Актывізм і ўнутранае лібертарыянцтва

Асобы
0
(0)

Змяніць сваё жыццё і дапамагаць змяняць іншыя, не маўчаць, не баяцца, рабіць – валанцёры Жывой Бібліятэкі ўсе класныя, але гэты выпадак асаблівы. Араз Мурадаў – студэнт з Туркменістана, які змяняе Беларусь.

Прыехаць у Беларусь

Спачатку з’явілася ідэя – вучыцца за мяжой. Для мяне гэта было важна. Я разумеў, што мае погляды і каштоўнасці не супадаюць з поглядамі і каштоўнасцямі таго грамадства, у якім я жыў.

У той час я моцна захапляўся хіміяй, хадзіў на ўсялякія алімпіяды, атрымоўваў узнагароды, нават падаваў дакументы ў туркменскі ўніверсітэт, але, калі канчаткова вызначыўся ў сваім жаданні пераехаць, вырашыў, што проста «не прайду» іспыт. Відавочна, хімію давялося здаць, ніхто б проста не паверыў, што я магу заваліць любімую дысцыпліну, аднак, калі чарга дайшла да біялогіі, атрымаў дрэнную адзнаку і не паступіў.

На той момант у мяне не было яснага плана «што рабіць далей», але жаданне з’ехаць падтрымлівала. І я пачаў угаворваць бацькоў хаця б разгледзець такую думку: «адпусціць мяне ў 16 гадоў вучыцца за мяжу».

Першапачаткова разглядалася два варыянты – Расія ці Беларусь, Казань ці Віцебск. Але бацькі з нейкай прычыны былі больш схільныя да Беларусі. Мне, у сваю чаргу, падабалася, што краіна побач з Еўрасаюзам. Вядома, я мог паехаць вучыцца і ў ЕС, магчымасцяў заўсёды шмат.

Але ў тыя часы проста не існавала нармальнага інтэрнэту, многія сайты цэнзураваліся ў Туркменістане, даведацца штосьці пра вучобу за мяжой было проста немагчыма, хіба толькі праз знаёмых, у якіх ёсць там дзеці ці сваякі.

Адным з нешматлікіх варыянтаў быў хімічны факультэт у Румыніі, але сям’я паставілася да гэтай ідэі дрэнна, матывуючы тым, што гэта не постсавецкая прастора і ў людзей там «іншыя каштоўнасці» (хоць менавіта гэтыя каштоўнасці мне бліжэй).

Як бы там ні было, я моцна залежаў ад бацькоў фінансава, іх меркаванне прыходзілася ўлічваць. Так у 2013 годзе я паступіў у Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт на спецыяльнасць правізара.

Жыццё тут

31 жніўня 2013 года я прыляцеў у Беларусь. Першыя ўражанні, вядома, былі спрэчныя. Здавалася, Віцебск – гэта Еўропа, але ўжо праз тры гадзіны я зразумеў, што знаходжуся ў дзяржаве, якая застыла ў часавай прасторы, якая трымаецца яшчэ савецкіх каштоўнасцяў. Але не магу сказаць, што мяне гэта неяк расчаравала, не, мне было цікава вывучаць новае. Было цікава зразумець гэтую краіну.

Відавочна, у мяне быў невялічкі бар’ер у зносінах з беларусамі. Але не скажу, што мне было цяжка кантактаваць з імі, наадварот, мне было лягчэй, чым іншым туркменам, якія прыехалі сюды. У якісьці момант я вырашыў проста быць бліжэй да тых людзей, якія падзяляюць мае погляды на жыццё, так званыя «еўрапейскія каштоўнасці» (але ўпэўнены, што далёка не ўсе беларусы іх падзяляюць), – гэтымі людзьмі выявіліся мясцовыя.

Не ведаю, як да майго «чыста беларускага» асяродка ставяцца туркмены, якія жывуць у Віцебску. Здагадваюся, за спінай выказваюцца негатыўна, але ў твар нічога не кажуць. Чаму? Яны ж маюць патрэбу ў маёй дапамозе: шмат хто не падрыхтаваны да вучобы, частка дрэнна ведае рускую мову, асаблівыя цяжкасці выклікае хімія (абітурыенты часцей за ўсё не ўяўляюць, якая ўвага надаецца ёй у медыцынскім). З-за гэтага мне паўсядзённа пішуць з просьбай дапамагчы, пішуць нават тыя, хто адкрыта ненавідзіць мяне. Вядома, я дапамагаю, але да таго часу, пакуль не даведаюся пра нейкія гадасці.

Мяркую, толькі за кошт дапамогі мяне асабліва не чапаюць. Аднак і з боку беларусаў сустракаецца негатыў, часцей за ўсё ён звязаны з маёй грамадзянскай пазіцыяй.

Калі параўноўваць Беларусь і Туркменістан, адзначу, што на маёй радзіме першапачаткова ўсё развівалася інакш. Пасля распаду СССР краіна была больш нацыяскіраваная, усё было больш абсалютызавана. З-за гэтага, да прыкладу, у нас не святкуецца 9 мая, зноў жа пераход з кірыліцы на лацінку, такі антыімперыялізм. Хапае і тых, хто сумуе па Саюзе, паўтарае адны і тыя ж словы. Але, думаю, з кожным годам яны самі ўсё менш у іх вераць – бачаць, што дзяржава можа жыць самастойна, быць асобнай ад «Расеі-матушкі».

Людзі, якія думаюць інакш

Доўгі час я наогул не ведаў, што ў Беларусі існуе нейкая «альтэрнатыўная рэальнасць», што ёсць людзі, якія думаюць інакш, гатовыя змагацца за пэўныя ідэі, ствараць штосьці.

Першы крок у бок актывізму я зрабіў пасля трэцяга курса, калі з’явілася крыху больш вольнага часу. Тады я падаўся ў Акадэмію студэнцкага лідарства ад «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» (www.zbsunion.by). Мне было важна пайсці менавіта туды. Я бачыў, што адбываецца ва ўніверсітэце, якія бываюць немагчымыя для вышэйшай адукацыі выпадкі. Таму акадэмію я разглядаў як інструмент уздзеяння на нібыта нязменныя рэчы. Акрамя іншага, мне было прыемна даведацца, што я не адзіны ў сваім імкненні палепшыць штосьці, што ёсць людзі, якія таксама змагаюцца, груба кажучы, з «сістэмай».

Падчас акадэміі я распрацоўваў праект «Акадэмічная добрапрыстойнасць». Займаўся тым, што дапамагаў адміністрацыі паменшыць колькасць студэнтаў, якія спісваюць.

Тут важна адзначыць, я не казаў, хто спісвае, а спрабаваў даведацца прычыну, чаму такая з’ява адбываецца наогул.

Давесці праз гэта да кіраўніцтва іх хібы, расказаць пра наяўнасць непатрэбных дысцыплін у сістэме, якія студэнты проста не хочуць вучыць.

Складана сказаць, колькі разоў я хадзіў на размову з адміністрацыяй, – безліч сустрэч.

Ёсць жа адваротны бок медаля – «платнікі», якіх трымаюць дзеля даходу ўніверсітэта, і таму заплюшчваюць вочы на спісванне. Тут узнікае пытанне эканамічнай выгады: калі пачаць адлічваць, то прыбытак універсітэта паменшыцца.

У нейкі момант я зразумеў, што чакаць ад адміністрацыі няма чаго, і распрацаваў сваю стратэгію барацьбы са спісваннем – дапамагаць людзям, якія не разумеюць або не паспяваюць у вучобе. Я дамовіўся пра аўдыторыю ва ўніверсітэце (мне яе выдзелілі) і на валанцёрскіх умовах праводжу факультатывы для студэнтаў розных курсаў.

Акрамя таго, цяпер я з’яўляюся адным з арганізатараў «Навукі па-за сабой» у Віцебску, плюс працую над праектам, накіраваным на падтрымку людзей з праблемамі самаідэнтыфікацыі ў рэгіёнах.

Бібліятэка і недахоп праектаў

Гэтай восенню я ўбачыў пост пра трэнінгі Жывой Бібліятэкі ў Мінску, вырашыў падацца і прайшоў (з такой канцэпцыяй працы са стэрэатыпамі, як Бібліятэка, я быў знаёмы яшчэ да таго, як прыехаў у Беларусь). Вярнуўшыся ў Віцебск, зацікавіўся працай ЖБ і тут. Скажу шчыра, спачатку меў некаторыя пытанні да арганізатараў, але пасля ўсё ж знайшоў агульную мову з камандай, пачаў дапамагаць. Да прыкладу, быў «адказным за Кнігі» і каардынаваў валанцёраў.

Трэба разумець, у рэгіёнах мала цікавых праектаў. Жывая Бібліятэка пакуль яшчэ адзіная арганізацыя ў рэспубліцы, якая выкарыстоўвае такі фармат працы з аўдыторыяй, нічога падобнага няма. Вядома, у Бібліятэцы, у цяперашнім яе выглядзе, ёсць і мінусы, мяркую, было б добра павялічыць яе маштаб, то-бок прыцягнуць большую колькасць людзей, як Кніг, так і гасцей. Але пакуль гэта немагчыма ажыццявіць, у нас проста няма вялікага памяшкання.

Чаму я займаюся ўсім гэты?

Актывізм для мяне – гэта задавальненне ўнутранага лібертарыянца.

У будучыні я бачу сябе правізарам, але не бачу сябе тым, хто прадае лекі за касай, маё месца там, дзе менш людзей, – у лабараторыі. Аднак, як кажуць персы: «Хто ведае, з якога боку заўтра народзіцца сонца», – гэта недакладны пераклад, але ён добра характарызуе мой стан. Ведаю адно: я не хацеў бы вяртацца назад.

Калі я застануся тут, то, ясная справа, актывізму ў маім жыцці стане менш, за актывізм не плацяць, а мне прыйдзецца зарабляць грошы.

Калі б чысты актывізм быў мэтай майго жыцця, то мне варта было б паехаць назад у Туркменістан, дзе праблем, над якімі можна працаваць, нашмат больш, чым тут.

Тэкст: Сяргей Шаматульскі
Фота з архіва героя

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 0 / 5. Колькасць галасоў: 0

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць