1 студзеня 2022 года набыў моц 11-ты перагляд Міжнароднай класіфікацыі хваробаў (МКХ). Да 2027 года яе рэкамендавана ўкараняць ва ўсіх краінах свету, і зараз шматлікія з іх знаходзяцца ў працэсе гэтага пераходу.
У нашым артыкуле мы разбяромся, чаму гэтая класіфікацыя так важная з пункту гледжання інклюзіі, чым яна адрозніваецца ад папярэдняй версіі і чаму выклікае жах у «абаронцаў традыцыйных каштоўнасцяў».
Навошта ўвогуле патрэбная МКХ
Міжнародная класіфікацыя хваробаў — гэта адзіная мова для спецыяліста_к аховы здароўя з розных краін. Дзякуючы ёй адзін і той жа клінічны стан у розных кутках свету называецца аднолькава, што дапамагае лекарам абменьвацца ведамі пра хваробы і знаходзіць новыя шляхі эфектыўнага лячэння.
Апроч таго МКХ дапамагае збіраць дадзеныя пра захворванні па ўсіх краінах і так падсвечвае ўразлівыя месцы ў сістэме аховы здароўя і ў грамадстве канкрэтна кожнай краіны.
Напрыклад, па сабраных праз коды МКХ дадзеных, у розны час можна было ўбачыць, што ў Паўднёвай Афрыцы шмат людзей паміраюць ад СНІДу, у ЗША і Канадзе — ад перадазіровак, а ў Японіі пачатку 2000-х гадоў дадзеныя МКХ паказвалі высокія ўзроўні дэпрэсіі і суіцыдаў. Так, статыстыка МКХ дапамагае дзяржаве вызначыць прыярытэты і служыць асновай для палітыкі аховы здароўя.
На сусветным узроўні з дапамогай МКХ прасцей адсачыць тэндэнцыі захворванняў у розных частках свету і пры патрэбе каардынаваць супольныя дзеянні — напрыклад, падчас эпідэмій і пандэмій.
Навошта пераглядаць МКХ
Перагляд МКХ дапамагае дэкрыміналізаваць некаторыя дыягназы
Калі б класіфікацыі хваробаў не пераглядаліся, то некаторыя станы, якія раней лічыліся адхіленнем ад нормы, былі б па-ранейшаму стыгматызаванымі. Мастурбацыя, дарэчы, таксама дагэтуль лічылася б паталогіяй. Як і гомасэксуальнасць: у шостай рэвізіі МКХ, прынятай у 1948 годзе, яна класіфікавалася як псіхічнае захворванне. Але пазней, пасля правядзення даследаванняў і перагляду навуковых дадзеных, гомасэксуальнасць была выключаная з МКХ,
бо не было знойдзена навуковых падстаў для прызнання яе захворваннем.
Выключэнне гомасэксуальнасці з МКХ было важным крокам на шляху дэкрыміналізацыі ЛГБТ-супольнасці. Пасля гэта паўплывала на заканадаўчыя і медычныя сістэмы шматлікіх краін: сталі пераглядацца законы, звязаныя з крымінальнай адказнасцю за аднаполыя стасункі, паступова пачала зніжацца стыгма.
Напрыклад, у 2018 годзе Вярхоўны суд Індыі скасаваў артыкул Крымінальнага кодэксу, які прыцягваў да адказнасці ЛГБТ-людзей. Сярод аргументаў праваабаронцаў была спасылка на сучасныя медычныя дадзеныя, у тым ліку выключэнне гомасэксуальнасці з МКХ.
І хоць сама па сабе класіфікацыя не з’яўляецца юрыдычным дакументам, яна дапамагае фармаваць законы ў сферах аховы здароўя і сацыяльнай абароны.
Перагляд МКХ дапамагае людзям атрымоўваць якаснае лячэнне і ў выпадку патрэбы — доступ да інваліднасці і сацыяльных дапамогаў
Калі б класіфікацыі хваробаў не пераглядаліся, то шмат якія новыя захворванні, напрыклад, рэдкія генетычныя парушэнні, аўтаімунныя захворванні і некаторыя віды раку, заставаліся б без афіцыйнага прызнання, а людзі, якія іх маюць, — без належнай медычнай дапамогі, страхавога пакрыцця і падтрымкі.
Калі б укладальні_цы МКХ не пераглядалі некаторыя захворванні і не кваліфікавалі б іх як цяжкія — хранічныя болі, неўрапатычныя разлады, цяжкія формы аўтызму і іншыя, — то іх наяўнасць у людзей не лічылася б падставай для атрымання інваліднасці. Гэта пазбавіла б людзей права на фінансавую і сацыяльную дапамогу, якія крытычна важныя для іх жыцця.
З моманту апошняга, дзясятага, перагляду МКХ прайшло 34 гады (а ў некаторых краінах, дзе дагэтуль карыстаюцца МКХ-9, — і ўсе 49 гадоў). За гэты час у навуцы і медыцыне адбыліся велізарныя змены. Не пераглядаць класіфікацыі — значыць ігнараваць назапашаны навуковы і грамадскі прагрэс і адкідаць якасць медычнай дапамогі на дзесяцігоддзі назад, у дзевяностыя.
Чым адрозніваецца МКХ-11 ад папярэдняй версіі?
У апошняй версіі не проста дададзеныя некаторыя новыя і выключаныя старыя дыягназы — там новы падыход:
ад арыентацыі на хваробу → да арыентацыі на чалавека.
У чым менавіта гэта праяўляецца — разгледзім ніжэй.
Трансгендарнасць перанесеная з раздзелу «Псіхічныя разлады» ў раздзел «Станы, звязаныя з сэксуальным здароўем»
Разлад трэба лячыць — стан не з’яўляецца захворваннем. Тады ўзнікае пытанне: калі трансгендарнасць больш не лічыцца паталогіяй, тады чаму яе ўвогуле не прыбраць з класіфікацыі хваробаў?
Нягледзячы на тое што цяпер з усёй відавочнасцю даказана, што трансгендарнасць не з’яўляецца псіхічным разладам, трансгендарныя людзі па-ранейшаму ўразлівыя. Але не праз тое, што перажываюць свой трансгендарны досвед, а праз тое, як на іх рэагуе грамадства і што з-за прадузятасцяў і сацыяльнай стыгмы ў іх абмежаваны доступ да медычных паслуг.
І гэта тое, з чым лекарам і грамадству трэба працаваць: з псіхалагічнай падтрымкай гэтых людзей і са знішчэннем стыгматызацыі.
Змаганне са стыгматызацыяй пацыента_к, прадузятасцямі і нянавісцю — адзін з прынцыпаў новай класіфікацыі
Гэты прынцып праяўляецца не толькі ў дачыненні да трансгендарнасці — так, прыкладам, і з ВІЧ. Укладальні_цы МКХ-11 прызнаюць, што ВІЧ-інфекцыя часта суправаджаецца псіхасацыяльнымі праблемамі: дэпрэсіяй, трывогай і стыгматызацыяй з боку грамадства. І прапануюць лячэнне, якое палягае не толькі ў выпісванні антырэтравірусных прэпаратаў, але і ў псіхалагічнай і сацыяльнай падтрымцы чалавека.
Так і з аўтызмам. У новай МКХ не ўсё зводзіцца да медыкаментознага лячэння — цяпер там большы акцэнт на ўзроўнях падтрымкі, каб палепшыць якасць жыцця чалавеку з РАС і дапамагчы яму стаць больш незалежным. Гэта і адукацыйная падтрымка для паляпшэння адаптацыі ў школе і прафесійнай сферы, і псіхатэрапія, і паводзінавая тэрапія для дапамогі ў кіраванні эмоцыямі і руціннымі заняткамі.
Дададзены новы дыягназ — гульняманія
У папярэдніх версіях МКХ гульняманія не разглядалася як асобны разлад. Цяпер яе вывелі асобна, у раздзел разладаў паводзін, звязаных з залежнасцю.
Дадаванне гульняманіі ў МКХ цяпер дазваляе лекарам афіцыйна дыягнаставаць і лячыць гэты стан, адсочваць яго распаўсюджанасць і ў цэлым займацца ім больш сур’ёзна: праводзіць даследаванні, распрацоўваць метады лячэння і думаць пра прафілактычныя меры.
Больш пільная ўвага да прафесійнага выгарання
Сіндром эмацыйнага выгарання таксама ўвайшоў у новую МКХ-11 — праўда, не як дыягназ, а як фактар, які ўплывае на стан здароўя і звязаны з працоўнай дзейнасцю.
Цяпер у Працоўным кодэксе Беларусі, як і ў кодэксах шмат якіх іншых краін, няма панятку «выгаранне», і, адпаведна, там ніяк не прадугледжаныя спосабы абароны супацоўні_ц ад гэтай хваробы. Але будзем спадзявацца, што згадванне гэтага сіндрому ў МКХ дапаможа атрымаць яму прававы статус і прызнаць выгаранне праблемай — тым, што заслугоўвае ўвагі, а не з’яўляецца блазнотай новага пакалення.
Непрыняцце і крытыка МКХ
Шмат якія краіны ўжо занятыя пераходам на новую класіфікацыю. Расія адмовілася пераходзіць на МКХ-11. Прычына — неадпаведнасць класіфікацыі «традыцыйным каштоўнасцям». 2 лютага 2024 года была апублікаваная дырэктыва прэм’ер-міністра РФ Міхаіла Мішусціна, якая загадвала спыніць укараненне МКХ-11. Гэта было лагічным: прыняўшы МКХ-11, Расія прызнала б, што негетэрасэксуальная і трансгендарная ідэнтычнасці — гэта не хвароба, што супярэчыла б яе палітыцы.
Нагадаем, што 5 снежня 2022 года ў Расіі набыў моц закон аб забароне «прапаганды нетрадыцыйных сэксуальных адносін і змены полу», а 30 лістапада 2023 года Вярхоўны суд РФ прызнаў «міжнародны грамадскі рух ЛГБТ» экстрэмісцкім.
Адмова ад МКХ-11, безумоўна, закранае ЛГБТК-людзей, якія маглі б атрымоўваць якасную медычную дапамогу без прадузятасцяў і абапірацца на класіфікацыю для абгрунтавання патрэбы паляпшаць умовы гендарнага пераходу.
Цяпер Расія плануе заставацца на МКХ-10, якая, дарэчы, таксама супярэчыць гамафобнай палітыцы рэжыму. Аднак новая версія класіфікацыі адрозніваецца яшчэ большай адчувальнасцю да пытанняў гендару і сэксуальнасці, чым гэта было раней, што, напэўна, і стала трыгерам для расійскай улады. Навошта рабіць высілкі і ўкараняць тое, што ідзе насуперак з прапагандай?
Што да Беларусі, то яе ўлады пакуль не заяўлялі пра намер адмовіцца ад МКХ-11. Аднак, улічваючы збліжэнне заканадаўства Беларусі з расійскім у межах працэсу інтэграцыі, такі варыянт не выключаны. Таксама можа здарыцца тое, што новая МКХ будзе прынятая, аднак лекары атрымаюць дырэктывы ставіцца да ЛГБТК-людзей адмысловым чынам, арыентуючыся ў сваім падыходзе не на стандарты МКХ, а на гамафобную і трансфобную палітыку дзяржавы.
У новай МКХ яшчэ шмат што патрабуе дапрацоўкі
У новай класіфікацыі пераасэнсаваныя канцэпцыі, якія датычацца здароўя трансгендарных людзей, але, на жаль, на правы інтэрсэкс-персон гэтыя канцэпцыі не пашырыліся.
У МКХ-11 інтэрсэкс-варыяцыі ўсё яшчэ класіфікуюцца як станы, якія патрабуюць медычнага ўмяшання. Гэта ігнаруе той факт, што варыяцыі палавога развіцця (а не «парушэнні палавога развіцця», як пішацца ў МКХ) часта не ўяўляюць пагрозы для здароўя і не патрабуюць хірургічнага ўмяшання. Але, тым не менш, гэтая ідэя «нармалізацыі» геніталіяў усё яшчэ праглядвае ў МКХ.
Інтэрсэкс-супольнасць актыўна выступае супраць хірургічных аперацый і медычных умяшанняў, якія робяцца без згоды, асабліва на дзецях, — паколькі гэта парушае права людзей на цялесную недатыкальнасць.
Мы ўжо казалі пра тое, наколькі вялікую вагу мае МКХ не толькі ў вобласці медыцыны, але і права. Таму правы інтэрсэкс-людзей павінны быць улічаныя ў класіфікацыі: павінна быць уведзеная новая нейтральная тэрміналогія, а практыкі павінны будавацца на добраахвотнай згодзе чалавека і павазе да яго цялеснай аўтаноміі.
Спадзяёмся, што для гэтых зменаў не давядзецца чакаць яшчэ 30 гадоў, калі выйдзе МКХ-12.
Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values — JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.