«Ты правярала гармоны?», «Проста не сустрэла свайго чалавека», «Такога не бывае» — падобныя фразы Агата чула не раз пасля таго, як пачала адкрыта казаць пра сваю асэксуальнасць. Асэксуальныя людзі сутыкаюцца не толькі з неразуменнем, але і з нябачнасцю — іх досвед усё яшчэ мала прадстаўлены ў медыя і сацыяльных сетках. Імкнучыся запоўніць гэты прагал, публікуем размову з Агатай, псіхалагіняй і асэксуальнай жанчынай, пра яе шлях да прыняцця сваёй ідэнтычнасці і пра жыццё ў сэксацэнтрычным грамадстве.
«Я не разумела, што павінна адчуваць»: калі вы — у сур’ёзных стасунках
— Цяпер мне 40 год, а зразумела, што асэксуальная, я толькі ў 33. Да гэтага я была ўпэўненая, што я гетэрасэксуальная жанчына. Я ведала, што трывожная, і думала, што менавіта з-за трывогі мне складана пачынаць стасункі. Доўгі час стасункаў у мяне ўвогуле не было. Першыя сур’ёзныя пачаліся, калі мне было недзе 24-25 гадоў. Яны сталі адзінымі працяглымі стасункамі ў маім жыцці: два гады мы сустракаліся, потым пяць гадоў былі ў шлюбе.
Калі мы пачалі будаваць рамантычныя стасункі, для мяне было відавочна, што ў іх павінен быць сэкс. Цяпер я разумею, што гэта быў першы трывожны сігнал. Я зыходзіла не з жадання займацца сэксам з любімым чалавекам, а з ідэі, што «так трэба». Вельмі моцна на мяне ўплываў міф пра шлюбны абавязак. Менавіта я першай прапанавала заняцца сэксам. Мы шмат гэта абмяркоўвалі. Мой былы муж — псіхолаг, як і я, ён быў вельмі тактоўным чалавекам. Мы рыхтаваліся да майго першага сэксуальнага досведу, усё адбывалася асцярожна.
Але ўжо тады я не разумела, што павінна адчуваць. Спачатку я вырашыла, што проста яшчэ не раскрыла сваю сэксуальнасць. Мне здавалася, што трэба знайсці тое, што мне спадабаецца, навучыцца атрымліваць асалоду, прывыкнуць.
Я вельмі старалася гэта выканаць, але з кожным годам мне рабілася толькі горш. Я была ўпэўненая, што праблема ўва мне.
Хадзіла да псіхолагаў, да гінеколагаў, да эндакрынолагаў. Мы з мужам наведвалі сямейную тэрапію. І ўвесь час сутыкаліся з аднымі і тымі ж тлумачэннямі: «табе трэба раскрыць сэксуальнасць», «проста не было добрага партнёра», «паспрабуй цацкі», «паспрабуй іншыя практыкі», «схадзі да сэксолага». Усё гэта мне казалі шматкроць. І я праўда верыла, што са мной нешта не так.
У нейкі момант у мяне пачаўся хранічны вульвавагініт. Мне падаецца, я пераспрабавала літаральна ўсе прэпараты, якія толькі змагла знайсці. Нічога не дапамагала. Затым дадаўся хранічны цыстыт, і да гінеколага дадаўся ўролаг. Але праблема была не толькі фізічнай.

«Памятала толькі дыскамфорт, агіду, боль, млосць»: пра дысацыяцыі
— У 2014 годзе ў мяне здарыўся цяжкі дэпрэсіўны эпізод з суіцыдальнымі думкамі. Я зразумела, што болей не даю рады сама, і легла ў псіхіятрычны стацыянар. Некалькі месяцаў прабыла ў бальніцы, прымала антыдэпрэсанты. Яны дапамаглі мне перажыць крызіс, але я ўсё больш адчувала, што сама ідэя «лячэння сэксуальнасці» робіць мне толькі горш.
Цяпер я кепска памятаю перыяд прыкладна з 2014 па 2018 год. Гэта нібыта зніклыя гады жыцця. Але памятаю галоўнае: у нейкі момант я пачала цалкам адмаўляцца ад сэксу. Падчас сэксу ў мяне ўзнікалі дысацыяцыі. Я літаральна выпадала з уласнага цела. Потым не магла прыгадаць, што адбывалася. Памятала толькі дыскамфорт, агіду, боль, млосць.
Мой муж гэта бачыў і адчуваў. Аднойчы ён сказаў: «Я не хачу быць гвалтаўніком. Мне важна, каб сэксу жадалі абое». Тады мы зразумелі, што стасункі далей існаваць не могуць. Для яго сэкс быў важнай часткай жыцця, ён хацеў дзяцей. Я не хацела ні сэксу, ні дзяцей. І тады мы вырашылі развесціся. Гэта было цяжка, але спакойна. Мы шмат размаўлялі і стараліся берагчы адно аднаго. Цяпер ён шчаслівы ў іншым шлюбе, мае дзіця. Мы дагэтуль падтрымліваем добрыя стасункі.
З аднаго боку, я разумею, што досвед, праз які я прайшла, можна назваць гвалтам над сабой. Ён прывёў да фізічных захворванняў, дэпрэсіі і сур’ёзных наступстваў для псіхікі. З іншага боку, я не лічу вінаватым свайго былога мужа. Мы ўсё абмяркоўвалі, ён паважаў мае межы настолькі, наколькі тады разумеў сітуацыю. Калі і ёсць адказнасць за тое, што здарылася, то яна ляжыць на грамадстве і стыгме вакол асэксуальнасці.
Калі б я ведала, што асэксуальнасць існуе, калі б я ведала, што маю права не хацець сэксу і пры гэтым заставацца нармальным чалавекам, маё жыццё магло б скласціся іначай.
«Пачуваюся меней няіснай, чым аднарог»: дэфіцыт інфармацыі
— Пасля разводу я ўсё часцей задавалася пытаннем: а што калі праблема не ў тым, што я недастаткова раскрыла сваю сэксуальнасць? Тады мне трапіліся матэрыялы Тані Ніканавай [адна з першых сэкс-асветніц у Расіі, аўтарка блога пра сэкс, гендар і фемінізм, памерла ў 2021 годзе. — заўв. рэд.] — для мяне гэта быў сапраўдны пераварот. Яна вельмі пяшчотна казала пра цела, задавальненне, жаночы досвед і ў тым ліку закранала тэму асэксуальнасці. Паралельна я прачытала кнігу Эмілі Нагоскі «Як хоча жанчына» (Come As You Are). Гэта была яшчэ адна важная сустрэча. Менавіта тады я ўпершыню асэнсавала думку, якая цяпер здаецца мне відавочнай: сэкс існуе не дзеля абавязку, а дзеля задавальнення.
Пазней я даведалася пра AVEN (The Asexual Visibility and Education Network) — найбуйнейшую міжнародную супольнасць асэксуальных людзей. Там ёсць форум, артыкулы, гісторыі людзей. І менавіта дзякуючы AVEN я нарэшце зразумела, што са мной адбываецца. Што я не зламаная, што мяне не трэба лячыць, што я не адна.
Гэта было адначасова вельмі выратаваўча і вельмі дзіўна. Таму што выявілася, што інфармацыю пра ўласную ідэнтычнасць я змагла знайсці літаральна ў адным месцы. Часам жартую, што адчуваю сябе менш няіснай, чым аднарог. Таму што пра аднарога хаця б усе ведаюць, як ён выглядае, а пра асэксуальных людзей многія дагэтуль не ведаюць нічога. Але, нягледзячы на гэта, з 2018 года я дакладна ведаю адну рэч: я больш ніколі не вярнуся ў тое пекла, праз якое прайшла. Я навучылася паважаць сваё цела і сваю ідэнтычнасць, і гэта вельмі важна для мяне.
Мне б вельмі хацелася, каб у рускамоўным асяроддзі было больш інфармацыі пра асэксуальнасць. Цяпер яе катастрафічна мала. Ёсць кніга Анджэлы Чэн пра асэксуальнасць, ёсць комікс Салі Вінтэр, які перакладалі актывісты з Масквы і Екацярынбурга, ёсць літаральна некалькі артыкулаў. На гэтым рэпрэзентацыя асэксуальных людзей у рускамоўнай прасторы практычна заканчваецца.

«Самае складанае спалучэнне»: як гэта — быць асэксуальнай гетэрарамантычнай персонай?
— Я прыняла для сябе галоўнае: калі я не хачу займацца сэксам, я не буду гэтага рабіць. Я магу сказаць «не», і гэтае права належыць мне. Але ёсць і іншы бок маёй гісторыі.
Існуюць асэксуальныя і арамантычныя людзі — тыя, хто не адчувае ні сэксуальнай ні рамантычнай цягі. А ёсць асэксуальныя рамантычныя людзі. Я належу да другой групы. Я асэксуальная гетэрарамантычная персона. Гэта азначае, што я не маю сэксуальнай цягі, але пры гэтым магу закахацца ў мужчын. Часам я нават кажу, што гэта самае складанае спалучэнне на ўсім спектры сэксуальнасці — патрэбу ў рамантычных стасунках я маю, а пабудаваць іх вельмі складана.
Усе мужчыны, у якіх я закахалася, хацелі сэксуальных стасункаў. З былым мужам мы праз гэта прайшлі ўжо ўнутры шлюбу. Цяпер я стараюся казаць пра сваю асэксуальнасць адразу, як толькі пачынаю мець зносіны з чалавекам і разумею, што паміж намі можа ўзнікнуць сімпатыя. І далей звычайна адбываюцца дзве рэчы. Альбо я сутыкаюся з тым, што называю «асэксуальным бінга»: «Ці ты лекавалася?», «А гармоны ці правярала?», «А таблеткі ці піла?», «А да сэксолага хадзіла?». Альбо адбываецца гостынг. Чалавек даведваецца, што я асэксуальная, кажа: «Добра, я зразумеў». Часам мы нават абмяркоўваем магчымасць застацца сябрамі. Ён пагаджаецца, а потым проста знікае без тлумачэнняў. І гэта вельмі балюча.
Самае цяжкое ў такіх сітуацыях — нават не адмова ад рамантычных стасункаў. Самае цяжкое — адчуванне, нібыта пасля прызнання ў асэксуальнасці ты перастаеш існаваць як асоба.
Да гэтага чалавека цікавілі мае думкі, інтарэсы, нашыя агульныя захапленні, сумесны час. А потым выяўляецца, што ўсё гэта больш не мае значэння. Нібыта факт маёй асэксуальнасці абнуляе ўсё астатняе. Напэўна, цяпер гэта самая балючая і ўразлівая частка майго досведу.
Таму, з аднаго боку, я адкрыта кажу пра сваю асэксуальнасць. А з іншага — разумею, наколькі моцна яна ўскладняе для мяне магчымасць будаваць адносіны. І менавіта таму я дагэтуль часам вагаюся.
Калі робіцца асабліва балюча, я лаўлю сябе на тым, што пачынаю верыць таму, што кажа грамадства: што, можа быць, са мной сапраўды нешта не так і мяне трэба лячыць. У такія моманты я магу нават сказаць, што асэксуальнасць — горшае, што са мной здарылася. Але потым я прыгадваю, праз што мне давялося прайсці, калі я спрабавала быць кімсьці іншым, і разумею, што шлях назад для мяне немагчымы.
«Асэксуальнасць — гэта не адмаўленне сэксу як такога» і не цэлібат: што важна разумець
— Для сябе я вызначаю асэксуальнасць перш за ўсё як адсутнасць сэксуальнай цягі да людзей незалежна ад іх гендарнай або сэксуальнай ідэнтычнасці. Пры гэтым у мяне захоўваецца рамантычная, эмацыйная і кінестэтычная цяга. Мне важныя тактыльныя кантакты: абдымкі, пацалункі, блізкасць у шырокім сэнсе.
Я таксама магу разглядаць сэксуальнасць як сферу інтарэсу і даследавання, але не як асабістую патрэбу. Магчыма, прафесійная оптыка псіхолага тут таксама ўплывае: мне важна разумець, як уладкаваныя розныя сацыяльныя і псіхічныя феномены, і сэксуальнасць — адзін з іх.
Важна таксама адрозніваць асэксуальнасць і антысэксуальнасць. Асэксуальнасць — гэта не адмаўленне сэксу як такога і не ўспрыманне яго як «бруднага» або «кепскага». Гэта менавіта адсутнасць сэксуальнай цягі. Чалавек можа пры гэтым цікавіцца тэмай, мець розныя погляды і нават удзельнічаць у сэксуальных практыках (або не ўдзельнічаць зусім).
Самая частая памылка навакольных людзей — адмаўленне самога факту, што такое магчыма. Яны кажуць: «Ты гэта выдумляеш», «Гэта модна», «Ты проста не знайшла патрэбнага чалавека» або «Нешта ўтойваеш».
Яшчэ адно распаўсюджанае памылковае меркаванне звязанае з цэлібатам. Часта лічаць, што калі чалавек, напрыклад, рэлігійны ці святар і адмаўляецца ад сэксу, гэта і ёсць асэксуальнасць. Але гэта не так.
Цэлібат — гэта свядомая адмова ад сэксуальнай актыўнасці пры наяўнасці сэксуальнай цягі. Асэксуальныя людзі, наадварот, не маюць сэксуальнай цягі як такой. Пры гэтым яны могуць як уваходзіць у сэксуальныя стасункі, так і не ўваходзіць — гэта ўжо іхны асабісты выбар, не звязаны з цягай.
Часам асэксуальнасць успрымаюць як часовы стан або вынік досведу, які можна выправіць. А гэта таксама частка неразумення.
«Дапускаю фармат адкрытых стасункаў»: як можа выбудоўвацца блізкасць
— Цяпер я знаходжуся ў сітуацыі, калі сутыкаюся з непрыманнем, таму, хутчэй, апішу, якія стасункі для мяне былі б пажаданыя. Для мяне не прынцыпова, ці будзе партнёр асэксуальным або аласэксуальным [тым, хто адчувае сэксуальную цягу да іншых людзей. — заўв. рэд.]. Я дапускаю фармат адкрытых стасункаў, таму што лічу, што адзін чалавек не абавязаны закрываць усе патрэбы іншага.
Я з павагай стаўлюся да манагаміі, але не лічу яе адзінай магчымай мадэллю. Мне бліжэйшая ідэя, што розныя эмацыянальныя, сацыяльныя і фізічныя патрэбы могуць рэалізоўвацца ў розных сувязях — з партнёрам, сябрамі, іншымі людзьмі.
Для мяне ключавое — гэта значнасць і ўзаемная павага. Важна праводзіць разам дастаткова часу, адчуваць, што я важны чалавек у жыцці партнёра. Мне таксама блізкая ідэя сумеснага пражывання ў фармаце поліаморыі або палікулы — калі некалькі чалавек знаходзяцца ў стасунках і падтрымліваюць адно аднаго, у тым ліку ў побыце. Гэта для мяне асабліва істотна, таму што я маю асаблівасці, звязаныя з выканаўчай дысфункцыяй (у кантэксце аўтызму). Мне бывае складана даваць рады з побытавымі рэчамі: гатаваннем, прыборкай, арганізацыяй штодзённых спраў. Таму сумесная падтрымка ў побыце для мяне мае значэнне.
Яшчэ адзін важны аспект — супадзенне каштоўнасцяў. Мне істотна, каб мы мелі падобны светапогляд, каб мы разумелі адно аднаго і маглі спакойна абмяркоўваць складаныя тэмы без асуджэння.

«Такія жарты могуць быць для кагосьці дыскамфортнымі»: сэксацэнтрычнасць як норма
— Свет вельмі сэксацэнтрычны: сэксуальнасць прысутнічае ў рэкламе, жартах, сацыяльных узаемадзеяннях, часта як нешта па змоўчанні. Нават побытавыя і нейтральныя сітуацыі часам падаюцца праз сэксуалізаваныя коды. Для мяне гэта стварае напружанне, таму што я ўвесь час сутыкаюся з чаканнем, якое не супадае з маім досведам.
Нават сярод сяброў або калег могуць з’яўляцца сэксуалізаваныя жарты і размовы. Часам гэта адбываецца нечакана: мы абмяркоўваем нейтральныя тэмы, усё камфортна, і раптам размова ідзе ў сэксуальны кантэкст. У такія моманты мне робіцца дыскамфортна, асабліва калі жарты накіраваныя асабіста на мяне. Я магу наўпрост сказаць блізкім людзям, што мне гэта непрыемна. І часцей за ўсё яны сапраўды не робяць гэта са злосці — хутчэй, гэта аўтаматычныя патэрны зносінаў, якія ўспрымаюцца як норма.
Я думаю, шмат якія людзі проста не асэнсоўваюць, што такія жарты могуць быць для кагосьці дыскамфортнымі. Цікава, што да таго, як я сама зразумела сваю асэксуальнасць, я таксама магла ўжываць падобныя жарты — проста таму, што лічыла гэта нормай стасункаў. То-бок гэта шмат у чым сацыяльна засвоены шаблон.
«Праблема не толькі ў няведанні»: рэакцыі, якія раняць
— Рэакцыі ў духу «Ты правярала гармоны?» могуць ісці як ад незнаёмых людзей, так і ад тых, хто ў цэлым пазіцыянуе сябе як абазнаны. Аднойчы я звярнулася па псіхалагічную падтрымку ў квір-супольнасць. Я адразу сказала, што я асэксуальная персона, і ў адказ пачула стандартныя пытанні пра здароўе і паходы да лекара. І гэта было асабліва цяжка, таму што чаканні былі іншымі: здавалася, што ў квір-асяроддзі ёсць базавае разуменне разнастайнасці ідэнтычнасцяў.
У асабістай тэрапіі я таксама сутыкалася з рэакцыямі, якія зняцэньвалі. Напрыклад, калі я казала пра перажыванні, звязаныя са стасункамі, мне задавалі пытанне тыпу: «А табе дакладна патрэбныя стасункі?»
Часта людзі проста не ведаюць, што такое асэксуальнасць, і таму рэагуюць праз знаёмыя ім медычныя або «тлумачальныя» рамкі — напрыклад, праз гармоны або здароўе. Але праблема не толькі ў няведанні, а ў тым, што досвед іншага чалавека аўтаматычна ставіцца пад сумнеў. Нібыта ты ў сабе памыляешся.
Былі і іншыя рэакцыі. У адной супольнасці я некалькі разоў рабіла камінг-аўт, і пасля гэтага людзі проста замаўкалі. Або абмеркаванне працягвалася, але мой каментар нібыта выпадаў з агульнага поля размовы. Часам гэтае маўчанне нават цяжэйшае, чым прамыя пытанні: калі ты кажаш пра важную для цябе рэч, а ў адказ — цішыня. Гэта можа ўспрымацца як ігнараванне або немагчымасць інтэграваць твой досвед у звычную карціну свету.
Але я ўсё ж мяркую, што часта людзі проста не ведаюць, як рэагаваць. У іх няма гатовага сцэнарыя стасункаў з такім досведам. Калі ёсць уяўленне пра дэпрэсію, трывожныя разлады, іншыя станы, то з асэксуальнасцю шмат у каго белая пляма. І тады чалавек альбо задае недарэчныя пытанні, альбо ўваходзіць у ступар, альбо спрабуе растлумачыць праз тое, што ведае.
Людзі розныя, і іх досвед не заўсёды ўпісваецца ў звыклыя чаканні. Калі вы нечага не ведаеце, гэта нармальна. Але важна не спрабаваць аўтаматычна выпраўляць іншага чалавека або ставіць ягоны досвед пад сумнеў.
Нашмат больш карэктная пазіцыя — шчыра сказаць: «Я не вельмі разумею, але мне важна не закрануць цябе. Можаш растлумачыць, як гэта для цябе ўладкавана?» Мне падаецца, гэта базавы ўзровень паважлівых зносінаў, незалежна ад тэмы.
Аўтарка: Саша К.



