Чаму важна ўсведамляць свае прывілеі і як зрабіць іх сваёй звышздольнасцю

Інклюзія
4.8
(4)

У кожна_й з нас ёсць прывілеі, якія мы ўспрымаем як належнае і таму іх не ўсведамляем. У гэтым артыкуле мы пагаворым пра тое, чаму ўсё ж важна праводзіць рэвізію сваіх прывілеяў, як размаўляць пра іх без пачуцця віны і ў выніку — зрабіць іх сваёй суперсілай. Наперад!

Для пачатку разбяромся, а што наогул лічыць прывілеямі

Прывілеі — гэта перавагі, якімі мы валодаем праз сваё сацыяльнае становішча, статус або прыналежнасць да пэўнай групы.

Гэтыя перавагі не заўсёды ўсведамляюцца намі: мы прывыклі да іх як да нормы, бо яны цесна пераплеценыя з нашымі ідэнтычнасцямі — полам, нацыянальнасцю, сэксуальнай арыентацыяй, сацыяльным класам і інш.

Амерыканскі сацыёлаг Майкл Кімел (Michael Kimmel) выкарыстоўвае метафару ветру, каб растлумачыць канцэпцыю прывілеяў.

Прывілей — гэта як вецер, які дзьме табе ў спіну і дапамагае рухацца наперад.

Калі ў чалавека ёсць прывілей, ён рухаецца наперад са спадарожным ветрам: той дзьме яму ў спіну і робіць дарогу больш простай. Але калі прывілеяў няма — гэта як ісці супраць ветру: каб дасягнуць таго ж выніку, трэба прыкласці значна больш намаганняў.

Напрыклад, у краіне з патрыярхальным ладам мужчыну лягчэй будаваць кар’еру, бо сістэма і сацыяльныя нормы ўхваляюць і падтрымліваюць яго. І наадварот, жанчыне давядзецца пераадолець больш цяжкасцяў, каб дасягнуць таго ж узроўню, што і мужчына — праз «сустрэчны вецер» сістэмных забабонаў, дыскрымінацыі і стэрэатыпаў.

«Звычайна, калі гаворка вядзецца пра прывілеі, то ўяўляецца раптоўна абрынутае на галаву багацце. Але насамрэч прывілеі больш злучаныя з адсутнасцю нязручнасцяў, адсутнасцю перашкод або праблем. І таму, калі ў вас ёсць прывілеі, вы іх не заўважаеце, але калі іх няма — гэта ўплывае на ўсё, што вы робіце», — сцвярджае псіхолаг і былы баскетбаліст НБА Джон Амечы (John Amaechi).

Прывілеі звязаныя з сістэмнай падтрымкай

Прывілей — гэта перавага, якая даецца не праз талент або працу, а праз тое, што сістэма стварае больш выгодныя ўмовы для адной групы і не зважае на іншую.

Гэта выяўляецца праз тое, як пішуцца законы, фармуюцца адукацыйныя сістэмы, размяркоўваюцца рэсурсы.

Напрыклад, у некаторых краінах прывілеяваныя групы лягчэй атрымліваюць крэдыты. Так, у ЗША чарнаскурыя і лацінаамерыканскія заяўні_цы дагэтуль часцей атрымліваюць адмову ў крэдытаванні ў параўнанні з белымі заяўні_цамі — нават пры аднолькавых узроўнях даходу і крэдытнай гісторыі.

Прывілеі інтэрсекцыйныя

Прывілеі і дыскрымінацыя часта ўзнікаюць на скрыжаванні розных ідэнтычнасцяў — нацыянальнасці, полу, сацыяльнага класа, сэксуальнай арыентацыі, стану здароўя і іншых, могуць узмацняць або памяншаць уплыў адно на аднаго.

Тое, што ў нас няма вызначанага прывілея, не азначае, што мы не карыстаемся іншымі відамі прывілеяў.

Напрыклад, жанчына славянскай знешнасці можа сутыкацца з сэксізмам на працы, але пры гэтым яна валодае прывілеем па прыкмеце нацыянальнасці і не будзе сутыкацца з расізмам, як жанчыны этнічных меншасцяў. Яе расавы прывілей можа выяўляцца, напрыклад, у мякчэйшым стаўленні з боку паліцыі, адсутнасці беспадстаўных падазрэнняў у крадзяжы, у лёгкасці доступу да жытла і інш.

Навошта прызнаваць свае прывілеі

Сістэмныя прывілеі шкодныя для ўсіх

Нягледзячы на тое што прывілеі выгадныя асобным групам, яны шкодзяць грамадству ў цэлым. Напрыклад, здаецца, што ў патрыярхальным грамадстве мужчыны прывілеяваныя і пачуваюцца добра. Але патрыярхат стварае не толькі прывілеі, але і абмежаванні, і шкодзіць не толькі жанчынам, але і самім мужчынам.

Вайна — відаць, самы канцэнтраваны патрыярхальны канструкт. Патрыярхат не толькі нармалізуе вайну, але і культывуе яе як спосаб вырашэння канфліктаў. Яна становіцца не проста практыкай, але і ідэалогіяй — улады, маскуліннасці, сілы і іерархіі.

Складана ацаніць, колькі менавіта чалавек загінула праз вайну Расіі ва Украіне, але, паводле звестак Бі-бі-сі, колькасць загінулых расійскіх ваенных перавысіла 70 000 чалавек — і гэта толькі тыя, чые асобы былі дакладна ўстаноўленыя. Зразумела, што рэальная колькасць загінулых значна большая: некаторыя сем’і не дзеляцца падрабязнасцямі смерці сваіх сваякоў публічна, многія целы застаюцца на полі бою, без апазнання.

Яшчэ прыклад — з галіны экалагічнай няроўнасці, калі буйныя нафтавыя кампаніі, дзейнасць якіх забяспечвае высокі ўзровень жыцця заходніх краін, руйнуюць іншыя, не такія забяспечаныя, рэгіёны.

Гэта, напрыклад, работа нафтавай кампаніі Shell у дэльце Нігера на працягу 60 (а паводле некаторых дадзеных, нават сотні) гадоў. Разлівы і ўцечкі нафты прывялі да дэградацыі навакольнага асяроддзя: забруджвання зямлі і вады, знішчэння мясцовай флоры і фаўны. Многія людзі пазбавіліся крыніц даходу праз тое, што зараз у іх няма магчымасці займацца рыбалавецтвам і сельскай гаспадаркай.

«Калі б такі ўзровень забруджвання навакольнага асяроддзя быў у Еўропе або Паўночнай Амерыцы, то, упэўнены, імклівыя і сур’ёзныя наступствы, а таксама кампенсацыя шкоды ў судовым парадку не прымусілі б сябе чакаць», — адзначае Асай Аджыга, дырэктар нігерыйскага аддзялення Amnesty International.

Цяпер жыхары Нігера і праваабаронцы дамагаюцца кампенсацый праз суд за нанесеную экалагічную і сацыяльную шкоду. Ці атрымаецца гэта ў іх? Дзіўна, што гэта не відавочна, што такі ўзровень забруджвання ўплывае не толькі на Нігер, але і на агульны стан планеты. У гэтым, дарэчы, і сутнасць экалагічных акцый у музеях: выліваючы суп на зашклёную карціну, экаактывіст_кі спрабуюць звярнуць увагу белага прывілеяванага грамадства, якое ходзіць па музеях і думае пра высокае, на наступствы дзейнасці нафтавых кампаній і на тое, што іх гэта таксама павінна хваляваць.

Усведамленне прывілеяў дапамагае стварыць больш моцнае грамадства

Калі доступ да адукацыі, магчымасцяў і рэсурсаў размяркоўваецца нераўнамерна, то грамадства губляе велізарны патэнцыял. Гэта звужае спектр ідэй і прыводзіць да аднабаковых рашэнняў, якія не ахопліваюць усю глыбіню праблем грамадства. У гэтым і перавага інклюзіі: уключэнне большай колькасці людзей у грамадства дазваляе эканоміцы і сацыяльным інстытутам хутчэй развівацца.

Напрыклад, даследаванні Міжнароднага валютнага фонду сведчаць пра тое, што скарачэнне гендарнага разрыву на рынку працы можа павялічыць ВУП у сярэднім на 23%.

Прызнанне прывілеяў дапамагае развіваць крытычнае мысленне і змагацца са стэрэатыпамі

Усведамляючы прывілеі, мы робімся больш адкрытымі да розных пунктаў гледжання і менш схільнымі да стэрэатыпаў. Магчыма, справа не ў тым, што людзям з інваліднасцю нікуды не хочацца хадзіць і нічога не цікава. Магчыма, справа ў адсутнасці інфраструктуры. Правядзіце пры нагодзе эксперымент. Прайдзіце свой улюбёны маршрут па горадзе так, быццам бы вы перасоўваецеся ў вазку. Нават калі вы трапіце ўнутр сваёй упадабанай кавярні, то ў канчатковым выніку ўсё сапсуе туалет, які, хутчэй за ўсё, настолькі вузкі, што туды не заедзеш на інвалідным вазку.

Магчыма, справа не ў тым, што маму ў дэкрэце «цікавяць толькі памперсы» — хутчэй за ўсё, ёй мала хто дапамагае і ўвесь свой час яна вымушаная прысвячаць дзіцяці і бытавым справам.

Калі мы задумляемся пра свае прывілеі, аналізуем іх, тое гэта дапамагае нам лепш зразумець цяжкасці іншых людзей, развівае эмпатыю і робіць нас больш уважлівымі.

Чаму ўсведамляць свае прывілеі так складана?

Часта мы ўспрымаем размовы пра прывілеі як абвінавачанне і таму пачынаем абараняцца або пачуваемся вінаватымі: «Гэта, вядома, несправядліва, але мне што рабіць? Я не вінаваты, што нарадзіўся мужчынам/у забяспечанай сям’і/у краіне без ваенных канфліктаў» (патрэбнае падкрэсліць).

Але прызнанне нашых прывілеяў не павінна выклікаць у нас пачуццё віны або абясцэньваць нашыя цяжкасці. Прывілеяванасць не робіць нас «дрэннымі» людзьмі і не азначае, што наша жыццё бесклапотнае.

Тое, што ў нас ёсць нейкі прывілей (напрыклад, прывілей не быць вымушаным мігрантам), не азначае, што мы не заслугоўваем поспеху, якога дамагліся. Гэта проста азначае, што колер нашага пашпарта не быў прычынай нашых цяжкасцяў або пакутаў.

Доктар філасофіі Рыч Пэнкаст (Rich Pancost) мяркуе, што прызнанне прывілеяў і таго, як яны паўплывалі на наш поспех, разбівае нашыя ж міфы пра саміх сябе.

Ён кажа, што ўсе мы — і асабліва мужчыны — вынаходзім сабе міф аб гераічным шляху такога «самотнага воіна, які дамогся поспеху нягледзячы ні на што». І прызнаючы свае прывілеі, мы быццам агаляем, што дамагліся поспеху не толькі праз падтрымку сям’і або сяброў, але і праз расавыя і сэксісцкія забабоны. Гэта азмрочвае наш міф і нашу асабістую гісторыю. Але, як піша Рыч Пэнкаст, не сцірае яе, а кантэкстуалізуе, развівае і ўмацоўвае нашу сувязь са светам, падкрэсліваючы, што мы з’яўляемся часткай чагосьці большага, чым мы самі.

Привилегии_иллюстрация

Ведаць свае прывілеі — гэта ведаць свае звышздольнасці

Прызнанне свайго прывілея — гэта першы крок да таго, каб нешта змяніць

Само па сабе гэта не зробіць грамадства, у якім мы жывем, больш справядлівым і інклюзіўным. Але гэта стане добрым падмуркам для разважанняў і падтрымкі іншых.

Пачаць можна з таго, каб прызнаць, што нас сфармавалі не толькі цяжкасці і перашкоды, але і сябры, сям’я, удача і — прывілеі, якія нам дапамаглі. Гэта дапаможа ўбачыць іншых — тых, хто мае падобныя прывілеі, і тых, хто іх пазбаўлены.

Наступным крокам будзе ўсвядоміць рэсурс, які дае ваш прывілей, і не выкарыстоўваць яго супраць іншых — тых, у каго гэтага прывілея няма

Калі вы не з’яўляецеся часткай маргіналізаванай групы, вы можаце выкарыстоўваць свае прывілеі, каб падтрымліваць іншых і як мінімум не далучацца да цкавання.

Успомніце гісторыю пра Лізу. Цяпер усе жанчыны пагодзяцца, што мала было такіх мужчын, якія проста заклікалі іншых мужчын не гвалтаваць, не займаліся віктымблэймінгам* і каментавалі гэтую жудасную трагедыю без павучання пра тое, як жанчыне абараняцца, якое адзенне насіць, а каторай гадзіне гуляць.

* Віктымблэймінг (victim blaming) — гэта феномен, пры якім адказнасць за злачынства часткова ці цалкам ускладаецца на ахвяру, а не на таго, хто здзейсніў правапарушэнне. Ахвяру ж абвінавачваюць у тым, што яна сама справакавала ці паспрыяла здарэнню.

Так склалася, што людзям уласціва прыслухоўвацца да сабе падобных. Выкарыстоўвайце гэта. Не далучайцеся да мізагінных, гамафобных і расісцкіх жартаў. Няхай прывілеі будуць не крыніцай віны (ад гэтага нікому няма карысці), няхай яны будуць крыніцай вашай суперсілы і дапамогуць вам хоць і памалу, але ўплываць на свет вакол вас.

І ў рэшце рэшт — станьце саюзнікамі

Калі вы займаеце прывілеяванае становішча на працы, вучобе ці ў сваёй супольнасці — дзейнічайце. Укараняйце інклюзіўныя практыкі, адаптуйце працоўныя месцы для людзей з інваліднасцю, стварайце спрыяльныя ўмовы для працы жанчын і прадстаўні_ц меншасцяў, каб тыя пачуваліся бяспечна і камфортна.

Памятаеце фразу з «Чалавека-павука»: «З вялікай сілай прыходзіць і вялікая адказнасць»? Стаўцеся да сваіх прывілеяў гэтак жа.


Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 4.8 / 5. Колькасць галасоў: 4

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x