Вокладка першага выпуску падкасту
4.4
(7)

На Палессі побач з украінска-беларускай мяжой знаходзіцца горад Столін. Беларускія тэлеканалы, калі робяць рэпартажы пра гэты горад, расказваюць пра мясцовыя балоты ― так званыя, лёгкія Еўропы. Крымінальную ж паднаготную гэтага горада звычайна абмінаюць сваёй увагай. Гераіня ж гэтага артыкула Аксана яшчэ ў дзяцінстве патрапіла ў эпіцэнтр столінскіх сацыяльных праблем. Аксана перажыла згвалтаванне ў 13 год, нарадзіла дачку ў 15, перажыла жудасны хатні гвалт, а за сваю грамадзянскую пазіцыю ― гвалт міліцэйскі. Нягледзячы на ўсе іспыты лёсу, Аксана дала рады ўладкавацца пасля падвойнай эміграцыі і адкрыць уласную справу ў Варшаве. У першым выпуску нашага падкасту «Іншыя гісторыі» расказваем гісторыю Аксаны ― неймаверна моцнай маладой жанчыны, якая сама выхоўвае дачку з 15 год, і не здаецца. Паслухаць падкаст: mave, Cast.box, Google Podcasts, Spotify, YouTube, Apple Podcasts.

Як ты сябе цяпер ідэнтыфікуеш?

Жанчына, маці, былая журналістка, напэўна былая актывістка, напэўна былая жанчына, якая змагаецца з дэпрэсіяй, эмігрантка. Я цяпер працую майстрыняй манікюру, таму што гэта адзіная праца ў Польшчы, якая прыносіць мне нейкі прыбытак.

Аксана нарадзілася ў 1997 годзе ў пасёлку Рэчыца пад Столінам. Маці Аксаны шмат працавала, і дзяўчынка шмат часу бавіла з бабуляй. Дзе быў у той час бацька Аксаны, дзяўчына не ведае.

Якім ты памятаеш асяроддзе ў якім вырасла?

Не ведаю, у мяне было такое дзяцінства, нават не дзяцінства, а падлеткавы ўзрост, калі мы пілі гарэлку, хадзілі на дыскатэкі, палілі вельмі рана цыгарэты з дзяўчатамі і хлопцамі ў кампаніі. Такое было асяроддзе.

А вельмі рана — гэта які ўзрост?

У 13 гадоў я першы раз трапіла на дыскатэку і мы ўжо тым часам пачалі спрабаваць паліць, піць піва. Да сёмага класа я была харашысткай, з восьмага класа ўжо трапіла ў дрэнную кампанію, дзе трохі старэйшыя дзяўчаты пачалі знаёміцца з хлопцамі.

Аднак са сваім першым хлопцам Аксана пазнаёмілася не на дыскатэцы, а ў інтэрнэце праз ужо легендарны сайт «УКантакце». Яны ліставаліся, потым стэлефанаваліся, доўга гаварылі і малады чалавек прапанаваў сустрэцца. Спачатку Аксана вельмі нервавалася, бо ёй было ўсяго 13 гадоў, а маладому чалавеку ўжо 18. Але сяброўкі пераканалі яе, што трэба ісці, класна будзе з ім пазнаёміцца, бо ў яго такая крутая кампанія і ўсе разам яны змогуць добра і весела бавіць час.

І я закахалася, як мне на той момант здавалася. Таму што гэта першыя адносіны. Адносіны, дзе такі дарослы хлопец. Але яны доўга не пратрымаліся. Мы пахадзілі, недзе тыдзень разам і ён сказаў: «Ну слухай, як бы я хлопец дарослы, мне патрэбныя дарослыя адносіны. Ты мне іх даць не можаш, ну і як бы ўсё». 

Але на гэтым стасункі не скончыліся. Малады чалавек перыядычна тэлефанаваў Аксане, яны бывалі час ад часу разам і пры гэтым ён даваў зразумець, што яны не пара — проста забаўляюцца. Праз пэўны час у Аксаны і яе маладога чалавека ўсе ж пачаліся тыя самыя дарослыя адносіны, якія былі яму так неабходны. Пры гэтым Аксана кажа, што ёй сэкс не быў патрэбен. Ёй хацелася быць побач, яна прагла ўвагі і пяшчоты ад чалавека, якога кахала. Аксана зараз кажа, што праблема была ў тым, што яна пачувалася не патрэбнай у сям’і. Яе маці выйшла замуж, нарадзіла яшчэ чатырох дзяцей, малодшых братоў Аксаны, і не магла даць дзяўчыне патрэбнай увагі. Апроч таго Аксана ўвесь час сварылася з айчымам, і з задавальненнем карысталася магчымасцю збегчы да свайго хлопца, які мог даць ёй хоць трохі ўвагі.

У цябе былі сяброўкі з якімі ты магла падзяліцца ўсёй гэтай сітуацыяй?

У мяне была сяброўка аднакласніца, якая казала: «Навошта ён табе, ты за ім бегаеш».

Але ў тваім жыцці адбыўся нейкі пераломны момант, калі ты зацяжарыла. У цябе ў агульным былі мыслі да гэтага, што гэта тэарэтычна можа адбыцца? Што ты будзеш рабіць у такой сітуацыі?

У мяне, насамрэч, быў пераломны момант недзе ў 15 гадоў. Я проста пераасэнсавала трохі сваё жыццё, што мы п’ём, ходзім на дыскатэку, пасля дыскатэкі на хату. Хопіць. Час спыніцца. Я пачала менш кантактаваць з той кампаніяй. Ды, адпаведна, з былым сваім хлопцам. Але ўсе роўна неяк мы яшчэ сустракаліся і я зразумела, што ў мяне 2 месяцы ўжо няма месячных. Расказала пра гэта сваёй сяброўцы. Яна пераконвала мяне, што гэта цяжарнасць. Я не верыла. Як гэта можа быць са мной? Не, гэта не можа адбывацца. Я помню, што дома зрабіла 2 тэсты. Мне было вельмі страшна. Рабіла пакуль не было мамы. Ды адразу першы і другі тэст — дзве палоскі. Я замёрла. Не ведала, што рабіць. Памятаю, што я паклала гэтыя 2 тэсты ў ваннай і проста дачакалася пакуль мама іх знойдзе. 

Увечар маці Аксаны прыйшла дахаты і ўбачыла тыя самыя тэсты. Яна запытала ці цяжарная Аксана. Аксана не магла нічога сказаць і проста заплакала. А маці сказала, што пагавораць яны раніцай і пакінула дачка ў пакоі адну. На наступны дзень Аксана чакала гутаркі з маці і айчымам.

Маці і айчым пыталі, што я збіраюся рабіць. Я маўчала. Сказалі, што  аборт рабіць не будзеш. Я выдыхнула. Не з-за таго, што я хацела, ці не хацела рабіць аборт. Проста не разумела, што мяне чакае. Мне трэба было, каб нехта з дарослых вызначыў мой лёс. 

Вось да пытання, што з кім заўгодна, толькі не са мной: вы напэўна карысталіся кантрацэптывамі і таму ты думала, што гэта з табой не здарыцца?

Не, мы не карысталіся кантрацэптывамі. Цяпер я гэта ўсе разумею. На той момант маленькая дзяўчынка, у якой няма ніякага сэксуальнага досведу, у якой няма сэкс-адукацыі ў школе, у сям’і. Мне ніхто нічога не расказваў, што трэба і як трэба. Я разумела, што трэба карыстацца нейкімі кантрацэптывамі, але гэта на такім узроўні разумення «людзі карыстаюцца — гэта трэба». А доўжачы і дзеля чаго не ведала. Я давярала свайму партнёру. Думала, што ён разумее, што робіць, але выявілася, што ён таксама не разумеў. 

Зараз гэтаму самаму партнёру трэба было неяк паведаміць, што ён стане бацькам. Як гэта адбылося?

Мне ніхто, вядома, ні мама, ні айчым не сказалі, што яны яму патэлефанавалі. Спыталі спачатку ад каго дзіця. Я не хацела адказваць на гэта пытанне. Бацькі казалі, што павінна. Калі я прыйшла са школы, яны ўжо чакалі майго былога. У маленькім горадзе было нескладана даведацца пра нешта. Маці патэлефанавала нейкай там сваёй знаёмай, якая патэлефанавала яшчэ нейкай знаёмай і так яны высветлілі з кім я хадзіла. 

У цябе на той момант толькі адзін гэты хлопец быў?

У мяне было згвалтаванне ў 13 гадоў. Таму гэты быў не першы. Спачатку было згвалтаванне, а потым ужо з гэтым хлопцам, ад якога ў мяне дзіця, дабравольны сэкс, калі можна так бы мовіць. Хоць мне не хацелася, але эмацыйна мяне да гэтага падвялі.

Наколькі складана было расказаць хлопцу пра цяжарнасць? 

Бацькі самастойна расказалі. Але мне не хацелася, каб ён прыходзіў да мяне дахаты і гаварыў з маці і айчымам. Я ў цэлым не хацела, каб яго гэта закранала.  Адчувала сябе вінаватай.  Думала, што яго не павінна ўмешваць у тое, што ад яго зацяжарыла. Бацькам ён сказаў, што будзем нараджаць. Яны пагаварылі і я пайшла яго праводзіць. Ён спытаў мяне, ці дакладна яго гэта дзіця? Ды тут я выпала. 

Як праходзіла цяжарнасць? 

Мы з мамай хадзілі ставаць на ўлік. Гінекалагіня, якая мяне прымала, гэта жонка майго дырэктара школы. Мы хацелі, каб ніхто не ведаў пакуль што пра цяжарнасць, але на наступны дзень ведала ўжо ўся школа і ведалі ўсе. У класе я была такой дзяўчынай, якая магла за сябе пастаяць і да мяне нармальна ставіліся аднакласні_цы. З маім класам у мяне не было праблем, наадварот усе падтрымалі. Я не выходзіла на перапынкі са свайго класа, імкнулася менш хадзіць па школе, бо баялася, што нехта нешта будзе казаць. У сталовай, памятаю, у мяне быў вельмі моцны таксікоз і я не магла нічога есці, апроч салёных агуркоў. Мае аднакласніцы прыносілі свае агуркі. Гэты было міла. Настаўні_цы, больш менш, ставіліся да мяне з разуменнем. Мяне не булілі, нічога, прынамсі, мне ў вочы, у твар не казалі. Калі я сябе дрэнна адчувала, мяне адпускалі з некаторых урокаў.

Як ты рэагавала, калі даведвалася пра чарговы негатыўны выказ каго-небудзь у твой бок?

Ну добра, хай кажуць. Акей. Ну што я зраблю цяпер? У тым годзе, калі я зацяжарыла, у нашым раёне я была не адзіная. Ды гэта, мабыць, мяне выратавала. У маёй школе была яшчэ адна дзяўчына з 11 класа, якая зацяжарыла і ў суседняй школе таксама, і ў самым горадзе Століне таксама. То бок я была не адна і гэта мяне выратавала. Калі б я была адна, было б горш. А так можна было пра некага яшчэ пагаварыць. У 2013 годзе нарадзілася шмат дзяцей у непаўналетніх дзяўчат.

Здаецца, што ты стала дарослай імгненна. 

Маё жыццё падзялілася на да і пасля. Я нават думала, што  маё дзіця , якое цяпер у мяне пад сэрцам — гэта  маё выратаванне . Спачатку добра вучылася, вельмі шмат чытала, была вельмі цікавай. Тут раз, і я ўжо на ДК п’яная танцую. 

Я была заўсёды старэйшай сястрой, гадавала ўсіх дзяцей у сям’і. У мяне вельмі рана прачнуўся мацярынскі інстынкт. Адразу, калі былі першыя штуршкі дзіцяці, адчувала яго, разумела, усё рабіла як трэба. Трэба піць вітаміны — я п’ю. У мяне была пагроза выкідыша з-за ўзросту, таму я ляжала ў шпіталі. Вельмі спалохалася, што будзе нешта не так з маім дзіцём. Калі даведалася, што гэта будзе дзяўчынка, я была на сёмым небе ад шчасця. Буду яшчэ маладая і ў мяне будзе дачка. Калі яна падрасце, мы будзем сяброўкамі. Мяне гэта цешыла. Прыйшло ўсведамленне, што я ўжо  адказная за жыццё іншага чалавека . Дзякуючы падтрымцы маці я вынасіла здаровае дзіця. 

Ці была нейкая спецыфічная рэакцыя ад лекара_к, калі дазнаваліся, што табе 15?

Так. Да мяне вельмі не сур’ёзна ставіліся. Нейкія звычайныя рэчы мне так даносілі, быццам я дурная, не разумею. Калі я нарадзіла і мне паклалі на грудзі маю дачку, спыталі: «Глядзі, якая ў цябе прыгожая дзяўчынка, ты дакладна яе з сабой забярэш, нам не пакінеш?». Навошта гэта?

Шмат для якіх жанчын у Беларусі роды становяцца вельмі траўматычным досведам. Як ты перанесла гэты досвед? 

На восьмым месяцы ў мяне была пагроза, што я нараджу дзіця раней за тэрмін. Нараджаць паехалі разам з маці ў Пінскі радзільны дом. Яна мяне там пакінула адну. Але я была поўная сіл і думак, што гэта ўсе хутка скончыцца. У мяне быў велізарны жывот, было цяжка з ім хадзіць. Хацела хутчэй нарадзіць ужо. Мяне завялі ў перадродавую палату, схваткі былі, але маленькія, нічога не адчувала. Тэлефон у мяне забралі. Няможна было нікому тэлефанаваць. Забіраюць твае рэчы і ты ляжыш у вялікім пакоі, у якім нікога няма.

Мяне паклікаў доктар, каб агледзець і пракалоў мне воды (гэта адна з прыкмет акушэрскага гвалту). Воды пачалі выцякаць і пачаліся дзікія схваткі. Было вельмі страшна, вельмі боляча, клічаш кожныя дзве секунды медсястру і кажаш «я нараджаю». На што яна адказвае «не, ты зразумееш, калі нараджаеш». А як я зразумею, калі першы раз? Я была ў пакоі адна, таму што медсястра заўсёды выходзіла, яна прыходзіла раз у паўгадзіны паглядзець, ці ўсе са мной нармальна. Я гучна крычала. Потым я зразумела, што схваткі — гэта не самае балючае, што можа быць з табой. Пачынаюцца патугі — мяне было чуваць усюды. Калі я нарадзіла, пачула, як заплакала мая дачка, калі яе мне паклалі на грудзі, я так расплакалася. Гэта было такое шчасце, адразу забыўся ўвесь боль. Ты жывеш імгненнем, калі табе паклалі дзіця. 

Якія ўнутраныя змены адбыліся, калі ты стала маці?

Спачатку мяне вельмі хвалявала тое, што маё цела змянілася. Калі я нарадзіла, хутка скінула вагу. Вельмі хутка ў мяне сышоў жывот, але ў мяне былі вельмі вялікія грудзі, бо было шмат малака. Я карміла грудзьмі 2 месяцы, потым мне трэба было ісці ў школу і я змушана была перапыніць кармленне, хоць і не хацела. Гэта было цяжка, мне перавязвалі грудзі, давалі лекі. Я вельмі схуднела, але грудзі засталіся вялікімі. На ўроках фізкультуры, калі скакала на скакалцы, усе на мяне глядзелі, таму што я скакала і грудзі мае скакалі разам са мной. Мне было нязручна. Калі ў мяне прапала малако, грудзі «ўпалі» і я камплексавала з-за гэтага. 

Як Аксана цяпер лічыць, у яе была сапраўдная пасляродавая дэпрэсія. У дзяўчыны не было сіл зрабіць сабе паесці, падрыхтаваць урокі, ды ўвогуле зрабіць што-кольвек. Яна адчувала сябе самотнай у свеце, а яшчэ не магла прыняць змены, якія адбыліся з яе целам пасля родаў. 

Як ты дала рады гэтаму цяжкаму псіхалагічнаму стану?

Займалася дзіцём, вучылася, проста жыла ў гэтым стане. Мне здаецца, што ў стане стрэсу жыла амаль усё сваё жыццё і дагэтуль жыву. На той момант я не разумела, што гэта такое, цяпер я з гэтым змагаюся. 

Мы з мужам не жылі разам. Ён мне пісаў, раз у нейкі час, пытаў, як там малая, мог прыйсці часам. Аднойчы прыехала свякроў, хацела ўнучку ўбачыць. Я выйшла, яна мяне пасадзіла ў машыну і павезла да сябе дахаты. «Заставайцеся тут, у цябе павінна быць сям’я. Вы распісаны, у вас дзіцяці». Я разумела, што ні муж не хоча, ні я не хачу жыць разам. Нас проста кінулі ў адзін пакой. Свякроў са свёкрам таксама жылі з намі. Мы з мужам цапаліся ўвесь час, ён прыходзіў дахаты п’яны.

Наколькі цяжка было адначасова гадаваць дзіця і вучыцца? 

Часта бывала, што я спала. Хатняе заданне рабіла на перапынку ў школе, а на ўроках проста слухала. Вучылася добра, атрымалася выправіць атэстат. 

Хто і/ці што падтрымалі цябе ў гэты перыяд?

Нечакана маёй падтрымкай апынуліся аднакласні_цы. Я магла гуляць з вазком са сваімі  аднакласні_цамі і гэта было нармальна. Аднак мне ўсе роўна было недастаткова гэтай падтрымкі, таму што я пачувалася старэйшай, разумнейшай у нейкіх момантах. Я думала, што ўсім будзе сорамна са мной хадзіць, але яны каталі вазок, вадзілі за руку маю дачку. Ды я стала адчуваць, што гэта нармальна. 

Прафесійны шлях.

Першая мая праца была на кансервавым заводзе. Змена там доўжылася 12 гадзін, 1 перапынак на абед. Стаіш на нагах увесь дзень на стужцы і засоўваеш агуркі ў банку, або банкі мыеш. Цяжкая праца. Пасля першага працоўнага дня плакала. Проста звалілася на ложак і заснула, не памылася нават. Пасля завода працавала афіцыянткай, працавала ў краме, у банку. Потым я навучылася рабіць манікюр і цяпер у Варшаве гэтым зарабляю. 

Калі прафесійная сфера ў Аксаны патроху наладжвалася, раптам паўстала страшная фігура з мінулага. У ўзросце 13гадоў, калі Аксана толькі пачынала весела бавіць час з півам, цыгарэтамі і старэйшымі дзяўчаткамі, яе запрасілі на нейкую вечарыну да некага дахаты.

Я прыехала туды і мяне згвалтавалі. Мне сказалі, што гэта быў не гвалт, што я сама хацела. Чалавек, які здзейсніў гэта, быў злучаны з крыміналам. Я яго баялася, усе баяліся. Памятаю, што расказала сяброўцы пра згвалтаванне, а на наступны дзень ведалі ўжо ўсе. Пасля гэтага я зразумела, што нікому нічога расказваць няможна. Мяне псіхалагічна зламалі. 

Праз шмат гадоў так атрымалася, што я зноў сустрэла чалавека, які здзейсніў гвалт. У той перыяд аднавіла адносіны з бацькам і выявілася, што гэты чалавек яго сябар. Аднойчы я прыйшла да бацькі, ён заснуў п’яны, а мяне зноў згвалтавалі. Пасля гэтага гвалтаўнік проста прымусіў мяне з ім сустракацца, жыць разам. У той момант я была вельмі напалохана, псіхалагічна зламана, толькі развялася з мужам, пасварылася з маці і бацька насядаў. Гэты чалавек проста сказаў яму, што мы пераспалі і ён хоча жыць са мной разам. 

У выніку гэты мужчына забірае мяне, забірае маю дачку і тыдзень мяне не выпускае са сваёй кватэры. Калі я ўбачыла колькі да мяне гвалту адбываецца, адправіла дачку да маці і яна перыядычна там жыла. Калі было ўсе нармальна, яна жыла са мной, калі не нармальна — з маці. Гэта быў вельмі цяжкі час. Я пражыла так 8 месяцаў. Але ўсё ж змагла зысці. Было вельмі цяжка, я думала, што мяне заб’юць. Некалькі разоў мяне збівалі да такой ступені, што прыязджала хуткая дапамога, каб мяне выратаваць.

У які момант ты пачала займацца актывісцкай дзейнасцю? 

Фота з архіва Аксаны Дабрыянец
Аксана. Фота з архіва Аксаны Дабрыянец

Прыехала дахаты і ўжо засталася ў Століне. Цярпець не магла гэты горад. Неяк я гэтак не прымала яго, што заўсёды хацела з’ехаць. Але з іншага боку хацела яго змяніць, так я і пачала займацца актывізмам: палітычным і сацыяльным. 

Да мяне прыйшло ўсведамленне: хто, калі не я, будзе гэтым займацца. Я стварыла групу падтрымкі бяздомных жывёл Століна і пачала публікаваць душашчыпальныя пасты. Маю групу заўважыў хлопец з Мінска, які займаўся палітычным актывізмам. Ён быў вельмі ўражаны маёй дзейнасцю. Мы пачалі камунікаваць і для мяне адкрыўся новы свет. Я даведалася пра палітвязняў.

Якая ўнутраная матывацыя ў цябе была, каб змагацца за перамены? 

Я, як вельмі эмпатычная дзяўчына, ва ўсё гэта ўключылася, пайшла данаціць, ліставала, хадзіла ляпіла лістоўкі. Мяне сябар папярэджваў, каб хоць днём гэтага не рабіла, а гэта быў 2019 год. Ува мне гарэла, таму я ўсё пісала і рабіла.  Я — чалавек-эмоцыя.  

11 жніўня 2020 года мяне затрымалі. Я была назіральніцай на выбарчай пляцоўцы. Я лічу, што прайшла праз катаванні. Не было фізічнага гвалту, але быў эмацыйны. 

Мяне судзілі, у мяне былі ператрусы. Самае цікавае, што ўсе людзі, якія там працавалі, былі знаёмыя, мы з маленькага горада. Прыкладам, у мяне на ператрусе сядзеў хлопец, які некалі прапанаваў мне сустракацца, а я яму адмовіла. 

Пасля сямі гадзін ператрусу з пагрозамі фізічнага гвалту, абразамі і абяцаннямі пазбавіць Аксану бацькоўскіх праў, яе ўсяго такі не затрымалі. Тады Аксана вырашыла з’язджаць ва Украіну.

Памятаю, як у той дзень уначы сядзела, пакуль мая дачка спала, і гладзіла катоў, плакала, разумела, што не хачу з’язджаць. Мы апынуліся ў Кіеве амаль без грошай. У мяне там жыў адзін знаёмы і ўсё.

Пэўны час Аксана з маленькай Леркай, якая ў той час вучылася ў другім класе, жылі ў аднапакаёвай кватэры ў гэтага сябра. Аксана шукала кватэру, бо ўсім было нязручна жыць у такіх абставінах. Ды з вельмі маленькай колькасцю грошай Аксана знайшла танную кватэру ў крымінальным раёне, дзе былі прусакі, вельмі холадна і не было магчымасці нават нармальна памыцца. Гэта ўсё вельмі ціснула на Аксану псіхалагічна. У той перыяд Аксана пачала займацца журналістыкай, працавала ў рэгіянальным выданні, таму ёй далі журналісцкую стыпендыю. Спачатку Аксане было нават сорамна прымаць гэту дапамогу, таму што падавалася, што яна не так ужо і шмат зрабіла, што ёсць людзі больш годныя гэтай дапамогі. Але ў выніку Аксана прыняла яе.

У мяне ўсё пачало наладжвацца, я працавала як журналістка, шмат развівалася. Я перфекцыяністка. Таму, каб назваць сябе журналісткай, мне трэба чагосьці дабіцца ў гэтай сферы. Мне падавалася, што ўсё наладжваецца, але навіны пра вайну, якая будзе, не давалі жыць спакойна. Тлумачыла дачцы: «Лерачка, мы павінны з табой заўтра пайсці купіць прадукты, назапасіцца, бо ў нас пусты халадзільнік. Трэба купіць такія прадукты, якія можна адразу ўжываць, не рыхтаваць, вады не забыцца. Калі пачнецца вайна, каб у нас з табой была ежа, лекі. Напэўна мы з табой не будзем хадзіць у бамбасховішча, таму што трэба было ісці да метро, будзем спаць у ваннай». Яна ўжо ведала, што можа быць вайна, чуткі хадзілі ўсюды, у школе ўсе пра гэта казалі, чамаданчык трывожны збіралі. Лера заплакала, казала, што не хоча вайны.

Аксана з дачкой Лерай. Фота з архіва Аксаны Дабрыянец
Аксана з дачкой Лерай. Фота з архіва Аксаны Дабрыянец

Калі вайна пачалася, мы сабралі ўсе патрэбнае. Пакуль я бегла да бамбасховішча з малой, спатыкнулася і звалілася. У маёй торбе быў шкляны шарык, які Лерка з сабой узяла, я ёй яго на Дзень святога Валянціна падарыла, ён пабіўся аб маю нагу. Я калена пабіла, звалілася на гэта шкло. Таксама ў торбе была шапка дачкі і кофта цёплая. Усё было ў шкле і мы гэта выкінулі. Лера засталася без шапкі і без кофты, проста ў восеньскай куртцы, але на той час гэта было ок.

У дачкі нейкая жанчына скрала тэлефон. Прыйшлі вайскоўцы і павялі людзей у бамбасховішча, але мы не пайшлі, таму што нас ужо чакалі. Знайшлі машыну, едзем, раздаецца паветраная трывога. Мы амаль адны на трасе, страшна, што можа прыляцець у кожны момант. Лерка шукае тэлефон і не знаходзіць, плача. Я імкнуся яе падтрымаць. «Маці, чаму гэта адбываецца менавіта з намі? Я больш ніколі не буду давяраць людзям». Ды вось гэта фраза:  «Чаму гэта адбываецца менавіта з намі?» , прагучала раз 10. 

На мяжы нас сустрэла велізарная чарга. Прыйшлося ісці ўздоўж яе пешкі 20 кіламетраў. Вецер быў вельмі моцны, дачка без шапкі. Я зняла майку і накруціла ёй на галаву замест шапкі. Мы ішлі цэлы дзень, калі, нарэшце, дайшлі да пункта пропуску, убачылі таксама вялікую чаргу. Там мы прастаялі поўначы, думала, што мы там застанемся на ўсё жыццё. Дзіця мерзне, хоча спаць, піць, есці. Яна гэтак замерзла, што я зняла кофту і надзела ёй паўзверх курткі, а сама засталася ў піжамным ліфчыку і ў восеньскай куртцы.

Нас там першага разу не прапускаюць. Вось мы ўжо на чарзе, каб прайсці мяжу, але праз нас прабіваюцца людзі, па нас бягуць з валізамі. Ды нас ужо не пускаюць, таму што можна толькі па два чалавекі. Першы раз, другі раз, трэці раз. Я не вытрымліваю. Ізноў гэта адбываецца, перад намі зачыняецца шлагбаўм. Я пачынаю крычаць, расшпіляю куртку, паказваю ў чым я стаю. «Мы ехалі з Кіева каб тут здохнуць ад холаду? Вы хочаце, каб мы тут засталіся назаўжды? Пабачце, у мяне дзіця ў кофце стаіць». Нас прапусцілі.

Як толькі мы прайшлі шлагбаўм і апынуліся з людзьмі, якія ўжо перайшлі мяжу, нам пачалі прапанаваць дапамогу. Вось мы і апынуліся ў Польшчы, паехалі да Сашкі ў Варшаву, да сяброўкі, з якой былі знаёмыя толькі праз інстаграм. Пэўны час мы жылі ў Сашы. Потым я знайшла кватэру. Першыя часы падпрацоўвала ў беларускіх медыя, НКА, але гэта былі толькі падпрацоўкі. Потым пачала працаваць майстрыняй манікюру. 

Цяпер разумею, што  самае галоўнае — гэта я і мая дачка , каб нам было што есці, каб было дзе жыць, лячыцца. Цяпер я ратую сябе і сваю дачку.

Ці змяніліся неяк вашы стасункі з дачкой пасля эміграцыі? 

Нам цяжкавата, бо мы 24/7 радам. У Беларусі было так, што я асноўны чалавек, якая за ёй прыглядае, але яна магла паехаць на цэлае лета да бабулі ў вёску, у выходныя магла паехаць да свайго бацькі, да маёй маці. Мы адпачывалі адна ад адной, а тут яна нікуды не можа паехаць без мяне і я без яе таксама. Добра, што ў нас ёсць кватэра, у якой два пакоі. Але няма меж, яны сцерліся, няма асабістай прасторы. Яшчэ ёсць цяжкасць у тым, што я заўсёды працую, а дачка пачуваецца непатрэбнай, бо мамы заўсёды няма дома. Ёй хутка давялося стаць самастойнай. Яна сама ходзіць у школу, прыходзіць са школы, ідзе на падоўжанку, гатуе ежу. Гэта цяжка даецца, ёй хочацца, каб мама была яшчэ побач.

Ёсць такое, што вы цяпер больш як сяброўкі, чым маці з дачкой?

Я думала, што так будзе, ды нейкі час гэтак і было, пакуль ёй не стукнула 9-10 гадоў. У гэтым узросце пачынаецца пубертат. Я думала, што ў нас будуць вельмі даверныя адносіны, ішла да гэтага, каб быць такой сяброўкай. Але ўсё адно ёсць ад бацькоў таямніцы, рэчы, якія дзеці не хочуць расказваць. Заўсёды ёсць перыяды, калі бацькі раздражняюць, гармоны скачуць ды яна як аголены правадок: цяпер яна плача, праз тры хвіліны яна крычыць, праз пяць яна смяецца, ды мне гэта ўсё з ёй трэба перажываць. 

Ці глядзела ты некалі шоў «Цяжарная ў 16»? Як ты яго ацаняеш?

Я заўсёды яго гляджу. Шаную гэтых дзяўчатак, таму што разумею іх. У 15 гадоў ты дзіця, у 16 гадоў ты дзіця ды 17 гадоў ты дзіця, а часам ды ў 18. Цяпер мне 26, часам я пачуваюся дзіцём, ды мне вельмі шкада ўсіх дзяўчатак, якія зацяжарылі вельмі рана.

Але есці і плюсы тут. У Польшчы, дарэчы, у адрозненні ад Беларусі і Украіны, усе захапляюцца тым, што мне 26, а маёй дачцэ 10.  У школе дзеці кажуць: «Не можа быць, што тваёй маме 26», потым мяне бачаць: «Гэта твая сястра, не маці». Ды мая дачка вельмі ганарыцца, што я маладая. Больш негатыўнае стаўленне я адчувала ў Беларусі і ва Украіне. Цяпер у мяне ёсць сяброўкі, якія нараджаюць у 25-26. Калі б я цяпер у гэтым узросце нарадзіла, я б з глузду з’ехала. Не спаць ноч, ужо няма сіл. Зараз мне 26, маёй дачцэ 10, мне будзе 30, ёй будзе 15. Ці гэта не цуд? Я не шкадую, што не адвучылася недзе, не дасягнула чагосьці, разумею, што ў мяне яшчэ ўсё наперадзе. 

Ці ёсць нейкія важныя жыццёвыя высновы, якія ты зрабіла за апошнія тры гады? 

Жыць сёння. Шанаваць тое, што ў цябе ёсць. Казаць тое, што ты хочаш сказаць зараз. Бараніць свае межы. Пачынаць кахаць сябе зараз, шкадаваць сябе і, насамперш, думаць пра сябе. Мы ўсе класныя мамы. Мы робім так, як мы зараз можам, робім усё магчымае. Вядома, дзіця — гэта галоўнае, што ў нас ёсць, але самае галоўнае — гэта мы самі. Ды, як мне казала мая каханая псіхалагіня: спачатку есць мама, потым есць дзіця. Калі ты будзеш накормлена, то дзіця таксама будзе накормлена.


Паслухаць гісторыю Аксаны можна ў першым выпуску нашага падкасту: mave, Cast.box, Google Podcasts, Spotify, YouTube, Apple Podcasts.

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 4.4 / 5. Колькасць галасоў: 7

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x