«Нараджаць дзяцей, натхняць мужа і абараняць традыцыйныя каштоўнасці» — даследаванне аб ролі жанчыны вачыма дзяржаўных СМІ

ІнклюзіяГендар
Обложка_стереотипы_о_женщинах
5
(1)

Тое, як пра жанчын гавораць і пішуць у СМІ, адлюстроўвае гендарныя ролі і стэрэатыпы, якія ўкараніліся ў культуры і палітыцы краіны. Фемінітывы, якія падкрэсліваюць ролю жанчыны, па-ранейшаму лічацца чымсьці маргінальным і недарэчным; эксперткам, калі і даюць слова, то ў асноўным у галіне адукацыі і культуры; а колькасць эфірнага часу, які адводзіцца жанчынам, мізэрная нават у ліберальных медыя.

Група беларускіх актывістак і актывістаў вывучыла*, што транслююць дзяржаўныя СМІ Беларусі аб ролі жанчыны ў грамадстве. У гэтым артыкуле мы падрабязна разгледзім вынікі гэтага даследавання і падумаем, як можна супрацьстаяць сэксізму ў медыя і змяніць сітуацыю да лепшага.

* Даследчая група прагледзела 20,5 тысячы публікацый у Тэлеграме, на сайтах медыя і ў Ютубе — збольшага былі вывучаныя выпускі праграм, знятых для ТБ.

Асноўныя наратывы аб ролі жанчыны звязаныя з мацярынствам, хатнім агменем і эмацыйным абслугоўваннем мужчыны

«Толькі жанчына, якая зведала радасць
мацярынства, разумее, што гэта
і ёсць сапраўдны сэнс жыцця. Яго не
заменяць ні прэстыжныя пасады,
ні заморскія курорты»
«Жанчына гэта маці,
прадаўжальніца роду,
а таксама яна тыл для
любога мужчыны»
Цытаты з дзяржаўных СМІ

«Жанчыны, перш за ўсё, паказваюцца як захавальніцы хатняга агменю, якія вядуць хатнюю гаспадарку, выхоўваюць дзяцей і аказваюць эмацыйную падтрымку сям’і. Мацярынства падкрэсліваецца як вышэйшае пакліканне жанчыны, і мяркуецца, што яе асноўнае прызначэнне — нараджэнне і выхаванне дзяцей», — адзначаюць даследні_цы. 

У дадатак да гэтага жанчыны паказваюцца залежнымі ад сваіх эмоцый, залежнымі ад мужчын і створанымі для ўпрыгожвання гэтага свету. Часта выкарыстоўваецца выраз «слабы пол», які ўжо стаў мемам. 

«Сёння мы настойліва раім
усім жанчынам кінуць
свае справы і неадкладна
скіраваць увагу на экран,
бо мы гаворым пра важную
частку вашага жыцця —
пра касметыку»
«Кожная дзяўчынка
з маленства павінна
акумуляваць у сабе
праз маму, бабулю
жаночую энергію,
жаноцкасць»
«Сіла жанчыны ў тым,
што яна слабы пол»
Цытаты з дзяржаўных СМІ

Нягледзячы на ​​тое, што дзяржава робіць акцэнт менавіта на рэпрадуктыўнай функцыі жанчыны, выразна прасочваецца і ідэя пра «баланс» паміж сям’ёй і працай. Дзяржава і СМІ транслююць, што чакаюць ад жанчын выканання патройнай змены*, на якую жанчына і так выдаткоўвае ў сярэднім 25 гадзін на тыдзень. Патрабаванне быць паспяховай усюды тлумачыцца развітай дзяржаўнай падтрымкай у Беларусі.

* Патройная змена — гэта канцэпцыя, якая апісвае патройны цяжар абавязкаў, што часта кладзецца на жанчыну: работа з аплатай, хатнія працы, якія не аплачваюцца, і эмацыйная праца (выхаванне дзяцей, падтрыманне эмацыйнага дабрабыту сям'і, клопат пра пажылых сваякоў).
«Мы можам сабе дазволіць такую ​​раскошу,
якую не могуць дазволіць сабе жанчыны
ў многіх краінах свету — адчуваць сябе
жанчынай. Больш за 11, калі я не памыляюся,
сацыяльных праграм працуюць,
каб падтрымаць мацярынства.
У нас самы вялікі адпачынак
для догляду дзяцей…»
«Без клопату з боку дзяржавы
жанчынам не ўдавалася б
так лёгка сумяшчаць працу
з хатнімі справамі»
Цытаты з дзяржаўных СМІ

Інсайты даследавання

Жанчына павінна не проста выхоўваць дзяцей, а выхоўваць іх патрыётамі

Паколькі жанчына лічыцца галоўнай фігурай у выхаванні дзяцей (як маці, выхавальніца або настаўніца), то на яе накладаецца яшчэ адзін абавязак — умацоўваць дзяржаўны парадак, трансляваць традыцыйныя каштоўнасці, патрыятызм і павагу да дзяржавы.

«Жанчына-маці не толькі
захавальніца сямейнага агменю,
але і традыцыйных каштоўнасцяў
нашага грамадства.
Выхоўваючы дзяцей патрыётамі,
вы ўмацоўваеце дзяржаву,
закладаеце надзейны фундамент
будучыні нашай Беларусі»
«Беларускіх жанчын адрознівае
ад іншых бязмерная любоў
да сваёй краіны і надзвычайнае
пачуццё патрыятызму»
Цытаты з дзяржаўных СМІ

Больш за палову сэксісцкіх выказванняў належыць жанчынам

Так, са 149 зафіксаваных у даследаванні выказванняў, якія змяшчаюць гендарныя стэрэатыпы, 79 — належаць жанчынам. Але важна разумець, што не заўсёды можна прасачыць сапраўдных аўтар_ак гэтых выразаў і нельга ведаць напэўна, ці згодныя спікеркі з тым, што зачытваюць у эфіры. Аднак тое, што жанчыны ў дзяржаўных СМІ як мінімум удзельнічаюць у распаўсюджванні сэксісцкіх поглядаў, — факт.

Гэтая статыстыка сведчыць пра інтэрналізацыю сэксізму — людзі так часта чуюць нейкія сцверджанні ў грамадстве, што ў рэшце рэшт прысвойваюць іх сабе і лічаць іх сваім уласным меркаваннем. Калі ў грамадстве актыўна транслюецца, што галоўная мэта жанчыны — гэта дзеці, касметыка і служэнне мужу, то і самі жанчыны, вядома, таксама ў гэта павераць і будуць трансляваць такія ж сцверджанні.

«Прыгажосць, дзеці, жаноцкасць — гэта ж добра. Чаму такія наратывы шкодныя?»

Часам мы настолькі звыкаем да сэксісцкіх выказванняў вакол, што перастаем пра іх задумляцца і ўспрымаць іх крытычна. Аднак гэта не азначае, што стэрэатыпы перастаюць уплываць на нас. Вось некаторыя праблемы, якія ствараюцца падобнымі наратывамі.

Перагружаюць жанчын

Ад жанчыны патрабуецца паспяваць усё: і дзецьмі займацца, і агмень захоўваць, і быць канвенцыйна прыгожай, і кар’еру будаваць, і мужа натхняць.

Нам, дзяўчынкам, трэба настолькі ўмець размяркоўваць свой час, каб сучаснай жанчыне хапала і на дасягненне вынікаў, і, вядома ж, на час для сям’і, для дзяцей. Бо што нашыя вынікі, калі ўрокі няма як зрабіць з дзіцем? Памнажаюцца на нуль

цытата з дзяржаўных СМІ
24 часа | She is an Expert x Анна Диал

Мультфільм «24 часа» расказвае гісторыю гераіні, якая спрабуе ўціснуць усе справы ў адны суткі, і паказвае, наколькі вялікую ролю ў нашых жыццях іграе нябачная і неаплатная праца.

Ствараюць «шкляную столь» у кар’еры і замацоўваюць розніцу праз аплату працы

Стэрэатыпы пра жанчын як менш здольных лідаркак, больш эмацыйных або арыентаваных на сям’ю ствараюць «шкляную столь» у кар’еры. Дадамо да гэтага штраф за мацярынства* — у выніку жанчыны часта застаюцца на ніжэйшых узроўнях карпаратыўнай іерархіі і радзей дасягаюць высокіх заробкаў і бонусаў на кіраўнічых пазіцыях.

* Штраф за мацярынства — негатыўны ўплыў, які мацярынства можа аказаць на рэалізацыю жанчыны. Выяўляецца праз зніжэнне заробку, абмежаванне кар'ерных магчымасцяў, дыскрымінацыю пры найманні на працу і меншыя пенсійныя выплаты. Працадаўцы могуць успрымаць маці як менш адданых працы, што вядзе да запаволення кар'ернага росту і фінансавых стратаў.

У Беларусі дагэтуль існуе спіс забароненых для жанчын прафесій, які аргументуецца клопатам аб рэпрадуктыўнай функцыі жанчыны — што зразумела, бо дзяржаве важна, каб жанчына нараджала, а не «канкуравала» з мужчынамі і займалася тым, чым ёй хочацца.

Бліжэй да жаночага пачатку — педагог, а найярчэй душа жанчыны праяўляецца ў медыцыне, але на пачатку ўсяго — мацярынства

 – цытата з дзяржаўных СМІ

Падтрымліваюць дыскрымінацыю небінарных і квір-людзей

Наратывы, дзе гендарныя ролі цвёрда замацаваныя і падзеленыя на бінарнае мужчынскае і жаночае, шкодзяць не толькі цыс-жанчынам. Падобны светапогляд не пакідае ніякай прасторы для існавання іншасці, а значыць, таксама ўдарае па людзях, якія выходзяць за межы нормы.

Калі сацыяльная сістэма выбудаваная паводле строгага падзелу на гендарныя ролі, людзі, якія не ўпісваюцца ў гэтую сістэму, робяцца найбольш уразлівымі. Такія персоны сутыкаюцца з варожасцю, грэбаваннем іх патрэбамі і сацыяльным адчужэннем.

Што з гэтым рабіць

Аўтар_кі даследавання сабралі некалькі парадаў аб тым, як мы можам уплываць на нераспаўсюджанне сэксізму ў СМІ. Асабліва гэтыя рэкамендацыі будуць карысныя для тых, хто працуе ў галіне камунікацыі: журналіст_кам, актывіст_кам, блогер_кам, эксперт_кам.

Рэагаваць на гендарную дэзынфармацыю

Важна не ігнараваць сэксізм у СМІ, а публічна выказвацца супраць такіх заяваў. Гэта дапаможа і людзям, якія яшчэ не зусім разабраліся ў тэме, і групам, што дыскрымінуюцца, для якіх вашае выказванне стане жэстам падтрымкі і салідарнасці.

Нашая публікацыя пра тое, як не трэба рабіць кампаніі супраць гвалту — на прыкладзе кейса крамы вопраткі «Шуфлядка».

Паказваць розны жаночы досвед і даваць пляцоўку жаночым галасам

Дзяржаўныя СМІ фарміруюць вузкі сэксісцкі вобраз жанчыны, у якім цяжка знайсці сябе. Рэпрэзентацыя рознага досведу дае магчымасць жанчынам адчуць сябе ўбачанымі і прынятымі. Таму важна паказваць розныя ролевыя мадэлі, а таксама падтрымліваць медыйныя праекты, створаныя жанчынамі для іншых жанчын.

Дбаць пра бяспеку

На жаль, у Беларусі мы вымушаныя думаць пра рызыку пераследу і пра пагрозы, якія могуць адбыцца пасля выказванняў «супраць традыцыйных каштоўнасцяў». Не цісніце на патэнцыйных спікер_ак. Давайце людзям магчымасць зрабіць выбар і падкажыце шляхі мінімізацыі рызыкі. Напрыклад, прагаварыце магчымасць ананімнасці выказвання і паклапаціцеся пра інфармацыйную бяспеку.

Для эфектыўнага супрацьдзеяння гендарнай дэзынфармацыі важна не толькі тлумачыць, што не так з састарэлымі стэрэатыпамі, але і падтрымліваць разнастайнасць галасоў у медыя. Даючы кожнай больш магчымасцяў бяспечна выказваць сваё меркаванне, мы можам наблізіцца да грамадства, дзе правы людзей выконваюцца незалежна ад гендару і дзе «нараджаць дзяцей, натхняць мужа і абараняць традыцыйныя каштоўнасці» — гэта далёка не адзінае, чым можа займацца жанчына.


Аўтарка: Вікторыя Грабеннікава

Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 1

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x