9 пытанняў пра квір-мастацтва беларускай куратарцы

ІнклюзіяГендар
Обложка_9 пытанняў пра квір-мастацтва беларускай куратарцы
5
(4)

У жніўні–верасні 2024 года былі затрыманыя каля 30 прадстаўні_ц ЛГБТК-супольнасці. Яшчэ ў лютым гэтага года Генпракуратура падрыхтавала законапраект, які прадугледжвае пакаранне за так званую прапаганду ЛГБТ.

Негетэранарматыўнасць у Беларусі ўсё яшчэ табуяваная і пераследуецца. Але нягледзячы на гэта, беларускае квір-мастацтва працягвае існаваць і даследаваць «ненарматыўнае» — як спосаб самапрэзентацыі і супраціву прыгнёту. Нам таксама здаецца важным казаць пра гэта, а калі дакладней — даваць магчымасць квір-людзям казаць пра сябе. У гэтым інтэрв’ю з Ганнай Брэдавай — квір-актывісткай і з 2017 па 2021 гады сукуратаркай фестывалю квір-культуры DOTYK — мы пагаворым пра квір-мастацтва: яго карані, яго сутнасць і яго прадстаўні_ц.


1. Адкуль з’явіўся тэрмін «квір» і што ён азначае стасоўна да мастацтва? У чым сутнасць квір-оптыкі? 

Само слова «queer» англамоўнае. І ў сваім агульным значэнні апісвае нешта дзіўнае, незвычайнае і ў пэўнай ступені падазронае. У XX стагоддзі яго пачалі ўжываць для зневажальнага абазначэння негетэрасэксуальных людзей. Прыкладна гэтак жа, як у нашым кантэксце цяпер выкарыстоўваюць слова «п*дар». Але ў 80-х — 90-х гадах на Захадзе ў асяроддзі актывістаў ЛГБТК+ стала заўважнай ідэя рэклэймінгу* слова «квір».

*Рэклэймінг ці рэапрапрыяцыя — у лінгвістыцы культурны працэс, з дапамогай якога група вяртае сабе словы ці артэфакты, якія раней ужываліся для зневажання гэтай групы. 

Калі вы хочаце больш даведацца пра актывісцкія карані рэклэймінгу слова «квір», раім пачытаць «The Queer Nation Manifesto». Тэкст маніфеста распаўсюджваўся ўдзельнікамі_цамі маршу ACT UP на прайдзе ў Нью-Ёрку ў 1990 годзе.

Дарэчы, слова «п*дар» шматлікія актывіст_кі таксама спрабавалі рэклэйміць, каб прысвоіць яго сабе і зніштожыць яго негатыўную афарбоўку, але гэта не прынесла такіх вынікаў, як са словам «квір».

Ідэя рэклэймінгу перайшла ў акадэмічнае асяроддзе, дзе з’явілася група даследчы_ц гендару і сэксуальнасці, якія распрацавалі новы пагляд на негетэранарматыўнасць. Яны падкрэслівалі, што гетэрапатрыярхат з’яўляецца адной з формаў прыгнёту, а наша разуменне гендару, сэксуальнасці і паводзін у грамадстве заснаванае на жорсткіх, кантралюючых нормах, якія выгадныя пэўным групам і маргіналізуюць іншыя групы. 

Замест стратэгіі асіміляцыі і прадстаўлення нецысгетэра-людзей як «нармальных», квір-даследчы_цы прапанавалі квір-людзям змагацца з самім паняткам нормы. Крытыкаваць яе, аналізаваць, каму патрэбная гэтая норма, і пратэставаць супраць яе.

Як бывае са шмат якімі акадэмічнымі плынямі, квір-мастацтва з’явілася яшчэ да таго, як яго ідэі былі апісаныя ў дысертацыях і манаграфіях. 

Разам з развіццём перформансу і акцыянізму, увагай да цела і цялесных практык і актыўным рухам гей/квір-вызвалення ў час эпідэміі ВІЧ/СНІД у Амерыцы, пачалі з’яўляцца маста_чкі, якія кідалі выклік гетэрасэксуальнаму статус-кво: ідэі нуклеарнай сям’і, амерыканскай мары і іншым атрыбутам гетэрапатрыярхатнага шчасця. 

Феликс-Гонсалес-Торрес. «Без названия». Портрет Росса в Лос-Анджелес
Фелікс-Гансалес-Торэс. «Без назвы». Партрэт Роса ў Лос-Анджэлесе.
175-фунтовая гара цукерак сімвалізуе Роса — партнёра мастака ў сваёй здаровай вазе, яшчэ да ўскладненняў, выкліканых СНІДам. Наведнікі_цы выставы бяруць цукеркі з гэтай гары, пакуль не застаецца нічога, і так паўтараюць павольнае, паступовае паміранне і знікненне Роса праз вірус.
Акция «Пепел»
Акцыя «Попел». У 1992 годзе арганізацыя ACT UP звярнулася да тых, хто страціў блізкіх праз СНІД, з просьбай прывезці крэміраваныя рэшткі сваіх родных у Вашынгтон і выкінуць іх на газоне ля Белага дома. Акцыя была натхнёная Дэвідам Робінсанам, які хацеў адправіць прах свайго партнёра Ўорэна тагачаснаму прэзідэнту Джорджу Бушу-старэйшаму, які ігнараваў эпідэмію.

2. У Беларусі слова «квір» сталі ўжываць пасля яго пераасэнсавання Захадам, без канатацыі лаянкі. Гэта неяк паўплывала на ўспрыманне беларускага квір-мастацтва?

Складана сказаць. Сам тэрмін сапраўды з’явіўся ў заходняй акадэміі, але

квір-мастацтва існавала і да яго з’яўлення. Яно проста не было апісанае ці было апісанае па-іншаму.

Мяркую, у беларускім мастацтве ёсць аглядка на Захад, але дзе яе няма?

Мне здаецца, у сучасным беларускім квір-мастацтве ёсць свой трэнд на разважанні пра нацыянальнасць і культуру: зварот да беларускага фальклору і г. д. Напрыклад, мы з DOTYK рабілі анлайн-выставу, прысвечаную квір-экалогіі, дзе былі працы, якія звяртаюцца да міфічных беларускіх персанажаў. 

У цэлым, распаўсюджаная рэч для квір-мастацтва, якая таксама назіраецца і ў Беларусі, — гэта перапляценне мастацтва і актывізму.

Квір-мастацтва часта выкарыстоўваецца як актывісцкае выказванне, а актывіст_кі ахвотна прыцягваюць маста_чак у свае праекты.

3. Па якіх крытэрах можна зразумець, што гэты твор мастацтва — квірны?

Тут могуць быць розныя думкі. Нават маё меркаванне будзе змяняцца ў залежнасці ад кантэксту. Самы просты адказ:

калі твор закранае тэмы сэксуальнасці, гендару, цела праз ненарматыўную прызму — ён квірны.

Але, паколькі нормы могуць адрознівацца ў розных культурах і кантэкстах, «квірнасць» твора можа таксама змяняцца.

Ці можна ў 2024 годзе назваць квірнай серыю фатаграфій з белымі гомасэксуальнымі парамі, выстаўленую ў галерэі дзе-небудзь у Стакгольме? Я б не сказала, што ў кантэксце мастацтва сучаснай Швецыі такі твор кідае выклік норме. Пры гэтым уявіце гэтую ж працу на «Арт-Мінску», падумайце пра мэтавую аўдыторыю гэтага фестывалю і пра тое, які эфект на іх і ў гэтым асяроддзі зробіць праца. Мне здаецца,

«квірнасць» залежыць ад кантэксту і звязаная з выклікам лакальнай нарматыўнасці. 

4. Навошта вылучаць квір-мастацтва як асобны кірунак?

Квір-мастацтва працуе з тэмамі, якія рэдка абмяркоўваюцца ў мэйнстрымавых формах мастацтва, і дазваляе ўключыць галасы тых, хто быў выключаны з традыцыйных канонаў. Таму я не бачу праблемы ў такой катэгарызацыі. Гэтак жа сама можна вылучыць антываеннае мастацтва, эка-мастацтва, і г. д. 

Іншая рэч, што ў кантэксце сучаснага арт-рынку і таго, як дзейнічае капіталізм, лэйбл «квір-маста_чкі» для аўтара_к можа адчувацца як абмежавальны, прызначаны для продажу. 

Ну і вядома, як і з кожнымі вызваленчымі ідэямі і плынямі, капіталізм можа прыбіраць з квір-мастацтва рэвалюцыйны складнік, пакідаючы толькі сам лэйбл, і рабіць з яго зручны неаліберальны прадукт. 

Напрыклад, гей-прайд пачынаўся як вызваленчы марш з мэтай заняць гарадскую прастору і парушыць яе гетэранарматыўнасць, зрабіць квір-людзей заўважнейшымі і тым самым зруйнаваць уяўленне пра свет як пра выключна гетэрасэксуальны. Сёння ж прайды цалкам інтэграваныя ў нармальнае гарадское жыццё, у іх бяруць удзел буйныя брэнды і гарадскія інстытуцыі, у тым ліку вытворцы зброі і паліцыя (ці можна прыдумаць дзве больш гетэрапатрыярхатныя рэчы?), а анлайн вядуцца дыскусіі пра тое, наколькі дапушчальна прыходзіць на прайд у кінк-аксэсуарах. Некалі радыкальны акт супраціву зрабілі яшчэ адным спосабам спрыяць кансьюмерызму і дэпалітызавалі. 

5. У чым цэнтральныя цяжкасці для беларускіх квір-маста_чак і людзей мастацтва? 

Няма грошай і няма бяспекі.

Калі ты жывеш у Беларусі, то ў цябе няма грошай: квір-экспрэсія крыміналізуецца ўсё больш і больш, і ў такіх умовах няма ніякай магчымасці для адкрытага выказвання, якое сапраўды ставіла б пад сумнеў «норму». 

Калі ты з’язджаеш, то ў цябе таксама няма грошай. Калі ты спрабуеш забяспечваць сябе мастацтвам, ты ўвесь час змушаная займацца прэкарнай працай*: пошук грантаў, стыпендый, праектаў — няма магчымасці для фінансавай стабільнасці. Гэта адбіваецца на працаздольнасці і ментальным стане маста_чак.

*Прэкарная праца — абазначэнне нестабільнай і часцяком нізкааплатнай працы, якая не падае чалавеку сацыяльных гарантый ці абароненасці. Гэты від працы часта характарызуецца часовымі кантрактамі, адсутнасцю сацыяльных ільготаў, такіх як медычная страхоўка, аплатны адпачынак ці пенсійныя ашчаджанні. Людзі, занятыя ў прэкарнай працы, больш уразлівыя перад эканамічнымі цяжкасцямі і няўстойлівасцю.

6. Якія структурныя і інстытуцыйныя змены неабходныя для падтрымкі квір-мастацтва? 

Калі мы кажам пра Беларусь, то гэта, вядома ж, пазбаўленне ад аўтарытарнага рэжыму і гамафобнай палітыкі сучаснай беларускай дзяржавы.

І калі б мы апынуліся ў такой цудоўнай краіне будучыні, добра было б там мець падтрымку для маргіналізаваных маста_чак, у тым ліку для квірак. Такой падтрымкай маглі б быць: бясплатнае навучанне, стыпендыі, гранты і г. д. Увогуле, нам трэба ствараць сітуацыю, дзе людзі, чые галасы душацца, мелі б усе магчымасці выказвацца і рэалізаваць сябе.

Хацелася б больш бачыць самаарганізаваныя структуры, якія змяншаюць залежнасць маста_чак ад капіталу і арт-рынку. Складана сказаць, што менавіта гэта за структуры. Магчыма, прафсаюзы і кааператывы маста_чак маглі б быць цікавай ідэяй. 

7. Што можна зрабіць на персанальным роўні, каб падтрымаць беларускіх квір-маста_чак?

Як і ўсім квір-людзям, квір-маста_чкам цяпер вельмі патрэбная падтрымка. Як варыянт, можна фінансава падтрымаць квір-актывістак, якія дапамагаюць квір-асобам унутры Беларусі, напрыклад, «Прызматыку».

Апроч гэтага, шукайце квір-мастацтва там, дзе вы жывяце: хадзіце на выставы, чытайце пра лакальныя праекты. Вось некаторыя з іх:

Stus Collective | Колектив СТУС — культурна-актывісцкая група, базуецца ў Варшаве і Познані, заснаваная квір-персонамі з Украіны і Беларусі. Робяць выставы, варкшопы і вечарыны.

platformB — беларуская супольнасць мастакоў, базуецца ў Германіі. Адна з каштоўнасцяў каманды — дапамагаць галасам мастакоў у выгнанні гучаць мацней. Праект арганізоўвае артыст-токі, выставы і займаецца архіваваннем мастацтва.

QueerMuzeum Warszawa — польскі праект, які архівуе гісторыю на перасячэнні квір-руху і мастацтва.

8. Што патрэбна ведаць пра беларускае квір-мастацтва?

Трэба ведаць, што яно існуе (смяецца). І што ёсць шмат маладых маста_чак, якія працуюць праз квір-прызму з рознымі медыумамі і тэмамі. На жаль, у апошнія гады шмат якія з іх або з’ехалі, або сталі менш бачнымі з меркаванняў бяспекі. 

Шмат якія праекты, прысвечаныя беларускаму квір-мастацтву, зачыніліся з 2020 года. Пэўна што, самай даступнай беларускай крыніцай будзе праект Kalektar. Яны не спецыялізуюцца на квір-мастацтве, але на іх сайце вы можаце паглядзець, якія існуюць сучасныя беларускія працы і маста_чкі. 

На платформе «Статус» ёсць некалькі добрых эсэ, прысвечаных асобным праектам у беларускім квір-мастацтве. Напрыклад, гэта эсэ Вольгі Бубіч пра квір-людзей у беларускай фатаграфіі.

9. Якія беларускія квір-творы ўразілі цябе за апошні час?

Не назаву пэўных прац, але мяне вельмі ўражае мастацтва Варвары Суднік. Мне падабаецца яе праца з рознымі медыумамі і ўвага да тэмаў класа і перасячэння апрэсій. У яе працах адлюстраваны ўплыў класавай апрэсіі, ксенафобіі і гетэрапатрыярхатнай сістэмы. 

Варвара Судник, 2021, вышивка
Варвара Суднік, 2021, вышыўка

Аўтарка: Вікторыя Грабеннікава

Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 4

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x