Штогод 2 жніўня ў свеце ўшаноўваюць памяць рама́*, якія сталі ахвярамі Халакосту. Дата абраная не выпадкова: 2 жніўня 1944 года ў канцэнтрацыйным лагеры Аўшвіц (Асвенцім) былі адпраўленыя ў газавыя камеры 4300 рама́. Усяго ж за гады Другой сусветнай вайны Трэці рэйх пазбавіў жыцця сотні тысяч рама́. Дакладная колькасць ахвяр невядомая дагэтуль, а інфармацыі пра гэты генацыд у публічным полі вельмі і вельмі мала. Пабываўшы на экскурсіі ў Аўшвіцы, Расма Пажэмецкайце ўсвядоміла, з якой нянавісцю сутыкаўся яе народ, аднак урок гісторыі застаўся нявывучаным, бо нянавісць у дачыненні да рама́ не знікла з прыходам мірнага часу. Гэтае адкрыццё прывяло яе ў актывізм, а затым і ў палітыку: сёння Расма — лідарка ромскай абшчыны Літвы і прадстаўніца Партыі зялёных Літвы. «ІншыЯ» запісалі размову з Расмай пра жыццё і традыцыі табара, пра штодзённую дыскрымінацыю рама́, пра стэрэатыпы, якія атручваюць ім жыццё, і пра магчымасць уплываць на сітуацыю.
Дысклэймер:
Слова «цыганы» і вытворныя ад яго існуюць у розных мовах, але з’яўляюцца некарэктнымі. Часта гэтыя словы выкарыстоўваюцца з негатыўнай канатацыяй і з мэтай прынізіць чалавека. ААН рэкамендуе выкарыстоўваць саманазву «рама́» ў тым ліку для апісання такіх этнічных груп, як сінці, кале, гітана. У размове з Расмай Пажэмецкайце мы не абмінулі пытанне выбару карэктных слоў.
«Аднакласніца, якая сядзела ззаду, адрэзала мне касу»
Ува мне цячэ шмат розных крывей, але вырасла я сярод рама́ і была выхаваная па ўсіх традыцыях і звычаях гэтага народа — таму адношу сябе менавіта да яго. Цяпер кажу пра гэта з гонарам, але так было не заўсёды. Доўгі час я думала, што павінна мяняцца і хавацца, каб абараніцца: дыскрымінацыя і знявагі пераследавалі мяне з маленства.
У школе я была адзінай ромкай. Іншым дзецям гэта не падабалася. Спачатку яны высмейвалі мяне, потым пачалі шкодзіць. Іх злавала, што я адрозніваюся ад іх. Напрыклад, у мяне былі прыгожыя чорныя валасы, заплеценыя ў доўгія косы. Я вельмі ганарылася імі, і іншым дзяўчатам гэта не падабалася: у іх не было такіх валасоў. Аднойчы аднакласніца, што сядзела ззаду, адрэзала мне касу. Я вельмі спалохалася і пачала плакаць, але ніхто мне не паспачуваў, нават настаўніца.
Праз некалькі год мяне збілі пасля ўрокаў, і зноў ніхто не прыйшоў на дапамогу. Дзеці адчувалі беспакаранасць: я была маленькая і не магла сябе абараніць, а дарослыя гэтага рабіць не хацелі. Дома скардзіцца я не магла, бо ва ўсіх былі свае праблемы. Тады я зразумела, што трэба прымусіць сябе паважаць.
Я вельмі любіла вучыцца і пачала рабіць гэта яшчэ больш старанна. Нават прымусіла табар купіць мне камп’ютар. Сказала, што інакш не буду праць бялізну, чысціць дываны і гатаваць. Я стала лепшай у класе, і дзеці адразу захацелі са мной «пасябраваць». Асабліва шмат ахвочых з’яўлялася перад кантрольнымі. Я на гэта не вялася, але выкарыстоўвала сабе на карысць. Пачала свой першы «бізнэс»: калі нехта хацеў спісаць, прасіла за гэта два літы. Дзеці перасталі мяне цкаваць, але так ніколі і не прынялі за сваю.
«Я вырашыла збегчы з вяселля»
Сябры ў мяне былі ў табары. Мы вельмі шмат весяліліся: танцы, смачная ежа, можна доўга не класціся спаць. Але ўсё змянілася, калі мне споўнілася 15. Маці і айчым вырашылі выдаць мяне замуж. Я павінна была стаць «падарункам» аднаму мужчыну на яго 23-годдзе. Мы ніколі не размаўлялі і бачыліся ўсяго раз. Усе мае пярэчанні разбіваліся аб слова «традыцыя». Ужо тады я разумела, што звычаі — гэта добра, толькі калі яны нікому не шкодзяць, і спрабавала растлумачыць гэта сям’і.
Калі я зразумела, што размовы бессэнсоўныя, я вырашыла збегчы з самога вяселля. Брат, які заўсёды мяне падтрымліваў, даў крыху грошай на дарогу. У пышнай вясельнай сукенцы, якую купілі за велізарныя для таго часу грошы, я ўцякла на вакзал, села ў цягнік і адправілася ў дом свайго памерлага бацькі. Там звярнулася ў службу абароны правоў дзіцяці. Сказала, што мяне сілком хочуць выдаць замуж, і мне дапамаглі. Наступныя паўгода я жыла ў дзіцячым доме.
Маці спачатку была вельмі раз’юшаная, але пасля доўгіх размоваў прызнала, што я зрабіла слушна. Яна папрасіла прабачэння ў мяне, і мы зноў пачалі жыць разам. Тады я канчаткова пераканалася, што сіла — у асвеце. Пачала займацца сваёй адукацыяй. Вучылася ў Панявежскай кансерваторыі, потым вывучала сястрынскую справу за мяжой. Пасля вяртання ў Літву атрымала адукацыю ў сферы транспартнай экспедыцыі і будаўнічай інжынерыі.
Планавала будаваць кар’еру і нават не задумвалася пра актывізм, пакуль не пабывала ў Аўшвіцы. Там я ўпершыню ўсвядоміла, як моцна мой народ пацярпеў падчас Другой сусветнай вайны, і была ўзрушаная тым, што людзі не зрабілі ніякіх высноў з гэтага генацыду. Рама́ ненавідзелі тады — іх ненавідзяць і сёння. Я вырашыла змагацца за нашыя правы.
«Грошы загубіліся ў ягонай кішэні, але перад ромкай ніхто не выбачыўся»
Першы раз я дамаглася справядлівасці, калі адкрывала бізнэс — невялікая крамка, дзе магла б прадаваць адзенне. Мы дамовіліся з уладальніцай месца праз тэлефон, і я павінна была прынесці заклад за арэнду. Пры асабістай сустрэчы яна спытала: «Якой вы нацыянальнасці? Расма — гэта цыганскае імя?» Я адказала: «Якое гэта мае значэнне?» Яна сказала, што не здасць мне памяшканне ў арэнду, бо я «цыганка», а значыць, не буду плаціць. Я запярэчыла: «Вы нават не далі мне шанцу», — але жанчына нічога не хацела слухаць.
Я адразу пайшла да адваката, бо запісала нашую размову. З гэтым аўдыя мы пайшлі ў суд і выйгралі. Я атрымала кампенсацыю як ахвяра дыскрымінацыі паводле нацыянальнай прыкметы.
Потым быў выпадак з дачкой маёй знаёмай. Яна хадзіла ў першы клас і была там адзінай ромкай. Праз гэта настаўніца варожа ставілася да яе. Напрыклад, абвінаваціла ў крадзяжы, калі ў хлопчыка ў класе прапалі два еўра. Потым аказалася, што грошы загубіліся ў ягонай кішэні, але перад ромкай ніхто не выбачыўся. Гэтую сітуацыю я пакінула як ёсць, але наступную ўжо не.
Тая ж настаўніца аднойчы заўважыла вошы на галаве ў ромкі і выгнала яе з класа. Маці агледзела дзяўчынку і нічога ў яе ў валасах не знайшла. Патэлефанавала мне. Я таксама праверыла галаву дзяўчынкі — яна была чыстай. Мы пайшлі да лекара, і ён выдаў даведку, што вошай у дзіцяці няма. З гэтай паперай я пайшла ў школу да той самай настаўніцы. Спытала, чаму яна чапляецца да дзяўчынкі-ромкі і ганьбіць яе перад усім класам. Яна пачала крычаць: «Ах ты, цыганка, вырабляцца сюды прыйшла?» Я зразумела, што размаўляць з ёй бессэнсоўна. Мы звярнуліся ў суд, і маці гэтай дзяўчынкі атрымала кампенсацыю. Настаўніцы зрабілі вымову, і больш яна да дзіцяці не чаплялася.
«Акрамя нас саміх, ніхто пра нас не паклапоціцца»
Потым здарылася жахлівая гісторыя з маёй мамай. У яе было падазрэнне на рак кішачніка, і я прывезла яе ў паліклініку на аналізы. У такія моманты ёй патрэбная мая дапамога, бо яна перасоўваецца на інвалідным вазку. Спачатку медсястра доўга не пускала нас у кабінет. Потым выйшла і пачала пры ўсіх абмяркоўваць здароўе маёй мамы. Я папрасіла яе перастаць: усё ж гэта прыватная інфармацыя. Гэта вельмі раззлавала медсястру. Яна пачала крычаць на нас з мамай: «Ідзіце, цыганкі! Вам мусіць быць сорамна сюды прыходзіць! Цешцеся, што я кроў з пальца ў вас бяру!»
Гэта настолькі абурыла мяне, што я пайшла да загадчыцы паліклінікі. Расказала, што мая маці 20 гадоў адпрацавала на Літоўскай чыгунцы, а зараз нават на чалавечыя адносіны і медыцынскую дапамогу не можа разлічваць.
Загадчыца паабяцала ва ўсім разабрацца і выклікала да сябе медсястру, каб зрабіць ёй заўвагу. Медсястры гэта вельмі не спадабалася. Калі я каціла вазок з мамай да машыны, медсястра падбегла да нас і пачала лаяцца матам. Людзі вакол стаялі ў шоку. Была сярод іх бабуля, якая добра ведала маю сям’ю. Яна за нас заступілася, папрасіла медсястру супакоіцца. Так-сяк мы з паліклінікі з’ехалі, і потым я пайшла ў суд. Тая бабуля пагадзілася стаць сведкай, і з яе дапамогай мы выйгралі справу. Медсястра прынесла публічныя прабачэнні ў Facebook і ў газеце і атрымала папярэджанне на працы. Я не ганарлівая, але хацела агалоскі — каб усе ведалі, як несправядліва абыходзяцца з рама́.
Акрамя нас саміх, ніхто пра нас не паклапоціцца. Так, у Літве ёсць некалькі арганізацый, у якія рама́ могуць звяртацца па дапамогу, але працуюць у іх літоўцы. Я ўдзячная ім, але яны ніколі не змогуць цалкам зразумець, што трэба рама́ і ад чаго мы пакутуем. Менавіта таму за 25 гадоў існавання такіх арганізацый нічога ў нашым грамадстве не змянілася.
Я зразумела, што так больш працягвацца не можа, і афіцыйна ўзначаліла абшчыну рама́. Мая мэта — даказаць свайму народу, што мы можам супрацьстаяць дыскрымінацыі і павінны змагацца за свае правы.
Таксама для мяне важна, каб людзі па-за супольнасцю рама́ пазнаёміліся з нашай сапраўднай культурай, а не меркавалі пра нас паводле стэрэатыпаў. Пра нас шмат выдумляюць і пляткараць, але ніхто не хоча з намі пазнаёміцца. Ды што ўжо там, многія людзі нават не ведаюць, як правільна да нас звяртацца. Завуць «цыганамі», хоць гэта абразлівае, зневажальнае слова, навязанае нашаму народу. Мы — рама́, што на нашай мове значыць «людзі».
«Людзі іншых нацыянальнасцяў баяцца рама́, але насамрэч мы напалоханыя яшчэ мацней»
Цяпер я працую ў прыватнай будаўнічай кампаніі і шмат займаюся актывізмам, асабліва ў сферы адукацыі і інтэграцыі рама́ ў літоўскае грамадства. Супрацоўнічаю з праектамі Цэнтра па правах чалавека, Media4change, Дэпартамента па справах нацыянальных меншасцяў. Чытаю лекцыі па гісторыі і генацыдзе рама́, выкладаю курсы пазітыўнага бацькоўства для свайго народа.
Мая галоўная мэта — данесці да рама́ важнасць адукацыі, бо многія лічаць, быццам дзецям дастаткова і васьмі класаў, а дарослым універсітэты не патрэбныя. Яшчэ я працую са зняволенымі ромкамі. Нашыя жанчыны часта бяруць віну мужоў на сябе, трапляюць у турмы, а пасля вяртання не могуць паўнавартасна ўзаемадзейнічаць ні з сям’ёй, ні з грамадствам. Я дапамагаю ім шукаць працу і псіхалагічную падтрымку.
Таксама ўсе рама́ могуць звярнуцца да мяне па кансультацыю: як напісаць заяву ў суд ці паліцыю, як разлічыць падаткі, аформіць дакументы для натарыуса. У большасці з нас няма электроннага банкінгу ці электроннай пошты, і з гэтым я таксама магу дапамагчы.
Мая матывацыя — гэта, з аднаго боку, цяжкое мінулае, а з іншага — светлая будучыня, у якую я веру. Пасля ўсяго, праз што мне прыйшлося прайсці, я зразумела, як бязмерна люблю жыццё і як моцна жадаю змяняць яго да лепшага.
Раблю гэта не толькі дзеля сябе, але і для сваёй сям’і. У мяне дочкі-двайняты, і ў адной з іх аўтызм. Ёй пагражае падвойная дыскрымінацыя, таму я зраблю ўсё, каб яе абараніць. Дзеля яе і іншых дзяцей-рама́ я кожны дзень іду на вайну з сістэмай. Гэта не перабольшанне. Людзі іншых нацыянальнасцяў баяцца рама́, але насамрэч мы напалоханыя яшчэ мацней: штодня нам даводзіцца змагацца за свае правы. Многія настолькі паралізаваныя страхам, што і не спрабуюць адстойваць свае правы і годнасць, таму стэрэатыпы пра нас распаўсюджваюцца і далей.
Днямі я ішла па рынку і пачула, як маці сварылася на непаслухмянае дзіця і застрашвала яго тым, што «аддасць цыганам». З малых гадоў дзецям уводзяць у вушы непраўдзівую інфармацыю пра рама́, выстаўляюць нас пачварамі. Так больш працягвацца не можа.
Каб гэта змяніць, я пайшла ў палітыку. Веру, што калі рама́ будуць прадстаўленыя ва ўладзе, то стаўленне да нас зменіцца. Цяпер я ўваходжу ў Партыю зялёных Літвы (літ.: Lietuvos žaliųjų partija — заўв. рэд.), разам з ёй балатавалася ў Еўрапарламент. На тых выбарах мы прайгралі, але я буду вылучацца зноў — на гэты раз у Сейм, літоўскі парламент. Там я хачу расказваць праўду пра свой народ і нашыя традыцыі, каб стэрэатыпы адыходзілі ў мінулае.
Напрыклад, ніхто па-за нашай абшчынай не ведае, чаму ў рама́ няма краіны. Лічыцца, што нібы праз тое, што мы лянівыя і дурныя. Але рэальная прычына ў тым, што мы ніколі не ваявалі. Гэта супраць нашай філасофіі. Яшчэ ў нас ёсць цудоўная традыцыя з павагай ставіцца да хлеба. Рама́ яго ніколі не выкідаюць, бо гэта — святая ежа, яе нават на зямлю кінуць нельга. Калі хлеб псуецца, мы кладзем яго на дах. Мы вельмі паважаем дзяцей і старых, жанчыны ў нас не п’юць. Мы добрыя музыкі, будаўнікі — і проста людзі, як усе іншыя нацыі.
Я заклікаю ўвесь свет: давайце даведвацца больш адно пра аднаго замест таго, каб верыць стэрэатыпам.