Як праводзіць мерапрыемствы для людзей з посттраўматычным сіндромам

ІнклюзіяВеды
5
(5)

У канцы лютага гэтага года ў Вільні адбылася прэзентацыя нашага зборніка рэкамендацый для арганізатара_к мерапрыемстваў «Як падрыхтаваць і правесці інклюзіўнае мерапрыемства» і наступная дыскусія пад назвай (НЕ)Час для інклюзіі. На сустрэчы абмеркавалі розныя важныя пытанні, з якімі зараз сутыкаюцца арганізатар_кі мерапрыемстваў. Пад час дыскусіі таксама паўстала пытанне пра тое, як праводзіць мерапрыемствы для людзей з посттраўматычным сіндромам.

Якія новыя выклікі з’явіліся для арганізатара_к?

Падчас дыскусіі высветлілася, што актывіст_кам і арганізацыям рознага профілю не хапае ведаў, як працаваць «з новымі ўразлівымі групамі, якія з’явіліся ў сувязі з вайной і эвакуацыяй» — гэта адзначыла Лізавета Шалай, каардынатарка праектаў у CreateCulture Group. Яе словы пацвердзіў Зміцер Лойша, праектны менеджар арганізацы «Актыўнымі быць файна»: «Мы з гэтым сутыкаліся: дзеці, якія прыехалі з Украіны, вельмі моцна рэагуюць на нейкія дзеянні, і мы не разумеем, як з гэтым працаваць. Гэта велізарны выклік».

Гэтую ж праблему, але з іншага боку, падняла і Вольга Гарбунова, актывістка, прадстаўніца па сацыяльных пытаннях у Аб’яднаным пераходным кабінеце Беларусі. Яна адзначыла, што з 2020 года ў Беларусі значна павялічылася колькасць людзей з новымі патрэбамі, якія цяпер трапляюць ва ўразлівае становішча. Гэта ахвяры катаванняў, сведкі гвалту (у тым ліку таго што адбываўся на вуліцы), палітзняволеныя і/ці іх сем’і, ваяр_кі з фронту, якія прыехалі на рэабілітацыю і лекаванне, эмігрант_кі, людзі з досведам бяздомнасці ці ўцякацтва.

Падсумаваўшы агучаныя пытанні, мы вырашылі стварыць цэлы артыкул пра тое, як камунікаваць з людзьмі, што сутыкнуліся з траўматычнымі падзеямі. Праблема, пра якую мы хочам паразмаўляць, вельмі сур’ёзная і ў цяперашніх гістарычных умовах актуальная, як ніколі раней. Гаворка ідзе пра посттраўматычны стрэсавы разлад (засмучэнне) ці посттраўматычны сіндром (далей — ПТСР). 

Што такое ПТСР?

ПТСР — гэта цяжкі псіхічны стан, які ўзнікае ў выніку адзінкавай ці паўторных падзей, што аказваюць звышмагутны негатыўны ўплыў на псіхіку чалавека. Траўматычнасць падзей цесна злучана з  адчуваннем уласнай бездапаможнасці з-за немагчымасці эфектыўна дзейнічаць у небяспечнай сітуацыі. 

ПТСР можа ўзнікнуць  у любога чалавека ў любым узросце,  але гэта адбываецца не з кожн_ай. Рызыка яго ўзнікнення залежыць ад розных фактараў: цяжкасць траўмы, кантэкст сітуацыі, псіхічная і біялагічная (у тым ліку на генетычным узроўні) схільнасць чалавека.  Па сутнасці, ПТСР — гэта страх пасля страху.  Калі аднойчы нам давялося перажыць падзею, якая нас траўмавала і выклікала моцны стрэс, то страхі і балючыя ўспаміны аб гэтым могуць трывожыць яшчэ доўгія гады.

Якія сітуацыі выклікаюць з’яўленне ПТСР?

Іх даволі шмат. Мы пералічым тыя, якія часцей аказваюць на людзей моцны ўплыў: 

  • ваенныя і баявыя дзеянні
  • прыродныя і тэхнагенныя катастрофы
  • гвалт: фізічны, псіхалагічны, сэксуалізаваны
  • катаванні і напады
  • прысутнасць пры смерці іншых людзей (у тым ліку гвалтоўнай)
  • пасляродавы стрэсавы стан
  • транспартныя катастрофы (напрыклад, аўтамабільная аварыя)

Складанасць справы яшчэ і ў тым, што далёка не ўсе людзі могуць самастойна ідэнтыфікаваць і распазнаць свае адчуванні і паводзіны як ПТСР. У гэтага псіхічнага разладу вялікая колькасць сімптомаў. Найбольш характэрныя з іх — падвышаная трывожнасць, моцная дэпрэсія і сталае адчуванне страху. Аднак зрабіць карэктную дыягностыку і прызначыць прыдатны спосаб лекавання можа толькі кваліфікаван_ая лекар_ка.

Як даведацца, што ў чалавека ПТСР?

Пры падрыхтоўцы мерапрыемстваў трэба ўлічваць важны момант. Можна спланаваць лекцыю, варштат ці канферэнцыю з улікам таго, што ўдзельні_цы могуць мець ПТСР: напрыклад, калі яны прыехалі з небяспечнага рэгіёна. А што рабіць, калі вы пра гэта не ведаеце?

Можна пайсці двума шляхамі: самім спытаць пра гэта ў удзельні_ц ці абапірацца на ўскосныя прыкметы. 

Перад мерапрыемствам — і гэта будзе праявай інклюзіўнасці — зрабіце запыт у будучых удзельні_ц пра іх асаблівыя патрэбы. Звычайна пад гэтым разумеюць асаблівасці, звязаныя з харчаваннем, абмежаваннем мабільнасці, наяўнасцю малых дзяцей і неабходнасці няні і г.д.  Аднак вы можаце дадаць пункт пра асаблівыя псіхалагічныя ўмовы і папрасіць удзельні_ц адзначыць, ці патрэбна ім дадатковая псіхалагічная падтрымка.

Зразумела, што далёка не кожн_ая пазначыць нешта накшталт ПТСР, але калі вы ўжо сфарміравалі давер да сваёй аргкаманды ці вядучых мерапрыемства і эксперт_ак — гэта магчыма.

Другі шлях — ускосныя прыкметы.  Звярніце ўвагу на наступныя моманты,  якія характарызуюць, што чалавеку цяжка:

Змены ў паводзінах.
Нечакана ўдзельні_ца можа пачаць рабіць усё вельмі павольна, страціць цікавасць і канцэнтрацыю на сваіх дзеяннях. Быць агрэсіўн_ай. Адчуваць боязь да людзей і пэўных месцаў. Імкнуцца да ізаляцыі і цяжка ісці на кантакт.
Змены ў эмоцыях.
З’яўляецца гнеў, раздражняльнасць, слёзы.
Змены ў думках.
Зацыкленасць на пагрозах або страхах, звышпільнасць, негатыўны погляд на будучыню.
Нечаканыя фізічныя сімптомы:
дыхавіца, боль у жываце ці мышцах, галаўны боль.

Будзе вельмі добра праявіць клопат і ўважлівасць да патэнцыйных удзельні_ц яшчэ на этапе падрыхтоўкі анонса мерапрыемства і адразу мець на ўвазе магчымасць удзелу людзей у розным ментальным стане. У тым ліку гаворка ідзе пра наяўнасць бяспечнай прасторы для імпрэзы. Зразумела, што немагчыма прадугледзець усе нюансы і моманты, але як мінімум варта папярэджваць удзельні_ц пра фармат мерапрыемства і пры неабходнасці прапісваць трыгер ворнінгі.

Трыгер ворнінг (англ. trigger warning — папярэджванне пра тое, што нейкая тэма можа ініцыяваць непрыемныя эмоцыі і траўмавальныя ўспаміны.

Якія фарматы працы з асобамі з ПТСР можна параіць?

Ёсць даволі шмат рэкамендацый і парад, як дапамагчы чалавеку з ПТСР, як выбудоўваць даверныя зносіны, працаваць з агрэсіяй і ў які момант патрэбна звяртацца за медыцынскай дапамогай. Але ўсё гэта прасцей сказаць, чым зрабіць, бо кожны раз мы сутыкаемся з чалавечым фактарам і немагчымасцю ахапіць усё і адразу. Асабліва, калі гаворка ідзе пра мерапрыемствы з удзелам розных людзей з разнастайнымі патрэбамі. Аднак ёсць некаторыя ўніверсальныя парады, якія могуць дапамагчы.

Арганізацыя прасторы на мерапрыемствах для людзей з ПТСР

Тое, на што абавязкова трэба звярнуць увагу, — гэта прастора, у якой будзе праходзіць ваша мерапрыемства. Яна павінна быць бяспечнай для ўдзельні_ц — што гэта азначае? Мы прапануем наступнае вызначэнне з нашых рэкамендацый:

Бяспечная прастора (англ. safe space) — гэта спецыяльна створанае месца, дзе кожн_ая можа разняволіцца і быць свабодн_ай у выяўленні сябе, не адчуваць дыскамфорт, непажаданасць да сябе альбо небяспеку з прычыны біялагічнага полу, расы, этнічнай прыналежнасці, сэксуальнай арыентацыі, гендарнай ідэнтычнасці, культурнага паходжання, узросту, фізічных або разумовых здольнасцяў. Гэта месца, дзе правілы ахоўваюць пачуцці ўласнай годнасці кожнага чалавека, і месца, дзе ўсе паважаюць іншых. Правілы прасторы неабходна агучыць загадзя, каб іх ведалі, разумелі і выкарыстоўвалі ўсе прысутныя. 

Таксама карыснай будзе  наяўнасць зоны адпачынку і/або ціхага пакоя.  Гэтая прастора — з канапамі, крэсламі, фатэлямі-грушамі — дасць магчымасць адпачыць ад шуму мерапрыемства, інтэнсіўнай камунікацыі і ўзаемадзеяння з прысутнымі. Ціхі пакой асабліва важны пры арганізацыі мерапрыемстваў для людзей з псіхічнымі разладамі і ментальнымі асаблівасцямі. У гэтым выпадку важна прадугледзець асобныя месцы для адпачынку, па магчымасці аддзеленыя шырмамі або перагародкамі, каб людзі маглі застацца сам-насам.

Фарматы працы на мерапрыемствах для людзей з ПТСР

Зыходзячы з таго, што людзі з ПТСР могуць адчуваць неспакой у вялікіх натоўпах людзей, дарэчнымі фарматамі могуць быць  індывідуальныя мерапрыемствы ці праца ў малых групах.  Так удзельні_цы будуць адчуваць сябе менш трывожна.

Таксама дапаможа супакоіцца  тэхніка дыхальных практыкаванняў, медытацыя ці рэлаксацыя.  Для выканання такіх практыкаванняў можна запрасіць асобн_ую спецыяліст_ку.

Вельмі карысным фарматам падчас працы з людзьмі з ПТСР будзе магчымасць дадаць так званыя «працоўныя элементы».  Тэрапію працоўнага ўдзелу  даволі часта прымяняюць для лекавання ПТСР. З аднаго боку, яна ўключае ў сябе фізічную працу, а з іншага, патрабуе інтэлектуальнага напружання. Гэта дазваляе на пэўны час максімальна сканцэнтравацца на нейкай карыснай дзейнасці, падняць настрой і самаацэнку ад стварэння чагосьці цікавага сваімі рукамі, умацаваць сацыяльныя сувязі з іншымі людзьмі. Так мы зможам паменшыць пачуццё трывожнасці і ізаляцыі ў нашых удзельні_ц. Што гэта можа быць? Напрыклад, розныя віды рамёстваў: ганчарства, выцінанка, пляценне з саломкі, травы ці нітак, стварэнне простых габеленаў і г.д.

 Мерапрыемствы на прыродзе і фізічная актыўнасць  вельмі добры варыянт! Прырода мае заспакаяльны эфект і дапамагае справіцца з трывожнасцю і напругай. Да гэтага можна дадаць фізічную актыўнасць: шпацыр, хайкінг, бег, вандроўкі на ровары ці паездкі ў фармаце лагера. Фізічная актыўнасць мае велізарную карысць для фізічнага і псіхічнага здароўя — і дасць магчымасць пераключыцца з трывожных думак. 

Вельмі важна, каб удзельні_цы праводзілі час за тым, што дае ім задавальненне, дапамагае адчуць бяспеку і наладзіць камунікацыю з іншымі. У такіх умовах адной з дадатковых задач арганізатара_к і кіроўцаў мерапрыемстваў будзе адсочванне зменаў у паводзінах удзельні_ц і гатоўнасць змяняць фарматы актыўнасцей, зыходзячы з наяўнай сітуацыі.

Падчас падрыхтоўкі мерапрыемстваў мы вельмі раім звяртацца да нашай брашуры з рэкамендацыямі для арганізатара_к «Як падрыхтаваць і правесці інклюзіўнае мерапрыемства». Яе можна спампаваць на беларускай і рускай мовах. У зборніку вы знойдзеце пэўныя практычныя парады і шмат іншай карыснай інфармацыі.

Тэкст: Марыйка Арлова
Фота: Roman Friptuleac, cottonbro studio

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Average rating 5 / 5. Vote count: 5

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
Падпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x