Мастак Базіната: у гэтым годзе стала вельмі шмат страхаў

Асобы
Мастак Базіната з Маладзечна. Фота з архіва РГ.
0
(0)

Пра тое, як мастакі рэагуюць на падзеі вакол сябе, ці з’яўляюцца яны актывістамі і ў чым бяда недастатковай актыўнасці людзей, журналіст «Рэгіянальнай газеты» паразмаўляла з адным з самых крэатыўных сучасных мастакоў Беларусі Базіната.

Менавіта ён кіраваў мастацкім афармленнем галерэі на вуліцы стрыт-фуда, а ў 2017 годзе зладзіў галерэю на сметніцы на Парашках.

– Ці можна назваць мастака актывістам?

– Розныя мастакі выбіраюць розныя фарматы. Мне падабаецца, што робяць маладыя мастакі – перформансы, акцыі. Напрыклад, была класная акцыя ў метро Ульяны Няўзоравай «Гэты плакат можа стаць прычынай майго затрымання». Такія формы вельмі простыя, але ў той жа час спрацоўваюць выдатна.

Скрыншот відэа перфомансу.

– Як табе фармат акцый, падобны да тых, што робіць Паўленскі? Напрыклад, прыбіць цвіком машонку да крамлёўскай брусчаткі.

– Гэта яго мова выказвання, пытанне адносін да свайго цела, цела ў прасторы. Да такой акцыі чалавека прывялі пэўныя працэсы, яго жыццё. Такія выказванні працуюць.

Для некаторых мастакоў такая форма незразумелая. Ну, праўда: ты ж сядзіш два тыдні ў майстэрні, фатаграфуеш, выкладваеш у сацыяльную сетку і табе паставяць тры лайкі. А тут намаляваў плакат – і ты зорка, сто тысяч праглядаў.

– Ці ёсць у цябе адчуванне, што перамены ў Маладзечне пачаліся з вуліцай стрыт-фуда? Што яна стала месцам, якое зараджае жыхароў прагай крэатыву і актывізму?

– Думаю, стрыт-фуд стаў адным з пунктаў, які да гэтага падштурхнуў. Людзі мяняюцца ўвесь час. Стрыт-фуд крыху змяніў логіку і прастору, разуменне, што з гэтай прасторай можна рабіць. Ён паказаў, што месца можа задаваць кірунак руху і дзейнасці. У многіх ёсць патрэба прыходзіць у пэўнае месца, напаўняцца там падзеямі, ежай, сустрэчамі і ўзаемадзеяннямі.

Гэтай восенню і летам стрыт-фуд быў асабліва актуальны для жыхароў, якім давялося перажыць кавід. У горадзе не так і шмат месцаў, куды можна спакойна прыйсці, і там заўсёды штосьці будзе, як мінімум, ежа.

– Гэта месца прыдумалі і зрабілі такім жыхары. Ці ўплывае на маладзечанцаў прыклад таго, што актывісты могуць змяняць горад?

– Любы горад, яго атмасферу, энергію, рух, падзеі і культуру вызначае жыхар і супольнасць. Вуліца сфарміравала вакол сябе супольнасць людзей розных прафесій і сфер зацікаўленасцяў, якія могуць на гэтай пляцоўцы ўвасабляць сваё бачанне грамадскай прасторы.

Любы горад фарміруюць яго жыхары. Мне падаецца, у Маладзечне заўсёды было шмат актыўных людзей, якія ўплывалі на поле падзей.

Пераважна гэта людзі гуманістычнага светапогляду, якія хацелі б змяняць мадэль паводзін гараджан і прастору горада.

Маладзечна – горад з савецкай геаметрыяй і архітэктурай. Калі яго будавалі, то не думалі, што людзі будуць у ім жыць так, як цяпер – у час эпідэміі, масавых пратэстаў, сур’ёзных трансфармацый у грамадстве. Калі будавалі, то не думалі, што тут усё гэта будзе, што вуліцы запоўніць столькі машын, з’явіцца інтэрнэт.

Канешне, на ўзроўні архітэктуры горад фарміруе людзей. Але людзі сваімі дробнымі гісторыямі, актывізмам, творчасцю, пераўтвараюць горад.

Сустрэчы даюць магчымасць ствараць штосьці новае, дзяліцца меркаваннямі, весці дыялог – гэта тое, чаго нашаму грамадству ніколі не хапала. А месцаў для дыялогу ў горадзе не так і шмат. Мы прывыклі да маналогу – настаўнік гаворыць, дзеці слухаюць, да мадэлі, калі ёсць нейкі «дарослы», які ўсё ведае. І такая мадэль у нас трымаецца на розных узроўнях.

Чым большай колькасці людзей цікава, што адбываецца вакол іх, што робіцца ў іх двары, у іншым мікрараёне. Чым больш зацікаўленасці, тым больш развіваецца прастора. Таму я за тое, каб існавала як мага больш публічных месцаў. У такіх месцах ты лепш знаёмішся з людзьмі. А чым лепш ведаеш чалавека, тым лепш разумееш, як можаш з ім узаемадзейнічаць, больш верагоднасці стварыць што-небудзь сумеснае. Дзякуючы гэтаму чалавек можа рэальна рэалізаваць свой патэнцыял, таму што часта людзі не ведаюць, што вакол іх, з кім можна скаардынавацца.

Можа і канкрэтная падзея змяніць чалавека знутры, таму што даводзіцца даць сабе адказ на пытанне: ці гатовы ты мірыцца з гэтым гвалтам, прыгнётам, пастаянным наглядам і ўказкай, адсутнасцю дыялогу. Або гатовы штосьці зрабіць, каб выйсці з замкнёнага кола.

– Ты як мастак як ацэньваеш падзеі ў Беларусі ў гэтым годзе?

– Гэтыя падзеі цікавыя, шматгранныя, аналізаваць іх складана. Я маю мастацкія метады, праз якія спрабую паглядзець на гэта збоку. Тое, што адбываецца ў гэтым годзе, выклікае ў мяне інтарэс назіральніка. Хутка рэфлексаваць на гэтыя падзеі складана, таму атрымліваецца, што ты ўвесь час у патоку, не заўсёды паспяваеш зразумець, што адбываецца.

Ад нас усіх спатрэбілася прыдумаць новыя механізмы ўзаемадзеяння з гэтым навакольным асяроддзем, якое змянілася. Тое, як рэагаваць на гэтыя выклікі, як сітуацыя праяўляе асобу. Мяне хвалюе, як у розных людзей у розны час трансфармуецца ўнутраны свет. Мы збліжаемся, хочам пабачыць твары адзін аднаго, зразумець. У той жа час мы і аддаляемся – гэта парадокс, які хочацца зразумець.

За гэты год стала вельмі шмат страхаў, страх стаў больш бачным. Год вымагае перайсці на новы эмацыйна-пачуццёвы ўзровень.

– Ці праўда, што для мастака чым горш, тым лепш? У тым сэнсе, што чым горшыя падзеі адбываюцца, тым больш сур’ёзны матэрыял для мастацкага ўвасаблення.

– Калі гвалт або парушэнне маральных нормаў бачныя, то мне як мастаку прасцей з гэтым працаваць. Я візуальны мастак, і размаўляю з чалавекам зразумелай яму мовай. Цяпер у Беларусі шмат мастацтва – ілюстрацый, музыкі, карцін, акцый. Шмат усяго адбываецца кожны дзень. Такога руху я не бачыў ніколі. Такая колькасць мастацтва – рэфлексія на падзеі, дзякуючы чаму шмат цікавых работ. З аднаго боку, радасна, што ўсяго многа. З іншага, гэта пераходзіць у іншую плоскасць. І не ўсе мастакі разумеюць, да чаго гэта вядзе.

З вострымі тэмамі працаваць лягчэй і цікавей, таму што аддача ад іх імгненная. Гэта ўдзячнае поле.

Спосабы перадачы паведамленняў вельмі змяніліся. Сацыяльныя сеткі дазваляюць атрымаць імгненную рэакцыю на тваё паведамленне.

Мая хуткасць рэагавання іншая. Я адразу ацэньваю мінулае, цяперашняе і будучае. Чапляю не тое, што адбываецца зараз, а агульначалавечыя рэчы. Я люблю ставіць пытанні, таму што адказы будуць ва ўсіх розныя.

– Што ты думаеш пра плакаты беларускага пратэсту?

– Плакаты людзі любяць, таму што слова – моцны інструмент для выказвання пазіцыі. Мяркую, любы пратэстны рух быў з лозунгамі і транспарантамі. Іншыя адразу разумеюць, што ты хочаш сказаць. Я прыхільнік карнавалаў, масавых свят, калі людзі збіраюцца, таму што хочуць гэтага.

– Тое, што адбываецца ў Беларусі – не новая і не ўнікальная сітуацыя, падобнае адбывалася ў многіх кутках свету ў розны час. Ці з’яўляецца адной з прычын крызісу, такога, як цяпер у Беларусі, недастатковая актыўнасць людзей?

– Пратэсты, барацьба з уладай – гэта адбываецца паўсюль. Дзякуючы доступу да інфармацыі мы гэта ведаем. Але людзі, якія цяпер жывуць у Беларусі, раней з такім не сутыкаліся, не былі да такога гатовыя.

Многае залежыць ад людзей, чаму яны знаходзяцца ў той ці іншай сітуацыі. Але ніхто не адмяняў эвалюцыйны працэс, дзякуючы якому людзі вучацца.

І ў нас цяпер пачынаюць фарміравацца супольнасці вакол пэўных каштоўнасцей.

Усё, што адбываецца ў грамадстве, адбываецца на глебе грамадскай дамоўленасці. Мы, напрыклад, дамовіліся, што не будзем біць адзін аднаго, і не б’ём. Мы жывём у такой парадыгме, пакуль яе трымаюцца бакі. Калі яна перастае працаваць, то трэба дамаўляцца нанова, весці дыялог.

Усё паўплывае на ўсё. Мне важна зразумець тое поле, дзе будзе цікава выказацца.

Тэкст: Зоя Хруцкая
Фота: архіў Rh.by

Артыкул створаны ў межах праекта RegiON (Уключаючы рэгіён).

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 0 / 5. Колькасць галасоў: 0

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць