Сваім вопытам правядзення афлайн-мерапрыемстваў для людзей з анкалогіяй з намі падзялілася каманда праекта «Руками трогать».
Рэкамендацыі па выбары памяшкання для мерапрыемства для людзей з анкалогіяй
Рэкамендацыі па працы з мадэратар_кай для мерапрыемства для людзей з анкалогіяй
Трыгеры, якіх варта пазбягаць пры падрыхтоўцы мерапрыемства для людзей з анкалогіяй
Напрыклад, у матэрыялах, мэтавай аўдыторыяй якіх з’яўляюцца анкапацыент_кі, не варта выкарыстоўваць фота ідэальна прыгожых людзей.
― Пасля мастэктаміі (аперацыі па выдаленні ўсіх тканак малочнай залозы) для многіх жанчын робяцца балючымі пытанні прыгажосці і жаноцкасці, таму да такой тэмы варта падыходзіць асцярожна. Мы ўлічваем гэта, пры стварэнні кантэнту: па этычных прычынах не паказваем жанчын з мадэльнымі фігурамі, дасканалымі знешнімі дадзенымі, ― растлумачыла каманда праекта «Руками трогать».
Яшчэ адзін важны момант ― не варта праводзіць мерапрыемства ў лячэбнай установе або ў памяшканні, якое выклікае асацыяцыі з бальніцай (белы пакой, яркае «хірургічнае» святло). Гэта можа ўспрымацца як адсылка да таго перыяду, калі жанчына шмат часу праводзіла ў шпіталі. Таму месца для мерапрыемства павінна быць максімальна прыемным і утульным ― мяккія канапы, прыгожы дэкор.
Пажадана, каб спікер_кі былі не ў белых халатах, а ў паўсядзённым адзенні, нават калі яны медыцынскія работні_цы. Бо для жанчын, якія перанеслі анкалогію, успаміны пра сустрэчы з лекар_камі могуць быць траўматычнымі.
Папярэдняя праца са спікер_камі мерапрыемства для людзей з анкалогіяй
Таксама варта звярнуць увагу на папярэднюю працу са спікер_камі. У Беларусі ўжо не раз здараліся сітуацыі, калі запрошаныя на лекцыю эксперт_кі рабілі скандальныя заявы. Напрыклад, летась грамадства ўзрушыла выказванне дырэктаркі прыватнага цэнтра, які працуе з дзецьмі з аўтызмам. Яна на лекцыі для старшакласнік_ц агучыла, што «аўтызм – гэта генетычная мутацыя, якая адбываецца з-за хаатычных палавых сувязяў бацькоў дзіцяці».
Для таго каб пазбегнуць падобных інцыдэнтаў, любой грамадскай ініцыятыве варта ўважліва ставіцца да выбару спецыяліст_ак. Каманда «Руками трогать» кіруецца двума асноўнымі крытэрамі.
― Першы з іх ― водгукі саміх пацыентак, тых, хто праходзіў праз лекар_ку. Мы запытваемся, ці могуць яны рэкамендаваць спецыяліст_ку, ці былі яны дастаткова кампетэнтнымі, ці не было нейкіх неэтычных кейсаў. Другі ― адэкватная першасная гутарка лекар_кі з намі. Калі мы бачым, што па нейкіх маральна-каштоўнасных якасцях не супадаем, ці аказваецца, што чалавек, прасоўвае састарэлыя метады лячэння, то не супрацоўнічаем.
Каманда праекту адзначае: яны таксама не стануць прыцягваць лекараў, якія аднабока глядзяць на праблему і прызнаюць толькі свой пункт гледжання як адзіны дакладны.
Каманда ініцыятывы таксама ацэньвае, наколькі эксперт арыентуецца ў сучасных сусветных тэндэнцыях.
― Нам сапраўды не па дарозе з тымі, хто затрымаўся ў 70-х гадах мінулага стагоддзя і робіць усё так, як было прынята тады. Пратаколы лячэння мяняюцца ― гэта лагічна і натуральна, бо навука не стаіць на месцы, з’яўляюцца новыя метады і лекі. «Руками трогать» прызнаюцца, што імкнуцца браць каментары ў маладзейшых спецыялiст_ак, бо яны ведаюць базу, актыўна цікавяцца навінамі медыцыны, могуць агучыць і прапанаваць нешта больш прагрэсіўнае.
Тэкст: Юля Михасёва
Фота: Nadezhda Moryak, Tara Winstead