Мастацтва ствараецца для таго, каб у выніку сустрэцца са сваёй аўдыторыяй. Шмат высілкаў творцы ўкладаюць у яго стварэнне, шмат часу куратар_кі, галерыст_кі і музейшчы_цы рыхтуюць прастору для яго экспанавання, а медыя і эксперт_кі расказваюць пра мерапрыемствы ў навінах ды аглядах. Але як часта наведвальні_цы могуць пазнаёміцца з творамі такім чынам, як бачылася творцы, атрымаць эстэтычную асалоду і счытаць максімум укладзеных сэнсаў? У гэтым артыкуле мы ўзгадаем інклюзіўныя практыкі, якія дазваляюць зладзіць паспяховую сустрэчу з мастацтвам для людзей з розным досведам і патрэбамі.
Ці ўсім проста ўжываць мастацтва?
Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, на пачатку 2024 года больш за 2,5 мільярда чалавек у свеце мелі патрэбу хаця б у адным асістыўным вырабе, да якіх адносяцца вазкі, акуляры, пратэзы, кіі, слыхавыя апараты, сродкі распазнання маўлення, праграмы для стварэння субтытраў і іншыя. 2,5 мільярда — велізарная аўдыторыя, але некаторыя культурніцкія інстытуцыі дзе-нідзе і сёння пакідаюць яе за дужкамі (не кажучы пра людзей, асаблівыя патрэбы якіх не такія відавочныя).
Калі думаць пра абмежаванні, якія замінаюць уключыцца ў нейкую імпрэзу, то першае, што прыходзіць на думку, — асаблівасці зроку, слыху, апорна-рухальнай сістэмы. Але, напрыклад, прыступкі замінаюць і сталым людзям, і бацькам з малымі дзецьмі, а пульсуючае святло можа замінаць чалавеку з посттраўматычным сіндромам (пра тое, як ладзіць мерапрыемствы для людзей з ПТСР, можна пачытаць адмысловы артыкул).
«Іншыя» — часта нязручныя, бо для ўліку іх патрэб даводзіцца зрабіць больш высілкаў: арганізацыйных, фінансавых, адукацыйных і не толькі. Але без высілкаў сапраўды інклюзіўнае грамадства не пабудуеш. Па сутнасці, інклюзія — гэта і ёсць здольнасць бачыць «іншага». І адгукацца на яго патрэбы.
Але дадатковыя высілкі ў планаванні мерапрыемстваў можна ўспрымаць не як праблему, а як новае поле магчымасцей. Калі ў вас няма досведу стварэння інклюзіўных імпрэзаў, звярніцеся да эксперта_к ці для пачатку азнаёмцеся з дапаможнікам «Іншых», які падкажа, як зладзіць мерапрыемства з улікам патрэб людзей з абмежаванай мабільнасцю, людзей са слабым зрокам і невідушчых, людзей са слабым слыхам і з поўнай яго стратай, людзей з псіхічнымі і ментальнымі асаблівасцямі, бацькоў з маленькімі дзецьмі, прадстаўні_ц супольнасці ЛГБТК+ і людзей, прыязных да экалагічнага ладу жыцця.
Як удасканаліць прастору
Вядома, асобныя складанасці прыносяць даўно пабудаваныя архітэктурныя аб’екты, асабліва ўключаныя ў спісы гісторыка-культурнай спадчыны, бо яны з’яўляюцца нацыянальнай ці сусветнай культурнай каштоўнасцю і павінны няўхільна адпавядаць тым крытэрам, паводле якіх атрымалі гэты статус. Сур’ёзнае ўмяшанне ў перабудову ці перапланіроўку памяшканняў наўпрост недапушчальнае.
Аднак і тут звычайна сітуацыя не бязвыхадная. Можна ўсталяваць пандус пры ўваходзе ў будынак, прымацаваць пад’ёмнікі на лесвіцах для інвалідных вазкоў, паставіць крэслы і канапы ў залах, каб у людзей сталага ўзросту і бацькоў з дзецьмі была магчымасць адпачыць. Гэта ўжо значна падвысіць узровень даступнасці.
Акрамя таго варта палепшыць святло ў залах, а на эксплікацыях да аб’ектаў дадаць надпісы шрыфтам Брайля (сістэма пісьма, якая выкарыстоўваецца людзьмі са слабым зрокам ці невідушчымі). Інфармацыя можа дублявацца «брайлем» не толькі на ціснёнай паперы ці пластыкавай альбо металічнай пласціне, але і на спецыяльным дысплэі. Важна, каб гэтыя тэксты былі вычытаныя дасведчан_ай спецыяліст_кай, як_ая валодае тэхнікай пісьма. Падрабязней пра адаптацыю прасторы для людзей, якія не бачаць або бачаць слаба, можна пачытаць у зацемках фонду «Особый взгляд», напісаных разам з музейшчы_цамі.
Калі ў вашым распараджэнні новы будынак, то з інклюзіўнасцю там звычайна справа лепш. Увогуле, калі ў вас ёсць магчымасць выбраць пляцоўку, скарыстайцеся рэкамендацыямі «Іншых» як чэк-лістом. Таксама раім звярнуць увагу на дапаможнік «Accessible Exhibitions For All» — гэта англамоўны практычны гайд, які змяшчае парады па праектаванні выстаў для людзей з рознымі інваліднасцямі.
Як можна дэманстраваць жывапіс, графіку, фота
Ці магчыма зрабіць двухмерны аб’ект, такі як малюнак ці фотаздымак, дасяжным для чалавека са слабым зрокам? Насамрэч прасунутыя маста_чкі і галерыст_кі ўжо даўно карыстаюцца мультысэнсорным падыходам, спалучаючы дотык, слых і нюх.
- Тактыльныя малюнкі (тыфлакопіі). Выява робіцца рэльефнай і вывучаецца наведвальні_цамі праз дотык. Таксама можна выкарыстоўваць розныя фактуры і элементы, каб інфармацыі на кончыках пальцаў атрымлівалася болей.
- Тактыльныя экспанаты. Пашыраюць магчымасць літаральна дакрануцца да арту на вашым мерапрыемстве.
- Аўдыяапісанні (аўдыядэскрыпцыі). Для гэтага патрэбны аўдыягід, які можа падрабязна апісваць не толькі тое, што выяўлена на малюнку ці фотаздымку, але іншыя прасторавыя рэчы, напрыклад, гукі прыроды ці горада. Часам у такія аўдыя дадаюць музыку ці вершы, якія адпавядаюць эпосе і кантэксту.
- Пахі. Ольфактарнае суправаджэнне, ці далучэнне розных араматаў і пахаў да твораў, здольныя не толькі стварыць пэўную атмасферу, але і надзейна замацаваць нейкі вобраз у памяці чалавека. У свеце дзе-нідзе ладзяць ольфактарныя выставы, у якіх пах адыгрывае не менш значную ролю, чым візуальныя сродкі (жывапіс, фота, скульптура і іншае). А ў Лос-Анжалесе больш за 10 гадоў працуе цэлы The Institute for Art and Olfaction (Інстытут мастацтва і нюху).
Спалучэнне розных прыёмаў дапамагае наведвальні_цам атрымаць максімальна поўнае ўяўленне ад выявы. Гэтым паспяхова карыстаюцца вядучыя арт-пляцоўкі свету, такія як Нацыянальная галерэя мастацтва ў Вашынгтоне, Музей Ватыкана ці Цэнтр Пампіду ў Парыжы. Напішыце ў пошуку на сайце музея, які вас зацікавіў, слова «accessibility» — і вы даведаецеся пра дадатковыя магчымасці для людзей, якія маюць асаблівыя патрэбы.
Лічбавыя тэхналогіі ў галерэях
Апошнім часам арт-прасторы шырока ўжываюць віртуальную рэальнасць (VR — Virtual Reality) і дапоўненую рэальнасць (AR — Augmented Reality). З VR прастора навокал на 100% замяняе рэальны свет і цалкам складацца з выдуманых аб’ектаў. З віртуальнымі прадметамі можна ўзаемадзейнічаць: «браць» іх рукамі, гладзіць, націскаць кнопкі і гэтак далей — але ўсе рэчы, якія бачыць наведвальні_ца, усяго толькі вобразы рэчаў. З AR бачны не асобны свет, а толькі дадатковыя слаі, якія накладваюцца на натуральную карціну.
Гэтыя тэхналогіі дазваляюць ствараць вельмі якасныя і моцныя для ўспрымання інтэрактыўныя выставы. Напрыклад, у Музеі Ван Гога ў Амстэрдаме наведвальні_цы, карыстаючыся VR-акулярамі, могуць паглыбіцца ў творы мастака, даведацца пра дадатковыя сэнсы і ўбачыць самыя драбнюткія дробязі.
Дзякуючы VR- і AR-тэхналогіям выставачныя пляцоўкі могуць ствараць для гледачоў і глядачак умовы, калі яны спажываюць мастацтва, нават не кранаючыся з месца. Для тых, каму перасоўванне ў прасторы — выклік, гэта сур’ёзная падтрымка і праява клопату.
Выставы ў сеціве
Адмысловыя анлайн-платформы ствараюць значныя магчымасці для паспяховага знаёмства з мастацтвам на ўсёй планеце. Напрыклад, пляцоўка Google Arts & Culture — гэта акно ў свет жывапісу, графікі, фатаграфіі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, тэкстылю, зазірнуць у якое можна адусюль, дзе ёсць інтэрнэт.
У анлайнавай прасторы можна ладзіць асобныя выставы. Яны не толькі ўспрымаюцца цалкам натуральна, але і могуць «працягнуць жыццё» экспазіцыі ў фізічным свеце. Так, летась у Варшаве зладзіла свой візуальны праект «ENDO-EXO» беларуская мастачка Міла Котка. З яе артам можна было азнаёміцца ў галерэі або ў адмыслова зробленым метасусвеце Kotkaverse, які і цяпер даступны для прагляду. Такое рашэнне дазволіла ўключыць аматара_к мастацтва, якія з розных прычын не маглі ў вызначаны час трапіць у Варшаву, гаворка ў тым ліку пра беларуса_к без віз, і гэта таксама пункт інклюзіі.
Яшчэ адзін цікавы прыклад мультымедыйнай выставы ў анлайн-прасторы — натхняльны трыб’ют-праект фестывалю SPRAVA Sad Orchestra. Гэта даніна памяці дзеячам беларускага незалежнага мастацтва: музыкам Леаніду Нарушэвічу, Арцёму Залескаму і драматургу Аляксею Стрэльнікаву. У гэтым SAD’зе можна «пагуляць», пазнаёміцца са спадчынай творцаў і іх бачаннем свету, паслухаць эмбіент, натхнёны героямі, пачытаць пра арт-аб’екты, створаныя на памяць пра іх у лесе на паўвостраве Чарэйскага возера, дзе некалькі год ладзіўся фестываль SPRAVA.
Як можна пашырыць аўдыторыю кіно і тэатра
На паказах кіно і не толькі варта задумацца пра субтытры. Яны дазваляюць людзям з інваліднасцю па слыху разумець, што адбываецца на экране ці сцэне. Існуюць розны версіі субтытраў, але сапраўды інклюзіўныя — разгорнутыя субтытры, якія шматбакова раскрываюць дзеянне. Такія субтытры змяшчаюць не толькі прамоўленыя фразы, але і інфармацыю аб іншых гуках: апісанне смеху, шорахаў, дажджу, марскога прыбою ці таго, якога кшталту музыка іграе ў гэты момант. Гэта дазваляе значна пашырыць і паглыбіць успрыманне кінакарціны.
Высокі ўзровень клопату пра аўдыторыю — правядзенне інклюзіўных кінафестываляў, якія намагаюцца максімальна пашырыць магчымасці людзей з рознымі абмежаваннямі. Так, на ўкраінскім анлайн-фестывалі фемінісцкага кіно «Фільма» частка стужак транслюецца з гукаапісаннем, то бок можна літаральна праслухаць фільм: усё, што адбываецца на экране, агучваецца камандай фестывалю на розныя галасы. А дыскусіі з удзелам рэжысёра_к ладзяцца з перакладам на жэставую мову.
Дарэчы, каманда «Фільмы» выпусціла гайд па інклюзіўнай мове і інструментах дасяжнасці для працаўні_ц культуры і мастацтва. У ім можна даведацца пра стварэнне аўдыядэскрыпцый, гендарную чуллівасць у тэкстах, падрыхтоўку альтэрнатыўнага тэксту для выяў на сайтах.
Яшчэ адзін прыклад — афлайнавы кінафестываль One World. Падчас прагляду на ім ствараюцца:
- аўдыяапісанні, якія дазваляюць людзям са слабым зрокам успрымаць візуальны складнік фільма праз вусныя каментары (выкарыстоўваючы навушнікі);
- безбар’ерная прастора для гледачоў з абмежаванай мабільнасцю і для бацькоў з дзецьмі;
- субтытры для людзей са слабым слыхам і без слыху;
- паслаблены скрынінг, які прапануе дэманстрацыю экрана з паніжанай яркасцю і прыглушаным гукам; падчас паказу наведні_цы могуць павольна перамяшчацца па зале; такі фармат пасуе людзям з цяжкасцямі канцэнтрацыі ўвагі ці эпілепсіяй.
- магчымасць наведвання паказаў з сабакамі-памочнікамі і павадырамі.
Тэатры таксама могуць карыстацца рознымі інклюзіўнымі практыкамі. І асобнай згадкі заслугоўваюць уласна інклюзіўныя тэатры. Гэта тэатры, у творчы працэс якіх уключаныя людзі з рознымі асаблівасцямі здароўя, але пастаноўкі там ладзяцца для ўсіх. Вакол інклюзіўных праектаў хапае стэрэатыпаў, але што важна: яны ствараюць асяроддзе, дзе кожны чалавек можа быць часткай культурніцкай сцэны, і прапануюць мастацкі дыялог паміж рознымі людзьмі — агулам гэта выдатная прастора для сустрэчы з чужым досведам, каб адчуць размаітасць свету і яго насельні_ц.
Як зрабіць інклюзіўнай музыку
Добрым прыкладам візуалізацыі музыкі з’яўляецца яе віртуозны сурдапераклад. Так, перакладчы_цы на мову жэстаў ужо сталі легендамі «Еўрабачання».
Для музычных імпрэзаў таксама існуюць свае тэхналогіі і падыходы. Напрыклад, візуалізацыя музыкі. Яна ўяўляе сабой афармленне музычнага трэка з дапамогай анімацыі, якая змяняецца ў рытме кампазіцыі. Падчас канцэртаў выкарыстоўваюць светлавыя шоу, разнастайныя візуальныя эфекты, вібрацыйныя тэхналогіі, якія дазваляюць фізічна «адчуваць» музыку. Але варта звяртацца да экспертных дапаможнікаў і ўласна эксперта_к, каб улічыць розныя патрэбы, бо тое, што перавага для адных, можа з’яўляцца дыскамфортам для іншых.
Пару слоў для арганізатара_к культурніцкіх івэнтаў
У многіх людзей з дадатковымі патрэбамі ёсць шматгадовы негатыўны досвед наведвання мерапрыемстваў, якія былі для іх ці фізічна недаступнымі, ці з розных прычын некамфортнымі. Што патрэбна, каб сітуацыя змянілася? Па-першае, павелічэнне інклюзіўных — у шырокім сэнсе — імпрэзаў у розных сферах і напрамках творчасці. Па-другое, дасяжнасць інфармацыі пра іх менавіта для тых груп грамадства, на якія яны накіраваныя і для каго могуць уяўляць найбольшую цікаўнасць ці патрэбу. Акрамя таго, варта аналізаваць папярэдні досвед стварэння розных імпрэзаў, абавязкова запрашаць эксперта_к на кансультацыі яшчэ на этапе планавання падзей.
Так, хтосьці можа пабачыць экспанаты на сайце арт-пляцоўкі, паглядзець спектакль анлайн ці праслухаць лекцыю з субтытрамі. Але ці будзе гэта паўнавартаснай заменай знаёмства з мастацтвам? Калі пагадзіцца з думкай «лепш так, чым ніяк», то так, будзе. Аднак за апошнія гады, пакуль у свеце панаваў COVID-19, людзі вельмі стаміліся ад анлайну. Сёння ёсць вялікі запыт на афлайнавыя імпрэзы і мерапрыемствы, бо гэта шлях не толькі да супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння, але і да абмену эмоцыямі ды энергіяй, якія паўнавартасна не перадасць ні адзін плоскі экран.
Таму хацелася б бачыць больш інклюзіўных івэнтаў. Бо гэта той самы выпадак, калі колькасць уплывае на якасць. Чым больш будзе якасных прыкладаў узаемадзеяння з мастацтвам людзей з рознымі патрэбамі — тым большым будзе запыт у грамадстве на такія падзеі.
Аўтарка: Марыйка Арлова