Што рабіць з бадзяжнымі жывёламі ў Беларусі — глядзім на практыкі прагрэсіўных краін

ІнклюзіяПравы чалавека
3.7
(6)

Бадзяжныя жывёлы не з’яўляюцца на вуліцах проста так. Гэта заўсёды вынік дзеяння або бяздзеяння дзяржавы і нядобрасумленных гаспадароў і гаспадынь. Паводле даследавання Mars Petcare Global, кожная трэцяя ў свеце жывёла-кампаньён — бяздомная, а кожны пяты гаспадар або гаспадыня думаюць адмовіцца ад сваёй кошкі або сабакі ў найбліжэйшай будучыні з нагоды пераезду.

У Беларусі праблема бяздомных жывёл была заўсёды, а пасля 2020 года, калі людзі пачалі масава выязджаць і кідаць сваіх гадаванцаў на вуліцах ці ў прытулках, зрабілася яшчэ больш вострай.

У гэтым артыкуле з увагай на практыкі, якія паспяхова працуюць у іншых краінах, мы разбяром, як можна змяніць стан спраў у Беларусі да лепшага — як на ўзроўні прадухілення праблемы, так і на ўзроўні дапамогі тым, хто ўжо апынуўся на вуліцы.

Для пачатку невялікі дысклэймер: не «хатняя жывёла», а «жывёла-кампаньён»

У гэтым артыкуле замест тэрміна «хатняя жывёла» мы будзем выкарыстоўваць тэрмін «жывёла-кампаньён». Мы аддаем перавагу менавіта яму, бо ён акцэнтуе ўвагу на партнёрстве і падкрэслівае, што жывёла — гэта не проста аб’ект, аксэсуар або маёмасць, а жывая істота, з якой чалавек усталёўвае эмацыйную сувязь.

Ну ўсё, зараз вяртаемся да тэмы артыкула.

Бездомные животные
Аўтар фота Alvan Nee

Першая частка — упераджальная, або Як пазбегнуць з’яўлення бяздомных жывёл

1. Рэгістрацыя і ідэнтыфікацыя жывёл-кампаньёнаў

У Беларусі рэгістрацыя жывёл-кампаньёнаў абавязковая: апекуны і апякункі абавязаныя зарэгістраваць сваіх гадаванцаў на працягу трох дзён ад таго часу, як тыя ў іх з’явіліся. Але, нягледзячы на ​​гэта, людзі працягваюць выкідаць сваіх гадаванцаў на вуліцу. І справа тут у двух момантах:

  1. Няма адзінай базы зарэгістраваных жывёл у Беларусі: кожны ЖЭС вядзе ўлік на свой капыл, напрыклад, проста ў сшытку. Таксама няма жэтонаў, якія мусяць выдаваць пры рэгістрацыі. Таму нават калі жывёла зарэгістраваная, то нядобрасумленныя апекуны і апякункі могуць проста пакінуць сабаку/кошку ў іншым раёне.
  2. Фармальна за выкіданне гадаванца на вуліцу можна атрымаць штраф, але на практыцы знайсці і пакараць гаспадароў і гаспадынь складана. Рэгістрацыя ёсць, але пасля яе дзяржава не адсочвае, што адбываецца з жывёлай. Дарэчы, гэта ў цэлым праблема беларускага заканадаўства ў частцы абароны жывёл: гучныя словы і закон ёсць, але адказнасці за яго парушэнне не прадугледжана ніякай.

Што можна зрабіць? Добрай працоўнай практыкай з’яўляецца мікрачыпаванне жывёл і стварэнне адзінай нацыянальнай базы дадзеных. Так, напрыклад, у Даніі, Швецыі і Фінляндыі кожн_ая апякун_ка сабакі абавязан_ая ўсталяваць свайму гадаванцу мікрачып і зарэгістраваць яго ў адзінай базе дадзеных.

Пакуль што, згодна з новым законам «Аб адказным абыходжанні з жывёламі», які набыў моц у Беларусі з 1 студзеня 2025 года, абавязкова павінны быць чыпаванымі толькі шчанюкі і кацяняты, якія прадаюцца ў гадавальніках.

Калі ў вас ёсць жывёла-кампаньён, то найменшае, што вы можаце зрабіць як адказн_ая апякун_ка ўжо цяпер, гэта надзець на вашага гадаванца ашыйнік з адрасам. Папулярным рашэннем робяцца QR-коды з інфармацыяй пра жывёлу і яе апякунку ці апекуна. Напрыклад, можна стварыць лічбавы профіль гадаванца з QR-пашпартам, які лёгка скануецца для атрымання інфармацыі пра апекуна ці апякунку. Тады пошук зніклых жывёл будзе больш простым, а бяздомнасць — менш імавернай.

2. Адказнасць за выкінутых жывёл

Не так даўна ў Варшаве здарыўся выпадак: пара беларусаў з’ехала на радзіму, а свайго сабаку — амерыканскага пітбуля па мянушцы Туман — пакінула на вуліцы. Сабака некалькі дзён чакаў іх ля дзвярэй, пакуль яго не заўважыў сусед. Туману ўжо знайшлі новы дом, але гэтая гісторыя яшчэ раз паказала ўразлівасць жывёл, калі ў іх апякунак і апекуноў змяняюцца планы на жыццё. Калі б гэтая пара засталася ў Польшчы, то іх чакаў бы штраф каля €2,2 тыс. і, магчыма, турэмнае зняволенне да 3 гадоў.

У многіх еўрапейскіх краінах падобныя дзеянні прыраўноўваюцца да жорсткага абыходжання і караюцца. Акрамя таго, суд можа забараніць чалавеку ў будучыні мець жывёл-кампаньёнаў.

КраінаШтраф за жорсткае
абыходжанне з жывёлай
Магчымае турэмнае
зняволенне ў асабліва
цяжкіх выпадках
Даніяда € 2,7 тыс.да 2 гадоў
Фінляндыяда € 15 тыс.да 1 года
Германіяда € 25 тыс.да 3 гадоў
Польшчада € 2,2 тыс.да 3 гадоў
Нідэрландыда € 16 тыс. да 3 гадоў
Швецыяда € 9 тыс.да 2 гадоў

У Беларусі згодна з артыкулам 16.29 КоАП пазбаўленне ад гадаванца цягне за сабою штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічыняў (прыкладна ад 123 да 370 €), але, як мы ўжо пісалі вышэй, па факце за гэта не прыцягваюць да адказнасці і дагэтуль няма гучных прэцэдэнтаў, каб гаспадары ці гаспадыні панеслі адказнасць праз тое, што пазбавіліся ад жывёлы, як ад цацкі.

Таму ў законе мусіць быць замацаваная не толькі адказнасць за выкіданне жывёлы на вуліцу ў выглядзе штрафу, але і абавязак апекуна ці апякункі браць на сябе адказнасць за будучае ўладкаванне гадаванца, калі ён/яна з нейкіх прычынаў больш не можа яго ўтрымліваць. 

Mars Petcare Global
Паводле даследавання Mars Petcare Global у 20 краінах, амаль 35% усіх катоў і сабак або жывуць на вуліцы, або знаходзяцца ў прытулку ў чаканні дома.

3. Забарона на некантраляванае развядзенне

У Беларусі для развядзення жывёл-кампаньёнаў не патрэбная абавязковая ліцэнзія, і, на жаль, гэта добрая глеба для бескантрольнай і безадказнай гадоўлі. Часта нядобрасумленныя заводчы_цы ставяць прыбытак вышэй за дабрабыт жывёл. Красамоўны нядаўні выпадак пра заводчыцу з Мінска, якая трымала ў клетках у жудасных умовах больш за сотню сабак, сярод якіх мальтыйскія балонкі, кітайскія чубатыя, французскія бульдогі і ёркі.

Да таго ж жывёлы з неліцэнзаваных гадавальнікаў вельмі залежаць ад попыту: калі мода на іх пароду знікае, тыя рызыкуюць апынуцца на вуліцы.

Таму варта: 

  • ліцэнзаваць развядзенне;
  • абавязкова рэгістраваць кожную жывёліну і сачыць за яе далейшым жыццём — нагадаем, што згодна з новым законам «Аб адказным абыходжанні з жывёламі», шчанюкі і кацяняты, якія прадаюцца ў гадавальніках, павінны быць абавязкова чыпаванымі;
  • кантраляваць колькасць жывёл;
  • сачыць за ўмовамі ўтрымання;
  • забяспечваць належнае ветэрынарнае абслугоўванне.

4. Адукацыйныя праграмы, якія вучаць клапатліва і адказна ставіцца да жывёл

Адна з галоўных прычын з’яўлення бадзяжных жывёл у тым, што не кожн_ая, хто бярэ сабе кампаньёна, да канца разумее, што догляд жывёлы патрабуе рэсурсаў і адказнасці. Праз гэта нават пародзістыя кошкі і сабакі апынаюцца на вуліцы або ў прытулках (а некаторых — гаспад_ыні проста ўсыпляюць). Такім парадкам, бадзяжнымі часта робяцца лайкі і хаскі, чыя энэргічнасць і высокая патрэба ў фізічных нагрузках апынаецца неспадзяванкай для апякункі ці апекуна; а таксама дробныя пароды, такія як мальтыйскія балонкі, якіх бяруць як «цацку», а потым выкідваюць праз гучны брэх або «складаны» характар.

Таму людзям трэба тлумачыць, што

жывёла — гэта не аксэсуар, які можна купіць «паводле моды», а жывая істота, якая стане часткай іх жыцця на 10-15 гадоў.

Такое разуменне важна замацаваць і на заканадаўчым узроўні.

У Беларусі гэта было нарэшце прапісана ў новым законе аб адказным абыходжанні з жывёламі: «Абыходжанне з жывёламі грунтуецца на прынцыпах маральнага і гуманнага стаўлення да жывёл як да істот, здольных мець пачуцці і адчуваць фізічныя пакуты».

Таксама неабходныя курсы, якія дапамогуць будучым апякункам і апекунам свядома выбіраць пароду і пакажуць, што сабакі і кошкі патрабуюць часу, любові і клопату. Напрыклад, у Даніі актыўна працуюць няўрадавыя арганізацыі, якія праводзяць адукацыйныя мерапрыемствы адказнага апякунства над жывёламі. У Фінляндыі цэнтр абароны жывёл (SEY) вучыць правільна выбіраць кампаньёнаў у залежнасці ад ладу жыцця сям’і.

5. Стварэнне дзяржаўнай службы для абароны жывёл-кампаньёнаў і падтрымкі прытулкаў

У мінулым артыкуле мы пісалі, што закон аб адказным абыходжанні з жывёламі ў Беларусі прынялі, але механізмы яго рэалізацыі практычна адсутнічаюць. Няма органа, які б кантраляваў выкананне правіл утрымання жывёл, абараняў іх правы і сачыў за выкананнем нормаў. Менавіта таму важна стварыць такую ​​службу ці арганізацыю, якая зоймецца гэтымі пытаннямі. Па-першае, гэта палепшыць умовы жыцця жывёл, а па-другое — падвысіць адказнасць гаспадароў і матывуе іх ставіцца да сваіх гадаванцаў больш клапатліва.

Другая частка — ратавальная, або Што рабіць, калі жывёла ўжо апынулася на вуліцы

Да гэтага часу ў некаторых краінах, у тым ліку і ў Беларусі, існуе практыка забойства здаровых бяздомных жывёл.

«Штогод колькасць адлоўленых бадзяжных катоў і сабак павялічваецца. Калі ў 2022 годзе ў краіне вылавілі каля 22 тысяч жывёл, то за пяць месяцаў 2023 года — 10 тысяч. На жаль, не ўсе з іх знойдуць новых гаспадароў і гаспадынь. У 2022 годзе ўсяго толькі 10% ад усіх адлоўленых жывёл былі вернутыя іх уладальнікам, а 20% знайшлі новы дом»,

кажа начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ Андрэй Рамашка.

* Фонд Брыжыт Бардо — гэта французская дабрачынная арганізацыя, заснаваная актрысай і актывісткай Брыжыт Бардо ў 1986 годзе. Асноўная мэта фонду — барацьба з жорсткім абыходжаннем з жывёламі, работа над паляпшэннем умоваў іх утрымання, а таксама падтрыманне прытулкаў.

Жывёлы знаходзяцца ў пункце часовага ўтрымання, дзе на шостыя суткі пасля адлову, як правіла, ім робіцца эўтаназія. Варта яшчэ адзначыць, што практыкі адлову ў Беларусі настолькі негуманныя, што многія жывёлы гінуць у працэсе — да «Фауны горада» даязджае толькі каля чвэрці адлоўленых катоў і сабак. Паводле заяваў зоаабаронцаў, кожны месяц з тэрыторыі «Фауны горада» вывозіцца ад 2,5 да 3 тон трупаў жывёл на ўтылізацыю.

У 2020 годзе фонд Брыжыт Бардо* хацеў прафінансаваць стэрылізацыю бяздомных жывёл у Беларусі, але атрымаў адмову ад уладаў, бо для дзяржавы значна прасцей вырашаць праблему бяздомных жывёл адловам і эўтаназіяй.

Брижит Бардо
Брыжыт Бардо ў прытулку для сабак, 2001

Відавочна, практыка забойства жывёл непрымальная ў гуманным грамадстве. І далей у артыкуле мы разгледзім, якія тут могуць быць альтэрнатывы.

1. Праграма «Злавіць — Стэрылізаваць — Вярнуць»

Праграма «Злавіць — Стэрылізаваць — Вярнуць» (TNR — Trap-Neuter-Return) прымяняецца ў многіх краінах. Бяздомных жывёл адлоўліваюць, стэрылізуюць і вяртаюць назад у іх звыклае асяроддзе. Пасля стэрылізацыі размнажэнне спыняецца, і колькасць папуляцыі паступова зніжаецца натуральным чынам. Стэрылізацыя вырашае праблему і патэнцыйнай агрэсіўнасці жывёлы: стэрылізаваная жывёла робіцца больш спакойнай, бо менавіта выкід тэстастэрону ў перыяд спарвання можа выклікаць агрэсію.

Праграма «Злавіць — Стэрылізаваць — Вярнуць» абыходзіцца танней, чым масавая эўтаназія або ўтрыманне жывёл у прытулках. Але каб праграма была эфектыўнай, яна павінна ахопліваць і суседнія тэрыторыі, каб міграцыя новых асобін не змарнавала ўсе намаганні.

Кошки в Колизее
Каты ў Калізеі і на Іспанскай лесвіцы

У якасці прыкладу можам згадаць Італію, якая забараніла эўтаназію здаровых хатніх жывёл з 1991 года і кантралюе бадзяжныя папуляцыі з дапамогай праграм адлову, кастрацыі і вяртання. Зараз па ўсёй Італіі дзясяткі тысяч катоў не прыручаныя, многія жывуць у зарэгістраваных і ахоўных каціных калоніях, сярод знакавых аб’ектаў культурнай спадчыны Рыма.

У Нідэрландах нацыянальная праграма TNR разам з актыўнай працай прытулкаў і жорсткім кантролем размнажэння практычна цалкам развязала праблему бяздомных жывёл і зрабіла Нідэрланды першай краінай у свеце, дзе няма ніводнага бадзяжнага сабакі.

Важна падкрэсліць, што праграма TNR эфектыўная толькі ў спалучэнні з іншымі сродкамі прадухілення з’яўлення новых бадзяжных жывёл. Да таго ж, не ўсе зоаабаронцы лічаць гэтую практыку гуманнай, паколькі стэрылізаваныя жывёлы па-ранейшаму застаюцца ўразлівымі да голаду, хвароб, трапляюць пад машыны і зазнаюць іншыя небяспекі. Тут можна ўспомніць Грузію, дзе за межамі Тбілісі і Батумі часта можна сустрэць знясіленых, але стэрылізаваных сабак, якія не могуць знайсці сабе пажыву.

2. Стварэнне стымулаў для ўсынаўлення бяздомных жывёл

Каб матываваць людзей браць жывёл з прытулкаў, варта стварыць праграмы заахвочвання, якія зробяць гэты працэс больш прывабным і даступным.

  1. Бясплатныя ветэрынарныя паслугі накшталт вакцынацыі, стэрылізацыі/кастрацыі, першаснага агляду і лячэння. У Беларусі валанцёр_кі звычайна на свае грошы лечаць і стэрылізуюць сабаку ці ката, а ўжо потым аддаюць здаровую жывёліну новым гаспад_ыням.

    У Нідэрландах, напрыклад, фінансавую падтрымку апякункам і апекунам, якія ўзялі жывёлу, дае сама дзяржава.
  2. Павышэнне падаткаў на куплю пародзістых жывёлін. У краінах Еўропы апякункі і апекуны пародзістых сабак плацяць падатак у некалькі разоў вышэйшы, чым тыя, хто ўзяў гадаванца з прытулку.

На чалавечым узроўні ёсць мноства прычын, чаму ўзяць жывёлу з прытулку — гэта найлепшы выбар. Самае галоўнае: калі вы бераце жывёлу з прытулку, то вы фактычна ратуеце ёй жыццё. Бяздомныя жывёлы часта жывуць ва ўмовах голаду, холаду, хвароб і траўм. Калі ж яны трапляюць у пункт часовага ўтрымання, то існуе высокая верагоднасць таго, што жывёле зробяць эўтаназію, калі яе на працягу вызначанага тэрміна не знойдзе нов_ая гаспад_ыня. У Мінску гэты тэрмін — 6 дзён.

Само выратаванне жывёлы, назіранне за тым, як гадаванец адаптуецца і робіцца часткай сям’і, прыносіць вялікае шчасце і радасць.

Замест высноваў

Марыяне Луізе Ціме, нідэрландская лідарка Партыі аховы жывёл, мяркуе, што існуе відавочная сувязь паміж гвалтам над жывёламі і гвалтам над людзьмі. Бо калі мы ігнаруем пакуты жывёл, гэта спрыяе нармалізацыі гвалту ў цэлым.

У час рэпрэсій у Беларусі і вайны ва Украіне мы чуем галасы «цяпер не да жывёл». Але бяздомныя жывёлы нікуды не знікнуць да абстрактных «лепшых часоў», і дапамога адным не забірае дапамогу ў іншых, а наадварот, робіць нас больш чулымі і гуманнымі. А яшчэ часам толькі праз дапамогу камусьці «маленькаму» можна зноў адчуць сваю сілу і тое, што мы ў стане на нешта паўплываць.

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 3.7 / 5. Колькасць галасоў: 6

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x