Па ўзроўні стыгматызацыі ВІЧ-інфекцыя пакідае ззаду любыя іншыя. На працягу дзесяцігоддзяў за ВІЧ саромілі, пра яго маўчалі, ім палохалі. Гэта спарадзіла вялікую колькасць міфаў, якія перашкаджаюць адэкватнай прафілактыцы і лячэнню інфекцыі. Праз гэта яна працягвае распаўсюджвацца, а людзі, якія жывуць з ёй, — пакутаваць: як ад самой хваробы, так і ад прадузятага стаўлення да сваёй асобы.
Атрымліваецца заганнае кола: няведанне спараджае страх, страх спараджае стыгму, а стыгма — няведанне. Каб разарваць яго, трэба выключыць першы элемент. Над гэтым прадуктыўна працуюць актывіст_кі, асветні_цы, лекар_кі і проста неабыякавыя людзі. Іх намаганнямі за апошнія некалькі гадоў былі створаныя сотні праектаў, якія расказваюць пра жыццё з ВІЧ, разбураюць міфы і вучаць успрымаць гэты дыягназ без страху і прадузятасці. Мы выбралі 10 падкастаў і відэа, з якіх можна пачаць.
Гісторыя Тані ў падкасце «Іншыя гісторыі»
У гэтым падкасце сваімі гісторыямі дзеляцца беларус_кі з цікавым жыццёвым досведам, якія знаходзяцца ў выгнанні. Гераіня аднаго з выпускаў першага сезона — Таня. Некалькі гадоў таму яна даведалася, што ВІЧ-інфікаваная. Лекар выставіў дыягназ як смяротны прысуд: нібы Тані засталося жыць некалькі гадоў, і з гэтым трэба змірыцца. Для жанчыны гэта стала ўдарам — але здавацца яна не хацела, таму знайшла іншага лекара, і той растлумачыў: Таня пражыве значна больш за некалькі гадоў, трэба толькі своечасова прымаць лекі і здаваць аналізы.
Паводле парады лекара Таня звярнулася ў арганізацыю, якая аб’ядноўвае людзей, што жывуць з ВІЧ. Там яна знайшла падтрымку, сяброў і сваё пакліканне — стала актывісткай руху за правы людзей з ВІЧ.
Падкаст «Жизнь с плюсом +»
Новы праект ад беларускай ініцыятывы “HIV+ Drop”. У падкасце актывіст_кі распавядаюць пра рэальныя гісторыі і рэпрэзентацыю людзей, якія жывуць з ВІЧ. «Мы гаворым адкрыта, разбураем міфы і стэрэатыпы, каб падтрымаць і натхніць», — кажуць аўтар_кі падкасту.
На дадзены момант даступныя два выпускі. Першы прысвечаны рэпрэзентацыі ВІЧ у поп-культуры. Другі расказвае гісторыю Івы Шкоды — актывісткі, бацька якой памёр ад СНІДу.
Падкаст «Голос Е.В.А.»
Праект пра сем’і, у якіх выхоўваюцца дзеці з ВІЧ. У першым сезоне — 24 эпізоды з гісторыямі ВІЧ-станоўчых людзей, каментарыямі актывіста_к і лекара_к.
Напрыклад, адзін выпуск прысвечаны сям’і, у якой маці даведалася пра свой ВІЧ-статус за суткі да родаў, а цяпер яе дачка, ужо дарослая, займаецца актывізмам і дапамагае падлеткам з такім жа дыягназам.
У іншым эпізодзе інфекцыяніст дзеліцца тым, як дыягнастуюць ВІЧ у дзяцей, тлумачыць сучасныя падыходы да тэрапіі і падкрэслівае, наколькі важная ў час лячэння падтрымка блізкіх.
Яшчэ ў некалькіх эпізодах эксперт_кі абмяркоўваюць, як працаваць з сем’ямі, якія адмаўляюцца ад ВІЧ-тэрапіі.
Інтэрв’ю Няксюшы пра жыццё з ВІЧ
Два гады таму маладая расійская спявачка Няксюша напісала пра свой ВІЧ-статус у сацыяльных сетках: «Дыягназ паставілі год таму, калі я ляжала ў шпіталі з каранавірусам, вірусная нагрузка была прыкладна 600, таму я не паспела нікога заразіць. <…> Мне было цяжка прыняць гэты дыягназ, але сёння, калі я была з партнёрам у шпіталі, канчаткова прыняла свой дыягназ». У адказ спявачка атрымала шмат слоў падтрымкі. Гэта натхніла яе расказаць пра дыягназ і жыццё з ім на больш шырокую аўдыторыю.
Так з’явілася інтэрв’ю для праекта «вМесте». У ім Няксюша расказала, як даведалася пра дыягназ і чаму вырашыла адкрыта пра яго гаварыць, якія абмежаванні ВІЧ накладае на яе жыццё і пра што не трэба пытацца ў ВІЧ-станоўчага чалавека.
Падкаст «Поколение плюс»
Фонд «Дзеці+» стварыў гэты праект, каб разбурыць стэрэатыпы. «Людзі з ВІЧ бяспечныя для навакольных, але самі застаюцца ўразлівымі — праз стыгму, якая, на жаль, жыве ў грамадстве», — тлумачаць аўтар_кі.
Героі і гераіні падкасту — падлеткі, якія жывуць з ВІЧ. Яны адкрыта расказваюць пра цяжкасці сталення, адносіны з блізкімі і страх быць адрынутымі. Адзін эпізод — адна гісторыя. Пра далікатнасць і сілу, перажыванні і надзеі.
Падкаст «Человек плюс Человек»
У цэнтры праекта з чатырох выпускаў — ВІЧ-станоўчыя людзі і іх блізкія. Яны ананімна расказваюць пра тое, з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца і што дапамагае ім не губляць сябе.
Можна паслухаць пра тое, як ВІЧ-станоўчая дзяўчына нарадзіла здаровых дзяцей, пра маладога чалавека, які дапамагае сваёй каханай даць рады з хваробай, і пра рух ВІЧ-дысідэнта_к.
Слухаць падкастРолікі «КАСКАД Education»
Усяго за тры гады гэты адукацыйны праект стварыў вялізны архіў відэаматэрыялаў на тэму ВІЧ-інфекцыі. Ролікі падзеленыя па тэмах. Ёсць адукацыйныя серыі — напрыклад, міфы пра ВІЧ. Ёсць асабістыя гісторыі людзей, якія жывуць з ВІЧ. Ёсць відэа на сумежныя тэмы: ВІЧ і гендар або ВІЧ і кавід.
Падкаст «В зоне риска»
Праект пра гісторыю ВІЧ і яго месца ў масавай культуры. У шасці эпізодах аўтар_кі распавядаюць пра дзіўныя і часта дурныя, але ўсё яшчэ папулярныя міфы вакол інфекцыі. Напрыклад, пра інфікаваныя іголкі, якія нехта падкідае на сядзенні ў кінатэатрах. Дзеля разбурэння міфа ў падкаце прыводзяць факты пра ВІЧ, якія варта ведаць кожнай і кожнаму.
Слухаць падкастПадкаст «Одни плюсы»
Праект пра тое, як дэзінфармацыя і стэрэатыпы пра ВІЧ-інфекцыю ў познім Савецкім Саюзе прывялі да эпідэміі ў сучаснай Расіі.
Гістарычныя факты ў гэтым падкасце падмацоўваюцца чалавечымі гісторыямі. Усе яны ўнікальныя, і кожная пацвярджае: галоўная небяспека ВІЧ тоіцца не ў самой інфекцыі, а ў стыгме вакол яе. «Для мяне стала адкрыццём, што для іх ВІЧ — гэта не самая галоўная праблема. Не крыж на ўсё жыццё, не кляймо. Проста тры літары, якія аднойчы змянілі іх лёс. Гэта нейкія неверагодныя людзі, дзіка цікавыя», — кажа пра герояў і гераіняў падкасту яго аўтарка Маргарыта Логінава.
Слухаць падкастФільм Юрыя Дудзя пра ВІЧ у Расіі
Дакументалка папулярнага блогера стала адным з першых вялікіх медыйных праектаў пра ВІЧ у рускамоўнай прасторы. Сёння гэта ўжо класіка жанру, але сваёй актуальнасці яна не страціла.
Відэа — пра людзей, якія жывуць з ВІЧ або стала кантактуюць з людзьмі з ВІЧ-інфекцыяй. Разам яны спрабуюць адказаць на асноўныя пытанні, звязаныя з захворваннем. Як перадаецца ВІЧ? Ці могуць людзі з ВІЧ нараджаць здаровых дзяцей? Ці можна мець ВІЧ і жыць паўнавартасным жыццём да самай старасці? Чаму Расія змагаецца з ВІЧ настолькі неэфектыўна?