У інтэрнэце ледзь не пад любой навіной пра нешта жахлівае можна пабачыць каментары «сам_а вінават_ая». Пра што б ні пісалі СМІ: дыскрымінацыя, дамаганні, булінг, гвалт ці згвалтаванне — абавязкова знойдзецца нехта, хто абвінаваціць пацярпел_ую. Раней мы пісалі пра псіхалагічныя прычыны віктымблэймінгу і распавядалі, як падтрымаць пацярпелых. Сёння пагаворым пра анлайн-віктымблэймінг як трывожны сігнал аб тым, што наша грамадства не ў парадку.
Што такое віктымблэймінг
Віктымблэймінг (англ. victim blaming) літаральна абазначае «абвінавачанне ахвяры». Гэта практыка, пры якой адказнасць за гвалт або шкоду перакладаецца з агрэсар_кі ці сістэмы на тых, хто пацярпелі. Часам віктымблэймінг выглядае як памылковае асабістае меркаванне, але сацы_ялагіні адзначаюць, што насамрэч гэта ўкаранёная ў грамадстве схема мыслення, якая дазваляе апраўдваць няроўнасць і несправядлівасць.
Тыя, хто пішуць «сам_а вінават_ая», абараняюць той парадак рэчаў, які існуе цяпер. Яны могуць рабіць гэта свядома ці не, але сутнасць ад гэтага не змяняецца: галоўнае — захаваць статус-кво.
Чаму грамадства падтрымлівае віктымблэймінг
Калі перакласці віну на канкрэтнага чалавека, свет выглядае больш прадказальным: «Са мной такога не здарыцца, бо я паводжу сябе інакш». Гэты добра даследаваны феномен называецца «гіпотэза справядлівага свету»: людзі вераць, што свет уладкаваны справядліва і ўсе ў ім атрымліваюць рыхтык тое, што заслугоўваюць, адпаведна сваім якасцям і паводзінам.
Мэлвін Лэрнэр і Кэралайн Сіманз яшчэ ў 1966 годзе звязалі феномен абвінавачання ахвяраў з імкненнем да справядлівасці. Іх даследаванні паказвалі, што калі людзі думаюць, што могуць эфектыўна кампенсаваць пакуты ахвяры, то яны ёй спачуваюць, але калі яны дапускаюць, што ахвяра працягне пакутаваць і пасля, то ёй пачынаюць прыпісваць адмоўныя рысы. Парадокс, але супрацьлеглыя рэакцыі зыходзяць з адзінага памкнення — давесці сабе, што свет справядлівы (хоць гэта, зразумела, зусім не так). Такім чынам выходзіць, што загінулы пад калёсамі машыны дэманстрант «сам вінаваты», бо парушаў права кіроўцы на перасоўванне па дарогах, а дзяўчына, якую згвалціў незнаёмец, «сама вінаватая», бо зняла жытло ў раёне з дрэннай славай.
Даследаванні паказваюць, што часцей за іншых мішэнню для каментароў у стылі «сам_а вінават_ая» становяцца тыя, хто пры патрыярхаце менш «заслугоўваюць спачування»: жанчыны, нябелыя людзі, ЛГБТК+, мігрант_кі і гэтак далей. Абвінаваўчыя каментары можна чытаць як спробу «паказаць месца» ў сістэме.
Гэта натуральна спалучаецца з «гіпотэзай справядлівага свету»: напрыклад, каментатар_ка разумее, што згвалтаваная жанчына не зможа дабіцца суду і абароны, яе пакуты не скончацца, іх нібыта немагчыма кампенсаваць спачуваннем, а таму неабходна адшукаць у яе паводзінах штосьці «няправільнае».
Замест таго каб задаць пытанні пра эфектыўнасць праваахоўных органаў, судоў, сістэмы адукацыі ці палітыкі розных вэб-платформ, людзі трымаюць у фокусе «няправільныя» паводзіны канкрэтных людзей. Дзяржавам часта выгадны такі стан рэчаў, а рабіць нешта насуперак — нявыгадна. Зрабіць небяспечны раён бяспечным — дорага і зойме час; захаваць стан рэчаў, пры якім злачынствы ў такім раёне лічацца заканамернымі, а іх насельні_цы «самі вінаватыя», каштуе нуль.
Як інтэрнэт узмацняе віктымблэймінг
Зразумела, пацярпелых вінавацілі і да ўзнікнення інтэрнэту, бо падтрымліваць патрыярхат трэба было і сто, і тысячу гадоў таму. Але доступ у вэб і з’яўленне сацыяльных сетак істотна павялічылі маштабы з’явішча. Чаму?

Алгарытмы сацсетак аддаюць перавагу кантэнту, які выклікае моцныя эмоцыі. На жаль, радасць і замілаванне прайграюць у віруснасці абурэнню і нянавісці (выбачайце, коцікі!). Заўважана, што блогер_кі ў Threads, напрыклад, мэтанакіравана набіраюць ахопы рэйдж-бэйтынгам (англ. rage bait — «прынада для гневу»), то-бок пішуць і каментуюць знарок правакацыйна, абразліва ці бязглузда.

Эха-камеры, ці бурбалкі аднолькавых меркаванняў, прымушаюць нас быць непахіснымі ў сваіх перакананнях і адчуваць падтрымку аднадумцаў і супольніц. Такім чынам віктымблэймінг становіцца паводзінамі, якія соцыум падтрымлівае. Каментатар_ка здымае трывожнасць і нагадвае пра месца ў іерархіі? Лайк!

Ананімнасць зніжае пачуццё адказнасці, а заадно зніжае ўзровень эмпатыі, таму што мы перастаем бачыць за аватаркамі жывых людзей з іх пачуццямі, калі мы з імі не знаёмыя асабіста.

Але, бадай, самае галоўнае: інтэрнэт-каментары сёння з’яўляюцца важнай часткай асвятлення падзей і праблем. Каментатар_кі выступаюць перадатчы_цамі інфармацыі. Яны сапраўды ўплываюць на тое, як будзе ўспрынятая падзея і яе ўдзельні_цы.
Працытуем даследаванне па тэме (курсіў наш): «Публікуючы ў інтэрнэце каментары з асабістымі думкамі і меркаваннамі, аўдыторыя ўсё часцей дапамагае фарміраваць навіны. У адрозненне ад традыцыйных чытачоў навін, каментатары ствараюць навіны, ідэі і публічныя дыскусіі, а не проста спажываюць інфармацыю».
І гэтыя «каментатарскія навіны», на дзіва, рэальна ўплываюць на меркаванне тых, хто іх чытае: «Ёсць доказы таго, што людзі могуць змяніць сваё стаўленне, проста прачытаўшы каментары іншых.
Напрыклад, адно даследаванне паказала, што чытанне няўхвальных каментароў пад нейтральным навіновым артыкулам можа ўплываць на меркаванне чытачоў такім чынам, што яны таксама не ўхваляць нейкія факты. Нават калі чытачы нязгодныя з тым, што напісана ў каментарах, прачытаўшы іх, яны могуць схіліцца да думкі, што каментары сведчаць пра больш шырокае грамадскае меркаванне».
Даследчыкі адзначаюць, што каментатар_кі часта выступаюць транслятар_камі і захавальні_цамі шматлікіх стэрэатыпаў і міфаў.
Даследчы_цы феномена віктымблэймінгу падкрэсліваюць яго сістэмнасць. Яшчэ Уільям Раян у сваёй праграмнай кнізе Blaming the Victim (1975) адзначаў, як важна аналізаваць абвінавачанне пацярпелых не на ўзроўні асобных людзей, а на ўзроўні грамадскіх сістэм. Пагадзіся, калі чытаеш чарговы каментар «Не трэба было напівацца ў начным клубе!» з перспектывы грамадскага ўладкавання, то ён ужо не пра кансерватыўнасць каментатар_кі, а пра тое, што клубы дасюль небяспечнае для жанчын месца. Чаму? Што можна з гэтым зрабіць? Але на гэты ўзровень дыскусіі мы ўжо не заходзім, бо нас прызямлілі на ўзроўні паводзін канкрэтнай жанчыны, якая дазволіла сабе выпіць у клубе. Сістэмам выгадна захоўваць статус-кво, а людзі з розных прычын дапамагаюць ім у гэтым.
Выпадкі, дзе вінавацілі не тых, хто былі вінаватыя

Забойствы ICE
У пачатку 2026-га свет абляцелі відэа, ад якіх у жылах стыне кроў: 7 студзеня супрацоўнікі ICE, іміграцыйнай служба ЗША, застрэлілі ў Мінесоце ўдзельніцу мірнага пратэсту супраць жорсткіх метадаў затрымання мігранта_к, а 24 студзеня быў забіты яшчэ адзін удзельнік падобнага мітынгу. Сярод каментароў шоку, роспачы і спачування хапала і такіх, дзе ў смерці вінавацілі саміх забітых: «Яна мусіла выйсці з машыны», «Навошта ён трымаў пры сабе зброю?».

Рух #MeToo
У 2017 годзе жанчыны з кінаіндустрыі пачалі заяўляць пра дамаганні з боку прадзюсара Харві Ванштэйна, а потым хэштэг рушыў далей — свет даведаўся безліч жудасных гісторый пра самых розных зорак і не толькі. Аднак у адказ на гэтую хвалю пайшла іншая — хваля недаверу і абвінавачанняў: «Чаму яны сталі казаць пра гэта толькі цяпер?», «Ім патрэбны былі ролі і яны самі на ўсё пагаджаліся!», «У кіно заўсёды так было і што такога?».

«Жанчыны з кветкамі»
Падчас мірных пратэстаў у Беларусі ў 2020-м можна было пабачыць у сеціве каментары: «Сядзелі б дома — ніхто б іх не чапаў». То-бок замест таго, каб прааналізаваць і асудзіць неправамерныя дзеянні дзяржавы, віктымблэймер_кі перакручвалі сітуацыю такім чынам, каб гвалт выглядаў следствам таго, што людзі хацелі прагаласаваць і абараніць свой голас. Пасля падзей на жанчын стала скідвацца дадатковая адказнасць: маўляў, рух не меў поспеху праз тое, што «хадзілі з кветачкамі і абдымалі вайскоўцаў». Так жанчыны, якія рызыкавалі многім і страцілі многае, раптам сталі вінаватыя ў паразе рэвалюцыі і рэпрэсіях, якія працягнуліся пасля.

Медыйныя гісторыі хатняга гвалту
З нядаўняга, знаёмага беларус_кам, — гісторыя актывістаў Аліны Нагорнай і Ігара Случака. Аліна распавяла пра аб’юз, маніпуляцыі і ўмяшанне ў яе асабістае жыццё пасля расставання, але шматлікіх каментатара_к цікавіла іншае: «Чаму яна не сышла ад яго раней?», «Навошта выносіць на публіку сямейныя справы?», «Відаць, у яго былі прычыны, каб так паводзіцца?». Калі блогерка Яна Стасяловіч заявіла пра гвалт, які ўчыняў да яе актывіст Мікола Дзядок, каментатар_кі таксама хутка знайшлі, куды перавесці фокус. У гэтых і падобных выпадках віктымблэймінг выразна абараняе гендарныя стэрэатыпы і патрыярхальны парадак. Шмат увагі надаецца таму, як паводзіліся жанчыны, як яны выглядалі, якія словы абіраюць для таго, каб напісаць пра тое, што з імі здарылася. Усё гэта параўноўваецца з вобразам ідэальнай для патрыярхату жанчыны — зразумела, не на карысць рэальных асоб.
Размінка для мозга: паспрабуй паглядзець на гэтыя гісторыі віктымблэймінгу з разуменнем пра тое, што за віктымблэймінгам хаваецца. Што насамрэч абараняюць людзі, якія вінавацяць пацярпелых у гэтых кейсах? Чаму яны гэта робяць? Што б ты ім адказа_ла цяпер?
Як супрацьстаяць віктымблэймінгу ў сеціве
У артыкуле «Як падтрымаць чалавека ў бядзе і не скаціцца ў віктымблэймінг» мы распавялі, як адчувае сябе чалавек, якому не паверылі і не працягнулі руку. Шок, злосць, сорам, віна і адзінота — дакладна не тыя эмоцыі, з якімі хочацца пакідаць чалавека сам-насам. Што сапраўды варта рабіць:
- адкрыта падтрымліваць пацярпелых;
- скардзіцца на непрымальныя каментары на платформах;
- вяртаць фокус на карані праблемы: не «Што яна/ён зрабі_ла няправільна?», а «Чаму гэта стала магчыма?».
- пашыраць матэрыялы, якія дапамагаюць развіваць крытычнае мысленне і медыяпісьменнасць (у тым ліку гэты артыкул).
Важна разумець: віктымблэймінг у інтэрнэце — гэта не проста злыя каментары. Гэта праява добра падмазанага сацыяльнага механізма, які маскіруе рэальныя праблемы. Калі на праблемы не звяртаюць увагі, над іх рашэннем і не працуюць, а значыць, чарговая драма ці трагедыя здарыцца зноў. А потым ізноў нехта напіша: «Сам_а вінават_ая». Каб разамкнуць гэтае кола, трэба для пачатку адкрыта заявіць: «Не, не вінават_ая».
Аўтарка: Жэня Мароз



