Human Constanta выпусцілі новы сезон падкасту «Шоу Хьюмана»

Правы чалавека
5
(4)

У сакавіку гэтага года стартаваў новы сезон падкасту «Шоу Хьюмана» ад праваабарончай арганізацыі Human Constanta. Пра барацьбу з цэнзурай, лічбавую бяспеку і важнасць распаўсюджвання ідэй правоў чалавека ― чытайце далей у нашым новым матэрыяле.

Як з’явілася ідэя стварыць «Шоу Хьюмана»?

Першы сезон падкасту Шоу Хьюмана выйшаў у ліпені 2020, але сама ідэя зрабіць падобны праект з’явілася ўжо даўно. «Мы падумалі, што падкаст ― выдатны інструмент, каб распавядаць пра правы чалавека, пра нашыя каштоўнасці. Правы чалавека ― гэта стыль жыцця. Мы жадалі падзяліцца ім і прыцягнуць увагу новых людзей да гэтай тэмы» ― кажа адна са стваральніц і вядучая падкасту Юля. ― У школах і ўніверсітэтах нічога не тлумачаць пра правы чалавека, нягледзячы на тое, што многія з гэтых правоў зафіксаваныя ў Канстытуцыі нашай краіны. З гэтага вынікаюць шматлікія праблемы і стэрэатыпы ў грамадстве. Юля адзначае, што Human Constanta «заўсёды казалі, што жадаюць, каб правы чалавека сталі моднымі», таму было вырашана скарыстацца ўзрастаючай папулярнасцю падкастаў, каб даносіць да людзей свае каштоўнасці. Такі фармат быў абраны арганізатар_камі ў тым ліку і з-за пэўнай ананімнасці, якая знікае, напрыклад, у відэафармаце. Запіс падкасту нашмат прасцей і не абавязвае стваральні_ц ахвярваць зместам дзеля трэндавых фарматаў, якія будуць прасоўваць кантэнт на платформе. Гэта дазваляе засяродзіць увагу на ўзнятай тэме, а таксама не падвяргацца цэнзуры, якая існуе, напрыклад, у папулярнай сацсетцы TikTok

(Не)цэнзура

Дарэчы, падкаст «Шоу Хьюмана» таксама зрабіў свой унёсак у барацьбу з цэнзурай. Юля расказала нам пра адзін з сезонаў падкасту «Міжнароднае права і вайна», які Human Constanta выпусцілі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. У ім вядучыя абмяркоўвалі ваенныя злачынствы, якія здзяйсняе Расея супраць Украіны. У гэты час падкаст «Шоу Хьюмана» яшчэ выходзіў на расейскай пляцоўцы Яндекс. Музыка, але не быў заблакаваны. Юля адзначае, што ў той жа час TikTok, напрыклад, блакаваў кантэнт, звязаны з вайной. Такім чынам у вядучых была магчымасць выйсці на расейскую аўдыторыю і супрацьстаяць прапагандзе там. Аднак у выніку было вырашана адмовіцца ад выпуску падкасту на гэтай пляцоўцы, бо выкарыстанне расейскіх сэрвісаў з’яўляецца рызыкоўным з пункта гледжання лічбавай бяспекі.

Што абмяркоўваюць у падкасце?

Жыхар_кі Беларусі могуць даведацца пра каштоўнасці правоў чалавека і пра дзейнасць праваабарончых арганізацый. Вядучыя падкасту Юля і Яна ― вашыя правадніцы ў гэтую тэму. У падкасце яны ўздымаюць самыя розныя праблемы: ад верагоднага шатдаўна ў Беларусі да «апошніх тэндэнцый, якія назіраюцца на фоне складанага часу». А таксама шукаюць адказы на пытанні «што мы можам зрабіць з гэтым і як праблема закранае кожна_ую з нас». «Звычайна кожны сезон падкасту азначае новую тэму, якую мы жадаем раскрыць, запрашаючы розных эксперта_к», ― заяўляе Юля. Апошні сезон «Шоу Хьюмана» складаецца з трох выпускаў. Ён прысвечаны будучыні інтэрнэту, якая ўжо па сутнасці наступіла. Вядучыя і гер_аіні падкасту разважаюць на тэму альтэрнатываў праваднога інтэрнэту, наколькі яны даступныя і дэмакратычныя і як з гэтым звязаныя правы чалавека.

Якім будзе наступны сезон?

У стваральніц ёсць планы запісаць новы сезон пра тое, якую форму і маштабы за апошняе дзесяцігоддзе набыла лічбавая сочка, а таксама пра будучыню інтэрнэту ― так званы Web 3.0. А яшчэ ў новым сезоне пойдзе гаворка пра спосабы абароны персанальных дадзеных.

Усе сезоны падкаста «Шоу Хьюмана» вы можаце паслухаць на Spotify, Google Podcast, Apple Podcast і іншых платформах.

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 4

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць