«Не чапайце мову!». Разбіраемся са стэрэатыпамі пра фемінітывы

ІнклюзіяВедыГендар
Обложка статьи про феминитивы
4.6
(14)

Фемінітывы і іх выкарыстанне да гэтага часу выклікаюць спрэчкі. Для кагосьці гэта важная частка самаідэнтыфікацыі, а для іншых — «скажэнне» мовы неіснуючымі словамі. Мы абмеркавалі з незалежным медыядаследчыкам Змітром Нікановічам, псіхалагіняй Алінай Бычковай і актывісткай Анастасіяй Мяркулавай самыя распаўсюджаныя стэрэатыпы пра фемінітывы.

Для даведкі:

Фемінітывы — словы жаночага роду, якія апісваюць асобу. Часта выкарыстоўвюцца пры апісанні роду чыннасці (лекарка, філосафка, студэнтка, мастачка). Аднак таксама і для іншых абазначэнняў асобы (беларуска, суперніца, іншаземка, халасцячка).

У 19 ст. слоўнік Ціхінскага (слоўнік, які не быў выдадзены, знаходзіцца ў архіве ў Вільнюсе) зафіксаваў 600 фемінітываў. У мінулым стагоддзі іх утварылася больш за 2000, а напачатку 21 ст. было ўжо больш за 3000 фемінітываў. І гэта заўсёды адбывалася ў звязцы з эмансіпацыяй жанчын. 

 незалежны медыядаследчык Зміцер Нікановіч:  

Фемінітывы робяць бачнымі жанчын і іх унёсак у дасягненні грамадства.

Прывяду некалькі прыкладаў, у якіх патрэбнасць фемінітываў даводзіцца практычнай неабходнасцю. Калі ў нататцы пра навуковае адкрыццё напішуць «біёлаг Дж. Сміт», то мы, хутчэй, падумаем пра біёлага «Джона», а не пра біялагіню «Джаан». Гэта вынік і ўмацаванне шкоднага стэрэатыпа пра тое, што навукоўцы — звычайна мужчыны, да таго ж нібыта лепшыя, чым жанчыны. Вы скажаце: «Але можна скарыстаць жа імя цалкам, каб даць зразумець, хто гэта, мужчына ці жанчына. Ці скарыстаць дзеясловы «вынайшаў» і «вынайшла», якія паказваюць на гендарную прыналежнасць героя ці гераіні публікацыі». Так, можна. І гэта альтэрнатыва «нязручнаму» фемінітыву. Але толькі падкрэсленае, наўмыснае выкарыстанне фемінітываў пакуль застаецца страхоўкай ад прыкрых памылак. Прыкладам, у падручніках па менеджменце ўжо ўкаранілася няслушная назва «кіраўніцкая рашотка Блэйка-Моўтана» (па прозвішчах двух навукоўцаў). Хаця насамрэч гэта рашотка «Блэйка-Моўтан». Блэйк — навуковец, Моўтан — навукоўка (і яе прозвішча не скланяецца).

Такім чынам, якія ж стэрэатыпы і перакананні часта бяруць на ўзбраенне праціўнікі фемінітываў? 

Папулярны стэрэатып пра сучасныя фемінітывы — гэта іх «несур’ёзнасць». Таму шмат кім яны ўспрымаюцца з насмешкай ці раздражненнем — асабліва, калі выкарыстоўваюцца ў кантэксце пасад ці прафесійных дасягненняў. Быццам, называючы некага «доктаркай», «інжынеркай» ці «прафесаркай», мы адразу ж зніжаем узровень кваліфікацыі і якасці працы чалавека. Чаму так адбываецца — адказвае Зміцер Нікановіч.

 незалежны медыядаследчык Зміцер Нікановіч:  

«Доктар» нібыта гучыць ганарова, а «дактарыха» — адразу не. Я шмат каго чамусьці здзіўляю «навіной» пра тое, што слова «дактарыха» сустракаецца ў літаратурных творах і ў жывой гаворцы ў значэнні «жанчына-доктар», «лекарка».

Вось у навуковым артыкуле ў «Весніку БДУ» за 1985 год тлумачыцца:

Большасць фемінітываў на -ш-а, якія ўжываюцца ў сучаснай беларускай мове, маюць паралельныя ўтварэнні на -к-a, -іх-а (-ых-а), -ч-а: аптэкарша — аптэкарка, аптэкарча; аграномша — аграномка, аграномча, аграноміха; інжынерша — інжынерка, інжынерыха, інжынерча; бібліятэкарша — бібліятэкарка, бібліятэкарыха, бібліятэкарча; білецёрша — білецёрка, білецёрча; брыгадзірша — брыгадзірка, брыгадзірыха, брыгадзірча; доктарша — доктарка, дактарыха; паштальёнша — паштальёнка, паштальёніха і г. д. Пры гэтым паралелі на -к-a, -іх-а (-ых-а) ўжываюцца як у пісьмова-літаратурнай, так і ў народна-дыялектнай мове. 

Таму цалкам натуральна выглядае слова «дактарыха», напрыклад, у перакладзе твора польскага пісьменніка Баляслава Пруса «Шарманка»:

Далажыў, што пані дактарыха з дзецьмі паехала на ўсё лета на дачу, што сапсаваўся водаправод, што дворнік Казімеж паскандаліў з гарадавым і пайшоў на тыдзень у кутузку.

Такім чынам, слова «дактарыха» не задумвалася ў значэнні «дрэнная лекарка». Як і слова «ўрачыха». Але «ўрачыха» і «дактарыха» ўсё ж гучаць грубавата, з некаторым грэбаваннем, праўда? Чаму? Адкуль бярэцца гэта паблажлівая ці нават грэблівая інтанацыя ў таго, хто прамаўляе гэтыя словы?

Самі словы і суфіксы, з дапамогай якіх яны ўтвораны, тут зусім ні пры чым. Хутчэй, гэтыя суфіксы прыдбалі некаторае значэнне пад уплывам расейскай мовы і маўленчай традыцыі, якая ўкаранілася з-за грамадскіх стэрэатыпаў пра другарадную ролю жанчыны ў прафесійным жыцці. І таму актывісты і актывісткі, якія ўжываюць фемінітывы ў сваёй гаворцы, імкнуцца нармалізаваць іх, імкнуцца не звязваць выкарыстанне гэтых слоў з напышлівай інтанацыяй: «урачыха», «дактарыха». У жаданні гэта нібыта грубіянства і грэблівасць ухіліць, ўжываюць словы «доктарка» ці «дакторка», «лекарка». І гэтак далей: «сакратарка» (а не «сакратарша»), «дацэнтка» (а не «дацэнтша»). Суфікс «к» быццам бы робіць слова больш нейтральным.

Дарэчы, слова «дакторка» (як і многія падобныя словы) сустракаецца ў Якуба Коласа:

[Дачка нарадавольца] была ўжо не першай маладосці, працавала дакторкаю ў адной з земскіх бальніц.

Таму для беларускай мовы фемінітывы, што ўтвараюцца з дапамогай суфікса «к» (ды і іншых суфіксаў), цалкам натуральныя. Таму і «міністарка», «прафесарка» ў беларускай мове радзей выклікаюць спрэчкі — у параўнанні з расейскай мовай.

«Фемінітывы нармальныя толькі для хатніх гаспадынь і медсёстраў»

Грамадства не пярэчыць супраць выкарыстання фемінітываў у побытавых сферах: кухарка, прыбірачка, прачка. А вось з’яўленне дырэктарак і прэзідэнтак ужо выклікае неўразуменне і пратэст. 

Часам гэта звязана з перадузятым успрыманнем некаторых прафесій як «нежаночых» і з гістарычнымі стэрэатыпамі пра тое, што пэўныя заняткі ці ролі мужчынам падыходзяць больш, чым жанчынам.

Цікава, што часта людзі не ўсведамляюць гэтых перакананняў: «Я не супраць, каб пасаду дырэктара займала жанчына, проста не трэба рабіць на гэтым акцэнт!». Калі вы тут пазналі сябе, то можна парэфлексаваць, чаму падкрэсленне ролі жанчыны выклікае ў вас раздражненне ці нязручнасць.

 актывістка і феміністка Анастасія Мяркулава:  

Мне здаецца, што  справа проста ў звычцы . Нейкія словы звычайна гучаць у жаночым родзе, і мы нават не задумваемся пра гэта ці пра тое, а як бы гэта слова гучала ў мужчынскім родзе ці з іншымі суфіксамі. Іншыя ж словы гучаць меней звыкла, таму мы яшчэ шукаем больш мілагучныя канструкцыі.

Але не ўсе задумваюцца пра тое, што мова — гэта не сталая канстанта. Мова — гэта сродак, які змяняецца, і гэта мы, людзі, яго ствараем і адаптуем пад свае патрэбы. 

А калі казаць пра тое, што некаму рэжа слых «прэзідэнтка» ці «дырэктарка», то корань гэтай праблемы крыецца ў патрыярхальным ладзе. Усяго некалькі «старонак» назад гісторыя не ведала такога, каб жанчыны займалі пасады не дома, не ў абслузе. І нават «студэнткамі» жанчыны сталі далёка не адразу. Атрымоўваецца так, што чым вышэй статус, тым меней словы, што яго транслююць, звыклыя ў жаночым родзе.

 незалежны медыядаследчык Зміцер Нікановіч:  

Фемінітывы дапамагаюць пры выкарыстанні ўніверсальных замежных імёнаў, якія патэнцыйна могуць належаць і мужчынам, і жанчынам. Прыкладам, у СМІ пішуць «фігурыстка Саша Коэн» — і адразу зразумела, што Саша Коэн гэта не фігурыст. Заўважце, словы «фігурыстка», «баскетбалістка», «лёгкаатлетка» легальнае месца ў мове атрымалі. Мяркую, гэта звязана з тым, што жанчыны адбаранілі сваё права быць прафесійнымі спартоўкамі, яны актыўна бяруць удзел у спаборніцтвах — іх дзейнасць у гэтым кірунку стала бачнай.

Падобная сітуацыя і ў іншых грамадскіх сферах: нас не бянтэжаць «настаўніцы», «выхавальніцы», «сакратаркі» і нават «дырэктрысы». Але чамусьці бянтэжаць «прэзідэнткі» і «дзяржсакратаркі». Маўляў, нягожае. А чаму?

Таму што «прэзідэнткі» у складзенай грамадскай іерархіі — з’ява пакуль рэдкая. Некаторым носьбітам мовы пакуль яшчэ балюча гэту з’яву вымаўляць. Для «багінь», «царыц», «княгінь» і «імператрыц» грамадства саспела, а «прэзідэнтка» і «спікерка парламенту» пакуль яшчэ рэжуць вуха і колюць вока.

«Не хачу падавацца слабой і наўмысна падкрэсліваць, што я жанчына»

Плюс ёсць стэрэатып, што ўсё жаночае — гэта нешта нетрывалае, несур’ёзнае і не вельмі якаснае. Успомніце выразы «жаночы занятак», «чыста жаночы падыход», тыповыя жаночыя паводзіны, «адразу бачна — жанчына рабіла». Якія выявы адразу прыходзяць да галавы?

Бачылі віншаванне з 23 лютага, запісанае супрацоўніцамі мінскага аэрапорту? У ім — жанчыны абясцэньваюць сябе і транслююць, што без мужчын яны ні на што няздольныя, і калі за імі не прыглядаць, то на нарадах яны будуць толькі пляткарыць і абмяркоўваць касметыку.

Гэтак і атрымоўваецца, што выкарыстанне фемінітываў здаецца нявыгадным для жанчын — «ці сама сябе зняважу, ці сутыкнуся з агрэсіяй ці насмешкай».

Але тут важна разумець, што такія стэрэатыпы выгадныя для патрыярхальнага кантэксту, калі жанчына не высоўваецца, служыць мужчыну і не складае яму канкурэнцыі. Спачатку можа падавацца, што не выкарыстоўваць фемінітывы сапраўды прасцей, але жыць у нераўнапраўным грамадстве значна складаней.

 псіхалагіня і кпт-арыентаваная тэрапеўтка Аліна Бычкова:   

Пра жанчын часта можна пачуць як пра «слабы пол». А калі мы кажам пра мужчын, то гэта пра сілу. І тут быццам ёсць укаранелае супрацьстаўленне: дужы мужчына і слабая жанчына. Гэта «спрошчанае» мысленне, заснаванае на глыбінных стэрэатыпах. Чалавечы мозг заўсёды імкнецца да простага вырашэння задач, да простага пошуку адказаў, таму забабоны вельмі зручныя.

У працэсе жыцця жанчыны падвяргаюцца рознаму ўплыву: сям’я, школа, універсітэт і іншае. Гэты ўплыў фармуе розныя глыбінныя перакананні пра свет і пра сябе — прыкладам, «я слабая», «я не заслугоўваю кахання», «я не павінна высоўвацца».

Такія перакананні працуюць як лінзы, праз якія чалавек глядзіць на сітуацыі і жыццёвы досвед. Яны могуць нават не ўсведамляцца чалавекам. Але ёсць і тыя перакананні, якія чалавек адмыслова ператварае ў правілы жыцця. Прыкладам, «калі я буду ўжываць фемінітывы, то ўсе пазнаюць, што я слабая» ці «я не хачу здацца слабой, таму буду хавацца за “мужчынскімі” заняткамі». Па сутнасці, гэта разважанні чалавека пра сябе і пра тое, як ён ці яна выглядае ў вачах іншых людзей.

Як вырашыць такую праблему?

«Мне ўсё адно»

Некаторыя жанчыны не ўжываюць фемінітывы, аргументуючы гэта адсутнасцю адменнай розніцы. «Нічога ж не памяняецца, калі я скажу “блогерка” замест “блогер”». Так, на першы погляд гэта не здаецца сур’ёзнай праблемай, але калі задумацца, то гэта ігнараванне важнага працэсу нармалізацыі фемінітываў, які дазваляе жанчынам стаць бачнымі і раўнапраўнымі з мужчынамі.

 актывістка і феміністка Анастасія Мяркулава:  

Мяркую, што такая пазіцыя дзяўчат — гэта нейкая лагічная памылка. Выкарыстанне фемінітываў змяняе шмат што. І чым шырэй іх ужываць, тым хутчэй стане бачны вынік. Мая пазіцыя: «больш фемінітываў багіні фемінітываў!». Мяркую, час не стаіць на месцы, і людзей, якія выкарыстоўваюць фемінітывы, усё адно робіцца ўсё больш. І такія абыякавыя да іх дзяўчаты таксама з часам звыкнуць і будуць іх ужываць.

«Вы перакручваеце мову»

Фемінітывы — гэта патрэба соцыуму. Мова заўсёды рэагуе на сацыяльныя патрэбы і адлюстроўвае іх. А патрэба ў тым, каб жанчыны сталі бачнымі.

Падумайце пра змену мовы з іншага боку. Выкарыстанне фемінітываў не псуе мову, а наадварот, узбагачае яе, дазваляючы нам больш дакладна і дэталёва выяўляць свае думкі і ідэі.

Чым больш разнастай  і інклюзіўнай робіцца мова, тым лепш яна адлюстроўвае разнастайнасць чалавечага досведу і ідэнтычнасцяў. Развіццё мовы няўхільнае, натуральнае і патрэбнае для таго, каб забяспечыць роўнасць і інклюзію для ўсіх яго чал_інь.

Калі чытаеш загалоўкі навін, і там «Адыль Дэкк: архітэктар-бунтар», «новы фільм рэжысёра Хайфы Аль-Мансур», «аператар Ары Вегнер», «рэдактар часопіса Саша Камко» — па змаўчанні думаеш пра мужчыну. Фемінітывы — спроба пазбыцца гэтых стэрэатыпаў і адразу трансляваць ролю жанчын. 

 незалежны медыядаследчык Зміцер Нікановіч:  

Я не думаю, што фемінітывы псуюць гаворку. Але гэта мая думка. Некаторыя дазваляюць сабе з высокіх трыбун сварыцца матам, цытаваць дзіцячыя лічылачкі і выкарыстоўваць турэмныя аргатызмы. Фемінітывы на гэтым фоне — нібы не крымінальная, нават шляхетная, карысная сацыялінгвістычная з’ява, што звяртае ўвагу на правы і ўнёсак развіццё грамадства вялікай і ўплывовай сацыяльнай групы — жанчын.

І што нам усім з гэтым рабіць

Таму калі вы жанчына,  не бойцеся паказваць сябе . На гэта сапраўды патрэбна адвага. Але памятайце, што бачнасць жанчын дапамагае прызнаць ваш унёсак і ролю ў развіцці грамадства. Падтрымлівайце іншых жанчын, калі яны ўжываюць фемінітывы.

Часта фемінітывы пазбягаюцца з-за таго, што «проста нязвыкла і дзіўна неяк». Памятайце, раней «пісьменніца», «студэнтка, «супрацоўніца» былі таксама нечым рэвалюцыйным і сустракаліся ў штыкі. Цяпер, дзякуючы жанчынам, якія некалі дамагліся бачнасці ў гэтых абласцях, для нас гэтыя словы звыклыя. Вы можаце таксама паўплываць на тое, каб кар’ерны шлях жанчын вашай прафесіі ў будучыні быў прасцейшым і не застаўленым патрыярхальнымі стэрэатыпамі.   


Аўтарка: Саша Камко
Фота: shahin khalaji

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 4.6 / 5. Колькасць галасоў: 14

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x