«Не проста моцныя эмоцыі». Як бачаць свет людзі з памежным разладам асобы?

ІнклюзіяВеды
ПРЛ
4.3
(4)

Пра людзей з памежным разладам асобы існуе мноства стэрэатыпаў — нібы яны схільныя да залежнасцяў, часта карыстаюцца аб’юзам і проста не кантралююць свае эмоцыі. Каб разбурыць гэтыя міфы, мы пагутарылі з двума маладымі людзьмі, якія жывуць (і вучацца жыць) з ПРА праз пошук агульнай мовы з блізкімі. Таксама мы пагутарылі з псіхолагам, які мае досвед працы з падобнымі кліент_камі, і даведаліся, як працуе мозг чалавека з ПРА і як такія людзі могуць дапамагчы сабе і зразумець свае моцныя бакі.

Увага!
У артыкуле згадваюцца думкі пра суіцыд.

«Гэта цяжка на 10 з 10»

Жэня і Мія жывуць у Латвіі, яны ўжо некалькі гадоў сябры. У абаіх каляровыя валасы, што ў кантэксце дыягназу ім здаецца досыць пацешным: маўляў, чалавек з ПРА заўсёды атрымае сваю долю ўвагі, свядома ці выпадкова. Пры гэтым людзям з такім дыягназам бывае складана сябе апісаць, а пошукі ідэнтычнасці расцягваюцца на гады. «Самавызначэнне ў мяне не працуе, — кажа Мія. — Мне 20 гадоў, а першае падазрэнне на ПРА ў псіхіятра з’явілася, калі мне было 12». Дыягназ ёй паставілі два гады таму: фінальным аргументам сталі выпадкі некантраляванай агрэсіі і спроба суіцыду, пасля якой дзяўчына чарговы раз звярнулася да псіхіятра.

Жэня атрымаў дыягназ пазней, у 30. Але яго гісторыя ў нечым падобная, і думкі пра суіцыд — «Я больш так жыць не магу!» — таксама былі. Пры гэтым Жэня — добра сацыялізаваны экстраверт з шырокім колам зносін і перспектыўнай кар’ерай сцэнарыста ў гейм-дызайне.

У мінулым абое суразмоўцы маюць і псіхатэрапію, і прыём медыкаментаў. У выніку ў Жэні атрымалася скампенсаваць свае праблемы і навучыцца з імі жыць, Мія яшчэ працуе над сабой. «Я ненавіджу [свой ПРА], — кажа яна, — ён псуе маё жыццё. Спрабую яго кантраляваць, наколькі гэта магчыма. Гэта цяжка на 10 з 10, але з цягам часу робіцца лягчэй».

Як праяўляецца памежны разлад асобы

Для людзей з ПРА ў першую чаргу характэрная нестабільнасць уяўленняў пра сябе, частыя змены настрою і адносін з навакольнымі. Гучыць вельмі агульна, але ёсць і больш дакладныя прыкметы, апісаныя ў еўрапейскім класіфікатары хвароб МКБ-11 або амерыканскім дапаможніку DSM-5. Напрыклад, адным з пунктаў паводле DSM-5 можа быць пачуццё пакінутасці (і імкненне ад яго выратавацца).

Сімптомы памежнага разладу асобы часта праяўляюцца яшчэ ў падлеткавым узросце. Як мяркуюць Жэня і Мія, ПРА часта стыгматызуюць, у тым ліку праз ужыванне састарэлай назвы — «эмацыйна нестабільны разлад асобы» (такі тэрмін выкарыстоўваўся ў МКБ-10, у МКБ-11 пад кодам 6D11.5 фігуруе ўжо «Памежны вобраз» (англ.: Borderline pattern)). Рэч у тым, што ў людзей з ПРА нервовая сістэма ўладкаваная так, што эмацыйная рэакцыя ў разы больш інтэнсіўная і працяглая, чым у нейратыповага чалавека.

«Мая нервовая сістэма сфармаваная такім чынам, што я амаль увесь час знаходжуся ў стрэсавым адказе, — тлумачыць Жэня. — З гэтым нічога нельга зрабіць, я жыву з гэтым. Але лічу за лепшае тлумачыць гэта так, а не стыгматызаваць, называючы гэта эмацыйнай нестабільнасцю».

Жэня перажывае і дрэнныя, і добрыя моманты ярчэй, чым умоўны «звычайны» чалавек. Мію ў дзяцінстве лічылі рэзкім, дрэнна кантраляваным дзіцем. А ў падлеткавым узросце яе яркія эмацыйныя рэакцыі сталі падставай для булінгу ў школе: «Я раззлавалася, але не памятаю нічога. Памятаю толькі, чым скончылася — візітам да псіхіятра».

ПРЛ

«Пасадзяць на медыкаменты?»

Самастойна ставіць сабе дыягназ паводле апісання, зразумела, нельга. ПРА мае падобныя сімптомы і з комплексным посттраўматычным стрэсавым разладам, і з біпалярным разладам.

Жэня прызнаецца, што адчуваў перад дыягназам страх: «А раптам мне скажуць, што ў мяне нешта ёсць, і гэта стане апраўданнем усіх маіх дзеянняў? Ці пасадзяць на медыкаменты, на якіх я буду жыць усё жыццё? Але не — дыягностыка зрабіла маё жыццё значна лепшым. Калі ёсць праблема, якую вы не можаце развязаць самастойна і якая вам замінае, — гэта ўжо нагода ісці да лекара. І гэта робіцца ад жадання жыць лепш, а не ад жадання атрымаць увагу».

Звычайна дыягностыка складаецца з некалькіх сустрэч з лекарам і прадугледжвае назіранне ў дынаміцы. Звяртацца па яе раяць тады, калі цяжка жыць і перашкаджаюць эмоцыі. Расказваць лекару лепш за ўсё канкрэтныя прыклады таго, што перашкаджае. Лячэнне часцей за ўсё пачынаецца з псіхатэрапіі, ужо пазней могуць прызначыць прэпараты (або не прызначыць). У Жэні і Міі ёсць досвед і таго, і таго, але ў мінулым.

Мія кажа, што стала займаецца самааналізам, вучыцца заўважаць патэрны сваіх паводзін, а таксама прадбачыць, калі можа стаць горш. Атрымліваецца, праўда, не заўсёды — пры сутыкненні з трыгерам негатыўныя эмоцыі могуць накрыць.

Паводле адчуванняў Жэні, яго разлад з часам стаў праяўляцца менш: «У маім выпадку дапамагла тэрапія, назапашаны досвед і, мусіць, зніжэнне гарманальнага фону. Я стаў менш эмацыйным, чым раней». Але ён дадае, што ўсё яшчэ больш эмацыйны, чым «звычайны» чалавек.

Як людзі з ПРА ўпісваюцца ў грамадства

Даводзіцца прыкладаць намаганні. Жэня і Мія апісваюць дзве галоўныя тактыкі.

Першая тактыка — прадбачыць трыгерныя сітуацыі.

Трыгернымі могуць быць розныя рэчы, напрыклад, пытанне на балючую тэму можа імгненна выклікаць моцную ўспышку эмоцый. «Гэтыя эмоцыі складана схаваць, — тлумачыць Жэня, — але нікому не будзе шкоды апроч мяне самога: ад смеху я імгненна перайду ў нейкі металічны рэжым».

Другая важная тактыка — маскінг, гэта значыць кантроль таго, як ты дэманструеш свае эмоцыі.

Тое, што для чалавека з ПРА — норма, для іншых можа быць моцным стрэсам. «Калі гаворка пра блізкія дачыненні, то ты клапоцішся і не хочаш, каб твой партнёр гушкаўся на тых жа арэлях, што і ты, — кажа Жэня. — Ты не тое што хаваеш, але нівелюеш».

Асабліва часта маскінг дапамагае пры зносінах з незнаёмцамі або калегамі. У гэтага кантролю ёсць і адваротны бок: да яго звыкаеш, і з часам навакольныя як быццам перастаюць счытваць эмоцыі, нават калі чалавек з ПРА іх асабліва не хавае. Напрыклад, калі Мія ўсміхаецца — гэта не значыць, што ёй абавязкова добра: па-над добрымі эмоцыямі яна фонава можа адчуваць дастаткова моцныя негатыўныя.

«Ад людзей хачу адкрытасці»

Важна разумець, што людзі з памежным разладам асобы не з’яўляюцца апрыёры небяспечнымі. Іх асоба гэтак жа сама залежыць ад уласных маральных якасцяў.

«Адказныя турбуюцца пра іншых людзей, а каму напляваць — паводзяцца дэструктыўна. Але

дыягназ не з’яўляецца паказальнікам таго, добры чалавек ці дрэнны,

— кажа Жэня. — У рускамоўным інтэрнэце вельмі шмат стыгмы ў адрозненне ад англамоўнага. У англамоўным пішуць, як адэкватна ўзаемадзейнічаць і як дапамагчы. У расейскамоўным пішуць, што гэта самыя таксічныя людзі на свеце, трымайцеся далей ад іх».

Для гарманічных адносін з чалавекам, які мае памежны разлад асобы, важна адкрыта гаварыць пра свае жаданні і пра тое, што прымальна і што не. «Ненавіджу, калі ад мяне нешта хаваюць ці трымаюць крыўду — калі чалавек нешта сам сабе вырашыў, але не кажа мне, — тлумачыць Мія. — Мне не хацелася б, каб людзі хавалі ад мяне важныя рэчы. Так, я сама маскірую эмацыйную рэакцыю, якая можа зрабіць балюча чалавеку. Але я не стану хаваць факт таго, што яна адбылася, я гэта прагавару. І ад людзей я таксама хачу адкрытасці».

Жэня падтрымлівае: добра, калі ў навакольных ёсць смеласць прагаворваць свае жаданні. Таксама ён дадае, наколькі крытычна важная прадказальнасць: рабіць тое, што сказаў, і не рабіць тое, што не было абгаворана. Непрадказальнасць — адзін з наймацнейшых трыгераў для яго: «І яшчэ мне важная ў людзях надзейнасць або базавая сумленнасць, спагадлівасць. Адчуванне, што ты разумееш, як чалавек будзе сябе паводзіць, і што ты можаш на яго спадзявацца».

І апошняе, што кажуць Жэня і Мія, —

трэба памятаць, што з абодвух бакоў знаходзяцца проста людзі, незалежна ад дыягназу.

Дыягназ не дае карт-бланшу на аб’юз ніводнаму з бакоў.

ПРЛ

Як працуе мозг пры ПРА

З пытаннямі пра тое, што адбываецца з людзьмі з памежным разладам асобы і чым іх бачанне і ўспрыманне свету адрозніваецца ад умоўнай нормы, мы звярнуліся да клінічнага псіхолага Івана Васілюка, які працуе паводле метадаў кагнітыўна-паводніцкай і дыялектычнай паводніцкай тэрапіі.

— Памежны разлад асобы — гэта не дзівацтва, а разлад, які грунтуецца на фізіялагічных і анатамічных асаблівасцях чалавека.

У першую чаргу, гэта гіперактыўная міндаліна, або амігдала, — орган мозгу, які адказвае за страх, гнеў, трывогу і стрэс.

У людзей з памежным разладам асобы яна працуе занадта актыўна, праз што нават малаважныя падзеі выклікаюць ураган эмоцый, бо амігдала функцыянуе як звышадчувальная сігналізацыя, якая не дазваляе чалавеку хутка супакоіцца. У выніку такія людзі лёгка ўзбуджаюцца, востра рэагуюць на адмову, крытыку ці ігнараванне і адчуваюць цяжкасці з тым, каб супакоіцца пасля ўсплёску эмоцый.

Другое важнае змяненне — аслаблены прыфрантальны кортэкс, які адказвае за самакантроль.

У тэрапіі гэта праяўляецца так: спачатку дзеянне, потым шкадаванне. Гэта вядзе да мноства імпульсіўных учынкаў: імпульсіўныя выдаткі, рызыкоўныя сэксуальныя паводзіны, залежнасць ад наркотыкаў ці алкаголю.

Яшчэ адна важная асаблівасць — дэфіцыт сератаніну, які ўплывае на рэзкія змены настрою.

Існуе стэрэатып, што людзі з ПРА агрэсіўныя, але насамрэч гэта не заўсёды так. Хутчэй, яны эмацыйна рэактыўныя і маюць складанасці з рэгуляваннем сваіх станаў. Акрамя таго, сератанін грае ролю ў фармаванні пачуцця сацыяльнай сувязі — для людзей з ПРА характэрна ўстойлівае адчуванне адзіноты і перакананасць у тым, што з імі «нешта не так».

Таксама ключавой прыкметай з'яўляецца парушэнне я-канцэпцыі і праблемы з самаідэнтыфікацыяй.

Калі чалавеку з ПРА задаюць пытанне «Хто ты?», яму можа быць цяжка скласці цэласны вобраз сябе, бо ў яго адсутнічаюць устойлівыя погляды і перакананні. У тэрапіі, нават пасля працы над імпульсіўнасцю, чалавек часта сутыкаецца з новым пытаннем: «Хто я наогул?» Апошняя стадыя тэрапіі ПРА скіраваная на дапамогу ў фармаванні цэласнай асобы і прыняцці сябе.

Калі падсумаваць, то адрозненні ва ўспрыманні свету пры ПРА абумоўленыя асаблівасцямі нейрафізіялогіі і нейрабіялогіі. Гэта не проста моцныя эмоцыі — гэта імпульсіўнасць, рэзкія перапады настрою, цяжкасці з самакантролем і планаваннем, а таксама ўстойлівае пачуццё адзіноты. Нягледзячы на ​​тое, што асноўныя напрамкі тэрапіі сканцэнтраваныя ў першую чаргу на рэгуляцыі эмоцый, праца з самаідэнтычнасцю і прыняццем сябе грае не менш важную ролю.

Ключ — стварыць бяспечнае асяроддзе

Нашыя героі даюць рады з сацыялізацыяй пры дапамозе тактык самакантролю і маскінгу. Аднак другая тактыка, папярэджвае эксперт, можа прыводзіць да непажаданых эфектаў:

— У першую чаргу, памежны разлад асобы звязаны з тым, што чалавек адчувае цяжкасці з самарэгуляцыяй. Таму, калі мы кажам пра сучасныя падыходы да тэрапіі ПРА, ключавымі задачамі з’яўляюцца развіццё самакантролю, распазнаванне сваіх эмоцый і ўменне правільна іх выказваць. Усвядомленасць тут грае важную ролю: чалавек павінен усведамляць свае эмоцыі і разумець, як іх выказаць бяспечна і канструктыўна.

Маскінг у гэтым сэнсе з’яўляецца шкодным механізмам, бо ён вучыць не кіраваць эмоцыямі, а хаваць іх, дэманстраваць пачуцці, якіх насамрэч няма. У чым яго небяспека? Доўга хаваць свае эмоцыі і падтрымліваць кантроль чалавек з ПРА не можа, таму рана ці позна адбываецца «выбух». Гэта можа выяўляцца ў хвалях некантраляванай агрэсіі, самапашкоджанні і эмацыйных зрывах. Акрамя таго, маскінг стварае ілюзію кантролю над сваім станам, хоць у рэальнасці гэта толькі часовае заглушэнне, якое не вырашае праблему.

Альтэрнатыўны падыход складаецца з таго, каб стварыць бяспечную прастору і асяроддзе, у якім можна быць сабою. Гэта не абавязкова павінны быць людзі з ПРА, але важна, каб сярод іх былі тыя, хто прымае вас і падзяляе вашыя каштоўнасці. Важна таксама разумець, што ў сітуацыях, дзе патрабуецца самакантроль, не абавязкова хаваць эмоцыі, іх можна выказваць больш свядома. Напрыклад, замест агрэсіўных выпадаў, такіх як «Вы ўсе сволачы, я вас ненавіджу», можна сказаць: «Я злуюся, бо мне не падабаецца гэты момант».

Такім чынам, маскінг — гэта шкодны механізм, а разумны самакантроль — гэта неабходны навык. Паколькі ПРА — гэта складаны разлад, звязаны з асаблівасцямі фізіялогіі мозгу, чалавек вымушаны наўмысна і свядома вучыцца самакантролю. Тут добра працуе метафара: калі ў нейратыповага чалавека самакантроль убудаваны, як унутраны «хрыбетнік», то чалавеку з ПРА даводзіцца нібы насіць гэты хрыбетнік звонку — свядома выбудоўваць стратэгіі рэгуляцыі, якія для іншых людзей адбываюцца аўтаматычна. Гэта складаны працэс, але магчымы. Галоўнае — навучыцца прымаць усе свае эмоцыі і асаблівасці псіхікі, але пры гэтым праяўляць іх правільна і бяспечна.

Разлад — гэта не толькі ўразлівасць, але і суперздольнасці

З рознымі разладамі ў доўгатэрміновай перспектыве ёсць магчымасць жыць добра, шчасліва, быць сацыяльна адаптаван_ай і функцыянальн_ай, упэўнены псіхолаг Іван Васілюк:

— Для гэтага важна зразумець, якія менавіта аспекты разладу турбуюць канкрэтна вас, і выпісаць тыя жыццёвыя сітуацыі, якія выклікаюць найбольшыя цяжкасці. У выпадку з ПРА сітуацыя ўскладняецца тым, што ён часта суправаджаецца іншымі разладамі, у тым ліку залежнасцямі. Таму неабходна разабраць гэты комплексны клубок праблем, зразумець яго структуру і навучыцца ўзаемадзейнічаць з людзьмі і соцыумам у гэтых умовах.

Таксама варта памятаць, што ПРА часта звязаны з суіцыдальнымі думкамі і самапашкоджаннем, але нават такія станы можна перажываць больш свядома, вучыцца іх пераадольваць. Для гэтага існуюць эфектыўныя навукова абгрунтаваныя метады тэрапіі. Сярод іх асабліва добра сябе зарэкамендавала схема-тэрапія, якая мае моцную доказную базу ў працы з ПРА, а таксама дыялектычная паводніцкая тэрапія (ДБТ), якая факусуецца на засвойванні навыкаў самарэгуляцыі. Часам сапраўды здзіўляе тое, як усяго адзін навык, засвоены на трэнінгу, можа змяніць рэакцыю чалавека: ад жадання зрабіць сабе шкоду да рашэння будаваць новае, паўнавартаснае жыццё.

Важна разумець, што дапамога пры ПРА — гэта камандная праца, дзе ролю грае не толькі псіхолаг, але і псіхіятр. У большасці выпадкаў пры правільным падыходзе прагнозы вельмі спрыяльныя. З майго вопыту, у 90% выпадкаў людзі з ПРА здольныя весці стабільнае жыццё, якое задавальняе іх. Больш за тое, сам разлад можа мець свае пазітыўныя бакі.

Людзі з ПРА часта валодаюць высокай адчувальнасцю, здольныя глыбока разумець эмоцыі, свае і іншых людзей, яны творчыя, яркія, нестандартныя.

Прыняцце свайго разладу як часткі асобы, разуменне яго моцных і слабых бакоў, а таксама выкарыстанне гэтых асаблівасцяў на сваю карысць — гэта і ёсць той самы «ліманад з лімонаў». Усведамленне сваіх характарыстык і іх правільная адаптацыя дазваляе людзям з ПРА не проста даваць рады цяжкасцям, але і ператвараць сваю эмацыйную глыбіню ў рэсурс. Такі шлях патрабуе намаганняў, але ён магчымы, і гэта сапраўды каштоўна.


Аўтарка: Ганна Валынец

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 4.3 / 5. Колькасць галасоў: 4

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x