Інклюзія як лад жыцця

Інклюзія
Выпускны адукацыйнага курсу ALL Inclusive
0
(0)

У пазамінулую суботу, 10 кастрычніка, у культурным цэнтры «Корпус» адбыўся выпускны адукацыйнага курсу ALL Inclusive. Курс быў накіраваны на прасоўванне інклюзіўнага падыходу і скразных каштоўнасцяў у дзейнасці арганізацый і ініцыятыў. На выпускным удзельнікі і ўдзельніцы курса распавялі пра свае поспехі і дасягненні.

Для ўсіх, хто браў удзел у адукацыйным курсе, была прадстаўлена магчымасць рэалізаваць уласную інклюзіўную ініцыятыву. Усяго ў межах курса было праведзена 8 ініцыятыў. Для тых, хто рэалізаваў свае ідэі, гэта сталася не толькі карыснай грамадскай справай, але і цікавым асабістым вопытам.

Аксана Барысевіч з праектам «Кава па-за ўзростам»

Аксана Барысевіч прадстаўляла праект «Кава па-за ўзростам», мэтай якога была сацыялізацыя людзей старэйшага веку праз далучэнне іх да культуры спажывання кавы ў кавярнях.

У межах праекта былі выпрацаваны крытэрыі прыязнасці кавярняў да людзей старэйшага ўзросту і праведзены маніторынг 25 кавярняў па гэтым крытэрыям. На мапе «прыязных» кавярняў з’явілася 15 кропак, якія будуць рады бачыць сярод сваіх гасцей людзей сталага веку.

Пад час рэалізацыі праекта таксама была праведзеная акцыя «Падвешаная кава», у якой удзельнічалі 5 менскіх кавярняў. Наведвальнікам і наведвальніцам кавярні прапаноўвалі аплаціць кубачак кавы для гасцей сталага веку. У выніку сабралі 40 кубачкаў кавы і 2 кубкі гарбаты.

Лена Майсюк з праектам «Шчучынскія зялёныя дазорныя»

Лена Майсюк распавяла пра праект «Шчучынскія зялёныя дазорныя», які, з яе слоў, даў іншы, зусім нечаканы, але не менш карысны вынік.

Пачаўся праект з супрацы са шчучынскімі школьнікамі, якія вельмі зацікавіліся тэмай, аднак з-за пачатку пандэміі COVID-19 папрацаваць з падлеткамі напоўніцу гэтым летам не атрымалася. Але гэта і не адзіная аўдыторыя, якая можа цікавіцца экалагічным ладам жыцця. Таму Лена даносіла свае ідэі і да студэнтаў Універсітэта залатога веку (хутка там запусціцца яе новы курс). І, акрамя гэтага, стала аўтаркай асабістай калонкі ў газеце Гродзенскай дыяцэзіі «Слова жыцця», дзе будзе асвятляць пытанні экалогіі.

Сама Лена параўноўвае сваю ролю ў праекце з «мастком», які злучыў зусім розных людзей у цікавасці да экалагічнага ладу жыцця.

Ксенія Чыгладзэ з праектам «Ацэнка патрэбаў»

Ксенія Чыгладзэ з Баранавічаў разглядала спартовыя патрэбы дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў межах праекта «Ацэнка патрэбаў». У Баранавічах каля 500 сямей, якія выхоўваюць асаблівых дзяцей, таму Ксенія вырашыла звесці іх разам з трэнерамі, якія гатовыя займацца з дзецьмі з АПФР.

У выніку анкетавання былі вызначаныя віды спорту, якія цікавяць дзяцей, і складзеная база трэнераў, якія згодныя дапамагаць дзецям у навучанні і сацыялізацыі.

Галоўным вынікам Ксенія лічыць тое, што ўдалося прыцягнуць увагу аддзела спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама да праблем і патрэбаў дзяцей з АПФР і іх сямей, а таксама пачатак працы аддзела ў гэтым кірунку.

На кастрычнік запланаваная сустрэча з прадстаўнікамі Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па параалімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту для абмеркавання арганізацыі заняткаў фізкультурай і спортам для дзяцей з АПФР.

Сяргей Кальцоў з праектам «Сямейныя майстар-класы»

У Мсціслаўлі ідэі інклюзіі ажыццяўлялі Сяргей Кальцоў і Аляксандр Сямёнаў праз рэалізацыю праекта «Сямейныя майстар-класы». Для Сяргея і Аляксандра тэма інклюзіі не новая:  на працягу 8 гадоў яны з’яўляюцца супрацоўнікамі Інтэлектуальнай майстэрні ўстойлівага развіцця.

Мэтай іх праекта было ўключэнне ў сацыяльнае жыццё дзяцей з цяжкімі і шматлікімі парушэннямі развіцця. За час праекта былі праведзены 6 тэматычных сямейных майстар-класаў для 18 дзяцей рознага ўзросту. Таксама адбыліся 2 сустрэчы з бацькамі, дзе абмяркоўваліся агульныя падыходы працы і сацыялізацыі асаблівых дзяцей.

Ганна Бяляева і Юля Мажэй з праектам «Дзеці без цэтлікаў»

Ганна Бяляева і Юля Мажэй распрацавалі праект «Дзеці без цэтлікаў». Ідэяй праекта было прыцягненне ўвагі да праблем, з якімі сутыкаюцца маладыя  мамы і таты.

Свае ідэі дзяўчаты данеслі да публікі праз візульныя вобразы, якія аформілі праз стыкеры на беларускай і рускай мовах у Тэлеграме і Viber – зручны фармат, які зразумелы ўсім незалежна ад іх моўнай прыналежнасці. Цягам праекта распрацавалі 10 стыкераў, якія былі спампаваныя больш за 2,5 тысячы разоў, а больш за 1000 друкаваных сцікерпакаў можна было знайсці ў розных кропках па Мінску.Спампаваць стыкеры можна тут: па-руску для Telegram і Viber, а таксама па-беларуску для Telegram і Viber.

Вольга Гудзей з праектам «Памятка-маршрутызатар» і Марына Штрахава, Старшыня праўлення Цэнтра «Жывая Бібліятэка»

«Памятка-маршрутызатар» – праект Вольгі Гудзей, які быў накіраваны на дапамогу дзецям з парушэннем слыху.

Праект меў на мэце распрацоўку алгарытму дзеянняў для бацькоў, чые дзеці маюць патрэбу ў кахлеарным імплантаце. Аперацыю па ўжыўленні імплантата рэкамендавана праводзіць дзецям да 3 гадоў, таму так важна для бацькоў даведацца пра магчымасці такога метаду карэкцыі слыху і паспець падрыхтавацца да хірургічнага ўмяшальніцтва. У межах праекта былі распрацаваныя 2 памяткі: «Праверка слыху дзіцяці» і «Кахлеарная імплантацыя». Спампаваць памяткі і даведацца больш па тэме можна на сайце ўстановы «Адукацыя Фэст».

Сафія і Станіслава Цярэнцьевы з праектам «Safe Y-space»

«Save Y-space» – праект віцебскіх дзяўчат Станіславы і Сафіі Цярэнцьевых. У межах праекта былі распрацаваныя інструкцыя карыстання офісам і публічная палітыка экалагічнасці. Гэтыя дакументы будуць карысныя для тых, хто хоча зрабіць працу свайго офіса ці публічнай прасторы больш экалагічнымі. Даследаванне вялося пры падтрымцы і кансультацыі Дар’і Чумаковай з Цэнтра экалагічных рашэнняў.

Не ўсе ўдзельнікі і ўдзельніцы курсу ALL Inclusive рэалізавалі свае ініцыятывы, але для кожнага і кожнай гэта было важным асабістым крокам дзеля агульнай вялікай справы – падвышэння інклюзіўнасці грамадства.

Курс адбыўся ў межах ініцыятывы ALL Inclusive, якую рэалізуе Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі «Жывая Бібліятэка» у партнёрстве з Офісам еўрапейскай экспертызы і камунікацый і анлайн-часопісам CityDog.by.

Тэкст: Юстына
Фота: Юрый Струкаў

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 0 / 5. Колькасць галасоў: 0

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць