Моладзевая арганізацыя «ІншыЯ» правяла даследаванне «Ацэнка псіхалагічнага стану беларускіх актывіст_ак, якія выехалі». Даследаванне праводзілася пры падтрымцы гендарнай даследчыцы Лены Агарэлышавай.
У апытанні прынялі ўдзел 63 актывіст_кі. Атрыманыя ў выніку даследавання дадзеныя досыць трывожныя: больш за траціну рэспандэнт_ак ацэньваюць свой псіхалагічны стан як блізкі да вельмі нездавальняючага. Пра фактары стрэсу, а таксама пра тое, што з гэтым можна рабіць — у гэтым матэрыяле.
Беларускі актывізм за мяжой: асноўныя трыгеры
Складанасці з легалізацыяй
Пасля 2020 году найбольш папулярнымі краінамі для вымушанай эміграцыі беларускіх актывіст_ак сталі Польшча, Літва і Грузія.
Згодна з апытаннем часцей за ўсё адчуваюць сябе ў небяспецы тыя, хто знаходзіцца цяпер у Грузіі (44%). Асноўная прычына — складанасці з легалізацыяй і наяўнасць выпадкаў, калі беларус_кам адмаўлялі ва ўездзе.
Спецыфіка легалізацыі ў Грузіі ў тым, што аформіць від на жыхарства тут досыць складана. Доўгі час гэта не было праблемай, бо згодна з грузінскім заканадаўствам замежні_цам без ВНЖ неабходна раз на год выязджаць за межы краіны, каб «абнуліцца» (заўв. рэд. — выехаць за мяжу для таго, каб пасля вяртання тэрмін бязвізавага знаходжання пачаў адлічвацца зноў) — пасля чаго можна далей яшчэ год бесклапотна знаходзіцца ў краіне. Многія паспявалі здзейсніць так званы «візаран» цягам аднаго дня, выязджаючы ў суседнюю Турцыю на некалькі гадзін, і дадзеная працэдура ўспрымалася як фармальнасць.
Цяпер, на жаль, сустракаюцца выпадкі, калі беларускіх грамадзян_ак адмаўляюцца ўпускаць у Грузію пасля выезду за межы краіны. Адным з самых паказальных выпадкаў з’яўляецца гісторыя заснавальніка беларускай дыяспары Аджарыі Яўгена Гацака, які таксама быў назіральнікам на выбарах у 2020 годзе. Увесну 2023 года Яўгену не дазволілі вярнуцца з Турцыі ў Грузію, нават нягледзячы на тое, што сям’я мужчыны знаходзілася ў той момант у Грузіі.
Цяжкасці з легалізацыяй ёсць і ў іншых краінах: па 28% апытаных адзначылі, што маюць такую ж праблему ў Польшчы і Літве.
Сталая нявызначанасць і неразуменне таго, ці не давядзецца табе заўтра шукаць новае сховішча, немагчымасць «пусціць карані ў новым месцы» спусташаюць і негатыўна адбіваюцца на якасці жыцця.
Цяжкасці з адаптацыяй у новай краіне
Працэс адаптацыі на новым месцы доўжыцца дастаткова доўга і часта праходзіць балюча. Даводзіцца разбірацца ва ўсім: у культурных асаблівасцях, рабоце сістэмы аховы здароўя і адукацыі, у прынцыпах узаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі і гарадскім асяроддзем. У выніку вырашэнне нават самых простых для мясцовых жыхароў і жыхарак задач вымагае ў беларус_ак шмат часу і сілаў.
Цяжкасці з культурнымі бар’ерамі адзначылі каля 70% рэспандэнт_ак з Грузіі. 46% апытаных у Польшчы сутыкаюцца са складанасцю атрымання медыцынскіх паслуг, а найбольш папулярнай праблемай актывіст_ак у Літве сталі цяжкасці, выкліканыя моўным бар’ерам (40%).
Трывожны інфармацыйны фон
Беларускія актывіст_кі працягваюць сачыць за навінамі на радзіме. Каля 70% апытаных рэгулярна чытаюць беларускія і сусветныя навіны, што, на думку рэспандэнта_ак, негатыўна адбіваецца на іх псіхалагічным стане.
У топ самых трыгерных тэм уваходзяць навіны пра вайну ва Украіне і пра рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі. Многія перажываюць за родных і блізкіх, якія засталіся на радзіме.
«Сюрпрызы» ад афіцыйных беларускіх уладаў таксама вядуць да павышэння ўзроўня стрэсу. Так, адной з самых хвалюючых навін гэтай восені стала забарона на замену пашпартоў у пасольствах. Па дакументы неабходна ехаць у Беларусь, што небяспечна для многіх актывіст_ак, якія асцерагаюцца пераследу за сваю грамадзянскую пазіцыю. Ужо ёсць выпадкі затрыманняў тых, хто прыехаў па новы пашпарт.
У Літве і Польшчы існуе магчымасць аформіць так званы «пашпарт замежніка» (які, тым не менш, не з’яўляецца раўназначнай заменай беларускаму). У Грузіі ж такі варыянт наогул адсутнічае — покуль немагчыма атрымаць дакумент, які можна было б лічыць альтэрнатывай беларускаму пашпарту.
Фактары, якія спрыяюць паляпшэнню псіхалагічнага стану
81% рэспандэнт_ак адзначылі, што галоўны фактар, які спрыяў бы паляпшэнню псіхалагічнага стану, — гэта стабільны заробак. У няроднай краіне, дзе ў цябе няма ўласнай нерухомасці, падтрымкі блізкіх і за любую дапамогу (напрыклад, нагляд за дзецьмі для мам, якія працуюць) неабходна плаціць, грошы — гэта пытанне выжывання.
У грамадзянскім сектары пытанне пра стабільную крыніцу даходу з’яўляецца балючым з-за праектнага характару работы і нефіксаванай занятасці. Большасць апытаных адзначылі, што іх занятасць цягам месяца змяняецца ад 0 да 40 і больш гадзін на тыдзень.
Сярод фактараў, якія таксама маглі б палепшыць псіхалагічны стан, рэспандэнт_кі называлі даступную псіхалагічную (51%) і медыцынскую (46%) дапамогу, зносіны з блізкімі (46%) і задаволенасць ад працы (43%).
Вонкавыя фактары, якія маглі б палепшыць псіхалагічны стан
Сярод вонкавых зменаў, якія тэарэтычна маглі б пазітыўна паўплываць на псіхалагічны стан беларускіх актывіст_ак, апытаныя часцей за іншыя называлі вяртанне ў Беларусь, атрыманне дакументаў у краіне пражывання, а таксама спыненне вайны ва Украіне.
Больш падрабязна з вынікамі даследавання можна азнаёміцца ніжэй.
Текст: Юля Михасёва