Я не такі, як ты. Але гэта не значыць, што мяне трэба прымушаць стаць такім жа
― так пачынаецца брашура «Не расстройвай мяне», якая распавядае пра патрэбы людзей з аўтызмам. Часам людзі, сутыкаючыся з нязвыклымі паводзінамі ці ўкладам жыцця, не разумеюць, як рэагаваць карэктна ― а што будзе нетактоўным, непаважлівым, грубым. Праява іншасці можа выклікаць не толькі здзіўленне, але нават варожасць і агрэсію. Менавіта таму неабходна больш расказваць пра людзей з разладам аўтычнага спектру ці РАС і разбураць міфы пра жыццё з гэтай асаблівасцю.
«Не расстройвай мяне» ― карысны матэрыял, які дакладна, тактоўна і мякка распавядае пра людзей з РАС на такім практычным прыкладзе, як паход у цырульню. Сёння, у Сусветны дзень распаўсюджвання інфармацыі пра аўтызм, распавядаем пра брашуру з каментарамі ад яе стваральніка ― беларускага валанцёра, цырульніка, актывіста Пашу Цеплату.
ІншыЯ: Паша, што ў гэтай брашуры ты сам лічыш галоўным?
Паша: Я цырульнік і бачыў шмат сітуацый, калі людзі прапаноўвалі трымаць сваіх дзяцей і стрыгчы іх сілком. У выніку мы часта атрымліваем нават траўміраваных дарослых, якія баяцца проста стрыгчыся. Таму самым галоўным у гэтай брашуры ― нават яе асновай, своеасаблівым падмуркам ― я бачу ідэю нягвалту над людзьмі незалежна ад таго, якія ў іх ёсць асаблівасці.
Што такое нягвалт? Па-першае, гэта адчуванне бяспекі. Яно магчыма толькі тады, калі чалавек знаходзіцца ў звыклых для сябе абставінах, сярод знаёмых рэчаў, гукаў, пахаў. Па-другое, гэта адсутнасць прымусу. Можна дзейнічаць з павагай да пачуццяў і цела чалавека. Так, гэта патрабуе больш часу, але захавае ўнутраную раўнавагу і сфарміруе давер. А без яго камунікацыя будзе немагчыма.
Важна разумець, што чалавека з аўтызмам нельга ігнараваць, нельга грэбаваць ягонымі запытамі. Трэба сапраўды пачуць і зразумець гэтае простае слова «не».
ІншыЯ: Як думаеш, што чытач_кі заўважаць у першую чаргу, калі разгарнуць тваю брашуру?
Паша: Сябе. Людзі, якія чытаюць брашуру ― нават тыя, хто адносіць сябе да нейратыповых ― пачынаюць усведамляць каштоўнасць уважлівага стаўлення да людзей і іх патрэбаў. І да тых, якіх большасць, і да тых, хто адрозніваецца. Я бачу гэта вельмі важным.
Брашура не толькі распавядае пра досвед аўтычных людзей, але і раіць, як лепей сябе паводзіць і што варта ўлічваць у камунікацыі з імі. Ты веда_ла, напрыклад, што людзі з РАС адчуваюць сябе значна камфортней, калі цалкам усведамляюць, што адбываецца? Проста чакаць, не разумеючы, што будзе далей, ― даволі моцны стрэс для аўтычных людзей. Калі ты адразу патлумачыш паслядоўнасць сваіх дзеянняў ― што адбываецца зараз, што будзе наступным, што гэта за дзіўны пах ці гук ― асобе з РАС будзе значна прасцей.
Брашура даступная на пяці мовах: беларускай, расейскай, украінскай, польскай і нямецкай. Рыхтуецца пераклад на ангельскую мову ― у хуткім часе будзе ў наяўнасці. Для каго зроблена выданне? У першую чаргу, для бацькоў і апякун_ак людзей з нейрадрознасцю. Але насамрэч матэрыял карысны шырокаму колу чытач_ак, бо навучацца карэктнай камунікацыі з рознымі сацыяльнымі групамі важна для камфортнага, бяспечнага і салідарнага грамадства.
Калі цябе натхніла гэтая брашура так жа сама, як і нас, ты можаш зрабіць добрую справу і падтрымаць Пашу. Тое, што пачалося як нататкі на тэлефоне, пераўтварылася ў вельмі важную рэч. Паша ўжо атрымаў і працягвае атрымліваць водгукі-падзякі ад людзей з розных краін, якія расцяць дзетак з РАС ці самі маюць падобны досвед. Праца над выданнем ад напісання да дызайну і перакладу на розныя мовы была зробленая на валанцёрскіх пачатках. Зараз Паша шукае фінансаванне, каб раздрукаваць і працягнуць распаўсюд брашуры. Дапамагчы данатам можна па спасылцы.
- Аўтызм ― гэта не хвароба, яго не трэба лекаваць. Нягледзячы на тое, што ў псіхіатрыі аўтычны спектр усё яшчэ класіфікуецца як разлад, самі аўтычныя людзі кажуць пра свой стан як пра асаблівасці развіцця нервовай сістэмы, нейраадрознасць, разнаякасць нормы ― і мы можам толькі пагадзіцца!
- Аўтызм часта (але далёка не заўсёды!) заўважаюць ў раннім дзяцінстве. Ягоная наяўнасць не залежыць ад расавай прыналежнасці ці сацыяльна-эканамічнага статусу. Ён шырока распаўсюджаны ва ўсіх рэгіёнах міра.
- Важна разумець, што выключанасць людзей з аўтызмам з грамадства не звязаная з іх рэальнымі здольнасцямі. Ва ўмовах падтрымкі, увагі да іх патрэбаў, добразычлівага стаўлення людзі з РАС паўнапраўна і прадуктыўна ўдзельнічаюць у жыцці грамадства.
Тэкст: Марыйка Арлова
Фота: Sonny Sixteen