Пра што марыць беларуская феміністка?

ГендарПравы чалавека
0
(0)

«Я феміністка, але нікому пра гэта не кажу — не хачу лішніх праблем», — прызнаецца адна мая знаёмая. Іншая заяўляе супрацьлеглае: «Я ведаю, як многіх бесіць адно толькі гэтае слова, таму называю сябе феміністкай пры кожнай нагодзе. Наўмысна».

Фемінізм як з’ява, пазіцыя, дзейнасць існуе у Беларусі не першы год, але ён усё яшчэ дзейнічае на многіх як чырвоная ануча на быка. І сёння, магчыма, яшчэ больш, чым раней. Чаму так?

Адна з прычын раздражнення — маятнік гісторыі ў чарговы раз хіснуўся ўправа, а там як у кніжках Оруэла: «свабода — гэта рабства». Што праўда, такое было раней, усё цыклічна. Сацыёлагі_ні кажуць, што грамадствы стамляюцца ў няпэўнасці, трывожацца ад шырыні вольнага выбару і ў нейкі момант прадукуюць запыт на канкрэтыку. «Скажыце нам, хто лепшы, хто горшы, дазвольце нічога не выбіраць, дайце загад, патлумачце, што рабіць, каб атрымаць піражок, а не па шапцы. Па шапцы атрымліваць, па шчырасці, надакучыла. Балюча яно. Да кучы яшчэ і „злыя феміністкі“ актывізаваліся».

Феміністак-кайфаломшчыц часта ўспрымаюць як пагрозу: яны задаюць нязручныя пытанні ў нязручны момант, не смяюцца з сэксісцкіх жартаў, атручваюць агульную радасць нейкай сумнай статыстыкай і пастаянна крытыкуюць усё і ўся. Але ці хтосьці спрабуе іх пачуць? І калі даць ім слова — чаго хочуць і пра што мараць беларускія феміністкі? Пра гэта — у калонцы Жэні Мароз.

Праект беларускі Варвары Суднік «Змены 2/2» пра нябачную працу, неабароненасць і барацьбу за чалавечую годнасць

Каб праца феміністак была бачнай

Хто такая «феміністка» для выпадковага мінака з вуліцы? Блогерка, якая збірае тысячы праглядаў, актывістка, якая ходзіць на ўсе перадачы ў ютуб-тэлевізары. Выпадковы мінак з вуліцы не ведае, колькі беларускімі феміністкамі было зроблена для супрацьдзеяння хатняму гвалту, для адукацыі падлеткаў, для паляпшэння ментальнага здароўя дарослых, для ўсеагульнага дабрабыту.

Вядомы беларускі журналіст, пазнавальны твар беларускага YouTube, напісаў у Фэйсбуку, што быў уражаны тым, як валанцёркі зладжана ўзяліся дапамагаць палітвязням, вывезеным ва Украіну. Маўляў, не ведаў, што салідарнасць яшчэ існуе. Але для тых, хто бярэ ўдзел у гэтай дапамозе, салідарнасць нікуды і не знікала (а свой летапіс тая салідарнасць вядзе не ад 2020 года).

На жаль, пост шчырага здзіўлення адлюстроўвае нашу рэчаіснасць. Вялікія справы часта застаюцца незаўважнымі для незацікаўленага назіральніка — нават калі ён працуе ў медыя і калі-нікалі закранае «павестачку». У часы алгарытмаў Meta і бясконцых стужак навін куды прасцей заўважыць правакатыўны TikTok TERF-феміністкі* ды напісаць каментар «Не ўсе мужчыны такія», чым прыкласці намаганні і рэальна некаму дапамагчы.

* TERF-феміністка — гэта скарачэнне ад Trans-Exclusionary Radical Feminist, то бок радыкальная феміністка, якая выключае транс-людзей.

Вытрачаць час на тое, каб незацікаўленаму мінаку нешта давесці, — справа бессэнсоўная. Але калі хаця б азнаёміцца з традыцыйным штогадовым аглядам жаночых ініцыятыў на Радыё Свабода, то можна ўбачыць, што фемінісцкія актыўнасці не тое, што не згасаюць, але і па-ранейшаму носяць мазаічны (эпітэт прыгожы і не мой) характар. Жанчыны распрацоўваюць законапраекты, ствараюць адукацыйныя праграмы, ладзяць лідарскія трэнінгі, вядуць праваабарончыя маніторынгі, аказваюць псіхалагічную дапамогу, збіраюць гуманітарку, ставяць спектаклі, ладзяць выставы, выдаюць кнігі, запускаюць яскравыя медыяпраекты і гэтак далей. Кожная абірае сваю цікаўнасць і свой шлях.

Беларускі падкаст «Дочкі-маткі», у якім феміністкі розных пакаленняў абмяркоўваюць розныя тэмы

Пры гэтым відавочна, што для той, хто возьмецца, напрыклад, за тэму харасмэнту, прапорцыя «даю — бяру» будзе катастрафічна перакошаная ў бок «даю». Сёлета мы бачылі гэта ў кейсах з віднымі дзеячамі грамадзянскай супольнасці, якія не спяшаюцца браць на сябе адказнасць за непрымальныя ў прыстойным грамадстве паводзіны, і замест гэтага пускаюць у абарону статуса-кво свой велізарны сацыяльны капітал*. Але гэта не спыняе жанчын з прагай справядлівасці, і яны бяруць на сябе ношу няўдзячнай працы. 

* Гаворка ідзе пра кейсы Стрыжака і Міколы Дзядка

Таму смешна чуць, што нехта на «павестачцы» грэе рукі. Паспрабуй «пагрэць рукі» на тэме хатняга гвалту ці палавога выхавання — і паглядзі, ці застанецца на тых руках жывая скура. Актывісткі, якія бяруцца за гэтыя тэмы, выконваюць агромністы масіў штодзённай незаўважнай працы — але выгараюць яны звычайна ў цішы. Сафіты разгорнутыя ў іншы бок.

Праект Марыны Напрушкінай «Я хачу жанчыну-прэзідэнтку» — даніна павагі працы Зоі Леанард «I want a president» і заклік да больш інклюзіўнай і непатрыярхальнай палітыкі

Хтосьці ўпісваеца ў праекты, плён якіх можна будзе пабачыць далёка не праз год. Хтосьці робіць неверагодныя справы ананімна, не разлічваючы на ўдзячнасць і ўзнагароды. Хтосьці вытрачае невымерную энергію на інфанагоды, якія варта падсвяціць сёння, але пра якія забудуць ужо на наступны дзень. Кожная бяжыць свой марафон. І хочацца выразіць захапленне кожнай, хто не спыняецца.

Каб не пачынаць кожны раз усё нанова 

Тыпова беларуская сітуацыя — пачынаць усё нанова. Мы рыхтык тыя дзэн-будысты, якія малююць на пяску мудрагелістыя ўзоры, каб потым яны зніклі без следу. Будысты такім чынам пампуюць разуменне пераменлівасці. У нашым выпадку ўзоры разбурае не прырода і не мы самі, а венік няпрошанага госця — і ў такіх умовах разуменне пераменлівасці патрэбнае ці не больш. Разуменне і асэнсаванне.

Калі пасля 2020 года з інтэрнэта сталі знікаць буйныя беларускія СМІ, аказалася, што ніякіх архіваў пасля іх не застаецца. Усе летапісы згараюць з апошнім днём хостынга, і гэтым заклапочаныя адно толькі стваральні_цы гэтага кантэнту. Спажыўцы ведаюць: мудрагелістыя ўзоры на пяску ўсё адно нейкім чынам з’явяцца зноў. Гэта наш усебеларускі дзэн. Але тых, хто жыве на зямной кулі ўжо колькі дзясяткаў год, здзіўляе, што ўзоры не ўдасканальваюцца, а часам спрашчаюцца. Нібыта ўсіх адкатвае з акадэміі дзэн-мастацтваў у мастацкі садок, дзе ўсе ў захапленні ад таго, як на паперы з’явіўся кружочак.

Монаспектакль «Сувязь» беларускай рэжысёркі і акторкі Марыны Якубовіч. Спектакль заснаваны на рэальных гісторыях і лістах жанчын-палітзняволеных і прысвечаны ўсім беларускім палітзняволеным. Фота Mickael Klimt

Канешне, беларускаму фемінісцкаму руху патрэбныя свае летапісы, і яны час ад часу з’яўляюцца, фіксуючы адзін, другі, трэці фрагмент мазаікі (напрыклад, Makeout у свой час плённа працаваў з квір-архівамі). Але запыт на архіватарак па-ранейшаму адчуваецца. 

Гісторыя заўсёды чакае тых, хто абярэ сваім марафонам дакументацыю і захаванне наробка, каб перадаваць яго наступным пакаленням. Вось тады новая генерацыя не скажа ў чарговы раз, што робіць нешта «ўпершыню», а з гонарам заявіць, што развівае, паглыбляе, працягвае. І мы ўбачым выразныя траекторыі — рух углыб.

Каб сістэма не перакладала адказнасць на жанчын

«Калі капіталістычны свет разбураецца і больш не можа падтрымаць мужчын, калі няма ні працы, ні годных працоўных умоў, а ёсць толькі абсурдныя і жорсткія эканамічныя абмежаванні, адміністрацыйнае бязмежжа, зневажальная бюракратыя і ўпэўненасць, што цябе абводзяць вакол пальца кожны раз, як ты нешта купляеш, — адказнасць за ўсё гэта зноў жа ўскладаецца на жанчын. Гэтае нашае вызваленне робіць іх [мужчын] няшчаснымі. Памылка не ў бягучай палітычнай сістэме, а ў жаночай эмансіпацыі», — французская пісьменніца Віржыні Дэпант сфармулявала сваю «Кінг-Конг-тэорыю» амаль 20 гадоў таму, а гучыць так, нібыта заўчора.

Мы бачым, што людзі па ўсім свеце пакутуюць ад немагчымасці займець уласнае жытло, знайсці добрую працу, годна заняць вольны час і атрымаць павагу ад іншых. У часы агульнай нестабільнасці і расчаравання фемінізм становіцца зручнай мішэнню: пра гэта сведчыць узмацненне жанчынаненавісніцкіх рухаў як магчымасць безпакарана выплюхнуць гнеў і бездапаможнасць. Што з гэтым рабіць?

2026 год беларуская дзяржава абвясціла «годам беларускай жанчыны» — плануе «фарміраваць нацыянальны вобраз жанчыны-працаўніцы». Карыстальніцы Threads напружыліся: відавочна, беларускім жанчынам, якія і так працуюць на трох зменах (праца, хатні побыт, сямейны менеджмент) сёлета давядзецца працаваць яшчэ і над вобразам беларускай жанчыны. Гэта праца дасць нагоды дадаткова папрацаваць і феміністкам. Дарэчы, цікава, ці ведае гісторыя перыяд, калі беларуская жанчына не была працаўніцай?

Акрамя ўсяго іншага ў Беларусі зараз ідзе абмеркаванне забараніць аборты ў прыватных клініках. І тут узгадваецца праект Таццяны Ткачовай «Паміж правам і сорамам». Ён расказвае гісторыі некалькіх жанчын, якія па розных прычынах рабілі аборт. У кожнай з іх свая гісторыя: чарнобыльская трагедыя, гвалт, ранняя цяжарнасць, хвароба, здрада мужа ці матэрыяльныя цяжкасці.

Відавочна, што «абсурдныя і жорсткія эканамічныя абмежаванні, адміністрацыйнае бязмежжа, зневажальная бюракратыя і ўпэўненасць, што цябе абводзяць вакол пальца кожны раз, як ты нешта купляеш», застануцца з намі і ў 2026-м. Да кучы дадамо алгарытмы інтэрнэт-платформ, накіраваныя на бесперапыннае спажыванне, і бескантрольны штучны інтэлект.

Людзям усё больш складана будзе заставацца ў сваёй рэальнасці і па-сапраўднаму яе разумець. Тым цікавей будзе працягнуць размовы з маімі прыяцелькамі пра тое, якія яны феміністкі. Але спачатку нам давядзецца прыкласці намаганні, каб адмовіцца ад погляда звонку, які не дазваляе адной артыкуляваць свой фемінізм, а другую падганяе артыкуляваць «наперакор». Нам трэба вярнуцца ў сваю рэальнаць, трымаць фокус. Выпадковы мінак з вуліцы не мае мары і замінае марыць іншым. Але мы — будзем.

Аўтарка: Жэня Мароз

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 0 / 5. Колькасць галасоў: 0

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць