Журналіст Настасся Уткіна: «Гэта сістэма, дзе людзі баяцца браць адказнасць на сябе»

Асобы
0
(0)

Чаму ўзяць каментар у капітана нацыянальный зборнай па баскетболе прасцей, чым у каго заўгодна ў Маладзечанскім райвыканкаме? Пра гэта «Рэгіянальная газета» папрасіла расказаць журналіста Настассю Уткіну.

Настасся Уткіна прыйшла працаваць у «Рэгіянальную газету» ў чэрвені 2019 года. Менавіта яе фотарэпартажы з палітычных акцый і шэсцяў у Маладзечне вы глядзелі на старонках папяровай газеты і на нашым сайце. Расказваем пра тое, як яна трапіла ў  нашу каманду і які атрымала з гэтага досвед.

Фота Настассі Уткінай

Пераезд у незнаёмы горад

У Маладзечна я пераехала, бо атрымала працу ў «Рэгіянальнай газеце». Пра горад да пераезду не ведала амаль нічога. Падчас вучобы ў Полацкім дзяржаўным універсітэце мая аднагрупніца Даша Міхайлоўская, якая прыехала з Краснага, расказвала пра Мола. Што ён не падабаўся мясцовы вакзал. Карацей, інфармацыі пра сам горад і яго гісторыю ў мяне не было. Пасля сумоўя ў «Рэгіянальнай газеце» прыехала дадому і ўвесь вечар чытала на Вікіпедыі пра Маладзечна, каб мець хоць нейкае ўяўленне пра месца, дзе буду працаваць.

Пераязджаць у новае месца нескладана. Я жыла ў Полацку, Наваполацку і Мінску. Але толькі ў Маладзечне сутыкнулася з тым, што знайсці жыллё – вялікая праблема. За паўтары года тут змяніла ўжо тры кватэры. І вось зусім нядаўна, калі ў мяне зноў не стала жылля, адна маладзечанка прапанавала пажыць у яе доме. Прычым яна ведала пра мяне толькі што я журналіст «Рэгіянальнай газеты».

Думаю, што тут паўплывала салідарнасць, якая аб’яднала беларусаў у апошнія месяцы.

Праца ў незнаёмым горадзе ўскладнялася яшчэ пошукам тэм і людзей, якія гатовыя расказаць пра нейкія праблемы і гісторыі. Калегі тут выраслі, у іх ужо ёсць сувязі, знаёмыя працуюць у розных арганізацыях. Для мяне першы год – гэта была праца над такімі знаёмствамі, над лакальнымі гісторыямі, якія ведаюць толькі маладзечанцы.

Чаму вырашыла працаваць у «Рэгіянальнай газеце»

Так склаўся лёс, што ў мяне скончылася адпрацоўка пасля ўніверсітэту. Я жыла ў Мінску ўжо два гады, але мне не падабаўся вялікі горад, агромністая колькасць людзей на вуліцах. Я вырасла ў маленькім горадзе, да яго прывыкла, у мяне быў варыянт туды вярнуцца. Я разважала, што рабіць далей.

Якраз напісаў тэхнічны рэдактар «РГ» Ігар Палынскі, прапанаваў прыехаць на сумоўе. Па факце «Рэгіянальная газета» аказалася тым ідэальным варыянтам: не Мінск і вялікія магчымасці па працы з новымі тэмамі, пра якія я ніколі не пісала. Таму летам 2019 года я прыйшла працаваць карэспандэнтам у «РГ».

Фота Настассі Уткінай

Больш не спартыўны журналіст

Да «Рэгіянальнай газеты» я працавала спецыялістам па працы з грамадскасцю ў буйной аматарскай лізе па баскетболе. Гэта была мая афіцыйная праца, дзе я фатаграфавала матчы, запісвала інтэрв’ю з гульцамі, пісала разборы баскетбольных матчаў. А на фрылансе падпрацоўвала журналістам у спартыўных выданнях Беларусі: рабіла інтэрв’ю з беларускімі баскетбалісткамі, разбірала гульні нацыянальнай зборнай і беларускага чэмпіянату.

Усё маё жыццё было звязанае з баскетболам. У мяне нават універсітэцкая дыпломная работа была пра гісторыю беларускага баскетбола.

Прыход у «Рэгіянальную газету» – гэта выклік, ці змагу я пісаць пра што-небудзь акрамя спорту.

Канешне, сутыкаешся з праблемамі. Спартыўная журналістыка – гэта нешматлікая супольнасць, дзе кожны адзін аднаго ведае. Цябе ведаюць спартсмены па тваіх артыкулах, ты ведаеш спартсменаў па іх выступленнях. Нашмат прасцей узяць каментар у капітана нацыянальный зборнай па баскетболе, чым у каго заўгодна ў Маладзечанскім райвыканкаме.

Спачатку не разумела, чаму не адказваюць на пытанні ці ўзгадняюць гэтыя каментары некалькі дзён. Такое кропкава ёсць і ў спорце, але часцей за ўсё табе адкрыта і хутка адказваюць. А потым зразумела, што гэта сістэма, дзе людзі баяцца браць адказнасць на сябе. Вось і ўсё.

Даходзіла да таго, што ў парку, калі сёлета ўскладалі кветкі да Стэлы 9 мая, да мяне падыходзіла работніца з райвыканкаму і пыталася, ці ўзгадніла я фотаздымку.

Аднойчы мне трэба было даведацца, хто і калі косіць траву ў маладзечанскіх дварах – званіла па розных службах некалькі дзён, давалі нумары, па якіх не адказвалі ці наогул былі заблакаваныя.

І яшчэ першы час на новай працы вельмі не хапала баскетболу. У чэрвені 2019 года прайшоў чэмпіянат Еўропы па баскетболе, які я прапусціла. Да гэтага больш за дзесяць год глядзела ўсе гульні Еўрабаскетаў, а вясной – нацыянальны чэмпіянат ЗША па баскетболе сярод студэнтаў. Цяпер гэтыя мерапрыемствы праходзяць міма мяне.

Маладзечна. Фота Настассі Уткінай

Праца на пратэстах

Праца на пратэстах пачалася яшчэ ў чэрвені. Тады ў Маладзечне прайшла першая акцыі салідарнасці пасля затрымання Віктара Бабарыкі і яго сына. Шчыра кажучы, не ведала, чаго чакаць. Перад выхадам запісала на руцэ тэлефон юрыста, гэта было на выпадак затрымання. Усё было спакойна да моманту перакрыцця дарогі міліцыяй, з’яўлення АМАПу.

Бачыла затрыманне Міколы Алейніка, была ў двух метрах ад сутычкі, калі амапавец дастаў пісталет. Гэта быў першы досвед працы на акцыях. А пасля ўразіў суд на Алейнікам, калі хлопцу, па маім меркаванні, далі суткі за грамадзянскую пазіцыю, ды і стан Міколы пасля трох дзён у ізалятары.

Затрыманне ў Лебедзеве. Фота Настассі Уткінай

Асабіста мне не страшна было працаваць на пратэстах. Нават не страшна было, калі вайсковец замахваўся дубінкай на мяне. Ці калі мы з калегай былі ў эпіцэнтры збіцця амапаўцамі людзей ў Лебедзеве.

Вельмі перажывала за фотаапарат, таму што чула гісторыі журналістаў з Мінску, як ім білі тэхніку. Калі б такое здарылася са мной, то я не змагла б фіксаваць гісторыю ўсяго, што адбывалася на пратэстах у Маладзечне.

Пачуццё страху першы раз адчула, калі ў кастрычніку чакала перад акцыяй калегу. Я прыехала з родных Мёраў, дзе адпачывала некалькі дзён. Чакаю калегу на плошчы, бачу міліцыянераў у балаклавах, і мяне пачынае паглынаць такі нечалавечы жах. Тады ў беларускіх судах ужо давалі прыгаворы з рэальнымі тэрмінамі за гвалт над амапаўцамі. А справы па гвалце з боку сілавікоў нават не адкрывалі. Вось тады на плошчы мне чамусьці стала вельмі страшна, што да мяне падскочыць міліцыянер у балаклаве, а на судзе будзе казаць, што я крычала лозунгі і так далей.

Страшна за тое, што ты ніяк сябе не можаш абараніць, і асудзіць цябе могуць ні за што.

Гэты год быў нетыповым не толькі ў плане пратэстоў, але і з-за каронавірусу. Напрыканцы сакавіка наша рэдакцыя пачала працаваць на ўдалёнцы, вярнуліся ў офіс толькі ў ліпені. Было складана, таму што не хапала камунікацыі, размоў з калегамі, жартаў.

Як паўплываў прыход у журналістыку

Найбольш паўплываў прыход у «РГ», чым у саму журналістыку. Калі ты варышся у спартыўнай журналістыцы, то кола інтарэсаў замыкаецца на навінах з нашых і замежных СМІ. Першыя месяцы ў «Рэгіянальнай газеце» было вельмі складана, таму што за дзень праходзіць вельмі шмат навін пра ўсё – палітыку, адукацыю, ахову здароўя. Я прыходзіла дадому і зусім не хацелася сядзець у інтэрнэце, у сацыяльных сетках. Патрэба ў гэтым знікла.

Ноччу заўсёды ставіла тэлефон на бязгучны рэжым, а цяпер – не. Нешта можа здарыцца, трэба заўсёды быць на сувязі.

Цяпер у мяне заўсёды з сабой журналісцкае пасведчанне – каб паказаць супрацоўніку і на месцы прасіць каментар, пашпарт – каб маглі высветліць маю асобу без паездкі ў РАУС і спампаваная карта рэгіёну ў тэлефоне, каб арыентавацца без інтэрнэту.

Артыкул створаны ў межах праекта RegiON (Уключаючы рэгіён).

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 0 / 5. Колькасць галасоў: 0

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць