Пра гэту дату напісана ўжо шмат і яшчэ больш будзе напісана пазней, бо даследавана далёка не ўсё. Але і тое, што зараз вядома, выклікае жах і разуменне трагедыі неймавернага маштаба, якая нанесла мацнейшы ўдар па беларускай нацыянальнай культуры.
Што адбылося?
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Менску, меркавана ва ўрочышчы Курапаты, быў здзейснены расстрэл 132 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты. Гэта былі выбітныя грамадскія і культурныя дзеячы, зрабіўшыя вялікі ўнёсак ў нашу культуру, мастацтва і навуку. Сярод іх было 22 паэта, таму гэту падзею таксама называюць «Ноч расстраляных паэтаў».
Чаму мы адзначаем Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій менавіта ў гэты дзень і як гэта пачалося ў Беларусі?
30 кастрычніка 1988 года, напярэдадні «Дзядоў», з ініцыятывы нядаўна створанага Беларускага Народнага Фронту, у Менску адбылося вялікае шэсце ва ўрочышча Курапаты (якое з’яўляецца месцам масавых расстрэлаў і пахаванняў рэпрэсаваных ворганамі НКУС з 1937 па пач. 1940-х гадоў). Той мітынг памяці ахвярам сталінскага рэжыму стаў першым масавым супрацьстаяннем паміж актыўным грамадствам і дзяржаўнымі ўлады ў пасляваеннай Беларусі. З таго часу шэсці і акцыі ў Курапатах на «Дзяды» сталі рэгулярнымі.
На сайце vytoki.net размешчана вось гэта фотакопія абвесткі з запрашэннем на «Дзяды», якая захавалася ў Валерыя Герасімава. А таксама ёсць успаміны Алеся Бяляцкага, які быў адным з арганізатараў той першай акцыі: дзе яны спачатку хацелі правесці мерапрыемства, хто іх падтрымаў, а хто і чаму ім адмовіў. Як і заўжды, галоўнай дзеючай сілай сталі неабыякавыя людзі:
…тысячы такіх абвестак былі распаўсюджаныя ў Менску па ўстановах, паштовых скрынках, расклееныя каля пад’ездаў дамоў. У выніку, тысячы людзей не пабаяліся і прыйшлі.
*інфармацыя на 9 жніўня 2023 года па дадзеных праваабарончага цэнтра «Вясна».
Так гэта пачыналася, а сёння, праз трыццаць пяць гадоў, амаль па ўсяму свету ў гэтыя дні праводзяць «Ноч паэтаў». Мы дзелімся з вамі падрабязнай мапай, з якой вы даведайцеся ў якой краіне, на якой пляцоўке і ў які час што будзе адбывацца. Калі вы хочаце правесці сваё мерапрыемства, каб ушанаваць памяць гэтых людзей і падтрымаць нашу агульную культурную спадчыну ў той краіне, дзе зараз знаходзіцеся, дадайце яе на супольную мапу праз форму на сайце. Там ужо ёсць даволі багатая афіша падзей ад Канады да Сакартвэла. Большасць імпрэз прыйдзецца як раз на 29 кастрычніка.
Водгукі той ночы і дагэтуль аказваюць на нас моцны ўплыў. Чаму так адбываецца? Пра гэта мы запыталі спадара Сяргея Будкіна, кіраўніка Беларускай Рады культуры:
— Як аўтар ідэі і прадусар вялікага праекту, прысвечанага гэтай тэме, магу сказаць, што «Нерасстраляныя» акурат пачаўся з адчування неперажытасці траўмы, якую атрымала наша грамадства за 80 год да гэтага. Відавочна, тая рана не тое, што не загаілася, яна працягвала нарываць. Мы не асэнсавалі тыя падзеі, не прынялі іх, не асудзілі і не зрабілі высновы, таму гісторыя пайшла па тым жа пякельным коле. І ўжо ўдзельнікі праекту «Нерасстраляныя» ў наш час перажываюць тое, што і героі праекту ў 1930-х. Таму задача нашага пакалення – вярнуць тое, што ў нас забралі. Вярнуць гэтыя выцягнутыя калісьці звёны на свае месца, аднавіць справядлівасць і пераемнасць пакаленняў. Паказаць, што як ты не знішчай культуру, яна ўсё адно не знікне і прарасце.
Вы даведаецеся значна больш пра гісторыі герояў, той час і што ўжо зроблена, каб захаваць памяць, калі паглядзіце цалкам відэалекцыю спадара Сяргея пра праект «НЕрасстраляныя».
Што яшчэ можна зрабіць?
Усё залежыць ад вашага асабістага жадання і магчымасцей. Напрыклад:
- згадаць падзей тых дзён, абмеркаваць іх са сваімі роднымі, сябрамі і сяброўкамі ўключаючы ў размову падлеткаў;
- прачытаць вершы ці прозу тых аўтараў [Тут можна знайсці поўны спіс імёнаў 22 расстраляных паэтаў.];
- паслухаць і паспяваць самім музычныя творы на іх вершы, якія ўжо напісалі беларускія выканаўцы;
- запаліць свечку, проста ўспомніць пра гэта і не забывацца, што Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій — не сухі факт, а за ім стаяць сапраўдныя людзі з іх асабістым жыццём, творчымі планамі, каханнем і расчараваннямі, марамі і жаданнямі, якія яны так і не здзейснілі, бо іх жыццё спынілі гвалтоўна.
Менавіта таму нам і трэба пра гэта памятаць, не адварочвацца ад сучасных праблем і казаць пра іх, каб не вяртацца па коле да тых трагічных падзей у будучым.
Тэкст: Марыйка Арлова
Фота: nochpaetau, vytoki