Абмеркаванні аб прыняцці закона аб адказным абыходжанні з жывёламі ў Беларусі вяліся даўно. На жаль, сфера хатніх жывёл не такая цікавая для дзяржавы, бо не прыносіць грошай, а зоаабарончыя арганізацыі раз’яднаныя і не настолькі падрыхтаваныя, каб удзельнічаць у лабіраванні на прафесійным роўні. Да таго ж дагэтуль адсутнічае афіцыйна ўпаўнаважаны орган, які б узяў на сябе адказнасць за сабак, катоў і жывёл-кампаньёнаў наогул.
Тым не менш пасля некалькіх дзясяткаў гадоў абмеркаванняў і дапрацовак, у 2024 годзе закон «Аб адказным абыходжанні з жывёламі» ў Беларусі быў прыняты і набыў моц 1 студзеня 2025 года.
У гэтым артыкуле мы разбярэм ключавыя аспекты закона і падумаем, як яго можна палепшыць.
Як абаранялі жывёл да прыняцця новага закона
З 1990-х пра жывёл-кампаньёнаў* было толькі некалькі артыкулаў у адпаведным раздзеле Грамадзянскага кодэкса — там жывёл прыраўноўвалі да рэчы. Былі яшчэ правілы ўтрымання катоў і сабак ад Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія не мяняліся з 1990-х.
У 2003 годзе ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях з’явіўся артыкул, які тычыцца жорсткага абыходжання з жывёламі. Караць за гэта не толькі адміністрацыйна, але і крымінальна сталі толькі ў 2015 годзе. Гэта было важным крокам, але гэтыя артыкулы закраналі толькі скрайнія выпадкі — напрыклад, жорсткае забойства жывёлы або здзекі. У цэлым, ні правоў, ні сістэмы абароны, ні нарматываў утрымання для катоў і сабак у Беларусі не было. Паколькі жывёлы прыраўноўваліся да рэчы, людзі выкідвалі сваіх гадаванцаў на вуліцу і такім чынам ад іх пазбаўляліся, застаючыся без пакарання.
Што мяняецца з новым законам
Глабальна, на жаль, не зменіцца нічога. У гушчары канцылярызмаў не атрымалася адшукаць якой-кольвек канкрэтыкі і, галоўнае, наступстваў за парушэнне закона.
Пачынаецца закон з паняццяў, якія ўжо з’яўляюцца супярэчлівымі. Проста ў прэамбуле (уступе) закона сказана, што ён не для і не дзеля жывёл:
Гэты закон <…> накіраваны на забеспячэнне бяспекі, ажыццяўленне і абарону правоў і законных інтарэсаў фізічных асобаў, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, юрыдычных асобаў пры абыходжанні з жывёламі, абарону жывёл ад жорсткага абыходжання з імі, зацвярджэнне прынцыпаў гуманнасці ў грамадстве і ўмацаванне яго маралі.
На першым месцы ўсё ж такі бяспека грамадзян. Таму і называецца закон не аб абароне (як у іншых краінах), а «аб адказным абыходжанні». Напрыклад, у суседняй Польшчы закон аб абароне жывёл прынялі ў 1997 годзе, і пачынаецца ён з таго, што чалавек абавязаны жывёле:
Жывёла, як жывая істота, здольная адчуваць пакуты, не з’яўляецца рэччу. Чалавек абавязаны ёй павагай, абаронай і клопатам.
Што яшчэ важнага і цікавага ў новым законе?

Закладзеныя базавыя прынцыпы, якія вызначаюць, як павінна выбудоўвацца стаўленне чалавека да жывёл
Гэтыя прынцыпы з’яўляюцца нечым накшталт маральных і прававых арыенціраў і гучаць яны так:
- забеспячэнне правоў і законных інтарэсаў фізічных асобаў, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, юрыдычных асобаў;
- маральнае і гуманнае стаўленне да жывёл як да істот, здольных мець пачуцці і фізічныя пакуты;
- адказнасць уладальнікаў за жыццё і здароўе жывёл;
- забеспячэнне абароны жывёл ад жорсткага абыходжання з імі і пазбаўлення ад іх.
На справе няма ніякіх механізмаў, праз якія могуць быць рэалізаваныя гэтыя прынцыпы: няма спецыяльнай інстытуцыі, якая б адказвала за абарону жывёл-кампаньёнаў і правярала нормы іх утрымання. Па сутнасці гэта проста прыгожыя словы, якія нічым не падмацаваныя.
Асабліва вылучаецца «прынцып гуманнасці», з якога гэты закон пачынаецца. Слова «гуманнасць» сустракаецца ў тэксце яшчэ не раз (як і «мараль»). Але што гэта напраўду значыць?
Напрыклад, для рэалізацыі прынцыпу гуманнасці прапануецца асвета і прапаганда гуманнага стаўлення. Але і без гэтага артыкула ў законе асвета аб абыходжанні з жывёламі адбывалася і адбываецца. А вось канкрэтныя механізмы, якія б дазвалялі вымераць гуманнасць, да гэтага часу адсутнічаюць. Бо можна было замацаваць базавыя ўмовы ўтрымання катоў і сабак (як гэта зроблена ва ўсіх цывілізаваных краінах) — доступ да вады, колькасць кармленняў, мінімальная плошча для ўтрымання і г.д. Не кажучы ўжо пра гарантаванне мінімальнай ветэрынарнай дапамогі.
Замест канкрэтных нормаў у законе прапісалі вось такія ўмовы:
Умовы ўтрымання жывёл павінны задавальняць іх патрэбы ў корме, вадзе, паветры, святле, адпачынку і іншыя фізіялагічныя патрэбы, якія ў тым ліку выяўляюцца ў рухальнай актыўнасці і адпраўленні натуральных патрэбаў.
Аднак без нормаў гэта недарэчная рэмарка.
Уводзіцца новая класіфікацыя відаў жывёл
- жывёла-кампаньён;
- жывёла, якая выкарыстоўваецца ў культурнай дзейнасці;
- жывёла, якая выкарыстоўваецца ў сферы фізічнай культуры і спорту;
- лабараторная жывёла;
- службовая жывёла;
- сельскагаспадарчая жывёла (у частцы недапушчэння жорсткага абыходжання з ёй);
- дзікая жывёла, якая ўтрымліваецца ў няволі (у частцы, не ўрэгуляванай актамі заканадаўства аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету).
Гэтая спроба падзяліць жывёл на групы ў залежнасці ад іх ролі ў грамадстве павінна дапамагчы больш дакладна адрэгуляваць іх утрыманне, догляд і абарону, паколькі патрэбы і ўмовы абыходжання з жывёламі ў розных катэгорыях істотна адрозніваюцца. Напрыклад, умовы для ўтрымання жывёлы-кампаньёна моцна адрозніваюцца ад патрабаванняў да сельскагаспадарчых жывёл ці, на жаль, лабараторных, выкарыстанне якіх дагэтуль практыкуецца ў Беларусі.
Але зноў жа, покуль у законе адсутнічаюць канкрэтныя нормы і механізмы кантролю, якія маглі б палепшыць умовы ўтрымання жывёл і ўзмацніць іх абарону. Для сельскагаспадарчых жывёл можна было б устанавіць мінімальныя памеры загонаў. Для лабараторных жывёл — як мінімум абавязковае выкарыстанне анэстэзіі ў эксперыментах. Для жывёл-кампаньёнаў — патрабаванні да выгулу і догляду.
Калі ж канкрэтыкі не дададуць пазней, то класіфікацыя застанецца толькі дэкларацыяй без рэальных зменаў у практыцы абыходжання з жывёламі.
Асабліва цікава тое, што ніякія прынцыпы гуманнасці і гарантыі з закона не распаўсюджваюцца на жывёл, «якія адносяцца да аб’ектаў палявання і рыбалоўства». Гэта значыць, жывёлы, на якіх палююць, разглядаюцца выключна як «прыродныя рэсурсы», якія падлягаюць выкарыстанню. У многіх краінах, напрыклад, Германіі, Швейцарыі і ў Нідэрландах, гуманнае стаўленне распаўсюджваецца на ўсіх жывёл, у тым ліку на тых, на якіх палююць.
Таксама прынцыпы гуманнасці не датычацца валацужных катоў і беспародных сабак, якія знаходзяцца на паляўнічых угоддзях (ч. 2 арт. 3 закона).
Прычым паняцце «валацужных» жывёл у заканадаўстве наогул адсутнічае, таму гэта можна трактаваць вельмі шырока. Валацужныя жывёлы — гэта любыя жывёлы па-за кантролем уладальніка, напрыклад, сабака, які ўцёк са шпацыру? Гэта дзікія жывёлы, якія жывуць у населеных пунктах, накшталт ліс і зайцоў?
Паколькі такое паняцце ў законе адсутнічае, то незразумела, хто менавіта адказвае за гэтых жывёл і пад якія працэдуры яны ў выпадку чаго падпадаюць: адлоў, стэрылізацыю, вакцынацыю.

Забарона на ўтрыманне жывёл-кампаньёнаў у пад’ездах, падвалах або на гарышчах
Згодна з законам, калі жывёла-кампаньён жыве ў пад’ездзе, падвале, на гарышчы ці ў іншым нежылым памяшканні жылога дома, то яна лічыцца безнагляднай і падлягае адлову.
Гэта значыць, што ўсе праекты пра «дамкі для коцікаў» у двары любога населенага пункта Беларусі незаконныя.
Зразумела, што гэтая забарона ўведзеная для таго, каб у падвалах і на гарышчах не распаўсюджваліся інфекцыі, каб там не было непрыемных пахаў, каб скараціць колькасць валацужных жывёл. Але тым не менш такія захады не вырашаюць праблему гуманна.
Замест стварэння сістэмных механізмаў дапамогі валацужным жывёлам закон проста абмяжоўвае іх права на выжыванне.
Зімой у Беларусі беспрытульная жывёла можа загінуць, калі яе не ўпусціць у той жа пад’езд.
Дзяржава пачне фінансаваць мерапрыемствы па абыходжанні з жывёламі
Па сутнасці гэта тое, дзеля чаго гэты закон увогуле прынялі. Раней ніводнае міністэрства не цікавілася пытаннем жывёл-кампаньёнаў, бо на гэта немагчыма было атрымаць сродкі з дзяржаўнага бюджэту. З прыняццем гэтага закона цяпер гэта будзе магчыма на ўсіх узроўнях (ад выканкама да міністэрстваў) — такім парадкам, пытанні, звязаныя з жывёламі-кампаньёнамі, стануць больш «прывабнымі» для дзяржаўных структур.
Але што тычыцца звычайных валанцёра_к і зоаабарончых арганізацый, то на іх гэта ніяк не распаўсюджваецца: фінансаванне прадугледжанае толькі для дзяржаўных мерапрыемстваў. Валанцёр_кі і прыватныя арганізацыі, якія большую частку працы выконваюць на ўласныя сродкі, застануцца па-за гэтай сістэмай.
Уводзіцца паняцце «валанцёр»
Аднак і гэта тычыцца толькі валанцёра_к, якія дапамагаюць у афіцыйных пунктах утрымання жывёл, прытулках ці арганізацыях. Людзі, якія дапамагаюць жывёлам самастойна, без інстытуцый, па-ранейшаму застаюцца па-за межамі прававой сістэмы і не могуць разлічваць на падтрымку дзяржавы.
Калі б Беларусь пераняла прыклад іншых краін, прызнаўшы незалежных валанцёра_к, гэта спрасціла б іх дзейнасць: яны маглі б афіцыйна збіраць ахвяраванні, атрымліваць падатковыя льготы ці зніжкі на ветэрынарныя паслугі. Такі падыход умацаваў бы сетку дапамогі жывёлам і дазволіў бы дзейнічаць больш сістэмна. Але, на жаль, не гэтым разам.

Уладальні_цы абавязаныя прадухіляць з’яўленне непажаданага патомства ў сваіх жывёл
У законе даволі падрабязна распісваюцца правы і абавязкі ўладальні_ц жывёлы. І там жа замацоўваюцца цалкам «фантастычныя» ўмовы (п. 2.5 арт. 12):
Уладальнік абавязаны <…> рабіць захады, каб не дапусціць з’яўленне непажаданага прыплоду жывёлы.
Якія гэта захады? І хто павінен палічыць патомства непажаданым? Абсалютна недарэчная норма ў законе.
І такімі ўмовамі гэты закон, на жаль, працяты наскрозь. Канкрэтныя нормы і меры адказнасці адсутнічаюць, пры гэтым выкарыстоўваюцца максімальна высакамоўныя словы — «гуманнасць», «мараль» і іншыя.
Пашыраюцца паўнамоцтвы Савета міністраў
Гэта азначае, што цяпер Савет міністраў зможа рэгуляваць некаторыя важныя пытанні. Напрыклад, парадак адабрання жывёлы або чыпавання, пытанні прытулкаў. Раней за гэта ў дзяржаве не адказваў ніхто.
5 свабод, або як можна палепшыць гэты закон
Законы пішуцца, каб іх выконвалі і каб адрэгуляваць тую ці іншую сферу чалавечых адносін. Па сутнасці закон «Аб адказным абыходжанні з жывёламі» павінен быў прадугледзець мінімальныя нормы ўтрымання, а таксама абавязкі накшталт чыпавання, вакцынацыі, падавання базавай ветэрынарнай дапамогі. Гэта было б значна больш карысным і для жывёл і для тых, хто ім спачувае, але складаней для дзяржавы, бо ў такім выпадку трэба прадугледжваць орган, які будзе адказваць за кантроль і нагляд. Покуль такі орган для нормаў, якія датычацца жывёл, адсутнічае (як і самі нормы), можна прыняць любы закон, гэта ні на што не паўплывае.
У Еўропе даўно створаны адзіны падыход да дабрабыту жывёл, ён замацаваны ў Сусветнай дэкларацыі дабрабыту жывёл, дзе пазначана, што жывёлы маюць права на:
- свабоду ад голаду і смагі,
- свабоду ад дыскамфорту,
- свабоду ад болю, траўмаў і хваробы,
- свабоду натуральных паводзін,
- свабоду ад страху і стрэсу.
Гэтыя 5 свабод, а таксама канкрэтныя нормы ўтрымання ўжо могуць абараніць жывёлу — вядома, калі прадугледжаная адказнасць.
І яшчэ ў новым законе не прадугледжанае абавязковае чыпаванне, што абцяжарвае ідэнтыфікацыю кінутых гадаванцаў, пошук уладальнікаў і ўладальніц і кантроль над адказным утрыманнем.
Міжнародны вопыт паказвае, што тыя краіны, якія прыйшлі да абавязковага чыпавання, не сутыкаюцца з праблемай бадзяжных жывёл. Дадзеныя пра жывёл і іх уладальні_ц заносяцца ў адзіную базу, і гэта дазваляе аператыўна знаходзіць гаспадара ці гаспадыню згубленай жывёлы і прадухіляць выпадкі безадказнага развядзення.
Аўтар: юрыст па правах жывёл
Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values — JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.
