«Пачала займацца псіхаактывізмам яшчэ да паўналецця»: гісторыя Пані Мышы

ІнклюзіяАсобы
Обложка_2_выпуск_пподкаст
4.8
(5)

Пра стыгмы і стэрэатыпы ў адносінах да людзей з псіхічнымі захворваннямі, пра псіхічныя разлады і словы, якія мы ўжываем у дачыненні да людзей з псіхіатрычным досведам, гаворым з гераіняй другога выпуску падкасту Іншыя гісторыі — з пані Мышшу. 

Яна дзеліцца сваёй гісторыяй, як яшчэ ў дзяцінстве сутыкнулася з псіхічным разладам, як па-рознаму з гэтым спраўлялася і як у рэшце рэшт стала актывісткай, каб дапамагаць іншым лепш разумець, што з імі адбываецца. Слухаць падкаст на MaveCast.boxSpotifyYouTubeApple Podcasts.

На поўначы Менску знаходзіцца мікрараён Навінкі. Найважнейшая дата ў гісторыі мікрараёна ― гэта, напэўна, 1918 год, бо менавіта тады там з’явіўся псіхіятрычны шпіталь. Дакладней, тады гэта называлася псіхіятрычнай калоніяй. Больш, чым праз стагоддзе на YouTube-канале Nexta з’явілася шоў «Навінкі». Называецца яно так, бо, па словах аўтараў, там абмяркоўваюць падзеі, месцы якім у Навінках у псіхіятрычнай лякарні. 

Як часта вы чуеце саркастычную фразу аб тым, што камусьці ці чамусьці месца ў псіхіятрычным шпіталі? А як часта вы чуеце раз’юшанае: «ну, дурдом!»? Па нейкай дзіўнай прычыне лякарні іншага накірунку не становяцца імёнамі намінальнымі. 

На пачатку я, журналістка Дар’я Гардзейчык, хачу падзяліцца гісторыяй з уласнага жыцця. Калі мне было 14 год участковая педыятарка адмовілася накіроўваць мяне да псіхіятра, хаця ў мяне былі відавочныя прыкметы трывожнага засмучэння. Матывавала так: «вось адпраўлю цябе да псіхіятра, паставяць на ўлік і ва ўніверсітэт не паступіш!»

Праз шмат год пасля таго здарэння з педыятаркай я зразумела, што такое грэблівае стаўленне да псіхічных хваробаў ― гэта не выпадковае супадзенне. Гэта стыгма, якая ляжыць на тых, хто пакутуе на пэўныя ментальныя разлады. 

У той жа час ёсць такія асобы ―  псіхактывісты і псіхаактывісткі . Яны займаюцца акурат  барацьбой з гэтай стыгмай . Сённяшняя мая госця ― псіхаактывістка, у якой ёсць ментальнае захворванне, і яшчэ яна жыве ў эміграцыі. Маю госцю завуць  Пані Мыш  ― менавіта так яна вядомая ў інтэрнэце і менавіта так просіць да яе звяртацца. Яшчэ мушу папярэдзіць, што гэты выпуск пра псіхічныя разлады, і тут узгадваецца ў прыватнасці сэлф-харм. Акрамя таго, вам можа падавацца, што структурнага аповяду мясцамі не атрымліваецца, і мы трошкі скочым туды-сюды ў храналогіі, але гэта такая манера расказваць у  маёй гераіні, такая асаблівасць.

Што для цябе псіхаактывізм?

Прам дакладнай дэфініцыі, тэрміну «псіхаактывізм» няма. Для мяне асабіста псіхаактывізм гэта барацьба за правы людзей з ментальнымі захворваннямі. Гэта могуць быць акцыі, пікеты. Той ці тая, хто мае досвед у роўных кансультацыях ці мае псіхалагічную адукацыю, можа праводзіць групы падтрымкі для людзей з псіхічнымі разладамі. Гэта могуць быць фестывалі. Нават у нас, у Менску, калісьці іх ладзілі. Гэта можа быць проста псіхаасвета: карткі, лонгрыды. За псіхаактывізм можна лічыць нават блогі, дзе людзі дзеляцца сваім станам, расказваюць, як ім пасуюць лекі, якія прызначыў псіхіятр.

Як вы разумееце, без псіхіатрычных растройстваў у анамнэзе ў псіхаактывізм звычайна не трапляюць. Гісторыя Пані Мышы ўнікальная тым, што яна стала псіхаактывістскай яшчэ да паўналецця. Праўда, і сімптомы псіхічнага захворвання ў яе праявіліся даволі рана.

Я была даволі дзіўным дзіцёнкам. Памятаю забаўны момант, я думала, што я сабака. Мне было каля 5 год, я апранула сабе на шыю гумку для валасоў і пайшла так з цёцяй у дзіцячы садок. 

Праўда тады бацькам Мышы гэта не падавалася праблемай, бо ўсе дзеці фантазуюць, гуляюцца. Больш відавочныя праблемы пачаліся, калі дзяўчынка пайшла ў школу. 

У мяне былі праблем з камунікацыяй. У мяне былі канфлікты з аднакласнікамі, настаўніцамі. У мяне былі гістэрыкі праз вучобу кожны дзень. Дзесьці ў восем год мяне адвялі да псіхолага. Мне потым гэтая псіхолаг расказала, што яна спрабавала мяне неяк “выцягнуць” у гутарцы.

Аднак адныя толькі размовы Мышы слаба дапамагалі. І псіхолаг параіла яе маці звярнуцца да псіхіятра. Але маці адмовілася. 

Праз што? А праз стыгму. 

Сапраўды даволі часта бацькі адмаўляюцца адвесці дзіцёнка да псіхятра, бо «мой дзіцёнак не такі». Праўда які «не такі», і што такое ўвогуле псіхічныя захворванні, і як там адбываецца лекаванне, людзі звычайна ведаюць мала. Звярнуцца да псіхіятра вымушаюць толькі відавочна сур’ёзныя праблемы, якія немагчыма ігнараваць. 

Першае, што ў мяне было, праз што прыйшлося ісці да псіхатэрапеўта, гэта паранойя. Ведаеце, гэта не такая паранойя, якая ў межах здаровага стану, якая можа быць праз моцныя стрэсуючыя фактары: пасля рэпрэсіяў, пасля міграцыі ў іншую краіну. Не, гэта пачалося яшчэ да 2020. Мне было 16 гадоў, я ўжо чытала нешта звязанае з псіхіятрыяй і падумала, што ў мяне трывожны разлад. Аднак псіхатэрапеўт сказала, што ніяк не можа мне дапамагчы. Яна дала нумар дзіцячага псіхатэрапеўта, які разбіраўся з псіхотыкай. Аднак у мяне была такая мерзкая траўма на тэлефонныя званкі, я баялася людзей і не дала рады пазваніць па гэтым нумары. 

У выніку праз водгукі ў інтэрнэце я знайшла псіхатэрапеўта і ўсё ж прыйшла на прыём. Прыходжу, расказваю. Псіхатэрапеўтка паклікала маю маму і сказала: «ну слухайце, гэта падобна на паранойю, гэта брэдавы разлад». 

Тут трэба патлумачыць, як увогуле псіхіятры і псіхіятаркі класіфікуюць нашыя станы. Пачнем з таго, што існуюць акцэнтуацыі характара ― гэта характарыстыкі здаровых людзей. Напрыклад, вы прайшлі тэст у інтэрнэце і высветлілі, што ў вас істэройдная акцэнтуацыя характару. Ці шызойдная. Можа быць гэта і так, але ў любым выпадку акцэнтуацыя ― не сімптом хваробы. Гэта норма.

На ўзровень ніжэй (насамрэч дзяліць асаблівасці нашай псіхікі па ўзроўнях ― гэта вельмі спрэчная ідэя, таму разумейце, што гэта ўсё вельмі ўмоўна, проста каб прасцей патлумачыць) ― так званы неўратычны ўзровень. Тут ужо пачынаюцца хваробы, якія лекуюцца таблеткамі і псіхатэрапіяй. Якія гэтыя станы? Напрыклад, генералізаваная трывожнае засмучэнне, засмучэнне харчовых паводзінаў, рэкурэнтнае дэпрэсіўнае засмучэнне. Што паказальна, ад гэтага можна пазбавіцца ўшчэнт. Была дэпрэсія, пачалі прымаць лекі – не стала дэпрэсіі. Ніхто, канешне, не можа гарантаваць, што яна ніколі не вернецца, але прынамсі калі лячыцца, то ў вас абавязкова будуць перыяды без гэтай прыкрай сімптаматыкі.

Яшчэ ніжэй на ўзровень (ці на іншай галіне «псіхіятрычнага дрэва») ідуць засмучэнні асобы (раней іх называлі псіхапатыі). Напрыклад, памежны разлад асобы, або нарцысічны разлад асобы. Разлад асобы ― гэта значыць ва ўсёй асобе, ва ўсім характары чалавека прысутнічаюць пэўныя элементы, адрозныя ад умоўнай нормы. 

Вельмі грубае параўнанне, але ўявіце, што ёсць дзве асобы з генікалагічнымі захворваннямі. У адной ― якая-небудзь хвароба маткі, эндаметрыёз, напрыклад. А ў другой ― паталогія страення маткі. Ад эндаметрыёзу можна пазбавіцца абсалютна лёгка і жыць у межах медычнай нормы. А вось з паталогіяй страення ― мала што магчыма зрабіць, застаецца толькі прыняць асаблівасці, кампенсаваць, што кампенсуецца і навучыцца з гэтым жыць. 

Так прыблізна з неўразамі і разладамі асобы: ад неўрозаў можна пазбавіцца ўшчэнт, а разлад асобы ― гэта такая змена «канструкцыі», якую можна толька адаптаваць пад соцыюм, але цалкам змяніць ― мала рэальна. 

Тут мы дайшлі да псіхатычнага ўзроўню, тут знаходзяцца псіхозы, спутнікі якіх ― трызненне, галюцынацыі, дэарганізацыя мыслення і ўсе астатнія малапрыемныя рэчы. 

Дык вось брэдавы разлад, які дыягнаставалі Мышы адносіцца акурат да псіхатычнага ўзроўню.  

Гэта не шызафрэнія, гэта ў шызаспектры. Шызаспектар гэта група розных разладаў, у якіх ёсць псіхатычная сімптаматыка, але гэта не заўсёды шызафрэнія. Псіхатэрапеўтка сказала, што не можа займацца такім дыягназам, і нам трэба ехаць у Дзіцячы псіханеўралагічны дыспансер. 

Што ж такога пачула псіхатэрапеўтка, што паставіла Мышы менавіта гэтыя дыягназ? 

Першае, што я сказала, што ёсць трывога. Моцны страх. Істотны, такі звярыны. Прычым асаблівых  падстаў для гэтага страху няма: ты можаш проста стаяць на прыпынку ці на станцыі метро і проста адчуваць фізічна, нават балюча. Яшчэ агрэсія: я не арала, не кусала нікога, але шыпела і злосна глядзела на абсалютна рандомных людзей, якія проста маглі на мяне паглядзець. Я ў гэты момант думала, што раз яны глядзяць на мяне, то яны мяне ненавідзяць. Я думала, што за мной сочаць. Гэта, напэўна, самае класічнае, што ёсць у паранойі: трызненне пераследу. Я думала, што за мной сочаць праз камеры тэлефонаў і праглядаюць экран. Прычым праглядаюць пераважна два сайты: Pintetrest і Ficbook. Я ўвесь час чысціла браўзер, усталявала ВПН, бо думала, што мяне гэта нейкім чынам уратуе. І, само сабой, заклеівала камеру. 

Аднак аніякіх галюцынацый, нічога такога ў мяне не было. Проста такія «вясёлыя» думкі. Аднойчы мне пачало падавацца, што мой аднакласнік хоча мяне на вечарыне пабіць. Тады я пачала хадзіць у масцы: праз гэта ў мяне замацавалася звычка весці блог у масцы.

Калі быў малейшы намёк на агрэсію збоку любых людзей, у мяне пачыналася гістэрыка, я пачынала крычаць. Маленькая дэталь, праз якую мне потым змянілі дыягназ, я думала, што мае думкі чытаюць. Напрыклад, сяджу, рыхтуюся да ЦТ і разумею, што мае думкі ўсе прачыталі. Мне становіцца сорамна, я мусіла перастаць думаць, бо мае ж думкі чытаюць. 

Апошні раз падобная сімптаматыка ў мяне з’яўлялася недзе тыдзень таму, але ў вельмі лёгкай форме. Увогуле мне бывае складана адрозніць умоўна «нармальную» паранойю ад хваробы. Я даволі трывожны чалавек. У мяне ёсць магічнае мысленне.

Магічнае мысленне ў той ці іншай ступені ёсць у нас ва ўсіх, бо наш мозг накіраваны шукаць узаемасувязі. І, напрыклад, калі мы апранулі пэўны талісман на экзамен, а потым здалі той экзамен на выдатна, то нам можа начаць падавацца, што справа выключна ў талісмане. Гэта і ёсць магічнае мысленне. Але ёсць розніца, ці проста апранаць пэўны талісман перад экзаменам, ці напрыклад праводзіць складаныя рытуалы, ісці на экзамен нейкім пэўным шляхам і пазбягаць пры гэтым пэўных аб’ектаў, і калі не атрымаецца ― то нават не ісці ў аўдыторыю, бо ўсё адно экз завалім! І, канешне, ёсць істотная розніца, ці вы рыхтуецеся ўвогуле да экзамену, ці проста спадзяецеся на талісман. 

Пры ўсім пры гэтым у тых брэдавых ідэях Мышы пра тое, што за ёй сочаць быў пэўны рэалістычны складнік. Ёй не падавалася, што за ёй сочаць нейкія магічныя істоты з паралельнай галактыкі або хтосьці кшталту таго. Яна была ўпэўнена, што гэта беларускае КДБ. 

Менавіта беларускае КДБ, ніякое іншае. У мяне проста была сітуацыя, калі я пачала «заганяцца», што за мной будзе сачыць КДБ. Наколькі я помню, некаторыя з сябровак проста не разумелі, што за паранойя ўвогуле, і што са мной адбываецца. 

Дарэчы, сяброўкі ў Мышы заўсёды былі нягледзячы на яе праблемы з камунікацыяй у дзяцінстве і складаныя псіхічныя станы.

Яны былі заўсёды. І нават, калі ў мяне пачалася дэпрэсія, быў адзін чалавек… Мы ўвогуле пачалі сяброўства з таго, што сказалі адно аднаму нашыя дыягназы. У мяне гэта было ўжо ў 11 класе, і ў мяне прам апошні крок, каб яшчэ пагоршыць мой стан, гэта была акурат прэзідэнцкая кампанія. 

Так, Мыш выпускалася са школы ў 2020 годзе. А ўверасні 2020 яна мусіла ісці ва ўніверсітэт.

Горш стала, калі я пашла ва ўніверсітэт. Мяне прынялі на бюджэт, і я тады не парадавалася. Я паступіла на факультэт, на які марыла паступіць. Ну і што?

Гэта, дарэчы,  прыкмета дыпрэсіі : калі нейкія падзеі, якія аб’ектыўна мусяць выклікаць у нас радасць, перастаюць нас радаваць.  прыкмета дыпрэсіі 

У мяне пачаліся думкі пра тое, навошта гэта ўсё ўвогуле? Напрыклад, іду пасля пар і думаю: а навошта мне ехаць дамоў? Я ведала, што такое дэпрэсія, але чамусьці мне проста ў галаву не прыходзіла, што гэта яно. 

Тыповыя дэпрэсіўныя думкі пра адсутнасць сэнсу: а навошта жыць, а які сэнс уставаць раніцай, а для чаго я ўвогуле ўсё працягваю нейкую руціну, калі радасці няма ― не прымусілі Мыш звярнуцца да лекара. Але аднойчы раніцай яна прачнулася з рашучасцю сабе пашкодзіць. Гэта была такая моцная навязлівая думка, што Мыш спужалася, перасіліла сябе і звярнулася да псіхатэрапеўткі.

І, карацей, яна кажа: «У цябе псіхатычная дэпрэсія, пей Флюаксол». Праз два тыдні я ўжо была абсалютна іншым чалавекам. Я пачала маляваць, чымсьці яшчэ займацца. 

Але пасля таго, як дэпрэсіўны эпізод скончыўся, у Мышы пачалася манія. То бок такі стан, калі ў чалавека вельмі высокі настрой увесь час, пачуццё радасці і шчасця, яўна завышаная самаацэнка, маўляў, я ўсё магу ў гэтым свеце, і падвышаная прадуктыўнасць. 

Такое, ведаеш, адчуванне эйфарычнае я ні з чым не зблытаю. Я здавала экзамен і напісала за 10-15 хвілін 30-40 пытанняў. Адмыслова пачакала, калі пачнуць сыходзіць аднагрупнікі, каб не падумалі, што я спісала. Сыходжу. Еду ў маршрутцы кудысьці за горад, пішу камусьці, што маё жыццё найлепшае. Хаджу па лесе, а потым раптам пачынаю думаць, што на мяне напалі кляшчы. Думаю, трэба хутка ехаць да хлопца, каб ён мяне аглядзеў. Еду да хлопца, мы там «тусуем». На кляшчэй ён мяне так і не праверыў. Па дарозе ў інтэрнат раптам зразумела, што за мной сочаць. Я прыехала ў інтэрнат, выпіла нейралептык і заснула. Я разумела, што калі зараз не засну, то можна да псіхоза так дайсці. На наступны дзень манія проста скончылася. 

Заўважце, што калі не ведаць усё тое, што адбывалася ў Мышы ў галаве, то можна падумаць, што гэта звычайны дзень студэнткі, якая здала экзамен і радуецца. Ну захацелася пасля экзамену паехаць у лес, нават з улікам таго, што яна, можа, і не ведала таго лесу, ну прагулялася і напужалася кляшчоў, ну дык у лесе сапраўды бываюць кляшчы. Ну паехала «патусіла» з хлопцам, а потым вярнулася ў інтэрнат. Што такога? А такога менавіта ў гэтых рандомных хуткіх думках, якія захопліваюць у свой паток і прымушаюць штосьці тэрмінова рабіць не падумаўшы. З’явіўся імпульс пагуляць у лесе ― «пагнала» ў лес. З’явіўся імпульс праверыцца, ці не начапляла кляшчоў ― паляцела да хлопца. Прычым, на кляшчоў у выніку так і не праверылася. 

Але, дзякуй богу, Мыш ужо ведала, што такі стан ― гэта манія, і каб не ўпасці ў псіхоз трэба выпіць нейралептык, які ёй прызначыў лекар, і ісці спаць. Ведала гэта ўсё Мыш, бо дыягназ вар’яцкае засмучэнне, з якога яна пачынала, ёй ужо змянілі на шызаафектыўнае засмучэнне. Вось як гэта было. 

Псіхатэрапеўт, якога мне параілі, выдаў заключэнне, што ў мяне шызаафектыўнае засмучэнне і адмовіўся ад мяне. Псіхатэрапеўты ўвогуле часта ад мяне адмаўляліся. 

Тут трэба патлумачыць у чым  розніца  паміж лекарам-псіхатэрапеўтам і лекарам-псіхіатрам. Мы зараз кажам менавіта пра людзей, у якіх на дзвярах кабінетаў напісана менавіта лекар-псіхатэрапеўт і іх адрозненне ад псіхіятраў, і мы зараз кажам толькі пра Беларусь. Дык вось, лекары-псіхатэрапеўты могуць займацца (і лячыць медыкаментамі) толькі людзьмі, якія маюць засмучэнне з нашага неўратычнага ўзроўню. Памятаеце? Дэпрэсіўнае засмучэнне, ЗХП, генералізаваны трывожны разлад. Яшчэ яны могуць прызначаць лекі людзям з разладамі асобы. Прызначаць медыкаменты людзям з псіхатычнымі хваробамі (памятаеце, дзе ёсць трызненні, галюцынацыі, парушэнне мыслення і вось гэта ўсё) яны не могуць ― як, напрыклад, тэрапеўт не можа вам прызначыць супрацьзачаткавыя ― не яго сфера кампетэнцыі. 

Потым мне параілі псіхіятра. Ён сказаў, што пад пытаннем «разлад шызаафектыўнага спектру». 

Нягледзячы на тое, што псіхіятр не даў рады вызначыць, які менавіта гэта тып, было зразумела, што Мышы варта акрамя фармакатэрапіі (прыёма лекаў) падлучаць яшчэ і псіхатэрапію.  Псіхатэрапія  ― увогуле вельмі файная рэч, якая  працуе і з няўрозамі, і з разладамі асобы, і нават з псіхатычнымі разладамі.  Праўда, ёсць свае нюансы. 

Псіхіятр вырашае, калі лепш пайсці на тэрапію. Яшчэ псіхіятр сам казаў, што менавіта лепш: ДБТ, КПТ, яшчэ штосьці. 

ДБТ і КПТ ― гэта розныя формы псіхатэрапіі. ДБТ ― дыялектыўна-біхевеаральная тэрапія, а КПТ ― кагнітыўна-паводзінавая.  Для людзей з рознымі дыягназамі лепей пасуюць розныя віды тэрапіі. 

Ёсць яшчэ абмежаванні па тэрапіі. Не ўсе тэрапіі пасуюць псіхотыкам як я. То бок, та я ж EMDAR (Eye movement desensitization and reprocessing дэсенсібілізацыя рухаў вачэй і паўторная апрацоўка) працуе з траўмамі, супрацьпаказана мне. Мой псіхатэрапеўт баяўся, што ў мяне яна можа справакаваць няўроз. У мяне зараз схема-тэрапія. Мы дзейнічаем па схеме копінгаў. 

Напрыклад, у сітуацыі, калі чалавека накрывае шквал розных складаных эмоцый, яму ці ёй гэта можа падавацца непераносным. Тады чалавек можа выкарыстоўваць той жа сэлфхарм, каб пераключыцца з моцнай трывогі, сораму, крыўды і злосці на фізічны боль. То бок прычыненне пашкоджанняў ― гэта копінг, спосаб даваць рады. Праўда, не здаровы. 

Здаровым копінгам было б, напрыклад, застацца сам-насам, умыцца халоднай вадой, назваць тыя эмоцыі, якія зараз адчуваеш, і пакрысе пачаць разматваць клубок, што менавіта такія эмоцыі выклікала, і што з гэтым усім можна зрабіць. Гэта здаровы копінг. Карацей, схема-тэрапія дапамагае распазнаваць такія нездаровыя копінгі і ў стрэсавых сітуацыях замяняць іх на здаровыя.

А стрэсавых сітуацый у пані Мышы не бракавала. Як вы памятаеце, яна вучылася на хімфаку і разумела, што не вывозіць вучобу. Гэта быў 2021 год, і абстаноўка ў краіне таксама не дадавала пачуцця спакою.

Карацей, у мяне гістэрыка, я вырашыла адлічыццца і перавесціся на псіхалогію на факультэт псіхалогіі і сацыяльных навук. 

Але Мыш туды не перавялася. Па-першае, праз каласальную акадэмічную розніцу, якую трэба было здаць за месяц, а па-другое, акурат пачалося паўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну. 

Тут я падумала, што адукацыя, напэўна, у Літве лепш.

Па шчырасці справа была канешне не толькі ў адукацыі, а ў тым, што Мыш на той момант ужо займалася псіхаактывізмам, а пасля 24 лютага 2022 беларускія ўлады сталі яшчэ больш жорсткімі датычна ўсяго актывізму.  

Мыш патрапіла ў актывізм у 2020 годзе, калі ў яе пачалася дэпрэсія.

Я была ў нейкім чаціку, які стварыла дзяўчына, якая вядзе дзённік сваёй дэпрэсіі. Туды дадалі аднаго чалавека з Беларусі, і ён мне асабіста напісаў: «я бачу, што вам вельмі дрэнна, прыходзьце да нас на групы падтрымкі ў Менску». 

Групы падтрымкі былі ў клубным доме «Адкрытая душа» ― гэта такая менская арганізацыя, якая падтрымлівае людзей з псіхічнымі разладамі. 

Потым я пайшла туды валанцёрыць, а паралельна пайшла на курс для псіхаактывістаў ад «Псіхаактыўна» – гэта расейская супольнасць людзей з псіхічнымі растройствамі і тых, хто займаецца псіхаасветай, і пачала весці свой блог у Інстаграме.

Акрамя таго Мыш пачала падпрацоўваць і валанцёрыць на розных псіхаасветніцкіх платформах. Яна рабіла ілюстрацыі і пісала тэксты для расійскага медыя пра псіхічнае здароўе «Крыша» і для беларускай псіхаасветніцкай платформы «Галасы». Што паказальна, Мыш патрапіла ў вельмі-вельмі маладую супольнасць. Напрыклад, тая ж ініцыятыва «Псіхаактыўна» была ледзь не першай у СНД прасторы, якая рабіла ўсякае псіхаактывісцкае. І з’явілася яна толькі ў 2018 годзе. У Беларусі, як кажа Мыш, псіхаактывісцкі рух быў зусім-зусім слабенькі, а актывіста_к можна было пералічыць па пальцах дзвюх рук. Зразумела, што такая асоба як Мыш пачала займацца ўсім магчымым: і валанцёрствам у клубным доме, і маляваннем ілюстрацый, і напісаннем артыкулаў, і ўласным блогам. А што яшчэ заставалася рабіць, калі людзі з псіхічнымі разладамі ў той час, ды і зараз па шчырасці, маюць не вельмі шмат крыніц інфармацыі, каб разабрацца, што з імі адбываецца. 

У людзей, якіх я ведаю, былі праблемы, каб зразумець, што ўвогуле з імі адбывалася, бо ў інтэрнэце амаль нічога не было. 5 год таму ўжо было хоць нешта, а 10 год таму гэта ўвогуле было складана ўявіць сабе.

Аднак нават у тыя «цёмныя» часы ўжо існаваў клубны дом «Адкрытая душа», куды пані Мыш урышце патрапіла на групу падтрымкі, а праз некаторы час нават сама пачала весці такія групы. 

Напрыклад, я хадзіла на групу падтрымкі па дэпрэсіі. Там могуць быць вядоўцамі не толькі псіхолагі і псіхатэрапеўты, а нават роўныя кансультанты і валанцёры. На групах кожны па чарзе расказвае, як прайшоў тыдзень, і агучвае запыт, з якім прыйшоў на групу. Калі чалавек скончвае, яму даюць фідбэк калі ён гэтага захоча, канешне. Потым пачынаюць абмяркоўваць запыты. Калі час скончваецца, усе кажуць, з чым сыходзяць з групы. Гэта не замена псіхатэрапіі, але гэта падтрымка і валідацыя, калі чалавеку гэта патрэбна. Чалавек дазнаецца, што ён не адзін такі, а побач ёсць хтосьці з падобнай праблемай, хто можа дапамагчы. Гэта таксама сацыялізацыя, і людзі знаходзяць там сяброў.

Мыш, дарэчы, таксама знайшла там сяброў і сябровак. Некаторыя з іх зараз таксама ў эміграцыі, і з імі яна спаткаецца пры выпадку. Дарэчы, а як увогуле паўплывала эміграцыя на стан Мышы? Як яна сябе зараз адувае? Некаторыя рэчы яе моцна здзіўляюць у самой сабе.

Я ўвогуле дзіўлюся, як я паспела пазнаёміцца з такой колькасцю людзей. Я раней людзям не магла напісаць ва ЎКантакце. У параўнанні з 2020 годам – гэта неба і зямля проста. Псіхатэрапія ў маім выпадку важна, бо камунікацыі трэба было наладжваць. У мяне зараз усё менш і менш дэперсаналізацыі. Я нават не памятаю, калі яе апошні раз адчувала. 

Трывогі таксама менш, хаця ў мяне бываюць трывожныя моманты, псіхатэрапія і лекі даюць свой плён. Праўда, у мяне захоўваецца «прышпіл» з цотнымі і няцотнымі лічбамі. 

Гэта акурат «прышпіл» з магічным мысляннем. На якія фактары вы зважаеце, калі абіраеце, напрыклад, месца ў вагоне цягніка? Напэўна, аддаленасць ад выхадаў, ад прыбіральні, ад вакон. Можа быць гэта плацкарт, і вам прынцыпова ехаць на ніжэйшай палічцы, а можа ― на вышэйшай. Наўрадці вы ўвогуле зважаеце, які гэта будзе нумар месца. А вось Пані Мыш ― зважае. І калі можна абраць нумар месца, то абірае хутчэй няцотны нумар. Але, як яна сама кажа, гэта хутчэй дробязная звычка, якая ні на што не ўплывае. 

А ўжо пасля запісу мы з Мышшу ўспомнілі, што забыліся абмеркаваць… словы. Словы, якія ўплываюць на тую самую стыгматызацыю. 

Са свайго досведу скажу, толькі калі мне было год 14-15, я даведалася, што «ідыёт», «алігафрэн» гэта старыя назвы затрымак псіхічнага развіцця. Хваробы як абразы гэта частка мовы. Ёсць ужо слэнгавае слова «шыз». Шчыра кажучы, я сама яго ўжываю, але не каб абразіць чалавека з дыягназам, а каб пракаментаваць пэўныя паводзіны. Уласна, з развіццём псіхалагізацыі насельніцтва гэтага становіцца менш. У Інстаграме ёсць акаўнт @Psychophobic, дзе тлумачаць, што не так з тым ці іншым выразам. Па шчырасці, я не заўсёды з імі згодная, але там ёсць разгорнутыя тлумачэнні, што з пэўнымі словамі не так, і як лепей казаць. 

Тут я якраз успомніла свой досвед і тое, што мне перш чым звярнуцца па дапамогу да псіхатэрапеўта трэба было для самой сябе прыняць, што я сапраўды «ненармальная», «псіхованая» і «хворая на галаву». Чаму не дрэнна быць хворай на страўнік, але вельмі дрэнна быць хворай на галаву ― я тады не думала. Але дадаткова перажывала праз тое, што ўсе абразы, якія ўжывалі ў мой бок мае аднакласнікі і аднакласніцы аказаліся праўдай. 

Што я магу сказаць дакладна, я не хачу каб мае дыягназы ўжывалі як абразы. Хаця як абразы ўжываюць толькі агульнае «хворы на галаву», а ніякіх крыўдных слоў утвораных ад «трывогі» і «дэпрэсіі» чамусьці няма.

Дэпрэсія і трывога нават рамантызавана прадстаўлены ў медыя. Зараз у TikTok ёсць відэа, якія рамантызуюць дэпрэсію, распаўсюджваюць пэўныя стэрэатыпы. Але я думаю, што гэта не так моцна выражана, як некалькі год таму, дзякуючы псіхасвеце. 

Але мала таго, што ёсць пэўная рамантызацыя, якая трошкі абясцэньвае мае пакуты, маўляў, ну падумаеш дэпрэсія, гэта ж проста ляжыш пад сумную музыку і глядзіш у дождж, ёсць яшчэ і «самадыягностыка». Яна здараецца, калі людзі чуюць апісанне хваробы з трох словаў і прысвойваюць яе сабе, не патрапіўшы да лекара ці лекаркі, і гэта быццам бы таксама вядзе да абясцэньвання. Калі навокал, шмат людзей, якія заяўляюць, што ў іх дэпрэсія, біпалярны разлад, памежны разлад асобы (ПРА) ― гэта як у казцы пра хлопчыка, які крычаў «ваўкі». Складана ставіцца сур’ёзна потым да людзей, якія насамрэч маюць нейкі з гэтых дыягназаў.

Па шчырасці, я трошкі асуджаю овердыягностыку. Гэта наступствы псіхалагізацыі, калі людзі без адмысловай адукацыі лічаць сябе разумнейшымі за псіхіятраў, якія вучыліся гадамі. «У мяне ПРА, значыць, я магу апраўдаць свае дзеянні». Вельмі слізкая сітуацыя з СДУГ (сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці) і РАС (разлад аўтыстычнага спектру). Дарослым іх рэдка ставяць, але трэба шукаць спецыяліста, які ў гэтым разбіраецца. Таму ў самадыягностыкі ёсць і добрыя бакі. Гэта мае сэнс, калі вы штосьці ў сябе падазраеце, і ў вас ёсць магчымасць пайсці да лекара. Я сама сабе шмат чаго дыягнаставала, але кожны раз лекар ставіў іншы дыягназ. 

Вось такая размова з пані Мышшу ў мяне атрымалася. Амаль дзіўным чынам эміграцыя не адбілася моцна на яе псіхічным стане. Наадварот, паколькі яна ўжо доўгі час у тэрапіі, прымае лекі, займаецца любімай справай і мае шырокую сетку кантактаў, яна даволі добра дае рады з вучобай і актывісцкай дзейнасцю. 

Магчыма, калі ўсе патрэбы закрытыя, а пытанні са здароўем пад кантролем, жыць у адрыве ад радзімы без магчымасці яе наведаць становіцца крышку лягчэй.

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 4.8 / 5. Колькасць галасоў: 5

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x