З мовай па жыцці. Моладзь Мазыра пра беларускую мову

Асобы
0
(0)

На жаль, нячаста можна пачуць, як моладзь размаўляе на беларускай мове. Маладое пакаленне выбірае «русский». Слэнгі, скарачэнні, замежныя славечкі ўсё больш і больш выціскаюць «тутэйшыя» словы. Маці, бусел, хата… Простыя словы — вялікі сэнс для беларуса. У межах праекта RegiON, які рэалізоўваецца Культурніцка-адукацыйнай платформай “Першы крок” (г. Мазыр), адбылася гутарка з Кацяй і Жорай — прадстаўнікамі маладога пакалення з Мазыра, якія размаўляюць і робяць свае творчыя праекты на беларускай мове.

Георгій, паэт, музыка, 17 гадоў: «Не бойся ўдасканальваць сябе, бо дасканаласці ты ніколі не дасягнеш».

Знаёмцеся, Георгій Брыцько — хлопец, які размаўляе па-беларуску з 14 гадоў. Упершыню з Жорай мы пазнаёміліся на «Жывой Бібліятэцы 2.0» у Мазыры, якая праходзіла ў прасторы Культурніцка-адукацыйнай платформы «Першы крок». Ужо тады было зразумела, што Жора — таленавіты юнак са сваім незалежным меркаваннем, які добра валодае мовай і выкарыстоўвае яе ў паўсядзённым жыцці. Як кажа Жора, «Не бойся ўдасканальваць сябе, бо дасканаласці ты ніколі не дасягнеш». Удасканальванне пачалося з мовы, і вось ужо тры гады Жора жыве беларускім словам. Неардынарны ўчынак для юнака, аднак па-даросламу сур’ёзны. Ідэя перайсці на «тутэйшую гаворку» прыйшла да яго раптоўна, перад паездкай у Полацк. Па словах Жоры, бацькоў ніколькі не здзівіў такі нечаканы паварот, тата нават падтрымлівае з сынам гутарку на роднай мове.

У некаторым плане на такія кардынальныя змены паўплывала і беларуская літаратура. Сярод любімых аўтараў Георгія — Уладзімір Караткевіч з яго творам «Чорны замак Альшанскі». На думку хлопца, свет Караткевіча прасякнуты не толькі яркімі вобразамі, але і цікавымі словамі. Вось вам і ячшэ адна прычына вывучаць родную мову.

Хлопец вучыцца ў Гомельскім каледжы мастацтваў ім. Сакалоўскага, пазіцыянуе сябе як пачынаючы рокер. Піша вершы на мове. Запыталі ў яго, а як ставяцца да беларускай гутаркі ў каледжы? Настаўнікі усхваляюць такі парыў да мовы, ну, а аднагрупнікі звыкліся і большая частка ставіцца да гэтага нейтральна. На думку Жоры, каб папулярызаваць родную мову сярод моладзі, трэба рухацца ў двух накірунках: знаходзіцца і размаўляць з носьбітамі мовы і ствараць актуальны беларускамоўны кантэнт.

Кацярына, выпускніца, журналістка, 17 гадоў: «Мне вельмі падабаецца, як гучыць наша мова, і ўсё, што з ёй звязана: беларускія арнаменты, сімволіка».

Кацярына Медвідзь лічыць, што ведаць беларускую мову і размаўляць на ёй — не сорамна. Сорамна гэтага не рабіць. У жыцці, сярод сяброў, Кацярына размаўляе на мове не асабліва часта, а вось з бабуляй, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, — заўжды. Дарэчы, менавіта бабуля, Шкробат Кацярына Дзянісаўна, прывіла дзяўчыне любоў да мовы: спявала калыханкі і народныя песні, распавядала казкі.

У школе Каця з пятага класа пачала ўдзельнічаць у алімпіядах па беларускай мове, а ў восьмым класе вырашыла, што мова — гэта крута, і стала гаварыць на ёй усё часцей і часцей, а пасля стала пісаць на мове, калі пачала наведваць клуб творчасці «Юны журналіст». Аднак, па словах дзяўчыны, у яе жыцці мовы больш у сацсетках, чым у рэальнасці. Чаму ж так?

— Некаторыя сябры не то што акругляюць вочы, калі я пачынаю размаўляць па-беларуску, а хутчэй адмахваюцца, маўляў, не задавайся, — прызнаецца Кацярына. — Але шмат хто з іх мяне падтрымлівае у плане выбару мовы для размовы і з задавальненнем гаворыць на мове. Напрыклад, у Бабруйску жыве адзін мой вельмі добры сябар, Мікіта Суботкін, які таксама “за” беларускую мову. Мне вельмі падабаецца, як гучыць наша мова, і ўсё, што з ёй звязана: беларускія арнаменты, сімволіка.

Каця кажа, што спачатку было не тое каб складана, але нязвыкла перабудоўваць сваю прамову. З часам у яе атрымлівалася ўсё лепш, праўда, пакуль не ідэальна:

— Калі я размаўляю, то могуць праскокваць русізмы, і бабуля мяне заўсёды папраўляе. І гэта выдатна, я лічу, таму што так у мяне выпрацоўваецца і звычка, і правільная беларуская мова. А наогул па-беларуску я кажу даволі бегла. Каця чытае беларускамоўныя кнігі і беларускіх класікаў — усё, што можа знайсці ў бабулі або ў бібліятэцы.

Мне нават ўспрымаць сюжэт кнігі лягчэй на мове, чым на расейскай. Калі руская — больш ўзьнятая, важная, я б сказала, то беларуская — мяккая, меладычная, жыццёвая мова. Мне больш падабаецца прастата беларускай мовы.

Чаму ж тады выбраныя гавораць па-беларуску? Няўжо мова так непрыгожа гучыць ці казаць на ёй некамільфо? Мая юная суразмоўца ўпэўненая ў тым, што неабходна павышаць узровень уласнай культуры. Каб павышаць свой узровень валодання мовай, Каця робіць свае ўласныя праекты на мове. Напрыклад, вядзе падкаст Bulbashka на мове (слухай падкаст тут).

 Як, на твой погляд, прыцягнуць моладзь да таго, каб яна хаця бы пачала цікавіцца беларускай мовай? — задаю нарэшце актуальнае пытанне.

— Я скажу, што ў сталіцы ўжо пачаўся працэс беларусізацыі: вельмі шмат хто кажа чыста па-беларуску — людзі сталі цікавіцца мовай, нашай культурай, гісторыяй. Калі маладыя людзі адукаваныя, інтэлігентныя, то яны ў любым разе не будуць скептычна і з кпінамі ўспрымаць беларускую мову, а наадварот падтрымаюць гутарку на гэтай мове. Сталіца — не замежжа, тым не менш яна далекавата ад рэгіёнаў, бо менавіта ў рэгіёнах хацелася б папулярызаваць беларускую мову, далучаць моладзь да яе выкарыстання і пераканаць, што мова — гэта крута.

— Калі казаць пра школьнікаў, то, напэўна, больш часу адводзіць менавіта на мову: класныя гадзіны, школьныя мерапрыемствы, экранізацыі на мове — усё гэта было б цікава, — лічыць дзяўчына. — Калі казаць пра моладзь больш старэйшую, то дазваляць ім публікавацца на мове ў мясцовых выданнях. Узяць хаця б мазырскую раёнку «Жыццё Палесся» — там усе артыкулы на расейскай. А наша клубная газета «Press-моладзь», якую мы выпускаем у клубе журналістыкі, толькі часткова на беларускай мове, да таго ж пішам мы для моладзі і аб моладзі. Мы не выкарыстоўваем старую лексіку, а стараемся мадэрнізаваць мову, ужываючы больш сучасныя словы.

— Ці сутыкаюцца з нейкімі цяжкасцямі беларускамоўныя людзі?

— Хутчэй, так, чым не, таму што нават мае аднагодкі не заўсёды разумеюць, што я кажу. Напрыклад, калі я была ў «Зубронку», то паспрабавала казаць толькі на мове некалькі дзён. Аднойчы ў свайго знаёмага я папрасіла «папрасаваць штаны», а ён у адказ: «Чаго?» Гэта значыць, ён нават не зразумеў, што папрасіла яго пагладзіць прасам штаны. Але і людзей, якія катэгарычна супраць беларускай мовы, я таксама яшчэ не сустракала. У большасці сваёй людзі думаюць: навошта мне беларуская мова, я і на рускай нядрэнна магу размаўляць.

Так, можа, калі хаця б крыху размаўляць на мове, то яна і не забудзецца? Большасць з нас так заўзята выступае за захаванне традыцый, самасвядомасці, за нацыянальную ідэю. Можа, варта ў гэтым плане пачаць з мовы? Бо менавіта мова народа вызначае яго ўнікальнасць і самабытнасць. І да нашай беларускай спадчыны — а мова як раз уваходзіць у гэтую катэгорыю — трэба ставіцца з павагай.

— Я бачу розныя магчымасці для распаўсюджвання мовы, — разважае Каця, —напрыклад, абавязковае выкарыстанне беларускай мовы ў пэўных сферах жыцця — для справаводства, чыноўнікаў, дзяржаўных СМІ. Гэта стварыла б даволі моцную матывацыю для яе вывучэння і выкарыстання. Дарэчы, на днях прачытала пост адной беларускамоўнай дзяўчыны ў інстаграме, дзе яна распавядае, як запаўняла бланк грашовага пераводу. Нюанс у тым, што запаўняла яна яго на беларускай мове. Работнікі пошты не змаглі яго прыняць, таму што ў іх на кампутарах няма беларускага алфавіту.

Па-другое, патрэбны даступныя сродкі і магчымасці для пастаяннага павышэння ўзроўню ведання мовы для людзей розных узростаў, розных відаў дзейнасці. Веданне англійскай мовы патрабуецца амаль усюды, а чаму мову ніхто не ведае ды нават лічыць сорамна на ёй гаварыць? Не ўмееш весці бухгалтарскі ўлік па-беларуску, не ўмееш расказаць пакупніку пра свой тавар па-беларуску, не ўмееш па-беларуску правесці экскурсію ці напісаць артыкул, не ўмееш аформіць бланк грашовага пераводу — на курсы, вучыся!

Дарэчы, а дзе можна вывучаць актуальную беларускую мову зараз? Адзін з найбольш цікавых варыянтаў — бясплатныя курсы беларускай мовы «Мова Нанова», якія можна наведваць нават анлайн. Курсы праводзяцца ў розных рэгіёнах, і было б цудоўна зладзіць такую магчымасць і ў Мазыры.

Спадзяемся, наш матэрыял натхніў карыстацца сваёй роднай мовай у жыцці, а нашай моладзі падаў добры прыклад, і колькасць людзей, што размаўляе «па-тутэйшаму», будзе толькі павялічвацца. Напрыканцы знаёмім вас з адным з вершаў аўтарства Жоры «Краіна вечнай шэрасці».

Мы жывем на халодных балотах
Між трухлявых ялін ды асін
Па над шэрымі дахамі хатаў
Уецца чорна-зялёны дым
Краіна вечнай шэрасці
Прывітанне табе,
Краіна вечнага жаху
Ты ляжыш у імгле!
Краіна вечнай шэрасці,
Край бясконцых дажджоў
Ты была колісь краінай радаснай
ды толькі дужа даўно.

Тэкст: Вольга Ласута, Кацярына Медвідзь
Фота: Алена Савіцкая (галоўная), з архiваў герояў i гераінь
Крыніца: https://pershykrok.by/moladz_mazyr_mova

Материал подготовлен в рамках проекта RegiON, который реализуется Культурно-образовательной платформой “Першы крок” (г. Мозырь), Центром развития эффективной коммуникации “Живая Библиотека”.

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 0 / 5. Колькасць галасоў: 0

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць