачула, што Лукашэнка, яшчэ нейкія Азаронкі, кажуць, што «збеглі такія-сякія здрайцы, а есці там няма чаго. Яны толькі там унітазы мыюць». Я мыла, і для гэтага ёсць спецыяльныя сродкі, каб мыць. Я не вельмі люблю ў пальчатках. І было такое, што ў адной былі вельмі моцныя сродкі для ачышчэння. А мне трэба было адбіткі пальцаў здаваць, і я пайшла ў памежны камітэт. Прыходжу, а ў мяне адбіткаў пальцаў не могуць узяць. Гэта так у мяне ад гэтых сродкаў.
У выніку спадарыня Аляксандра пачала прыбіраць толькі ў пальчатках. На здачу адбіткаў пальцаў яна прыйшла праз некалькі тыдняў ― толькі тады іх далі рады ўзяць. Але вернемся да гісторыі з блогерствам, якое стала такім адказам на дзяржаўную прапаганду, якая расказвала, пра горасці жыцця беларускіх эмігрантаў у Еўропе.
Сыну свайму кажу: «Сашка, неяк я там бачыла жанчыну, якая вядзе блог пра сваё жыццё ў Амерыцы. Як гэта зрабіць?». Ён кажа: «А я не ведаю».
Затое ведалі гродзенскія журналісты, якія жывуць у Беластоку. Яны пачалі дапамагаць спадарыні Аляксандры, і справа пайшла.
У першым відэа на YouTube спадарыня Аляксандра расказала, як пераехала з Беларусі ў Польшчу.
В 69 лет мне пришлось оставить свой любимый город, и приехать вот сюда. Мой путь эмигрантки начался из деревни Кузница.
Урывак з відэа «Как я сбежала из Беларуси. Новая жизнь в Польше / Бабушка из выпуска Дудя», YouTube-канал ― «Александра Ханевич».
Потым былі відэа пра тое, як спадарыня Аляксандра адзначае мясцовыя святы. Напрыклад, танчыць на дзень Беластока.
Такая разрядка. Утром зарядка, вечером танцы.
Урывак з відэа «Зажгла на танцах, как молодая. Моя дискотека в 71 год», YouTube-канал ― Александра Ханевич.
Дыгустые пончыкі на Тлусты Чацвер.
За неделю до начала великого поста есть у католиков такой праздник ― «тлусты чвартэк».
Урывак з відэа «Самый сладкий праздник в Польше. Дегустация пончиков», YouTube-канал ― Александра Ханевич.
Наведвае розныя польскія гарады, сустракаецца з падпісантамі і падпісанткамі, робіць агляды прадуктаў і цэн у польскіх крамах, наведвае беластоцкія рэстарацыі, займаецца спортам і дзеліцца рэцэптамі ўлюбёных страў.
Сегодня немножко новая рубрика: приготовление пищи. Сделаю я бабку.
Урывак з відэа «Самый сладкий праздник в Польше. Дегустация пончиков», YouTube-канал ― Александра Ханевич.
Карацей, вядзе класны лайфстайл-блог. Акрамя таго, спадарыня Аляксандра актыўна вядзе і блог у Інстаграме, дзе, напрыклад, адказвае на пытанні падпісантаў і падпісантак.
Как прожить беларусскому пенсионеру в Польше (моей подруге 66 лет)? Если позволяет здоровье, то и в 66 лет можно прожить, и в 72, как я.
Instagram ― @aliaksandrakhanevich.
Я ўражаная энэргіяй спадарыні Аляксандры. Што натхняе спадарыню Аляксандру рухацца далей і ўвесь час прафесійна развівацца? Адказ спадарыні Аляксандры мяне ўразіў яшчэ больш.
Шкада моладзь, якая разумная. Колькі я тут пабачыла разумных людзей: і дактары, і журналісты, і хто ты хочаш. І павінны з’ехаць са сваёй радзімы, са свайго дому. І яшчэ іх падаюць як нейкіх здрайцаў.
Што б спадарыня Аляксандра хацела сказаць людзям прыблізна яе ўзросту, якія таксама зараз знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі?
Трэба трымацца адзін аднаго і не рабіць, як гэта кажуць, бульбаспрэчак. Бо ў нас трохі ёсць гэта.
А што б спадарыня Аляксандра магла сказаць людзям, якія застаюцца ў Беларусі.
Не глядзіце тэлебачанне, бо там хлусня, хлусня і яшчэ раз хлусня.
А што б спадарыня Аляксандра хацела сказаць на заканчэння ўсім слухачам і слухачкам, якія нас пачулі.
Аб’яднайцеся. Як кажуць, беларус беларусу беларус. Нам могуць трохі дапамагчы, але галоўнае ― гэта мы самі, і павінны ратаваць сваю краіну.
Праз размову са спадарыняй Аляксандрай я прыйшла для адной істотнай высновы. Звычайна ў інтэрв’ю спадарыню Аляксандру запытвалі: «як вы ў такім узросце на такое здольная?».
А справа не ва ўзросце. Спадарыня Аляксандра такая моцная, прамалінейная і ўпартая была ўсё жыццё. Якія б цяжкія іспыты ёй не выпадалі, яна не здавалася. Таму тое, што яна зрабіла ў 2020 і што яна робіць зараз ― гэта цалкам адпавядае яе характару і яе асобе, хаця камусьці можа падавацца, што не адпавядае яе ўзросту ці сацыяльнаму статусу.
У чарговы раз пераконваюся, што асаба чалавека ― вялікшая за любую належнасць да сацыяльнай групы і за любы цэтлік, які можна на гэтую групу «павесіць».
Гэта быў падкаст «Іншыя гісторыі». Падпісвайцеся на яго, каб даведвацца пра іншыя гісторыі іншых. Пачуемся.