[ Русская версия ниже // English version below ]
Практыкаваць інтэрсекцыянальнасць — значыць улічваць перасячэнне дыскрымінацый.
Мы жывем у грамадстве, дзе ў нас усіх ёсць розныя ролі. Мы ніколі не прадстаўляем толькі адну группу — адначасова мы перажываем мноства розных ідэнтычнасцяў.
Напрыклад, Алёна — маладая маці з абмежаваннямі па слыху, якая жыве ў маленькім беларускім горадзе і працуе выхавацелькай. А Павел — беспрацоўны малады бацька, які жыве ў сталіцы і доўгія гады пакутуе ад дэпрэсіі.
Жыццё гэтых людзей будзе вельмі адрозным, нягледзячы на тое, што абодва яны з’яўляюцца маладымі бацькамі.
Нашы ўразлівасці перасякаюцца адна з адною і ствараюць унікальны для кожнага чалавека жыццёвы досвед. Дзякуючы адным нашым ідэнтычнасцям мы можам адчуваць сябе больш абаронена. А іншыя могуць рабіць нас больш уразлівымі. Гэта ўразлівасць праяўляецца ў дасяжнасці рэсурсаў: грошай, адукацыі, працы з добрым заробкам, медыцыны, уласнага жытла.
Працуючы з уразлівымі групамі, нам важна разумець складанае перапляценне досведаў людзей і намагацца іх улічваць. Для Алёны пры наведванні мерапрыемства ў выходны дзень будзе важна наяўнасць дзіцячага пакою і перакладчыка на мову жэстаў. Дзіцячы пакой будзе актуальны і для Паўла, але на мерапрыемства ён прыйдзе толькі пры наяўнасці розных фарматаў удзелу ў актыўнасцях, якія не патрабуюць вялікіх унутраных рэсурсаў.
Інтэрсекцыянальнасць робіць нашу працу больш адчувальнай да разнастайнасці досведу. Практыкуючы інтэрсекцыянальнасць, мы робім свет больш інклюзіўным.
Тэкст: Тоні Лашдэн
Відэа зроблена камандай BeVisual у межах ініцыятывы ALL Inclusive, якую рэалізуе Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі «Жывая Бібліятэка» у партнёрстве з Офісам еўрапейскай экспертызы і камунікацый і анлайн-часопісам CityDog.by.