Што патрэбна людзям старэйшага ўзросту для камфортнага жыцця

Інклюзія
5
(5)

Патэнцыял і сацыяльная значнасць людзей старэйшага ўзросту сістэматычна застаюцца незаўважнымі або недаацэненымі. «Бедныя, хварэючыя і стомленыя жыццём» — так часцей за ўсё ў даследаванні апісвалі вобраз сталага чалавека ў Беларусі. Пагаварылі з кіраўніцай адукацыйнага праекта для людзей старэйшага ўзросту Аленай Дзямідавай і высвятлілі, якія пытанні цяпер найбольш вострыя для беларус_ак сталага ўзросту, дзе шукаць новае сацыяльнае кола ў міграцыі і дома і што мы можам зрабіць для камфортнай старасці іншых людзей ужо зараз.

— Наколькі сацыяльнае выключэнне людзей старэйшага ўзросту і эйджызм характэрны для Беларусі? Якія пытанні стаяць зараз найбольш востра?

Новае старэйшае пакаленне значна больш разнастайна ў сваіх патрэбах, магчымасцях і запытах. Усё больш людзей, якія выходзяць на пенсію, выбіраюць захаваць працоўную занятасць. Так адбываецца па розных прычынах: недахоп фінансавых сродкаў, жаданне адчуваць сябе патрэбным, быць уключаным у сацыяльную актыўнасць, страх адзіноты.

Аднак па-ранейшаму сустракаюцца ўстаноўкі, што людзі старэйшага ўзросту — гэта абуза для грамадства, сацыяльна неактыўная група, з меркаваннем якой можна не лічыцца. Такое стаўленне і спрыяе ўзнікненню праблемы адзіноты, дыскрымінацыі і сацыяльнага выключэння.

Найбольш актуальныя дадзеныя аб распаўсюдзе эйджысцкіх установак сярод беларускага насельніцтва можна ўбачыць у даследаванні ЮНФПА 2019 году

Бедныя, хварэючыя і стомленыя жыццём — самыя частыя адказы рэспандэнт_ак на просьбу апісаць трыма словамі зборную постаць чалавека сталага ўзросту ў Беларусі.  
*Эйджызм — дыскрымінацыя па ўзросце. Як і іншыя формы дыскрымінацыі негатыўна ўплывае на жыццё чалавека. Эйджызм выяўляецца ў асабістых і сістэмных забабонах, у прафесійных і інфраструктурных выключэннях. Акрамя таго, у паяднанні з дыскрымінацыяй па этнічных, класавых, гендарных і іншых прыкметах, эйджызм наносіць яшчэ большы ўдар па жыцці персоны. 

Некалькі высноў даследавання аб стаўленні насельніцтва да людзей сталага ўзросту і ўспрыманні феномена старасці:

  • 26% апытаных ва ўзросце 45-52 гадоў хацелі б працаваць у старасці,
  • 39% апытаных ва ўзросце 55-66 гадоў сутыкаліся з адмовай у прыёме на працу з-за ўзросту,
  • чым старэйш_ая рэспандэнт_ка, тым больш высокі ўзрост ён/яна называе аптымальным для выхаду на пенсію. 
  • сярэдні і высокі ўзровень эйджызму* праяўляюць 62% рэспандэнт_ак, якія не ўспрымаюць сталых людзей як людзей з вялікім патэнцыялам.

COVID абвастрыў і агаліў праблемы дыскрымінацыі ў адносінах да людзей старэйшага ўзросту ва ўсім свеце. Стала відавочна неабароненасць і ўразлівасць гэтай групы насельніцтва, у тым ліку выключанасць з-за недахопу лічбавых ведаў. Каб скараціць рызыку заражэння COVID, мы сталі часцей рабіць звыклыя рэчы анлайн: аплачваць паслугі, заказваць дастаўку ежы, мець зносіны з сябрамі і блізкімі. Людзям старэйшага ўзросту, якія дрэнна ўмелі карыстацца інтэрнэтам, даводзілася выбіраць: рызыкаваць заразіцца ці быць адарванымі ад блізкіх і заставацца без доступу да закрыцця бытавых патрэб. 

Да праблем можна аднесці і страту кантакту з дзецьмі, якія пакінулі краіну. Частка людзей старэйшага ўзросту магла разлічваць на дапамогу і падтрымку з боку сваіх дзяцей, якія выраслі. Цяпер сітуацыя пагоршылася ў сувязі з пераездамі і міграцыяй маладога пакалення.

*Нефармальны догляд — догляд за членам сям’і або блізкім чалавекам, які з-за хваробы, інваліднасці або іншых асаблівых запытаў мае патрэбу ў дапамозе ў бытавых і штодзённых задачах. Гэтая практыка адбываецца па-за фармальнай сістэмай апекі.

Выезд за мяжу памяншае і магчымасць практыкі нефармальнага догляду*, якая шырока распаўсюджана ў Беларусі. Улічваючы гэта, можна меркаваць пра рост колькасці людзей, якія маюць патрэбу ў доглядзе, і адпаведна павелічэнне нагрузкі на сацыяльныя цэнтры.  

— Якія змены ў дзяржаўнай палітыцы патрэбны для таго, каб беларус_кі на пенсіі маглі жыць у фінансавай устойлівасці і з асалодай?

Пашырэнне спектра сацыяльных паслуг, у тым ліку бясплатных, рэфармаванне пенсійнай сістэмы, развіццё пенсійнага страхавання, барацьба са стыгмай і дыскрымінацыяй — усё гэта неабходна для развіцця сацыяльнай палітыкі ў адносінах да людзей старэйшага ўзросту. 

Важная падтрымка сем’яў, якія ажыццяўляюць нефармальны догляд: сацыяльная (у выглядзе паслуг перадышкі), матэрыяльная і інфармацыйная.

Інфармацыйная падтрымка — гэта навучанне практычным навыкам па догляду дома: як правільна даглядаць блізкіх, не наносячы ні ім, ні сабе фізічную і псіхалагічную шкоду. Напрыклад, парады аб тым, як правільна мець зносіны з людзьмі з дэменцыяй. Або практыкі псіхалагічнай падтрымкі, спосабы для барацьбы з выгараннем. Такая інфармацыя магла б быць сабрана на адзіным інфармацыйным партале. Ён быў бы карысны і сем’ям, і спецыяліст_кам.

Таксама неабходна, каб людзі старэйшага ўзросту ўдзельнічалі ў прыняцці рашэнняў і распрацоўцы палітыкі. Гэта могуць быць прадстаўні_цы грамадскіх аб’яднанняў або супольнасцяў.

Дзяржава і зараз займаецца «рэалізацыяй патэнцыялу» людзей старэйшага ўзросту. Развіваецца сістэма дадатковага пенсійнага страхавання, распрацавана Нацыянальная стратэгія «Актыўнае даўгалецце-2030». Аднак не ўсе пункты нацыянальнай стратэгіі рэалізуюцца. Магчыма, гэта звязана з недахопам фінансавання.

— Якія ёсць стратэгіі дапамогі і самадапамогі асобам старэйшага ўзросту, якія сутыкаюцца з праблемай ізаляванасці і адзіноты?

Развіццё лічбавых навыкаў.  І пра гэта кажуць лічбы: усё больш людзей падключаюцца да інтэрнэту і выкарыстоўваюць яго штодня ў тым ліку для зносін.

Вырашыць праблему ізаляванасці могуць праекты, накіраваныя на ўмацаванне міжпакаленчых сувязей. Яны дазваляюць убачыць каштоўнасць кожнага з пакаленняў. 

Напрыклад, А1 праводзіць праект #яанлайн, у межах якога валанцёр_кі дапамагаюць людзям старэйшага ўзросту засвоіць гаджэты. У «Узаемапаразумення» (рас. Взаимопонимание ) быў валанцёрскі праект з былымі вязнямі канцлагераў. 

Адной з лепшых практык з’яўляецца фармаванне кам’юніці па інтарэсах. Гурткі да гэтага часу вельмі папулярныя ў цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання.

*Універсітэт трэцяга ўзросту — гэта міжнародны рух, мэта якога складаецца ў тым, каб развіваць патэнцыял людзей старэйшага ўзросту.

Ва ўніверсітэты трэцяга ўзросту* па-ранейшаму  колькасць заявак на навучанне перавышае магчымую колькасць студэнтаў.  Гэта сведчыць аб неабходнасці развіцця такіх паслуг і іх максімальнай падтрымкі з боку дзяржавы.

— Як праблема адзіноты выглядае для беларускіх эмігрант_ак старэйшага ўзросту? У якія ўстановы і ініцыятывы могуць звярнуцца людзі ў эміграцыі?

Можна назіраць  некалькі стратэгій мігрант_ак старэйшага ўзросту :

  1. самастойная міграцыя,
  2. у дапамогу дзецям, якія заняты сваімі справамі і складанасцямі міграцыі, свая_чка старэйшага ўзросту дапамагае з дзецьмі.

І ў першым, і другім варыянце выступае праблема адзіноты і ізаляванасці. Бо гэта поўная змена звыклага асяроддзя, укладу жыцця і неабходнасць зноўку адбудоўваць сацыяльнае кола.

Як правіла, у цэнтрах падтрымкі мігрант_ак можна знайсці невялікія ініцыятывы для людзей старэйшага ўзросту. Напрыклад, ва Ўроцлаве гэта былі экскурсіі па горадзе і інфармацыйныя вечары.

— Што можна зрабіць ужо зараз сіламі грамадзянскіх супольнасцяў і нізавых ініцыятыў, каб палепшыць фінансавае становішча беларус_ак на пенсіі?

Пачніце з асабістага стаўлення да людзей старэйшага ўзросту ў вашым прафесійным асяроддзі. Ці з’яўляецца для вас ключавым узрост кандыдат_кі пры прыёме на працу? Як часта вы звяртаецеся па прафесійную параду да людзей старэйшага ўзросту? Як вы ўлічваеце стан здароўя супрацоўні_цы?

НДА і грамадскасць таксама маглі быць карыснымі ў пашырэнні адукацыйных магчымасцяў: адкрыццё курсаў падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі, курсаў па інфармацыйных тэхналогіях. У рэшце рэшт можна нават проста на валанцёрскіх пачатках дапамагчы сва_ёй сусед_цы ці свая_чцы разабрацца з мабільнай прыладай або пакупкамі анлайн, завесці сацыяльныя сеткі або ўсталяваць мэсанджары.

І зноў-такі — дапамога і падтрымка сем’яў. Некаторыя НДА і цяпер рэалізуюць праекты па комплекснай дапамозе пры арганізацыі догляду тых, хто мае ў гэтым патрэбу. Створаны праграмы падтрымкі сем’яў, курсы навучання догляду.

Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў у траўні 2023 праводзіла канферэнцыю «Развіццё інструментаў, якія садзейнічаюць фарміраванню ўстойлівасці апекуноў». У гэтых напрамках працуюць Медыка-сацыяльная служба Чырвонага Крыжа і фонд «Узаемаразуменне». І, вяртаючыся да папярэдняга пытання, назапашаны ў гэтых пытаннях досвед НДА можна мультыплікаваць у сістэме дзяржаўных устаноў.

Спіс груп і ўстаноў у Беларусі, якія дапамагаюць развіваць новыя сувязі

Мінскі ўніверсітэт трэцяга ўзросту

Універсітэт залатога веку, Гродна

Цэнтр актыўнага даўгалецця, Мінск

Тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў аддзяленнях дзённага знаходжання

Гарадскія дамы культуры


Тэкст: Вікторыя Грабеннікава
Фотa: MART PRODUCTION, Andrea Piacquadio

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 5

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x