Гэта не пра “жанчыны супраць мужчын – мужчыны супраць жанчын”, гэта пра роўнасць.
Пісаць пра фемінізм і маскулізм – што хадзіць па тонкім лёдзе. Шанец памыліцца альбо пакрыўдзіць кагосьці высокі, а тэма велізарная і ахапіць усе асаблівасці ды “камяні” адным артыкулам немагчыма. Гэты тэкст – не спроба пераканаць вас у чымсьці і не намаганне сутыкнуць два погляды. Хутчэй мы хочам паказаць неверагодную разнастайнасць нашага грамадства праз дзве Кнігі Жывой Бібліятэкі і спадзяемся, што ў нас атрымаецца.
Замест даведкі
Фемінізм і маскулізм – гэта пра роўнасць. Прычым гендарную, што чытай як “роўны ўзровень магчымасцяў, прысутнасці і ўдзелу абодвух палоў у розных сферах грамадскага і асабістага жыцця”. Менавіта за гэтым паняццем у адзін сказ і хаваецца разнастайны свет з гісторыяй не ў адзін год, спрэчкамі і супярэчнасцямі.
Фемінізм бярэ свой пачатак у еўрапейскім рэфарматарстве ХІХ ст., але яго вытокі можна шукаць і ў канцы ХVІІІ ст, калі меркаванне аб тым, што жанчына займае прыгнечанае становішча ў грамадстве, у цэнтры якога стаіць мужчына, стала атрымліваць больш шырокае распаўсюджванне. Рухаючыся да нашых дзён, гісторыя развіцця фемінізму падзялілася на некалькі хваляў, кожная з якіх вылучаецца асобнымі ключавымі пытаннямі ды ідэямі. Ад суфражыстак і барацьбы за права голасу, праз барацьбу за поўную юрыдычную і сацыяльную роўнасць, да сэксуальных войнаў і расколу ўнутры самога фемінізму на антыпарнаграфічны і сэксуальна-пазітыўны фемінізм.
Змагаючыся за правы жанчын, фемінісцкі рух лічыцца адной з галоўных сіл найбуйнейшых сацыяльных змен свету. І калі звонку фемінізм падаецца “аднолькавым” у сваіх намаганнях, то на самой справе ўнутры гэтага руху існуе мноства падгруп – разнавіднасцяў (ад радыкальнага да мужчынскага). Што звязана з рознымі гістарычнымі падзеямі, адрозненнямі ў становішчы і грамадскім статусе жанчын ды іншымі фактарамі.
У сваю чаргу, маскулізм – гэта камбінацыя розных ідэалогій, а таксама палітычных, культурных і эканамічных рухаў. Яго мэта – прадастаўленне ўсім мужчынам усёй паўнаты сацыяльных правоў. Гэта – у шырокім сэнсе – імкненне да раўнапраўя мужчын і жанчын, а ў вузкім – ліквідацыя дыскрымінацыі.
Змагаючыся з парушэннем бацькоўскіх правоў, сацыяльнымі і адукацыйнымі праблемамі, гвалтам, маскулізм развіваецца ў межах Руху за правы мужчын. Сацыяльнай з’явай, што ўзнікла як рэакцыя на фемінізм у 1960-1970-х, удзельнікі якой прытрымліваюцца меркавання, што ў сучасным грамадстве жанчынам надаецца больш прывілеяў, а мужчыны з-за гэтага падвержаныя дыскрымінацыі.
Са свайго боку, дзяржава Артыкулам 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кажа, што ўсе грамадзяне роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў. З чаго вынікае, што асноўны закон краіны не ўтрымлівае аніводнага слова пра забарону дыскрымінацыі па прыкмеце полу альбо яснага выказвання пра роўнасць паміж жанчынамі і мужчынамі. Хаваючы, як некаторыя скажуць, “усім зразумелыя рэчы” пад агульным, грамадства ўсё ж замацавала прынцып роўнасці ў Кодэксе аб шлюбе і сям’і, Крымінальным і Працоўным Кодэксе, Законах “Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай” і “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь”.
Алена Баранава. Радыкальная феміністка
– Фемінізм – гэта ў тым ліку ўсталяванне прыярытэтаў асабіста для сябе. Не абавязкова хадзіць на мітынгі, каб называць сябе феміністкай. Радыкальны фемінізм – гэта выклік патрыярхату як з’яве прыгнёту жанчын. Так як ён сістэмны і працуе на ўсіх узроўнях: гендарных, сацыяльных, эканамічных, – змагацца з ім таксама трэба комплексна.
Напрыклад, у нас ёсць праблема з працаўладкаваннем жанчын, якія гіпатэтычна могуць сысці ў дэкрэт, і праз гэта іх неахвотна бяруць на працу. Так, з гэтым трэба штосьці рабіць, але гэтыя намаганні не вырашаць усе жаночыя праблемы. Калі мы не прызнаем існаванне усеабдымнага патрыярхату, яго сістэмнасць, то барацьба можа цягнуцца вечна.
У Беларусі жанчыны мала ведаюць пра фемінізм. Нават цяпер існуе мноства стэрэатыпаў і страхаў. Людзі думаюць, што феміністкі – гэта такія жудасныя жанчыны, непрыгожыя і непаспяховыя ненавісніцы мужчын, няўдачніцы, якім няма да чаго прыкласці свае сілы, і яны кідаюцца ў крайнасці, падазраючы ўсюды сэксізм. Гэтыя думкі зразумелыя – наша грамадства шмат гадоў жыло па-за агульнасусветным сацыяльным кантэкстам і сёння вельмі павольна прыходзіць да разумення праблем, даўно пазначаных ва ўмоўных заходніх краінах.
Ці існуе дыскрымінацыя мужчын? Так, але гэта ніяк нельга назваць сэксізмам. У грамадстве няма сістэмнага прыгнёту жанчынамі мужчын. Але, вядома, калі падымаюцца пытанні дыскрымінацыі жанчын, у мужчын таксама расплюшчваюцца вочы на некаторыя праблемы (часта надуманыя, накшталт жудаснага маральнага гвалту, учыненага над мужчынамі, ну што ж). Грамадства развіваецца і пачынае пераацэньваць нейкія традыцыі і асновы. Асабіста я буду вельмі рада, калі мужчыны пачнуць змагацца за свае правы, але гэта выключна іх справа.
Дзесьці паўтара года таму я ўпершыню прыйшла на Жывую Бібліятэку ў якасці Кнігі. Прызнаю, мне было крыху страшнавата, здавалася, што я сустрэну шмат негатыву. Але большасць дыскусій былі прыемнымі. Аднойчы мы размаўлялі з адным хлопцам, які спрачаўся ў пачатку, але пасля сказаў, што зразумеў і пачуў мяне. Вядома, былі і негатыўныя моманты: на першыя сустрэчы прыйшлі дзве жанчыны нашмат старэйшыя за мяне, якія адразу пачалі спрачацца і даказваць, што я нічога не разумею, але я даволі рэзка перарываю парушэнне межаў, адна з іх сышла, а вось іншая засталася і нават прыйшла паслухаць мяне ў наступны раз.
Безумоўна, у спрэчкі звычайна ўвязваюцца больш мужчыны, але я і вяду сябе з імі звычайна больш жорсткім чынам. Так я паказваю жанчынам, якія слухаюць мяне, прыклад адстойвання сваіх межаў і свайго «я».
Андрэй Іваноў. Маскулін, прадстаўнік Мужчынскага руху
– Аднойчы я ўбачыў пост у сацыяльных сетках пра Жывую Бібліятэку і аб тым, што яе арганізатары шукаюць «людзей-кніг», якія могуць расказаць што-небудзь унікальнае. Мяне гэта зацікавіла, я прачытаў пра праект больш і вырашыў падаць сваю кандыдатуру. Так усё і пачалося.
Не магу сказаць, што падчас Жывой Бібліятэкі я адчуваў нейкі дыскамфорт, хутчэй гэта быў мой першы вопыт такіх незвычайных стасункаў, а ў астатнім усё было спакойна – я часта сутыкаюся са стэрэатыпамі ў жыцці і нармальна да іх стаўлюся. На кожнай Бібліятэцы знаходзяцца людзі, якія не згодныя з маёй пазіцыяй пра Мужчынскі рух (часцей за ўсё гэта дзяўчаты), людзі, якія спрабуюць паказаць, што ўсё ўладкавана інакш, – гэта абсалютна нармальная з’ява. У спрэчцы ж і заключаецца дыялог, для гэтага Бібліятэка і створана: каб паслухаць супрацьлеглыя меркаванні.
Мяркуючы па зваротнай сувязі, дзесьці адзін з 15-20 чалавек падыходзіў да мяне пасля сесіі, удакладняў штосьці. Зноў жа, часцей за ўсё, гэта былі хлопцы, якія нават потым размаўлялі са мной асабіста, прасілі кансультацыі. Наогул адзначу: такой колькасці разумных і разважных людзей, як тут, я даўно не сустракаў.
Мужчынскі рух спрабуе змагацца з мноствам праблем, але на дадзены момант найбольш востра стаіць пытанне, звязанае з аліментамі і магчымасцю зносін з дзецьмі пры разводзе. Менавіта тут ушчамляюцца правы мужчын мацней за астатнія, прычым як у Беларусі, так і па ўсім СНД. Што спрыяе ўзнікненню таварыстваў па барацьбе за правы бацькоўства (у Беларусі, напрыклад, гэта грамадская арганізацыя «Абарона правоў бацькоў і дзяцей»). Астатнія пытанні, такія як праблемы арміі або гвалту, абвостраны не настолькі і тычацца далёка не ўсіх.
Зараз я не стану выступаць прадстаўніком усяго Мужчынскага руху, але асабіста сам я рэзка супраць фемінізму. Лічу, што ён, вядома, непасрэдна прыносіць карысць, але на сённяшні дзень шкоды з-за яго нашмат больш. Гэта даволі складаная тэма і вельмі цяжкае пытанне насамрэч. Калі сцісла, то, па-першае, усё павінна быць у меру і ўсё павінна мець здаровы сэнс. Калі барацьба за правы перарастае ў барацьбу за прывілеі, то гэта ўжо шкода. Дык вось, я лічу, што ў фемінізме сёння засталіся адзінкі людзей, якія займаюцца барацьбой за правы, а не за прывілеі (а такіх, на жаль, нашмат больш). А па-другое, і ў Мужчынскім руху зараз з’яўляюцца перакосы. Мы праходзім тыя ж этапы, што і фемінізм у свой час, і ў нас таксама паўстае «Радыкальны маскулізм», які не такі ўжо і карысны.
Тэкст: Сяргей Шаматульскі
Фота з сайта http://www.hearst-shkulev-media.ru і з архіва гераіні і героя.