Хочаце разабрацца ў тэмах правоў чалавека, недыскрымінацыі або стаць больш актыўным у грамадскім жыцці? У гэтым артыкуле мы сабралі бясплатныя адукацыйныя курсы і праекты, якія дапамогуць атрымаць неабходныя веды і прымяняць іх на практыцы. Вы даведаецеся, як рэагаваць на парушэнні, абараняць правы іншых і распрацоўваць уласныя праекты, якія могуць зрабіць свет лепшым. Некаторыя курсы даступныя адразу, іншыя адкрываюцца перыядычна — выбірайце тое, што вам падыходзіць, сачыце за абнаўленнямі і далучайцеся!
Калі ў гэтай падборцы няма вашага адукацыйнага прадукту, але вы лічыце, што ён павінен тут быць, — напішыце нам на пошту [email protected], і мы яго дададзім.
Перад тым як перайсці да падборкі — а што па бяспецы?
Большасць правайдараў адказна ставіцца да пытанняў бяспекі і стварае ўмовы, пры якіх удзельні_цы могуць адчуваць сябе камфортна і абаронена. Вось што для гэтага робіцца.
Часта нават на афлайн-курсах у вас ёсць магчымасць захаваць ананімнасць: памятайце, вы не абавязаныя паведамляць іншым удзельні_цам сваё сапраўднае імя, месца жыхарства або дзяліцца іншай асабістай інфармацыяй. Асабліва калі жывяце ў Беларусі.
Верыфікацыя — гэта адзін з найважнейшых этапаў пры фармаванні будучай адукацыйнай групы. Менавіта таму адным з патрабаванняў пры запаўненні формы на ўдзел у курсе можа быць падаванне кантакту асобы, якая можа вас верыфікаваць. Гэта дапамагае арганізатар_кам упэўніцца ў сапраўднасці інфармацыі і стварыць камфортныя і бяспечныя ўмовы для ўсіх удзельні_ц.
Перад пачаткам курса арганізатр_кі часта праводзяць вэбінар па бяспецы, дзе ўдзельні_цам тлумачаць правілы і рэкамендацыі, альбо дасылаюць падрабязныя інструкцыі па бяспечным удзеле.
Звяртайце ўвагу на палітыку захавання дадзеных. Большасць правайдараў не захоўваюць вашу асабістую інфармацыю і клапоцяцца пра канфідэнцыяльнасць удзельні_ц.
Калі ў апісанні курса няма згадак пра захаванне дадзеных, не саромейцеся задаваць пытанні арганізатар_кам. Гаворка ідзе пра вашу бяспеку, і гэта важна.
На жаль, многія праекты, якія займаюцца тэмай правоў чалавека ў Беларусі, прызнаныя экстрэмісцкімі. Гэта рэаліі, у якіх мы сёння жывём. У гэтай падборцы мы пазначылі курсы і праекты, арганізатар_кі якіх ужо маюць такі статус на красавік 2025 года. Калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, рэкамендуем звяртаць на гэта асаблівую ўвагу.
Калі арганізацыя або яе медыя прызнаныя экстрэмісцкімі, не варта падпісвацца на яе старонкі ў сацсетках ці публічна ўзаемадзейнічаць з ёй.
Захоўвайце асцярожнасць і карыстайцеся магчымасцямі навучання з максімальнай бяспекай.
А што па грошах?
Як мы ўжо адзначылі вышэй, усе курсы ў гэтай падборцы бясплатныя.
Больш за тое, арганізатар_кі адукацыйных афлайн-курсаў часта пакрываюць выдаткі, звязаныя з удзелам у праграме. У большасці выпадкаў гэта праезд, пражыванне і харчаванне. Рэдка, але бывае, што арганізатар_кі дапамагаюць і з атрыманнем візы.
Гэта ўсё адрозніваецца ў кожна_й з арагнізатара_к і часта залежыць ад канкрэтнага набору. Таму раім чытаць анонсы канкрэтных мерапрыемстваў і там шукаць дакладную інфармацыю.
Ну а цяпер паехалі!
Нырнуць у тэму правоў чалавека
«Тэрыторыя правоў». Уводны курс па правах чалавека ад Беларускай праваабарончай школы
Калі вы ў Беларусі — не падпісвайцеся, не стаўце падабайкі і не дзяліцеся публікацыямі ініцыятывы публічна.
Курс для тых, хто толькі пачынае знаёмства з тэмай правоў чалавека. Праграма прадстаўленая ў інтэрактыўным фармаце і дае базавыя веды пра канцэпцыі правоў чалавека, роўнасці, недыскрымінацыі, а таксама пра дзеянні ў абарону грамадскіх інтарэсаў.
Акрамя навучання Беларуская праваабарончая школа стварае спрыяльныя ўмовы, каб выпускні_цы курса ядналіся для нэтворкінгу, камунікацыі і стваралі супольныя праекты, якія прасоўваюць правы чалавека.
1-3 дні інтэрактыўнага навучання
Афлайн
Для ўсіх, хто толькі пачынае знаёмства з тэмай правоў чалавека незалежна ад узросту і досведу
Даведацца больш можна на сайце Беларускай праваабарончай школы.
Сачыць за анонсамі — у інстаграме «Тэрыторыі правоў» і ў тэлеграме.
Базавая школа па правах чалавека для моладзі ад Беларускай праваабарончай школы
Калі вы ў Беларусі — не падпісвайцеся, не стаўце падабайкі і не дзяліцеся публікацыямі ініцыятывы публічна.
Афлайн-праграма для беларускай моладзі, якая хоча атрымаць сістэмныя веды пра правы чалавека. Курс аб’ядноўвае тэарэтычнае вывучэнне ключавых канцэпцый і практычныя заняткі, накіраваныя на разуменне роўнасці, недыскрымінацыі і механізмаў абароны правоў чалавека. Асаблівая ўвага надаецца каштоўнаснаму падыходу, інтэрактыўным методыкам і азнаямленню з форум-тэатрам.
Акрамя навучання Беларуская праваабарончая школа стварае спрыяльныя ўмовы, каб выпускні_цы курса ядналіся для нэтворкінгу, камунікацыі і стваралі супольныя праекты, якія прасоўваюць правы чалавека.
8 дзён актыўнага і інтэрактыўнага навучання
Афлайн
Даведацца больш — на сайце Беларускай праваабарончай школы.
Сачыць за анонсамі — у інстаграме Беларускай праваабарончай школы.
Анлайн-курс «Правы чалавека — гэта база» ад ініцыятывы «Гэта база»
Трэнер_кі курса — праваабаронца і сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі Human Constanta Валдзіс Фугаш і сузаснавальніца ініцыятывы «Гэта база» Паліна Шайко.
Удзельні_цы курса атрымаюць базавыя веды пра правы чалавека, зразумеюць прынцыпы роўнасці і інклюзіі, а таксама даведаюцца, як рэагаваць на парушэнні і абараняць правы іншых.
Пасля праходжання курса ўдзельні_цы будуць ведаць, як ствараць і распрацоўваць уласныя праекты, а таксама атрымаюць ментарскую падтрымку ад ініцыятывы «Гэта база» на працягу двух месяцаў пасля завяршэння курса.
1 сустрэча на тыдзень цягам паўтара месяца
Анлайн
Для ўсіх зацікаўленых незалежна ад досведу і бэкграўнду, у тым ліку для тых, хто раней ніколі не сутыкаўся з тэмай правоў чалавека. Прыярытэт надаецца людзям, якія знаходзяцца ў Беларусі і маладзейшыя за 35 год, але гэта не абавязковая ўмова
- выкананне ўсіх тэстаў на платформе,
- наведванне як мінімум 5 з 8 анлайн-семінараў
Сачыць за анонсамі — у інстаграме праекта «Гэта база».
Афлайн-школа па правах чалавека ад ініцыятывы «Гэта база»
Адукацыйная праграма дае магчымасць паглыбіць свае веды пра правы чалавека ў жывым фармаце. Асаблівая ўвага ў курсе надаецца гісторыі правоў чалавека ў беларускім кантэксце, ролі механізмаў і інстытутаў, а таксама прынцыпам недыскрымінацыі і роўнасці.
Пасля праходжання курса ўдзельні_цы будуць ведаць, як ствараць і распрацоўваць уласныя праекты, а таксама атрымаюць ментарскую падтрымку ад ініцыятывы «Гэта база» на працягу 2 месяцаў пасля заканчэння школы.
5 дзён з улікам дзён заезду і ад’езду ўдзельні_ц
Афлайн
Для ўсіх зацікаўленых незалежна ад досведу і бэкграўнду, уключаючы тых, хто раней ніколі не сутыкаўся з тэмай правоў чалавека. Праграма арыентаваная на людзей да 35 год
Кантакт як мінімум адной асобы, якая зможа вас верыфікаваць
Сачыць за анонсамі можна ў інстаграме праекта «Гэта база».
Курс па правах чалавека ад «Прававой ініцыятывы»
Калі вы ў Беларусі — не падпісвайцеся, не стаўце падабайкі і не дзяліцеся публікацыямі ініцыятывы публічна.
Курс дае магчымасць паглыбіцца ў тэму правоў чалавека і атрымаць базавыя веды аб міжнародных дакументах і стандартах абароны.
Пасля заканчэння курса ўдзельні_цы могуць паспаборнічаць у конкурсе на стажыроўкі, якія аплачваюцца, у беларускіх праваабарончых арганізацыях і далучыцца да супольнасці выпускні_ц, для якіх «Прававая ініцыятыва» ладзіць дадатковыя актыўнасці.
Да 3 месяцаў
3 трохдзённыя афлайн-сесіі і анлайн-вэбінары паміж сесіямі
Для ўсіх ахвочых старэйшых за 18 гадоў, незалежна ад месца пражывання і пачатковага ўзроўню ведаў у галіне правоў чалавека
- Рэкамендацыя для верыфікацыі ўдзельні_ц — пажадана ад праваабаронцаў ці грамадскіх актывіст_ак.
- Досвед удзелу ў падобных курсах па правах чалавека (разглядаецца індывідуальна).
- Згода выконваць правілы групы, якія будуць сумесна распрацаваныя і прынятыя на першай сесіі школы (парушэнне гэтых правілаў можа стаць падставай для выключэння, кожны выпадак разглядаецца асобна)
Даведацца больш можна на сайце «Прававой ініцыятывы».
Прававы самадапаможнік на кожны дзень ад Nation of Leaders
Калі вы ў Беларусі — не падпісвайцеся, не стаўце падабайкі і не дзяліцеся публікацыямі ініцыятывы публічна.
Гэты курс дапаможа навучыцца абараняць свае правы ў паўсядзённым жыцці ў 6 сферах: ахове здароўя, экалогіі, жыллёва-камунальнай гаспадарцы, адукацыі, працоўным праве, правах спажыўца.
6 тыдняў. 5 вэбінараў + відэаматэрыялы і заданні на дом
Анлайн-сустрэчы і самастойная анлайн-адукацыя
Для ўсіх ахвочых незалежна ад полу, узросту, сацыяльнага становішча і ведаў у галіне правоў чалавека. Для грамадзян_ак Беларусі, якія сутыкаліся з парушэннем іх правоў і хочуць навучыцца бараніць свае правы і правы сваіх блізкіх
Паглыбіцца ў тэму правоў чалавека і авалодаць праваабарончымі інструментамі
Паглыблены курс па правах чалавека ад Беларускай праваабарончай школы
Калі вы ў Беларусі — не падпісвайцеся, не стаўце падабайкі і не дзяліцеся публікацыямі ініцыятывы публічна.
Курс уключае комплекснае вывучэнне міжнародных дакументаў, механізмаў абароны і асобных правоў і свабод, падмацаванае інтэрактыўнымі практыкаваннямі і рэальнымі кейсамі.
Акрамя навучання Беларуская праваабарончая школа стварае спрыяльныя ўмовы, каб выпускні_цы курса ядналіся для нэтворкінгу, камунікацыі і стваралі супольныя праекты, якія прасоўваюць правы чалавека.
Каля 6 месяцаў. 4 трохдзённыя афлайн-сесіі і 3 анлайн-вэбінары паміж сесіямі з хатнімі заданнямі
Гібрыдны: анлайн-вэбінары і падрыхтоўка хатніх заданняў, афлайн-сесіі
Для тых, хто ўжо мае базавыя веды ў правах чалавека і жадае іх паглыбіць ды актывізаваць у практычным рэчышчы. Няма абмежаванняў па ўзросце
Даведацца больш можна на сайце Беларускай праваабарончай школы.
Сачыць за анонсамі — у інстаграме Беларускай праваабарончай школы.
Курс «Правы чалавека ў дзеянні» ад «Прававой ініцыятывы»
Калі вы ў Беларусі — не падпісвайцеся, не стаўце падабайкі і не дзяліцеся публікацыямі ініцыятывы публічна.
Асобны фокус гэтага курса зроблены на практыцы: удзельні_цы не толькі засвояць тэорыю, але і будуць працаваць над практычнымі заданнямі, каб замацаваць веды. Асобныя заняткі прысвечаныя праектнаму менеджменту, экалагічнай камунікацыі, а таксама працы ў камандзе — гэтыя навыкі дапамогуць падрыхтавацца да рэалізацыі ўласных сумесных праваабарончых праектаў.
Пасля праходжання курса ўдзельні_цы могуць паспаборнічаць у конкурсе на стажыроўкі, якія аплачваюцца, у беларускіх праваабарончых арганізацыях і далучыцца да супольнасці выпускні_ц, для якіх «Прававая ініцыятыва» ладзіць дадатковыя актыўнасці.
Да 6 месяцаў
6 трохдзённых афлайн-сустрэч і анлайн-вэбінары паміж імі
Для ўсіх ахвочых старэйшых за 18 гадоў, незалежна ад месца пражывання і ўзроўню ведаў у галіне правоў чалавека
- Рэкамендацыя для верыфікацыі ўдзельні_ц — пажадана ад праваабаронцаў ці грамадскіх актывіста_к.
- Досвед удзелу ў падобных курсах па правах чалавека (разглядаецца індывідуальна).
- Згода выконваць правілы групы, якія будуць сумесна распрацаваныя і прынятыя на першай сесіі школы (парушэнне гэтых правілаў можа стаць падставай для выключэння, кожны выпадак разглядаецца асобна).
- Згода выконваць хатнія заданні
Даведацца больш можна на сайце «Прававой ініцыятывы».
International Law in Advocacy Belarus ад Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава
International Law in Advocacy Belarus (ILIA-By) — гэта комплексная адукацыйная праграма, якая складаецца з курса Bring International Standards Home (BISH) і паслявучэбнай падтрымкі выпускні_ц. Праграма рэалізуецца ў партнёрстве беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый.
Удзельні_цы навучацца працаваць з міжнароднымі прававымі дакументамі і аналізаваць практыку міжнародных органаў, ацэньваць адпаведнасць нацыянальнага заканадаўства міжнародным стандартам і вызначаць парушэнні правоў чалавека. Таксама курс дае магчымасць авалодаць навыкамі аргументацыі сваёй пазіцыі на аснове міжнародных стандартаў і выбару эфектыўных механізмаў абароны правоў чалавека.
Выпускні_цы атрымліваюць сертыфікат і становяцца часткай супольнасці ILIA-By, дзе могуць удзельнічаць у семінарах, канферэнцыях, анлайн-сустрэчах, атрымліваць экспертную падтрымку і міні-гранты для сваіх ініцыятыў.
12 месяцаў:
- уводная анлайн-сесія,
- 5 афлайн-сесій па 3-5 дзён,
- 5 анлайн-модуляў паміж афлайн-сесіямі
Анлайн- і афлайн-сустрэчы
Для юрыста_к, адваката_к, праваабаронцаў, журналіста_к, актывіста_к і выкладчы_ц, чыя дзейнасць звязаная з правамі чалавека
- Веды ў сферы правоў чалавека (удзельні_ца павін_ная мець практычны досвед у абароне і прасоўванні правоў чалавека або быць выпускні_цай базавых адукацыйных праграм і курсаў у гэтай галіне).
- Рэкамендацыя ад прадстаўні_ц грамадзянскай супольнасці (пажадана — ад выпускні_ц ці эксперта_к гэтай праграмы).
- Гатоўнасць удзельнічаць ва ўсіх сесіях, выконваць пісьмовыя заданні і вывучаць дадатковыя матэрыялы.
- Прыхільнасць прафесійнай этыцы і стандартам беларускіх праваабаронцаў.
- Узрост ад 21 года.
- Вышэйшая адукацыя.
- Грамадзянства або пастаяннае пражыванне ў Беларусі.
- Магчымасць выезду за мяжу і ўдзелу ва ўсіх сесіях праграмы
Даведацца больш можна на сайце Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава.
Юрыдычны клуб Rule of Law for Belarus
Юрыдычны клуб — гэта адукацыйны праект, які аб’ядноўвае вакол сябе прафесійных юрыста_к і ўсіх, хто цікавіцца правам, вяршэнствам закона, правамі чалавека, механізмамі і інстытутамі права, а таксама тым, як права працуе і павінна будавацца.
Праект прапануе сучасныя веды пра функцыянаванне прававых інстытутаў, спрыяе абмену ідэямі і меркаваннямі, наладжванню новых кантактаў і сувязяў. Гэта месца, дзе можна ўключацца ў міжнародную юрыдычную супольнасць, знайсці аднадумцаў і карысна правесці час.
Анлайн і афлайн
Юрыст_кі, праваабаронцы, спецыяліст_кі некамерцыйных арганізацый
Пазнаёміцца з мерапрыемствамі клуба і раскладам на наступныя месяцы можна ў тэлеграм-суполцы Юрыдычнага клуба і на старонцы ў інстаграме.
Анлайн-стажыроўка для беларускіх студэнта_к і магістранта_к юрыдычных спецыяльнасцяў ад Беларускага Хельсінкскага камітэта
Фармальна гэта не тычыцца стажыроўкі, але выконвайце рэкамендацыі па мінімізацыі рызык.
У фокусе Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК) такія тэмы, як дыскрымінацыя, міжнародныя праваабарончыя механізмы, бізнэс і правы чалавека, human rights based approach, SDG, агульная аналітыка па правах чалавека, асобныя правы.
Стажыроўка БХК — адзін з напрамкаў комплекснай працы БХК, накіраванай на ўмацаванне і развіццё беларускай юрыдычнай супольнасці, узмацненне яе прафесійнага патэнцыялу ў сферы правоў чалавека і вяршэнства права.
Стажыроўка БХК накіраваная на падтрымку і развіццё маладых беларускіх юрыста_к, стварэнне для іх новых магчымасцяў, атрыманне імі вопыту як тэарэтычнай, так і практычнай працы з правамі чалавека — што асабліва важна ў кантэксце стану юрыдычнай адукацыі ў Беларусі.
3 месяцы
Анлайн. Стажыроўка складаецца з дзвюх частак — тэарэтычнай і практычнай
Для беларускіх студэнта_к II – IV курсаў, магістранта_к і выпускні_ц* юрыдычных спецыяльнасцяў, якія навучаюцца як у Беларусі, так і па-за яе межамі.
* Для бакалаўрыяту — не пазней за 3 гады з выпуску, для магістратуры — не пазней за 1 год
- наяўнасць каштоўнаснай матывацыі да працы з правамі чалавека,
- жаданне атрымаць новыя веды,
- гатоўнасць уцягвацца мінімум 8 гадзін на тыдзень;
- добрае валоданне ангельскай мовай,
- аналітычныя здольнасці, нестандартнасць мыслення,
- добрае веданне права (суадносна курсу/узроўню навучання),
- наяўнасць вопыту працы з правамі чалавека (тэарэтычнага і практычнага),
- наяўнасць дадатковага досведу працы з пошукам прававой інфармацыі і аргументацыяй (напрыклад, moot courts)
Атрымаць дадатковую інфармацыю аб адборы, кампетэнцыях, якія можна набыць праз стажыроўку, прачытаць водгукі ад былых стажора_к, а таксама падаць заяўку можна на сайце Беларускага Хельсінкскага камітэта.
Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values — JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

