Як арганізаваць мерапрыемства, на якое прыйдуць людзі са слабым зрокам і невідушчыя 

ІнклюзіяВеды
4.7
(7)

У свеце каля 2,2 мільярдаў чалавек пакутуюць ад парушэння бліжняга ці дальняга зроку. А ў Беларусі больш за 25 тысяч чалавек маюць групу інваліднасці з-за парушэння зроку. З іх 1,7 тысяч ― дзеці.

У 1924 годзе з’явілася Беларускае таварыства інвалідаў па зроку («БелТІЗ»). Гэта самае буйное аб’яднанне людзей са слабым зрокам і невідушчых людзей у краіне, якое імкнецца дапамагаць на розных узроўнях: ствараць безбар’ернае асяроддзе, праводзіць рэабілітацыю, арганізоўваць забаўляльныя мерапрыемствы. Менавіта «БелТІЗ» часцей за ўсё робіць івэнты, даступныя для людзей са слабым зрокам і невідушчых людзей ― што нядзіўна. Аднак вельмі рэдка такія мерапрыемствы ладзяць іншыя арганізацыі і ініцыятывы. 

У такой сітуацыі ёсць розныя прычыны. Адна з іх ― складанасць стварэння на 100% інклюзіўнага івэнту для ўсіх. Часцей за ўсё пляцоўкі адаптуюць для канкрэтнай групы, забываючыся, што на мерапрыемства можа патрапіць чалавек з любымі асаблівасцямі. Арганізатары і арганізатаркі, напрыклад, могуць планаваць івэнт з улікам патрэбаў людзей без слыху і папросту не прадугледзець даступнасць для людзей са слабым зрокам і невідушчых. Так і атрымліваецца, што арганізатарская праца дзейнічае кропкава, а людзям даводзіцца наведваць толькі тыя мерапрыемствы, якія ствараюць выключна для іх.

Паспрабуем разабрацца, як арганізаваць мерапрыемства, на якое лёгка зможа патрапіць чалавек са слабым зрокам і невідушчы чалавек ― і будуць адчуваць сябе там камфортна.

1. Зрабіце так, каб людзі са слабым зрокам і невідушчыя даведаліся пра івэнт 

― Для таго каб на мерапрыемства прыйшлі, пра яго павінны даведацца, ― распавядае Эльвіра Каралёва, стваральніца інклюзіўнага арт-праекту «Я прыеду». ― Ты можаш зрабіць ідэальны івэнт, улічыць разнастайныя нюансы і запатрабаванні людзей з асаблівасцямі зроку, але яны пра яго нават не даведаюцца. Варта падумаць аб рэкламе падзеі і прасоўванні яе сярод мэтавай аўдыторыі, гэта важны этап падрыхтоўкі інклюзіўнай падзеі. 

Калі канцэрт, творчая вечарына, тэатральная пастаноўка або мастацкая выстава даступныя для наведвання людзям з інваліднасцю па зроку, то важна зрабіць на гэтым акцэнт пры прасоўванні мерапрыемства. Не будзе лішнім паказаць, як менавіта ствараецца безбар’ернае асяроддзе: наяўнасць на пляцоўцы тактыльных пазнак, аўдыёсуправаджэння, матэрыялаў на шрыфце Брайля і г.д. 

Саюз невідушчых і людзей са слабым зрокам Славакіі з 1990 года займаецца абаронай інтарэсаў людзей з парушэннямі зроку і стварэннем для іх роўных магчымасцей. Саюз удзельнічае ў арганізацыі мноства івэнтаў для невідушчых і людзей  са слабым зрокам ― і дзеліцца вопытам з іншымі ініцыятывамі:

― Карысна пераканацца, што сайт, на якім апублікаваны анонс мерапрыемства, даступны для людзей са слабым зрокам і невідушчых. Таксама важна размясціць інфармацыю аб мерапрыемстве на бачным месцы сайта. Прэзентацыйныя і друкаваныя матэрыялы павінны адпавядаць прынцыпам выразнага шрыфта, ― распавядае Элішка Фрычоўска, менеджэрка па сувязях з грамадскасцю Саюза невідушчых і людзей са слабым зрокам Славакіі. ― Тэрмін «выразны шрыфт» складаецца з спосабаў зрабіць друкаваны тэкст даступным для людзей з парушэннямі зроку. Але адпавяданне прынцыпам выразнага друку выгаднае для самай шырокай публікі ― напрыклад, для людзей сталага веку ці тых, каму трэба хутка знайсці патрэбную інфармацыю ў тэксце, не напружваючы і не стамляючы вочы. Шчыльнасць паперы, вялікія інтэрвалы паміж абзацамі, роўныя прабелы паміж словамі, выраўнанне тэксту па левым краі, высокі кантраст паміж шрыфтам і паперай ― вось ключавыя моманты, якія палягчаюць чытанне.

2. Прадумайце, як госці прыедуць на мерапрыемства і як яго пакінуць

Безбар’ернае даступнае мерапрыемства ― гэта важна, але не варта забываць і пра дарогу да івэнту. Немагчыма самастойна стварыць безбар’ернае асяроддзе на любым гарадскім маршруце, але можна выбіраць прастору з такім асяроддзем вакол. У некаторых выпадках магчыма індывідуальнае прадумванне маршруту госця ці госці з інваліднасцю па зроку ― калі яны хочуць патрапіць на мерапрыемства і маюць патрэбу ў дапамозе. 

 Можна рабіць бясконца шмат добрых інклюзіўных мерапрыемстваў, але важна, каб людзі маглі на іх патрапіць.  Тое, як чалавек з інваліднасцю прыедзе на яго, а потым з’едзе, ― значны этап падрыхтоўкі. У многіх гарадах ёсць праблемы з транспартнай сістэмай і яе абсталяванасцю безбар’ернымі элементамі, гэта варта ўлічваць, ― дзеліцца досведам Эльвіра Каралёва.

Экспертка распавяла, што ў рамках работы свайго праекта спрабавала вырашаць праблему перамяшчэння з дапамогай валанцёраў і валанцёрак. Эльвіра публікавала пасты з просьбай суправадзіць невідушчага чалавека да дома, крамы, тэатра ці парку ― гэта практычна не знаходзіла водгуку. Таксама Эльвіра шукала патэнцыйных валанцёраў і валанцёрак у дамах, дзе жывуць невідушчыя людзі. Але і гэта аказалася беспаспяховым: «Дзіўна, што людзі з інваліднасцю ў дамах з сотнямі кватэр не знаходзяць тых, хто мог бы ім дапамагчы. Хутчэй за ўсё, не ва ўсіх ёсць час і магчымасць, хаця неабыякавых людзей сапраўды шмат, таму варта працягваць пошукі». 

3. Стварыце дасяжную прастору для людзей са слабым зрокам і невідушчых людзей 

Нюансаў шмат, але ўсё магчыма прадугледзець.

  • Для пачатку  варта прадумаць безбар’ернае асяроддзе ў памяшканні , дзе праходзіць мерапрыемства. Для людзей са слабым зрокам вялікае значэнне маюць маркіраваныя шкляныя паверхні: гэта неабходна для таго, каб чалавек змог выявіць, напрыклад, шкляныя дзверы і пазбегнуць траўміравання. У такім разе на яе наляпляюць кругі яркага жоўтага колеру дыяметрам 10-20 см. Таксама важныя першая і апошняя прыступкі ўсходаў, пазначаныя так, каб людзі са слабым зрокам маглі іх распазнаць. На падлозе могуць быць накіравальныя лініі, каб зарыентаваць удзельнікаў і ўдзельніц.
  •  Праграма мерапрыемства таксама мусіць быць даступнай.  Важна, каб чалавек са слабым зрокам або невідушчы чалавек маглі адчуць экспанат/прадмет. Для гэтага ён павінен суправаджацца тэкстам на шрыфце Брайля ці каментаром, які можна праслухаць у дадатку. Калі на мерапрыемстве дэманструецца фільм, ён павінен мець суправаджальны аўдыёкаментар.
  • У глядацкай зале месцы для людзей з абмежаваннямі па зроку  павінны быць абсталяваны тактыльнымі пазнакамі , якія дазваляюць самастойна выявіць патрэбнае месца, а таксама  спецыяльнымі персанальнымі прыборамі для атрымання маўленчых каментароў  аб тым, што адбываецца на экране або сцэне.
  • Дапаможнік «Этыкет інваліднасці» прапануе  звярнуць увагу на якасць друкаваных матэрыялаў . Яны павінны быць надрукаваны буйным шрыфтам, каб госці са слабым  зрокам  маглі азнаёміцца ​​са зместам. Выразнасць напісання, інтэрвал паміж літарамі і словамі гэтак жа важныя, як і памер шрыфта. Літары павінны быць выразна напісаны кантраснымі колерамі. Большасці людзей з кепскім зрокам лягчэй за ўсё прачытаць  тлустыя белыя літары на чорным фоне . Варта пазбягаць выкарыстання толькі вялікіх літар, таму што людзям з кепскім зрокам цяжэй за ўсё адрозніць канец сказа. Важна добрае асвятленне, але яно не павінна быць занадта яркім. Насамрэч залішне бліскучая папера ці сцены могуць ствараць водбліск, які турбуе вочы людзей.

― Для мяне на мерапрыемствах актуальная магчымасць сядзець далей ад калонак, ― расказвае Дар’я Дарошка, невідушчая беларуская паэтка і актрыса. ― Думаю, шматлікія татальнікі (заўв. татальна невідушчыя) валодаюць павышанай адчувальнасцю, часта хочацца зменшыць гук. Другі немалаважны аспект ― занадта шмат візуальнага складніку. Але тут, вядома ж, гуляе ролю тая акалічнасць, што арганізатары і арганізатаркі ўлічваюць інтарэсы людзей са слабым зрокам, для якіх яркі візуальны шэраг можа быць дарэчны. Але для татальніка гэта вялікі мінус.

― На выставах не варта недаацэньваць асвятленне, ― падкрэслівае Элішка Фрычоўска з Саюза невідушчых і людзей са слабым зрокам Славакіі. ― Часам у памяшканні занадта цёмна і асветлены толькі асобныя фрагменты. Такія пераходы ад святла да цемры ўяўляюць вялікую праблему для чалавека са слабым зрокам: у некаторых адаптацыя зроку займае некалькі хвілін. Акрамя таго, правільнае асвятленне дапамагае шматлікім людзям са слабым зрокам  эфектыўна выкарыстоўваць захаваны зрок.

4. Збярыце каманду, прыязную да невідушчых людзей і людзей са слабым зрокам

На івэнце ўдзельнікам і ўдзельніцам са слабым зрокам і невідушчым можа спатрэбіцца дапамога арганізатараў і арганізатарак. Важна, каб нехта з каманды ў гэты момант апынуўся побач і не разгубіўся. 

Азнаёміцца ​​з усімі рэкамендацыямі па камунікацыі можна ў нашым зборніку «Як падрыхтаваць і правесці інклюзіўнае мерапрыемства. Рэкамендацыі для арганізатарак_аў».

Тут мы прыводзім асноўныя парады:

Прадстаўцеся, перш чым усталяваць фізічны кантакт.
Назавіце невідушчаму чалавеку сваё імя і статус, калі гэта дарэчы, напрыклад: валанцёр_ка, адміністратар_ка. І абавязкова прадстаўце невідушчага чалавека іншым прысутным, каб не выключаць з круга зносін.
Калі вы хочаце прывітацца, не цягніце руку.
Часам чалавек сам працягвае руку для прывітання, калі не, то можаце прама сказаць: «Дазвольце паціснуць вашу руку».
Старайцеся не выкарыстоўваць жэсты.
Любыя свае дзеянні, якія важныя для зносін у дадзены момант, суправаджайце апісаннем.
Напрыклад, «зараз мы павернем улева», «наперадзе шмат людзей».
Калі вы збіраецеся аб нечым папярэдзіць, будзьце канкрэтнымі.
Крык «Асцярожна!» не кажа чалавеку са слабым зрокам ці невідушчаму, што патрэбна зрабіць.
Калі вы даяце ўказанні, паведамляйце канкрэтную, не візуальную інфармацыю:
«Ідзіце проста да канца гэтага праходу і рэзка павярніце направа».
У гутарцы можна ўказваць назвы колераў.
Многія людзі са слабым зрокам могуць адрозніваць светлае і цёмнае, цёплыя і халодныя колеры. Указанне колераў пашырае іх успрыманне, бо колер – гэта яшчэ і выява, культурны код.
Падчас мерапрыемства можна дамовіцца, што, калі невідушчым удзельні_цам будзе патрэбна дапамога, яны дадуць умоўны сігнал.
Гэта можа быць узняцце рукі, плясканне, вымаўленне імя ― нешта, што будзе зручным абодвум бакам.
Калі вам трэба пакінуць чалавека, які не бачыць, паведаміце, што сыходзіце, і спытайце, ці трэба папярэдне з нечым дапамагчы. 

 Наяўнасць людзей, здольных суправадзіць, падказаць, хутка дапамагчы невідушчаму чалавеку зарыентавацца ў прасторы ― гэта вельмі важна , ― распавядае Дар’я Дарошка. ― Пацешны выпадак быў на адным з мерапрыемстваў з фуршэтам. Дакладней, нават пасля яго, калі ў нас спыталі, ці спадабалася нам тая ці іншая ежа, аб наяўнасці якой мы паняцця не мелі! 

― Вельмі добра, калі на мерапрыемстве ёсць чалавек, які можа дапамагчы людзям са слабым зрокам зарыентавацца ў незнаёмай прасторы і данесці інфармацыю такім чынам, каб яна была даступная. Невідушчым людзям варта даваць не абстрактныя апісанні, а, напрыклад, пэўны дазвол пакратаць прадмет, папярэджанне аб перашкодзе і г.д. ― Каментуе Элішка Фрычоўска.

Ці магчыма стварыць абсалютна даступны івэнт для людзей са слабым зрокам і невідушчых?

Інклюзіўнае мерапрыемства мае на ўвазе, што на яго могуць прыйсці людзі з любымі асаблівасцямі і запатрабаваннямі. Але часта івэнты, якія праходзяць з паметкай «інклюзіўны», разлічаны на ўдзел толькі канкрэтных мэтавых груп.

― Калі гэта сустрэча ці фестываль, дзе ўлічваюцца патрэбы людзей з інваліднасцю, то, хутчэй за ўсё, гэтае мерапрыемства будзе «спецыфічна інклюзіўным». Напрыклад, нават тыя даступныя івэнты, якія раблю я, не для ўсіх інклюзіўныя. Дапусцім, на спаборніцтвы для людзей на інвалідных вазках можа прыйсці чалавек з асаблівасцямі слыху ― і для яго там не будзе інклюзіі. Таму што не прадугледжаны жэставы пераклад і іншыя важныя элементы, ― распавядае Эльвіра Каралёва. ― Гэта не добра і не дрэнна ― проста немагчыма ахапіць усё. Злучыць людзей з рознай інваліднасцю на адным мерапрыемстве бывае складана, але многія спрабуюць гэта зрабіць.

 Экспертка адзначае:  нягледзячы на ​​тое, што падстроіцца пад патрэбы кожнага чалавека з інваліднасцю цяжка, закрывацца ў рамках вузканакіраваных мерапрыемстваў не варта. Інакш ёсць рызыка адасобіць розныя групы людзей і парушыць галоўны закон інклюзіі ― уключэнне розных дыскрымінуемых і стыгматызаваных груп у жыццё грамадства.

Дасяжнасць музейных прастор і славутасцяў

Нацыянальны мастацкі музей Беларусі часта арганізоўвае культурныя мерапрыемствы, даступныя для невідушчых і людзей са слабым зрокам. Марына Трафімава, вядучая супрацоўніца музея, падзялілася вопытам правядзення інклюзіўных івэнтаў:

― У нас у пастаянным доступе ёсць мастацкія работы, створаныя дзецьмі са слабым зрокам у рамках праекта Belonika Art. Усе восем жывапісных карцін даступныя і знаходзяцца ў пастаяннай экспазіцыі. Іх можна кранаць і даследаваць ― кожная праца адзначана спецыяльным значком «далонька», які паказвае на дазвол дакранацца.

Калі мы арганізоўваем нешта дасяжнае для невідушчых і людзей са слабым зрокам, то папярэдне паведамляем пра гэта ў сацсетках і на сайце, калі ёсць магчымасць ― і ў медыя. Нядаўна ў нас праходзіла выстава скульптара Аляксандра Фінскага, на якой мы пасля ўзгаднення з аўтарам дазволілі наведвальнікам і наведвальніцам кранаць і вывучаць працы. Адразу апавясцілі пра гэта «БелТІЗ», каб распаўсюдзіць інфармацыю сярод людзей са слабым зрокам і невідушчых. Яны прыходзілі ― вывучалі навобмацак бронзавыя і драўляныя скульптуры. Перыядычна мы праводзім экскурсіі для людзей з асаблівасцямі зроку, расказваем пра жывапісныя работы ― як людзям са слабым зрокам, так і невідушчым. 

― Нядаўна мы пачалі супрацу з экспертамі і эксперткамі «БелТІЗ»: плануем стварыць удасканаленае безбар’ернае асяроддзе ў музеі. Гэта будуць маўленчыя інфарматары, мнемасхемы, значкі ― усё, што дазваляе невідушчым і людзям са слабым зрокам самастойна арыентавацца ў прасторы. Інфарматары будуць працаваць на мабільнай прыладзе, і чалавек са слабым зрокам (з суправаджэннем або без) будзе ведаць аб тым, куды яму спусціцца і як падняцца. Акрамя гэтага, у музеі з’явіцца больш QR-кодаў, якія дапамогуць даведацца інфармацыю аб той ці іншай карціне. Дзякуючы гэтаму, людзі з асаблівасцямі зроку змогуць больш камфортна пачувацца ў залах, ― працягвае Марына.

― Цяпер у нас ёсць аўдыягіды як для відушчых, так і для людзей са слабым зрокам. Акрамя таго, ва ўсіх нашых супрацоўнікаў і супрацоўніц ёсць досвед працы з такімі наведвальнікамі і наведвальніцамі, мы праходзілі павышэнне кваліфікацыі і ўдзельнічалі ў розных семінарах, на якіх вучыліся карэктна сябе паводзіць. Мы ведаем, як апісваць карціны, каб людзям са слабым зрокам і невідушчым было зразумела, што на іх намалявана.

Прыкладам дзеліцца і Саюз невідушчых і людзей са слабым зрокам Славакіі: ініцыятыва імкнецца супрацоўнічаць з арганізатарамі і арганізатаркамі розных культурных мерапрыемстваў. Элішка Фрычоўска расказала, што аднойчы яны ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы музейнай выставы «Скарбы мінулага»:

― Інфармацыю пра экспазіцыю мы размясцілі на планшэтах, дзе былі аўдыёзапісы, дапоўненыя тэкстамі і фатаграфіямі, якія можна было павялічыць. Мы стварылі дадатак, які працуе па прынцыпе перадатчыкаў, размешчаных у выбраных памяшканнях. Пры ўваходзе ў памяшканне запісы ўключаліся аўтаматычна, так што наведвальнікі і наведвальніцы маглі прайсці экскурсію без лектара ці лектаркі. Самая каштоўная выява экспазіцыі была пераўтворана ў 3D-форму, каб слабавідушчыя і невідушчыя людзі маглі адчуць яе навобмацак. Быў таксама суправаджальны тэкст на шрыфце Брайля.

― Многія славацкія арганізатары і арганізатаркі культурных мерапрыемстваў імкнуцца думаць аб наведвальніках і наведвальніцах са слабым зрокам і невідушчых і звяртаюцца да калег з рэгіянальных цэнтраў па параду: ці ёсць у іх даступныя матэрыялы, як правільна перадаць інфармацыю або што можна зрабіць для лепшай арыентацыі людзей з парушэннямі зроку ў прасторы. Цяпер калегі працуюць над тым, каб зрабіць замак Дэвін (заўв. ― разбураны замак, адзін з народных сімвалаў Славакіі) дасяжным для людзей са слабым зрокам і невідушчых. Акрамя гэтага, у Браціславе ёсць так званыя размаўляючыя кубы і тактыльная размаўляючая мапа, з дапамогай якіх наведвальнікі і наведвальніцы могуць убачыць і даведацца шмат цікавага аб славутасцях старога горада, ― распавядае Элішка Фрычоўска. 

 Досвед замежных калег і пастаяннае ўдасканаленне ўжо напрацаваных методык ― вось ключ да паспяховага інклюзіўнага івэнту.  Заўсёды можна падгледзець новыя прыёмы, пашырыць безбар’ерную прастору, звярнуцца па кансультацыю ў грамадскія аб’яднанні ці непасрэдна да тых людзей, якіх хочацца бачыць на мерапрыемстве. Гэта дапаможа зразумець іх патрэбы і правесці камфортны і якасны івэнт.


Тэкст: Саша Камко 
Фота: Eren Li, cottonbro studio

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 4.7 / 5. Колькасць галасоў: 7

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць