Чаму бацькі баяцца размаўляюць пра сэксуальнасць і гендар з дзецьмі і што з гэтым рабіць? Аналізуем новае даследаванне

ІнклюзіяВедыГендар
Обложка_половое воспитание
5
(4)

Колькі разоў вашыя бацькі размаўлялі з вамі пра вашае цела, змены ў ім, сэкс і бяспеку? На жаль, такія размовы дагэтуль рэдкасць у беларускім грамадстве: яны негалосна табуяваныя і выклікаюць пачуццё сораму і няёмкасці. Але наступствы ў такога замоўчвання цяжэйшыя, чым можа здавацца на першы погляд. Адсутнасць адукацыі ў гэтай тэме прыводзіць да сораму за сваё цела, непрыняцця сябе, неразумення сваіх і чужых межаў — што, вядома, перашкаджае радавацца жыццю на поўную сілу і будаваць адносіны з іншымі людзьмі.

Медыяініцыятыва «Гэта Окей» зрабіла даследаванне, каб выявіць патрэбы беларускіх бацькоў у пытаннях гендарнага і сэксуальнага выхавання. 

У гэтым артыкуле мы раскажам, чаму беларус_кі баяцца размаўляць пра сэксуальнасць з дзецьмі, што з гэтым рабіць, як наганяць упушчанае і дзе атрымліваць інфармацыю. Дапаможа нам у гэтым прадстаўніца «Гэта Окей» Вольга.

З поўнымі вынікамі даследавання вы можаце азнаёміцца па па-руску і па-беларуску.

У даследаванні «Гэта Окей» ўзялі ўдзел 223 беларускія бацькі. 66,2% апытаных пражываюць у Беларусі; 33,8% — за мяжой (большасць з іх — у Польшчы, Грузіі і Літве). Пераважная большасць апытаных — жанчыны (83,8%). Таксама большасць удзельні_ц знаходзяцца ва ўзроставай групе ад 25 да 44 гадоў (85,9%). Самыя папулярныя прафесійныя сферы дзейнасці — адукацыя, медыцына, НДА-сектар, культура і сфера абслугі.

Для пачатку давайце разбяромся: навошта наогул гэтыя размовы з дзецьмі пра гендар і сэксуальнасць 

Вольга, сузаснавальніца медыяініцыятывы «Гэта Окей»:

Размовы з дзецьмі на гэтыя тэмы павялічваюць дасведчанасць дзяцей пра іх правы. Сэксуальнае выхаванне ў тым ліку тлумачыць, што кожн_ая з нас мае рэпрадуктыўныя правы. Гэта значыць, што мы самі вырашаем, ствараць нам сям’ю ці не, нараджаць дзяцей ці, наадварот, быць чайлдфры. Мы маем права на здароўе, і гэтае права гарантуе, што ў кожн_ай з нас мусіць быць дасяг да інфармацыі пра гендарнае і сэксуальнае выхаванне. Чым менш стыгмы, тым больш людзі ведаюць пра свае правы і тым лепш людзі адчуваюць сябе ў грамадстве. Яны ведаюць, што могуць быць абароненыя дзяржавай.

Некаторыя даследаванні сцвярджаюць, што размовы з дзецьмі пра гендар і сэксуальнасць уплываюць на тое, ці (не) будуць у іх праблемы з сэксуальнасцю ў будучыні. 

Размовы на гэтыя тэмы тлумачаць дзіцяці, што ён ці яна мае права на асабістую аўтаномію і цялесную недатыкальнасць — а гэта вучыць яго_яе распазнаваць прыкметы парушэння межаў і адпаведна змяншае рызыку гвалту. Дзеці ўжо будуць ведаць, што ніхто ні пры якіх абставінах не можа дакранацца да іх інтымных частак цела. 

У Беларусі тэмы гендару і сэксуальнасці табуяваныя, і гэта найперш вынікае з парушэнняў правоў чалавека. У нас увогуле няма ні адной абароненай групы. Гэта паказчык таго, што прававая сістэма пацярпела дэфолт. Такі стан толькі больш узмацняе стыгму пра гендар і сэксуальнасць.

Напрыклад, з нашага даследавання вынікае, што да лекара_к вялікі давер з боку бацькоў, калі мы размаўляем пра сэксуальнае выхаванне. Аднак лекар_кі не могуць штосьці патлумачыць бацькам ці дзецям, бо гэта непрыемная і моцна табуяваная тэма.

Сітуацыю пагаршае і тое, што бацькі ніколі не чулі пра гэтыя тэмы ад сваіх татаў і мамаў, таму яны не ведаюць, як размаўляць пра гэта са сваімі дзецьмі.

А бацькам увогуле цікавая гэтая тэма?

Так, большасць беларускіх бацькоў (74,3%) выказваюць зацікаўленасць да гэтай тэмы: штосьці слухаюць ці чытаюць пра гендар і сексуальнасць. І больш за тое, 92,9% апытаных лічаць, што менавіта на бацьках ляжыць адказнасць тлумачыць дзецям пытанні гендару і сэксуальнасці.

Аднак 34,3% рэспандэнт_ак не размаўляюць пра гэта з дзецьмі, нават калі маюць адпаведныя веды. Як адзначаюць даследчы_цы, гэта можа быць звязана з табуяванасцю тэмы. Некаторыя апытаныя лічаць, што «дзеці пасля абмеркавання на тэмы гендару і сексуальнасці дома пачнуць абмяркоўваць гэтыя тэмы ў школе, з аднагодкамі, што можа выклікаць неразуменне з боку настаўні_ц і іншых бацькоў».

Палова апытаных бацькоў адзначылі, што дзеці ім ужо задаюць пытанні пра гендар і сэксуальнасць. Аднак 27,6% заявілі, што іх дзецям яшчэ рана абмяркоўваць гэтыя тэмы. 

Але паводле дадзеных Unicef, першая менструацыя ў дзяўчынак можа наступіць ужо ў 9 гадоў. Тады пытанне: што такое рана? 9 гадоў — гэта трэці-чацвёрты клас.

«Дзецям яшчэ рана». А калі трэба пачынаць размовы пра гендарную ідэнтычнасць і палавое выхаванне? 

Вольга, сузаснавальніца медыяініцыятывы «Гэта Окей»:

У дзіцяці няма сарамлівасці да гэтай тэмы, бо яно не ведае, што ў грамадстве яна табуяваная.

Мы вучым дзяцей, як есці, хадзіць, вучыцца. Тэма сэксуальнасці і гендару такая ж, як і іншыя. Дзеці задаюць пытанні кшталту: «А чаму я хлопчык (ці дзяўчынка)?», «Чаму я там адрозніваюся ад сваёй сястрычкі/свайго браціка?» 

Калі дзеці не пытаюць, то бацькам таксама можна пачынаць размову пра гэта. Гэта можна рабіць рознымі спосабамі: глядзець мультфільмы, называць геніталіі нармальнымі словамі, а не эўфемізмамі. Не бывае так, што ты садзіш дзіця перад сабой і кажаш яму, што сёння мы будзем размаўляць пра сэкс.

Такія размовы мусяць быць скразной тэмай падчас выхавання ў цэлым, калі мы расказваем дзіцяці пра сусвет і навакольнае асяроддзе. 

Каб зразумець, у якім узросце пра што лепш размаўляць з дзецьмі, варта пачытаць адпаведную літаратуру. Бацькам не варта чакаць лепшага моманту, калі іх дзіцё ўжо будзе дарослым. З нашага даследавання вынікае, што ў 10-11 гадоў дзеці пачынаюць аддаляцца ад бацькоў, таму размаўляць на такія тэмы становіцца больш складана. 

Чаму размаўляць на тэмы гендару і сэксуальнасці складана

Бацькі адчуваюць пэўныя цяжкасці, калі размаўляюць пра гендар і сэксуальнасць з дзецьмі. А яшчэ большасць бацькоў баіцца нанесці дзецям траўму не па ўзросце. Даследчы_цы выдзелілі некалькі тэмаў, якія бацькам найбольш цяжка тлумачыць:

Сэкс

Многія дарослыя самі не адчуваюць сябе камфортна, абмяркоўваючы тэму сэксу, — магчыма, з-за таго, што ў іх дзяцінстве гэта было табу або гэта звязана з іх асабістым досведам ці траўмамі.

Некаторыя бацькі не гавораць пра сэкс са сваімі дзецьмі, бо баяцца абудзіць у іх заўчасную цікавасць да сэксуальнай актыўнасці і асцерагаюцца, што дзеці інтэрпрэтуюць такія размовы як заахвочванне да сэксу.

Яшчэ бацькі хочуць, каб дзеці бачылі ў іх маральны арыенцір, і думаюць, што гутаркі пра сэкс падарвуць іх аўтарытэт «правільных і чыстых» людзей і зменяць успрыманне іх дзецьмі.

Мы разумеем, што пераадолець гэтыя страхі цяжка. Але важна быць сумленным з дзецьмі, прызнаючы, што абмеркаванне такіх тэм можа быць няёмкім, але гэта натуральная і важная частка жыцця.

Асабістая бяспека

З-за сораму і няёмкасці ў размовах пра сэкс бацькам складана абмяркоўваць і тэму асабістых межаў і недатыкальнасці. Ім цяжка патлумачыць дзецям і тое, што ніхто не можа дакранацца да іх палавых органаў і што гэта гвалт.

Але важна памятаць, што адкрытыя гутаркі пра сэкс, згоду і павагу дапамагаюць дзецям зразумець, што яны маюць права сказаць «не» і што іх цела належыць толькі ім. Дасведчаныя дзеці лепей распазнаюць небяспечныя сітуацыі, могуць крытычна іх ацэньваць і прымаць меры.

Размовы пра сэкс — гэта не «еўрапейская сапсаванасць», гэта залог бяспекі вашага дзіцяці.

Рознасць і разнастайнасць

Многія бацькі не разумеюць, як тлумачыць дзецям, што такое аднаполыя стасункі і небінарнасць. Некаторыя з бацькоў катэгарычна адмаўляюцца размаўляць пра гэта з дзецьмі, нават калі да іншых дарослых гомасэксуальнай арыентацыі ў іх няма ніякай варожасці. 

Пра гэты пункт давайце паразмаўляем падрабязней.

Частка бацькоў не гавораць пра сэксуальнасць са сваімі дзецьмі, бо баяцца справакаваць цікавасць да тэмы ЛГБТК+. Што можна сказаць такім бацькам?

Вольга, сузаснавальніца медыяініцыятывы «Гэта Окей»:

Усе дзеці не стануць геямі і лесбіянкамі, калі мы будзем размаўляць пра гендар і сэксуальнасць. Калі чалавек такое кажа, то я б параіла яму_ёй прачытаць пра тое, як фарміруецца сэксуальнасць і гендар — веданне гэтага і ёсць адукаванасць у гэтай сферы. Арыентацыю немагчыма выбраць. У кожнай краіне аднолькавая колькасць людзей ЛГБТК+. Проста мы іх не бачым у Беларусі, бо яны вымушаны хавацца і не афішыраваць сваю сэксуальнасць, але ў іншых краінах ЛГБТК+ больш заўважныя. 

У гомасэксуальных парах, як і гетэрасэксуальных, нараджаюцца розныя дзеці, а не толькі геі ці лесбіянкі. Тады ўзнікае лагічнае пытанне: як у гетэрасэксуальнай пары нарадзіліся дзеці з гомасэксуальнай арыентацыяй, бо яны ж ніколі не бачылі такіх стасункаў? 

Шматлікія даследаванні паказалі, што сэксуальная арыентацыя дзяцей не вызначаецца сэксуальнай арыентацыяй іх бацькоў. Адзінае, на што ўплывае сэксуальнасць бацькоў, — гэта на прыняцце дзіцем сябе і на яго талерантнасць да сэксуальных і гендарных адрозненняў іншых людзей. У бацькоў ЛГБТК+, як правіла, дзеці растуць у асяроддзі, дзе абмеркаванне гэтых пытанняў з’яўляецца нормай. А гэта добрая глеба для таго, каб дапамагчы дзецям лепш зразумець і прыняць сваю ўласную сэксуальнасць і сэксуальнасць іншых.

Калі дзіця расце ў сям’і, дзе прынята слухаць і прымаць сябе, то яно з большай верагоднасцю не стане латэнтным геем, напрыклад. У сям’і гамафобаў шлях да сябе ў дзіцяці з гомасэксуальнай арыентацыяй зойме значна больш часу і праблем.

Таксама я разумею, чаму бацькам у Беларусі страшна справакаваць цікавасць дзіцяці да тэмы ЛГБТК+. Бацькі хочуць лепшага для сваіх дзяцей. Яны баяцца цквання ў грамадстве, бо іх дзіця можа абмяркоўваць гэта ў школе з іншымі. Такія размовы могуць пачуць іншыя дарослыя, для якіх абмеркаванне тэмы ЛГБТК+ катэгарычна непрымальнае.

Улады часта звязваюць сэксуальнае выхаванне з прапагандай ЛГБТК+. Беларуская дзяржава абірае нейкую групу, робіць яе ворагам і настройвае адну частку грамадства супраць іншых. Улады граюць на параўнанні свае-чужыя, каб адвесці фокус з рэальных праблемаў, якія яны не могуць вырашыць. Таму самае простае для іх — знайсці ворага, напрыклад у выглядзе ЛГБТК+, і прыняць адпаведны закон, які яшчэ больш абмяжуе іх правы. 

Нагадаем, што ў красавіку 2024 года Міністэрства культуры Беларусі крыміналізавала дэманстрацыю стасункаў ЛГБТК+. Улады прыраўнялі іх да парнаграфіі і паставілі ў адзін шэраг з зоафіліяй, некрафіліяй і садызмам. Асобы, асуджаныя па гэтым законе, могуць быць зняволеныя на тэрмін да чатырох гадоў. 

У нашым грамадстве тэма розных гендарных ідэнтычнасцяў яшчэ ненармалізаваная. Многія кажуць: «Рабіце што хочаце, але толькі не чапайце дзяцей». Мы лічым, што акурат адукацыя і размовы пра сэксуальнае выхаванне і ЛГБТК+ зніжаюць стыгму. Чым больш знаёмымі гэтыя тэмы становяцца людзям, тым менш яны гэтага баяцца.

Адукацыя — не адзіны спосаб даносіць інфармацыю. У Еўропе, дзе зараз жыве шмат беларуса_к, ёсць прайды, на якіх магчыма ўбачыць рэпрэзентацыю розных людзей. На прайды магчыма прыходзіць з дзецьмі, бо найчасцей гэта мілае мерапрыемства, дзе людзі святкуюць сваю рознасць і радуюцца жыццю. Тое, што дзеці бачаць розных людзей, вучыць іх талерантнасці да іншых і прыняццю сябе. 

Дзе акрамя «Sex Education» шукаць інфармацыю пра гендар і сэксуальнасць

Згодна з даследаваннем, большасць бацькоў знаходзіць інфармацыю пра гендар і сэксуальнасць праз інтэрнэт, сацсеткі, блогера_к і падкасты. Аднак сярод крыніц, якім яны больш за ўсё давяраюць, лідуе інтэрнэт і лекар_кі. Але аўтарытэт лекара_к ніяк не выкарыстоўваецца ў гэтай сферы — з-за табуяванасці тэмы сэксуальнага выхавання, — і людзі вымушаныя здабываць інфармацыю самастойна праз інтэрнэт.

Скрыншот з даследавання «Sex Education»

Таксама з даследавання вынікае, што бацькам важна мець дасяг да рэсурсаў, якія дапамогуць патлумачыць дзецям гэтыя тэмы. Гэта могуць быць мультфільмы, кнігі, анлайн-курсы, групавыя абмеркаванні, размовы з эксперт_камі, кароткія чэк-лісты і іншыя фарматы.

Калісьці серыял «Sex Education» стаў сапраўднай шчырасцю, дзе смела і адкрыта абмяркоўваліся многія пытанні і табу наконт сэксу і ідэнтычнасці. 

Трэйлер серыялу «Sex Education»
Вольга, сузаснавальніца медыяініцыятывы «Гэта Окей»:

Падчас глыбіннага інтэрв’ю адзін з нашых апытаных таксама згадаў гэты серыял. Ён сказаў, што не цікавіцца тэмай сэксуальнага выхавання, але, паглядзеўшы «Sex Education», ён шмат чаго даведаўся менавіта адтуль.

Такім чынам, масавая культура ўплывае на тое, як успрымаюцца пэўныя рэчы ў грамадстве, і зніжае стыгму. 

Вось яшчэ некалькі прыкладаў рэсурсаў, якія дапамогуць вам даведацца больш пра сэксуальнасць і гендар, каб перастаць баяцца размоваў пра гэта з дзецьмі:

Анлайн-сустрэча для бацькоў «Чаму (сэкс)уальнае выхаванне — гэта не сорамна»

Анлайн-сустрэча для бацькоў «Чаму (сэкс)уальнае выхаванне — гэта не сорамна»

Падчас бясплатнай сустрэчы бацькі разам з псіхалагіняй Вольгай Гома абмяркуюць складаныя тэмы, звязаныя з сэксуальным выхаваннем. Таксама ўдзельні_цы атрымаюць карысную падборку матэрыялаў, дзе можна шукаць інфармацыю пра гэта. Сустрэча адбудзецца 25 ліпеня (чацвер) з 19:30 да 21:30 па мінскім часе ў ZOOM. Зарэгістравацца можна па спасылцы.

Кніга «Viva la vagina»

Кніга «Viva la vagina»

У ёй напісана шмат пра тое, што такое сэкс, якія ёсць віды кантрацэпцыі, пра жаночую інтымную гігіену, хто такія трансгендарныя людзі і г. д. Асобная глава прысвечаная тлумачэнню захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам. Кніга мае пазнаку 18+ і найперш накіраваная на дарослых, якія хочуць сістэматызаваць свае веды пра сэксуальнасць і гендар.

Кніга «Сучасная энцыклапедыя для дзяўчынак»

Кніга «Сучасная энцыклапедыя для дзяўчынак»

Гэтая кніга тлумачыць дзяўчынкам тое, як уладкаваная іх рэпрадуктыўная сістэма, як змяняецца цела, калі становішся дарослай, а таксама пра здаровыя стасункі паміж партнёрамі. Таксама вядома, што ў хуткім часе выйдзе «Сучасная энцыклапедыя для хлопчыкаў».

Кніга «Інтымны лікбез з бацькамі і без»

Кніга «Інтымны лікбез з бацькамі і без»

Кніга раскажа дзецям пра тое, як правільна называюцца палавыя органы, як выконваць правілы інтымнай гігіены і як абараняць свае асабістыя межы.

Мультфільм «Лука»

Мультфільм «Лука»

Ён расказвае пра хлопчыка, які адрозніваўся ад іншых людзей. Мультфільм вучыць прыняццю сябе і іншых, нягледзячы на стэрэатыпы, якія існуюць у грамадстве.

Лука — Русский трейлер (2021)


Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 4

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x