Тэма гендарна-нейтральных прыбіральняў апошнім часам набірае абароты і выклікае шмат абмеркаванняў. Для некаторых знікненне звычных шыльд «Ж» і «М» выглядае спрэчным рашэннем, іншыя бачаць у гэтым важны крок да стварэння больш інклюзіўнага грамадства. У гэтым артыкуле мы раскажам, адкуль прыйшла ідэя зрабіць прыбіральні гендарна-нейтральнымі і чаму важна ўносіць змены ў грамадскую прастору для роўных правоў кожнага і кожнай.
Якія прыбіральні называюць гендарна-нейтральнымі?
Гендарна-нейтральныя прыбіральні — гэта грамадскія прыбіральні, даступныя для карыстання любой асобай, незалежна ад яе біялагічнага полу альбо гендарнай ідэнтычнасці.
Гэта значыць, што замест звыклых нам значкоў «Ж» / «М» і падзелу на жаночыя і мужчынскія зоны, на дзвярах вы ўбачыце знакі, якія паказваюць на іх даступнасць для ўсіх.
Гэта могуць быць знакі, якія падкрэсліваюць гендарную нейтральнасць туалета, а могуць быць універсальныя знакі накшталт «WC». Такая сістэма дазваляе пазбегнуць сітуацый непаразумення і дыскрымінацыі асоб, чыя гендарная ідэнтычнасць і знешні выгляд разыходзяцца з трывалымі ўяўленнямі грамадства пра тое, як выглядаюць жанчыны і мужчыны.
На практыцы такія унісэкс-прыбіральні могуць выглядаць па-рознаму: у некаторых месцах гэта проста адзіночныя кабінкі з асобнымі рукамыйнікамі, у іншых — агульныя зоны з кабінкамі і рукамыйнікамі, даступныя ўсім. Па сутнасці, калі на прыбіральні адсутнічаюць шыльды, якія інтэрпрэтуюцца як гендараваныя, то гэта WC для ўсіх.
Чаму паўстала пытанне гендарна-нейтральных туалетаў?
Гендарна-нейтральныя туалеты з’явіліся ў адказ на патрэбы людзей, чыё гендарнае самаўспрыманне не ўпісваецца ў традыцыйную бінарную сістэму. Калі глядзець на пытанне шырэй, то гэтыя прыбіральні таксама вельмі зручныя для бацькоў з дзецьмі, напрыклад, для таты з дачкой ці матулі з сынам; для людзей з інваліднасцю і тых, хто іх суправаджае; для людзей сталага ўзросту і іх родных. Стандартная бытавая сітуацыя таксама спрашчаецца для людзей, якія выглядаюць гендарна-неканформна, то-бок іх выгляд не супадае з чаканнямі грамадства.
Усе могуць проста ўваходзіць у агульную прыбіральню па сваіх патрэбах — без аглядкі на гендарны маркер у пашпарце.
Гледзячы на вышэйпералічанае, становіцца відавочна, што наяўнасць гендарна-нейтральных прыбіральняў складана пераацаніць, але для большасці насельніцтва постсавецкай прасторы — гэта новая тэма, таму яна патрабуе тлумачэнняў і станоўчых прыкладаў выкарыстання.
Дзе ўжо адмовіліся ад кабінак «Ж» і «М»?
Цікава, што гендарнае падзяленне кабінак — з’ява адносна нядаўняя. Размежаванне стала амаль паўсюдным у ХХ стагоддзі, калі жанчыны сталі часцей працаваць на заводах. Неабходнасць новаўвядзення тлумачылася забеспячэннем бяспекі для жанчын. Пры гэтым адзначым, што ў Гарвардскай юрыдычнай школе ў 1950-х прыбіральняў для жанчын не было, а ў 1960-х іх было толькі дзве.
У 1990-х падзяленне прыбіральняў на «Ж» і «М» стала звычайнай сітуацыяй. Але насамрэч шмат у якіх прасторах — офісных, спартовых, забаўляльных, рэстаранных — ніякага падзялення не было і няма. Проста да пэўнага часу гэта не мела асобнай назвы. Канцэпцыя гендарна-нейтральных прыбіральняў — і менавіта такая іх назва — пачала набіраць папулярнасць у канцы ХХ — пачатку ХХI стагоддзя на фоне росту дасведчанасці аб правах ЛГБТК+ і неабходнасці стварэння інклюзіўных грамадскіх прастор. На гэты час і прыпаў усплёск грамадскага абмеркавання. Найперш дыскусіі тычацца прыбіральняў у школах, бінарнае падзяленне (на мужчынскія і жаночыя) у якіх з’яўляецца абавязковым у шмат якіх краінах.
Першыя прыбіральні, маркаваныя як гендарна-нейтральныя, з’явіліся ва ўніверсітэцкіх кампусах і гарадах Паўночнай Амерыкі і Еўропы. Яны хутка атрымалі падтрымку як з боку актывіст_ак, так і ад грамадзян_ак, якія ўбачылі ў іх зручнасць і бяспеку. Сёння гендарна-нейтральныя прыбіральні становяцца нормай у многіх краінах свету. Бадай што найбольш узгадваюцца ў гэтым кантэксце Швецыя, Нідэрланды, Нямеччына. Але практыка, вядома, куды больш шырокая і ахоплівае не толькі ўмоўны Захад. Напрыклад, у Індыі трансгендарныя людзі атрымліваюць доступ да асобных прыбіральняў.
Ці ёсць мэтазгодным рашэнне «перавынайсці» гендарна-нейтральныя прыбіральні? Новыя хвалі дыскусій узнімаюцца па сёння. Пакуль Нямеччына рыхтавалася зладзіць першы чэмпіянат Еўропы па футболе, на ўсіх пляцоўках якога былі гендарна-нейтральныя прыбіральні, урад Вялікабрытаніі ініцыяваў скарачэнне гендарна-нейтральных прыбіральняў, каб спрыяць вырашэнню праблем «бяспекі, прыватнасці і годнасці». Прапануецца ў новых будынках рабіць асобныя прыбіральні для жанчын і мужчын, а там, дзе хапае прасторы, дадаткова абсталёўваць універсальныя прыбіральні для ўсіх — гэта мусяць быць аўтаномныя пакоі, дзе можна сам-насам зачыніцца, справіць патрэбу, памыць і высушыць рукі.
Грамадскія арганізацыі назвалі такое рашэнне «крокам назад». Варта разумець, што для небінарных і трансгендарных асобаў наяўнасць гендарна-нейтральных прыбіральняў — гэта пытанне не толькі зручнасці і павагі асабістых правоў, але і бяспекі. У традыцыйных прыбіральнях яны часта сутыкаюцца з непаразуменнем, агрэсіяй ці нават гвалтам. Гендарна-нейтральныя прыбіральні павінны дапамагчы знізіць узровень фізічнага і псіхалагічнага стрэсу, а таксама трывогі пры наведванні грамадскіх прастораў. Канадскі перформер Айван Каёці ў сваім тэд-току распавядае, чаму яму як транс-мужчыну не падыходзяць мужчынскія туалеты:
Відавочна, агульнага трэнду няма. Пакуль Вялікабрытанія вяртаецца да асобных прыбіральняў, Ісландыя абірае адваротны прынцып: базавымі становяцца гендарна-нейтральныя прыбіральні, а асобныя могуць быць у дадатак. На шыльдах рэкамендуецца пазначаць абсталяванне пакояў, а не персон, якія могуць імі карыстацца, — напрыклад, размяшчаць знак пісуара.
Аргументы за і супраць гендарна-нейтральных прыбіральняў
Любая новая прапанова грамадству патрабуе тлумачэнняў і наглядных прыкладаў ужывання. Даволі шмат залежыць і ад таго, хто транслюе тую ці іншую думку і наколькі грамадства ўвогуле гатовае ўспрымаць новыя ідэі зыходзячы з папярэдняга досведу. Каб узважана сфармаваць свае адносіны да пытання, разгледзім розныя падыходы і меркаванні, з якімі сутыкнуліся ў краінах, дзе пытанне гендарна-нейтральных прыбіральняў паўставала ці паўстае цяпер.
За:
Гендарна-нейтральныя прыбіральні забяспечваюць доступ для ўсіх людзей, незалежна ад іх гендарнай ідэнтычнасці. Гэта асабліва важна для небінарных і трансгендарных асоб, якія могуць адчуваць сябе некамфортна ці небяспечна ў традыцыйных (гендарна-падзеленых) прыбіральнях. Гендарна-нейтральныя туалеты зручныя і для бацькоў з дзецьмі, і для асоб з абмежаванымі магчымасцямі, і для любых людзей, якім можа спатрэбіцца дапамога асобы супрацьлеглага полу.
Унісэкс-прыбіральні могуць знізіць узровень дыскрымінацыі і гвалту, з якім часта сутыкаюцца ў грамадскіх месцах трансгендарныя асобы і асобы, выгляд якіх не супадае з замацаванымі ўяўленнямі пра жанчын і мужчын. Калі прасторы з трох- і чатырохкутнікамі на дзвярах выклікаюць у чалавека трывогу за тое, як паставяцца да яго або яе людзі за гэтымі дзвярыма, ён ці яна могуць не заходзіць у такія памяшканні, рызыкуючы здароўем.
Агульнавядома, што публічныя прыбіральні наведваюць пераважна па малой патрэбе, і жанчынам у сярэднім патрабуецца больш часу, чым мужчынам. Гендарна-нейтральныя прыбіральні могуць спрыяць больш раўнамернаму размеркаванню карыстальні_ц, што дапамагае знізіць чэргі, асабліва ў месцах з высокай праходнасцю, такіх як аэрапорты ці канцэртныя залы.
Пераабсталяванне туалетаў у гендарна-нейтральныя можа аказацца эканамічна выгадным, бо гэта патрабуе меншай колькасці асобных памяшканняў, а таксама спрашчае іх прыборку і абслугоўванне.
Супраць:
Нягледзячы на імкненне да бяспекі для ўсіх, існуе небеcпадстаўнае меркаванне, што гендарна-нейтральныя прыбіральні могуць павялічваць рызыку злоўжыванняў ці непрыстойных паводзін у адносінах да жанчын, асабліва калі адэкватныя меры бяспекі не забяспечаныя. Тут вельмі значны дызайн канкрэтнай прасторы: наколькі яна забяспечвае прыватнасць, ізаляванасць і бяспеку кожн_ай наведвальні_цы.
Некаторыя людзі могуць адчуваць дыскамфорт ці эмацыйны і псіхалагічны супраціў у адносінах да гендарна-нейтральных прыбіральняў праз забабоны, недахоп інфармацыі, звычыкі, сталыя ўяўленні ці стэрэатыпы пра тое, што людзі розных біялагічных палоў могуць рабіць побач у інтымнай абстаноўцы. Частка людзей будзе мець складанасці з адаптацыяй да нязвычнага фармату. Не ўсім жанчынам, напрыклад, лёгка падфарбавацца ў прысутнасці мужчын або падправіць нешта ў адзенні.
Пераабсталяванне існуючых прыбіральняў у гендарна-нейтральныя на пачатковым этапе можа запатрабаваць значных фінансавых укладанняў, асабліва ў старых будынках, дзе інфраструктура не прыстасаваная да такіх змен.
Размяшчэнне ў гарадской прасторы і памяшканнях гендарна-нейтральных прыбіральняў патрабуе абавязковага правядзення адукацыйных кампаній для інфармавання людзей аб важнасці і карыснасці такіх рашэнняў. Гэта не хуткая справа і яна патрабуе часу і рэсурсаў.
Падводзячы вынік, скажам, што сама тэма стварэння гендарна-нейтральных прыбіральняў не мае адзінага погляду ў грамадстве. Але, каб адносіны да таго ці іншага пытання пачалі змяняцца і людзі пачыналі дыялог з тымі, хто мае іншае меркаванне і погляды, неабходна ствараць пляцоўкі, дзе гэта робіцца магчымым. А зрабіць інклюзіўную і бяспечную прастору для ўсіх мы зможам толькі разам.
Як для прыхільні_ц, так і для праціўні_ц гендарна-нейтральных туалетаў краевугольным каменем дыскусіі з’яўляецца пытанне бяспекі. І тут задача ўсіх адказных за бяспеку думаць найперш пра яе — але для ўсіх без выключэння.
Гендарна-нейтральныя прыбіральні — гэта не проста «модны трэнд», а важны крок да стварэння інклюзіўнага і раўнапраўнага грамадства. Яны зменшаюць стыгматызацыю і падтрымліваюць правы ўсіх, незалежна ад іх ідэнтычнасцяў. Калі мы будзем больш адкрытымі да новага і будзем з разуменнем ставіцца да іншых, мы зможам пабудаваць грамадства, у якім кожны і кожная будзе адчуваць сябе на сваім месцы.
Аўтарка: Марыйка Арлова