10 кастрычніка з’яўляецца Днём барацьбы супраць смяротнага пакарання. Рада Еўропы ўсталявала гэтую дату з мэтай прыцягнення ўвагі людзей да гэтай праблемы. Беларусь засталася адзінай краінай у Еўропе, дзе існуе такая мера. Чаму смяротнае пакаранне з’яўляецца неэфектыўным і як яно тармозіць развіццё нашай краіны, адказваюць Андрэй Палуда і Анастасія Аўчарова.
Андрэй Палуда
Праваабаронца, каардынатар праграмы «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі». Быў дырэктарам мінскай адукацыйна-асветніцкай пляцоўкі «Тэрыторыя правоў» да яе ліквідацыі.
Анастасія Аўчарова
Праваабаронца «Вясны», удзельніца арганізаванага Радай Еўропы воркшопу «Смерць — гэта не правасуддзе».
Чаму смяротнае пакаранне — неэфектыўны метад пакарання?
Андрэй Палуда:
Мы расказваем пра неэфектыўнасць смяротнага пакарання ў межах кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі». Раней у Беларусі ладзілі публічныя мерапрыемствы па гэтай тэме. Калісьці ў іх удзельнічалі праваабаронцы, прадстаўні_чкі ААН, Рады Еўропы разам з прадстаўні_чкамі Акадэміі МУС і БДУ. Яны казалі, што з даследаванняў крыміналогіі смяротнае пакаранне не з’яўляецца стрымліваючым фактарам. Даследаванні ў іншых краінах таксама пацвярджаюць гэтую тэзу.
У 2012 годзе ў ЗША навукоўцы з Нацыянальнай даследчай Рады правялі даследаванне. Яго высновы: не існуе дадзеных аб тым, што смяротнае пакаранне ўплывае на колькасць забойстваў. Суадносна яно не з’яўляецца стрымліваючым фактарам.
Асоба, якая здзяйсняе злачынства ў першую чаргу думае як не патрапіцца за краты. Яна ніколі не думае, што ёй за гэта будзе. Мы часта прыводзім прыклад: «калі я скра_ла курыцу, то мне дадуць год; калі скра_ла індыка, то мне дадуць два». Так чалавечая логіка не працуе. Аднак прадстаўні_чкі ўлады думаюць наадварот.
Не так даўно ў беларускім заканадаўстве адбыліся змены. Яны пашыраюць спіс суб’ектаў, да якіх можа прымяняцца смяротнае пакаранне. Цяпер такі вырак можа быць вынесены чыноўнікам і вайскоўцам за дзяржаўную здраду. Таксама па новых законах смяротныя прысуды могуць вынесці за падрыхтоўку да пэўных злачынстваў. Улады выкарыстоўваюць смяротнае пакаранне ў якасці стрымліваючага фактару.
У Беларусі смяротнае пакаранне можа быць вынесена толькі мужчынам. Яно прыводзіцца ў сілу шляхам расстрэлу. Часцей за ўсё смяротнае пакаранне прымяняецца па 139 артыкуле Крымінальнага Кодэксу — забойства дзвюх і больш асобаў пры абцяжарваючых абставінах. Дакладная лічба вынесеных смяротных выракаў невядома. Па падліках праваабаронцаў з 1990 году ў Беларусі былі расстраляныя прыблізна каля 350 чалавек.
Анастасія Аўчарова:
Існуе паняцце «сіндром смяротніка». У такім стане асоба не кантралюе сваё жыццё. Яна не можа даведацца, калі яе заб’юць: заўтра ці праз год. Гэта моцны псіхалагічны ціск на асобу.
Такі прысуд можа быць вынесены невінаватаму чалавеку. Суддзі памыляюцца, а кошт памылкі вельмі высокі.
У гісторыі Беларусі такая судовая памылка ўжо здаралася. За серыйныя забойствы Генадзя Міхасевіча быў асуджаны і расстраляны Мікалай Цярэня.
Якім чынам існаванне такой меры пакарання тармозіць развіццё нашай краіны?
Анастасія Аўчарова:
Смяротнае пакаранне супярэчыць маральным прынцыпам, якімі мусяць карыстацца ўсе людзі. Разыходжанне маральных установак з судовай практыкай надаюць крывадушнасці і хлусні, якія руйнуюць давер да інстытутаў.
Андрэй Палуда:
Наяўнасць смяротнага пакарання з’яўляецца найбольшай праявай гвалту, які дзяржава здзяйсняе супраць сваіх грамадзяна_к. Пытанне гвалту па-ранейшаму застаецца пабытовым складнікам нашага жыцця і праяўляецца ў катаваннях і бесчалавечным абыходжанні. Праваабаронцы ўвесь час казалі пра жудасныя ўмовы ўтрымання людзей у турмах. Дастаткова часта ў адказ можна было пачуць, што гэта не тычыцца шырокага кола грамадства. Але ў 2020 годзе стала зразумела, што гэта датычна ўсіх людзей.
Тое ж мы кажам пра смяротнае пакаранне. Яно ў пэўны момант можа быць выкарыстана не толькі ў дачыненні да людзей, якія здзейснілі забойства. У заканадаўстве з’явіліся артыкулы, па якіх можа быць затрыманы хто заўгодна. Мы як праваабаронцы заўсёды выступаем за правасуддзе без забойства. Прывядзенне ў сілу смяротнага пакарання з’яўляецца негуманным. Гэта прызнана як праваабаронцамі на нацыянальным узроўні, так і міжнароднымі арганізацыямі такімі як Камітэт ААН па правах чалавека.
Чаму ў Беларусі смяротнае пакаранне ніколі не было адменена?
Анастасія Аўчарова:
Смяротнае пакаранне захоўваецца праз розныя палітычныя матывы. Яно выкарыстоўваецца з мэтай запужаць апазіцыю ці прапіярыць сябе як «гаспадара, які навёў парадак».
Андрэй Палуда:
Смяротнае пакаранне не было ніколі адменена, бо было спадчынай Савецкага Саюзу. У 1996 годзе Лукашэнка правёў рэферэндум, на якім у тым ліку было агучана і пытанне смяротнага пакарання. Было зразумела, як на яго адкажуць людзі.
Ні ў адной краіне смяротнае пакаранне не адмянялася праз вылучэнне гэтага пытання на рэферэндуме. На гэта амаль заўсёды была палітычная воля кіруючых элітаў. Смяротнае пакаранне моцна палягае ў эмацыйнай плоскасці, і вылучэнне яго на рэферэндум заўсёды амаль што немагчымае. Меркаванне людзей па гэтым пытанні ўвесь час змяняецца ў залежнасці ад доступу да пэўнай інфармацыі.
Сам Лукашэнка неаднаразова казаў, што ён падтрымлівае смяротнае пакаранне. Мяркую, што менавіта з-за гэтага яно ў нашай краіне не было адменена. Зараз магчымасць прымяняць смяротнае пакаранне на заканадаўчым узроўні стала больш пашыранай. Гэта таксама індыкатар таго, што сітуацыя з правамі чалавека ў нашай краіне дэградавала вельмі моцна.
Якія выпадкі негуманнага абыходжання са свая_чкамі пакараных вы можаце ўзгадаць?
Анастасія Аўчарова:
Усе гэтая выпадкі зафіксаваны на сайце Праваабарончага цэнтру «Вясна». Вядома, што перапіска паміж зняволеным і яго сваякамі абмежавана ці зацэнзурана. З гэтым чалавекам нельга сустрэцца. Немагчыма даведацца, як яго справы. Таксама сваякам не паведамляюць пра дзень, калі чалавек будзе забіты. Немагчыма даведацца пра дату смерці і месца пахавання. Усе гэта міжнародныя арганізацыі расцэньваюць як катаванні. Свая_чкі асуджаных да смяротнага пакарання знаходзяцца ў стане пакутаў.
Андрэй Палуда:
Тут можна ўзгадаць гісторыю сям’і Грунова і Селюна. Свая_чкам пасля здзяйснення пакарання замест асабістых рэчаў асуджаных адправілі бандэролі з іх казённай формай. На спіне формы было напісана «ИМН» (исключительная мера наказания). Гэта моцна паўплывала на іх сем’і. Маці Грунова перадала праваабаронцам гэтую форму. Мы яе сфатаграфавалі і паказалі грамадству. А вось маці Селюна была настолькі раз’юшана, што пасекла гэтую форму сякерай і спаліла яе.
Што можа зрабіць кожн_ая, каб унесці свой унёсак у барацьбу супраць існавання смяротнага пакарання?
Анастасія Аўчарова:
Патрэбна адукацыя. Варта не быць абыякавымі і чытаць пра гэтае злачынства. Пашукайце інфармацыю пра колькасць асуджаных да смяротнага пакарання зараз у Беларусі. Калі ў вас ёсць знаёмыя, якія ў гэтай тэме не разбіраюцца, то распавядзіце ім пра неэфектыўнасць гэтага спосабу пакарання.
Андрэй Палуда:
Трэба гаварыць, не замоўчваць гэтую праблему. Апошнім часам пытанні смяротнага пакарання ці правоў людзей з інваліднасцю адыходзяць на апошні план на фоне праблемы з колькасцю палітвязн_іц. Але варта памятаць, што няма больш важных ці менш важных правоў, якія парушаюцца. Любыя праблемы ў галіне правоў чалавека мусяць вырашацца комплексна. Інфармаваць пра гэтую праблему важна ў тым ліку і да 10 кастрычніка — Дня барацьбы супраць смяротнага пакарання.
Фота: Pixabay