Пяць прычын, паводле якіх у Беларусі не патрэбна (больш) АЭС

Экалогія
4.6
(9)

Першая атамная станцыя ў Беларусі ўжо пабудаваная, але да гэтага часу з’яўляецца аб’ектам спрэчак. Ці патрэбная яна наогул, наколькі экалагічная ядзерная энергетыка, ці бяспечныя самі станцыі? Мы сабралі кароткі спіс аргументаў супраць: ад падзення самалёта да экспарту электраэнергіі. Аргументы можна выкарыстоўваць падчас абмяркоўвання ці для таго, каб паглыбіцца ў тэму.

Справа ў тым, што пабудовай атамнай электрастанцыі (далей — АЭС) гісторыя не сканчаецца, а толькі пачынаецца. Беларуская АЭС пакуль толькі выходзіць на працоўны лад, увосень цалкам запрацуе другі энергаблок, але ўлады ўжо кажуць пра будаўніцтва трэцяга — зноў жа ў Астраўцы.

Атамная энергія не патрэбная ў энергетыцы

А дакладней, яна была патрэбная, каб менш залежаць ад расійскага газу, з якога да запуску АЭС (ды і да гэтага часу) Беларусь атрымлівае большую частку электраэнергіі. Паводле падлікаў увосень 2023 года, пасля запуску другога энергаблока, станцыя ўжо будзе здольная задаволіць каля 40% патрэбаў электрычнасці Беларусі.

Пры гэтым АЭС усё роўна працуе на расійскім паліве. Хоць яго пастаўкі і больш прадказальныя, бо яны не штодзённыя (у адрозненне ад газу), а 1 раз на паўгады-год.

 Незалежныя энергетык_іні лічаць АЭС нерэнтабельнай,  а будаўніцтва трэцяга энергаблока, якое плануюць улады, немэтазгодным. Да таго ж трэці энергаблок плануюць пабудаваць усё там жа ў Астраўцы, што пагоршыць і так сапсаваныя адносіны з Літвой.

У міністэрстве лічаць, што павялічваць колькасць атамнай энергіі трэба толькі ў тым выпадку, калі будзе расці спажыванне. Улады разлічваюць, што праз сем гадоў яно павялічыцца на 20%. Калі верыць лічбам вытворцаў электраэнергіі або статыстыцы Белстата (а яны розныя), то спажыванне сапраўды расце, але нашмат павольней — і дакладна не павялічыцца на 20% у бліжэйшыя сем гадоў.

АЭС можа выціснуць з рынку аднаўляльную энергетыку

Аднаўляльная энергетыка магла б цалкам змяніць энергасістэму ў Беларусі і стаць адным з найбольш важных яе элементаў, лічаць незалежныя эколаг_іні. Але цяпер доля аднаўляльнай энергіі сярод усёй энергіі — усяго 8%, з іх большая частка — энергія не сонца або ветру, а драўніны, якая стварае больш выкідаў.

І пакуль што зменаў у сітуацыі не прадбачыцца: з 2021 года ў Беларусі вырашылі не павялічваць колькасць электрычнасці з аднаўляльных крыніц. Эксперт_кі тлумачаць: прычына ў тым, што на электрычнасць з аднаўляльных крыніц энергіі проста не засталося месца.

Стварае небяспеку падчас вайны

«Вытрымае нават падзенне самалёта», — так часта паўтаралі на грамадскіх абмеркаваннях БелАЭС. Але праўда ў тым, што самалёты ў нашым рэгіёне не падаюць на АЭС, а вось стрэлы снарадаў і баявыя дзеянні навокал здараюцца.

Так было каля Запарожскай АЭС ва Украіне ў 2022 годзе. Пазней станцыя апынулася на акупаванай тэрыторыі, а ў 2023 годзе ўзніклі пытанні з астуджэннем рэактараў праз разбурэнне дамбы Кахоўскага вадасховішча.

Беларус_кі не разлічвалі на вайну, але ў выніку аказаліся ўцягнутымі ў яе на баку краіны-агрэсаркі. Вайна ідзе бліжэй да паўднёвай мяжы, чым да заходняй, уздоўж якой пабудаваная АЭС, але і гэта не гарантуе бяспекі ў такіх зменлівых умовах.

Грынпіс упэўненыя, што  ні адна АЭС не разлічаная на ваенныя ўмовы.  АЭС занадта ўразлівыя. У выпадку неабходнасці складана будзе адрэагаваць на надзвычайную сітуацыю належным чынам — можа ўзнікнуць рызыка ядзернай катастрофы.

Празмерны аптымізм кіраўніцтва і ўладаў

Колькасць нявыпраўленых хібаў на БелАЭС ужо пасля запуску налічвала больш за некалькі тысяч — адзначаюць эколаг_іні. Гэта азначае, што  станцыя пабудавана недасканала,  што само па сабе небяспечна. Сярод народных гісторый пра станцыю ёсць адна найбольш папулярная — пра тое, колькі разоў білі корпус рэактара (два разы).

Першы раз рэактар ці то зваліўся з 2-4-метровай вышыні (версія грамадскасці), ці то нешта пайшло не так «пры правядзенні такелажных працаў падчас перамяшчэння рэактара ў гарызантальнай плоскасці» (версія міністэрства). Расатам лічыць, што «хуткасць руху корпуса насустрач зямлі не пераўзыходзіла хуткасці пешахода».

Зрэшты, рэактар замянілі. Другі раз корпус рэактара ўдарылі аб апору пры транспарціроўцы, да таго ж ён быў у гэты час ці то ў ахоўным кажуху, ці без яго. Гэты корпус і змантавалі ў Астраўцы.

Самае важнае: адкіды не перапрацоўваюцца

Раней адкіды захоўвалі пад зямлёй у солі, цяпер размяшчаюць у спецыяльных сховішчах — у Беларусі такое сховішча будзе мець надземную і падземную часткі. Але ідэя і там, і там агульная:  перапрацоўваць ядзерныя адкіды ніхто не ўмее,  таму звычайна іх кансервуюць у граніце, гліне або іншым чынам.

У будучым беларускім сховішчы адкіды трэба будзе трымаць да таго часу, покуль небяспечныя элементы не распадуцца на бяспечныя, што складае не менш як 300 гадоў. Але ў выпадку непрадбачанай сітуацыі магчымая ўцечка адкідаў. Эксперт_кі сцвярджаюць, што гэта цалкам магчыма.

Улічваючы рызыку забруджвання радыяцыяй, справядліва будзе адзначыць наступнае: атамная станцыя сапраўды змяншае выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу, на што часта звяртаюць увагу прыхільні_цы атамнай энергетыкі. Але эколаг_іні адзначаюць, што пры рабоце АЭС павялічваюцца выкіды крыптону, аргону і іншых высакародных газаў 18 групы табліцы Мендзялеева, якія ў радыусе 50 кіламетраў могуць выклікаць рак, асабліва лейкемію ў дзяцей. І гэта без уліку аварый, а толькі пры рабоце ў штатным рэжыме.


Тэкст: Ганна Валынец
Фота: distelAPPArath, Midjourney

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 4.6 / 5. Колькасць галасоў: 9

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x