Як падтрымаць чалавека ў бядзе і не скаціцца ў віктымблэймінг

ІнклюзіяВедыГендар
Виктимблейминг в социальных сетях
5
(1)

Што рабіць, калі блізкі чалавек прыходзіць да цябе са страшнай гісторыяй? Як рэагаваць, калі даведваешся пра гэта не асабіста, а з сацсетак? Што сказаць, каб не страціць давер, а рэальна дапамагчы? Разам з гештальт-тэрапеўткай Сашай Савіч падрыхтавалі матэрыял пра тое, як падтрымаць чалавека, якога спрабуюць пераканаць, што «сам_а вінават_ая».

Што нельга казаць чалавеку ў бядзе

«Сам_а вінават_ая» і ўсе варыяцыі такога выказвання

На жаль, гэтыя словы часта чуюць людзі, якія сутыкнуліся з гвалтам або дамаганнямі, сталі ахвярай злачынства ці няшчаснага выпадку, патрапілі ў яшчэ нейкую бяду. Перакладанне віны з вінавата_й на пацярпел_ую называецца віктымблэймінгам (англ. victim blaming — «абвінавачанне ахвяры»). Нехта спрабуе змякчыць фразу: «Спачуваю, але я паводзі_лася б інакш». Аднак ад перамены слоў сутнасць не мяняецца. Той ці тая, хто так гаворыць, толькі ўзмацняе траўму.

Апраўдваць агрэсар_ку

«Можа, чалавек быў не ў гуморы», «Напэўна, ён/яна не тое ме_ла на ўвазе» — такое нярэдка кажуць, калі агрэсар_ка не выглядае як увасабленне зла. Напрыклад, гэта публічная асоба з добрым сацыяльным капіталам. Важна разумець, што выказванні ў абарону агрэсар_кі здымаюць з я_е адказнасць, а заадно абясцэньваюць пачуцці і рэальнасць пацярпела_й.

Выказваць недавер

«Няўжо ўсё было настолькі жудасна?», «Думаю, ты згушчаеш фарбы» — такія словы чытаюцца як «Я не ўпэўнен_ая, што табе можна верыць». Гэта разбурае давер, змушае замаўчаць, узмацняе пачуццё сораму і апускае ў ізаляцыю. Фокус ссоўваецца са шкоды на інтэрпрэтацыю, а гэта ўжо газлайтынг — маніпуляцыі, якія прымушаюць чалавека засумнявацца ў тым, наколькі адэкватна ён ці яна ўспрымае навакольную рэальнасць.

Агучваць свае прэтэнзіі

Напрыклад, чалавек напісаў публічны пост, і нехта з блізкіх пытаецца: «Чаму ты не расказа_ла пра гэта мне?». Або пра тое, што здарылася, стала вядома не адразу і хочацца абурыцца: «Чаму ты чака_ла столькі часу, а не паведамі_ла адразу?» Важна разумець, што ва ўсіх свае механізмы выжывання. Не варта ссоўваць фокус з прычыненай шкоды на паводзіны пацярпела_й.

Калі першая рэакцыяй будзе не падтрымка, ты можаш страціць давер чалавека. Ён ці яна ўжо знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі і наўрад ці стане пераконваць цябе, нешта даказваць, тлумачыць. Хутчэй за ўсё, тв_ая знаём_ая закрыецца.

Виктимблейминг
A. C. | Unsplash

Што адчувае чалавек, якому кажуць: «Сам_а вінават_ая»

Калі ты дзелішся сітуацыяй, а ў адказ чуеш, што раз такое здарылася, то ты нешта зрабі_ла «няправільна», — гэта спачатку шакіруе. Потым можа падняцца злосць: «Я расказваю, што са мной паступілі кепска, а ты!..» Але іншы бок абавязкова падцягвае аргументы, і ты пачынаеш думаць: «Магчыма, і праўда, трэба было паводзіць сябе інакш». З гэтымі думкамі прыходзіць сорам.

Сорам паралізуе. У гэтым стане чалавек пачынае зноў і зноў прайграваць у галаве сітуацыю, адчувае віну і сумняваецца ў сваіх успамінах і пачуццях. Ён ці яна баіцца распавядаць пра перажытае камусьці яшчэ, робіцца ўсё больш складана звярнуцца па дапамогу. У ракавінцы адзіноты з’яўляецца адчуванне «мяне не бачаць і не чуюць», а з гэтым расце ізаляцыя.

Зразумела, усе людзі па-свойму перажываюць цяжкія падзеі, але мы паспрабавалі даць уяўленне аб тым, якія механізмы звычайна запускаюцца.

Чаму людзі займаюцца віктымблэймінгам

Саша
Саша Савіч, гештальт-тэрапеўтка

— Людзі перакладаюць віну на пацярпелых з-за кагнітыўнага скажэння: яны думаюць, быццам існуе набор нейкіх дзеянняў, якія дазваляюць сябе засцерагчы. Што калі яны будуць рабіць так і так, то нічога дрэннага не адбудзецца. Але праўда ў тым, што дрэннае ўсё роўна здараецца.

Наш мозг хоча трымаць усё пад кантролем і мінімізаваць выпадковыя падзеі, для гэтага ў яго падрыхтаваныя шматлікія сцэнары. Калі падзея адбываецца, мы пачынаем разбіраць сітуацыю на складнікі: што ж мы зрабілі не так? «Напэўна, я была не так апранутая. Больш я так апранацца не буду — і гэта мяне зберажэ ад паўтарэння сітуацыі». Мы перапісваем сцэнар сваіх дзеянняў на будучыню, мяркуючы, што гэта нас зберажэ. Але зло ад гэтага не перастае існаваць. Яно ўвогуле ад нас не залежыць.

Акрамя таго, у грамадстве ёсць устаноўка «Ты — сам_а гаспад_ыня свайго лёсу». Быццам усё залежыць толькі ад самога чалавека. Адсюль тая ж ідэя, што можна перабудаваць свае сцэнары — і ўсё будзе добра. Але такой гарантыі няма.

Што трэба зрабіць, каб вырвацца з кола перапісвання сцэнарыяў? Пражыць свае эмоцыі, пражыць траўму, прызнаць, што тваёй віны ў тым, што здарылася, няма, што людзі могуць без усялякай прычыны груба парушаць межы іншых людзей.

Чаму людзі часта вінавацяць сябе самі

Як правіла, людзям складана расказваць пра гвалт ці дамаганні. І нават перад блізкай сяброўкай ці сябрам адкрыцца бывае цяжка. Мы расцем у кантэксце, дзе СМІ, публікуючы гісторыю забойства, абавязкова надрукуюць меркаванне суседкі, што «забойца бы_ла цудоўнай душы чалавекам і ўзорн_ай сем’янін_кай», а вось у ахвяры «была чарвяточына» або «пляма на рэпутацыі».

Таму ў найцяжэйшай сітуацыі мы можам вінаваціць саміх сябе, шукаць у сабе прычыну здарэння, разважаць, у чым была наша памылка. Мы пракручваем сітуацыю ў галаве зноў і зноў. Прыдумляем, што можна было сказаць інакш, пайсці не туды, зрабіць не тое.

Да таго ж у нашай культуры не прынята «выносіць смецце з хаты», затое прынята быць «моцнымі», трымаць у сабе злосць, хаваць пачуцці і трываць.

Обвинение жертвы
Sand Fotógrafa | Unsplash

Якія словы падтрымаюць

  • «Я цябе слухаю».
  • «Я табе веру».
  • «Твае пачуцці важныя».
  • «Я бачу, як табе дрэнна».
  • «Так, тое, што адбылося, — жудасна, несправядліва, непрымальна».
  • «Гэта не твая віна».
  • «Калі ты кажаш, што было жахліва, то так і ёсць».
  • «Я на тваім баку».
  • «Спачуваю табе і хачу дапамагчы».
  • «Дзякуй, што падзялі_лася са мной. Разумею, што гэта было няпроста».
  • «Я побач».

Важна актыўнае слуханне. Адкладзі тэлефон, не перабівай, будзь тут і цяпер. У размове давай зразумець, што ты слухаеш і чуеш: кіўні, пацвердзі, задай дарэчнае пытанне. Калі ў нейкіх момантах не згодн_ая, пераконваць не трэба, але і празмерна падтакваць, калі гэта не шчыра, таксама не варта. Важна даваць чалавеку прастору выгаварыцца. Тут няма месца скепсісу, няпрошаным парадам, выцягванню дэталяў, параўнанням з сабой і пераключэннем на сябе.

Як даць параду

Калі ў цябе быў падобны вопыт, можа ўзнікнуць жаданне ім падзяліцца. Але спачатку варта пацікавіцца, ці патрэбна чалавеку дапамога. Можна пазначыць, што ты праходзі_ла праз падобнае і ведаеш варыянты, як паступіць, але важна, каб гэта не гучала як дырэктыва «рабі так».

Калі ведаеш спецыяліста_к, якія могуць дапамагчы ў гэтай сітуацыі, не варта сілком адпраўляць чалавека да іх. Варыянт шырокага жэсту — аплаціць без запыту тэрапію або юрыдычную кансультацыю — тут не пасуе. Можна проста падзяліцца кантактамі. Чалавек зможа звярнуцца да іх, калі падумае, што яму/ёй гэта патрэбна.

Калі табе здаецца, што знаём_ая робіць нешта няправільна, варта прытрымаць гэтыя думкі пры сабе. «Табе ж дрэнна, а ты ў сацсетках пішаш пра гэта, каб тролі набеглі?» — гэта чарговае кола віктымблэймінгу.

Як дапамагчы сабе

  • Калі табе спрабуюць давесці, што «сам_а вінават_ая», паспрабуй вярнуцца да сваіх адчуванняў. Задай сабе пытанні: «Што са мной адбылося?», «Што я адчуваю?». Бывае складана, калі сорам засцілае вочы, але паспрабуй успомніць той спалох, злосць, жах. Скажы сабе, што твае пачуцці — сапраўдныя.
  • Нагадай сабе, што ты не нясеш адказнасць за дзеянні іншага чалавека, што ты заўсёды маеш права на свае межы і бяспеку. Можа быць карысным зафіксаваць сваю версію рэальнасці, запісаць яе ў дзённік ці падзяліцца з тым/той, з кім гэта бяспечна.
  • Звярніся да гісторый іншых людзей у інтэрнэце, гэта бывае карысна. Або пашукай групу падтрымкі — сёння можна знайсці такую, дзе будуць людзі з канкрэтным, падобным да твайго вопытам.
  • Звярніся да псіх_алагіні, калі хочацца зверыцца са спецыяліст_кай. Бывае, што мы ўжо пражылі сітуацыю і вопыт улёгся, але іншы чалавек дапамагае нам адлюстраваць нашы пачуцці і падсвятліць, што з намі адбываецца цяпер. Гэта можа быць і не псіх_алагіня, а нехта з блізкіх.
  • Дай сабе час на тое, каб пражыць эмоцыі. Сорам, злосць, спустошанасць і разгубленасць — усё гэта нармальныя рэакцыі на тое, што адбылося.

Аўтарка: Марыя Пархімчык

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 1

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць