Пра свой прыход да актывізму выданню “Рэгіянальная газета” расказала каардынатар праекта #InspiredBуРэгіён Вікторыя Макаранка, якая прадстаўляе арганізацыю NSNL (Next Stop – New Life).
Як прыйшла ў актывізм
Ні ў школе, ні ва ўніверсітэце Вікторыя актывізмам не займалася, нават нічога пра яго не чула. Закончыла школу ў Оршы, універсітэт у Віцебску. Аднойчы трапіла ў праграму для актывістаў і сустрэлася з неабыякавымі людзьмі.
– Падумала, што гэта ваў, так класна, што ёсць актыўныя людзі, якія не проста гавораць, як усё кепска, – прыгадвае Вікторыя. – Яны сапраўды нешта робяць, каб змяніць сітуацыю. Натхнілася і зразумела, што таксама хачу на нешта ўплываць і штосьці змяняць.
Першым досведам у актывізме, якім дзяўчына ганарыцца, стаў удзел у штогадовым міжнародным мерапрыемстве InspiredBY для актывістаў і актывістак.
Першы каардынатар праекта Максім збіраў сабе каманду, Макаранка адгукнулася на прапанову. Так стала каардынатарам.
Знаёмства з маладзечанцамі
Спярша дзяўчына шмат чула пра маладзечанскіх актывістаў ад свайго папярэдніка Максіма. Менавіта яны хутка адгукнуліся і зацікавілі, каб правесці шэраг мерапрыемстваў #InspiredByМолодечно.
Атрымалася зладзіць на высокім узроўні. Здзівіла аператыўнасць мясцовых актывістаў і гатоўнасць працаваць хутка і добра.
З некаторымі з маладзечанцаў пазнаёмілася на мерапрыемствах, з іншымі падчас абмеркавання рабочых пытанняў.
Ці складана актыўнічаць у рэгіёнах
На думку Вікторыі, асаблівасць рэгіёнаў у тым, што людзі менш вераць, што могуць нешта змяніць. Моладзь імкнецца ў сталіцу, бо там хутка ўсё мяняецца, становіцца больш сучасным, развіваецца.
У рэгіёнах менш актыўных людзей. А аднаму без падтрымкі штосьці мяняць яшчэ цяжэй.
У некаторых ёсць суседзі, якія пастаянна дапытваюцца, навошта табе гэта трэба. Хаця павінны натхняць адзін аднаго і разам імкнуцца да лепшага. Таму ў рэгіёнах складаней быць актывістам.
Людзі ведаюць, чаго хочуць або чаго не хочуць. Самы просты спосаб – распытацца пра гэта. Калі чалавек сартуе смецце або клапоціцца пра веладарожкі ў горадзе, яму неабыякавая экалогія і навакольнае асяроддзе.
Калі чалавек упрыгожвае двор, яго хвалюе, як ён сябе адчувае ў гэтай прасторы. Калі размаўляе па-беларуску – яго каштоўнасцю з’яўляецца беларуская культура.
Як змяніўся актывізм з-за пандэміі
– Усё моцна змянілася, – кажа Вікторыя. – Мне не падабаецца ўвесь гэты анлайн, хаця ён таксама многае паказаў. Тыя, каму насамрэч цікавая і важная свая справа, працягваюць яе рабіць і анлайн.
Цяжэй знаёміцца з людзьмі, з якімі магчыма супрацоўнічаць або пракансультавацца. Складана атрымаць такую ж матывацыю, як ад сустрэчы вочы-ў-вочы.
Як знайсці сябе ў актывізме
Вікторыя знайшла развіццё і ўвагу да такіх рэчаў, на якія раней і не глядзела.
– Мяне напружваюць шайбы ад машын на тратуарах, гэта мой боль, – адказвае Вікторыя. – Чаму кіроўцы не маюць культуры паркоўкі і ставяць машыны на тратуары? Чаму гэтыя шайбы паклалі на тратуары? Атрымліваецца, у вадзіцеля прыярытэт у любым выпадку? Мяркую, гэта няправільна. Калі зразумею, як гэта пытанне вырашыць, абавязкова займуся!
Калі чалавек хоча знайсці сябе ў актывізме, важна расказваць пра тое, што хочаш змяніць.
Магчыма, ёсць аднадумцы, якія прайшлі гэты шлях і могуць дапамагчы. Пагрузіцеся ў пытанне, вывучайце, на што гэта ўплывае і што ты можаш зрабіць сам. Знайдзі тых, каго хвалюе гэта праблема, з камандай заўсёды лягчэй рухацца наперад.
Аўтар: Зоя Хруцкая
Галоўнае фота: Андрэй Павук
Артыкул створаны ў межах праекта RegiON (уключаючы рэгіён), які ў Маладзечне рэалізуецца моладзевай арганізацыяй NSNL, камандай «Жывой Бібліятэкі» Маладзечна і Цэнтрам развіцця эфектыўнай камунікацыі «Жывая Бібліятэка».