Прафесійны спорт — нялітасцівы занятак для любо_й спартсмен_кі. Фізічныя нагрузкі, рызыка траўмаў, часта кароткі перыяд кар’еры, псіхалагічны ціск пастаяннага змагання з суперні_цамі і з уласнымі магчымасцямі, пераезды… У жанчын да гэтага спісу дадаюцца і месячныя.
У некаторых спартсменак цыкл можа знікнуць з-за празмерных фізічных нагрузак, некаторыя — наўмысна спыняюць месячныя пры дапамозе гарманальных прэпаратаў, каб яны не заміналі падчас выступленняў. Усё гэта негатыўна адбіваецца на здароўі жанчын. Сітуацыю пагаршае і тое, што ў грамадстве ўсё яшчэ існуе стыгма вакол тэмы месячных, што ўскладняе адкрытае абмеркаванне праблем і пошук іх рашэння. Жаночы спорт і самі спартсменкі паступова пачынаюць уздымаць гэтае пытанне, каб змяніць сітуацыю і палепшыць умовы для сябе і іншых жанчын.
У 2024 годзе вялікую дыскусію выклікала бягунка з Кітая Лі Мэйжэнь (Li Meizhen), якая ўдзельнічала ў марафоне Hengshui Lake Marathon 2024. Наўпрост падчас забегу ў яе пачаліся месячныя, але спартсменка не спынілася і дабегла да фінішу.

Сітуацыя з Лі Мэйжэнь выклікала шырокую дыскусію ў медыя і сацыяльных сетках. Шмат хто выказаў захапленне стойкасцю і адвагай спартсменкі, якая, нягледзячы на дыскамфорт і фізічныя цяжкасці, здолела працягнуць забег і дасягнуць фінішу. Нехта пісаў, што да такога «трэба рыхтавацца і на ўсялякі выпадак запхнуць тампон», нехта падняў тэму адзення, маўляў калі б яна была ў «нармальнай форме накшталт легінсаў», то гэта б ніхто не заўважыў.
Такім чынам, гісторыя Лі Мэйжэнь закранула шырокі спектр пытанняў, звязаных з роўнасцю, здароўем і культурнымі ўстаноўкамі ў спорце і грамадстве.
У гэтым артыкуле мы разгледзім, як менструальны цыкл уплывае на спартсменак, якія выклікі яны пераадольваюць і якія крокі робяцца для паляпшэння ўмоў у жаночым спорце, каб зрабіць яго больш інклюзіўным і спрыяльным для ўсіх.
Жанчыны і вялікі спорт
Першымі жаночымі спартовымі спаборніцтвамі лічацца Герэйскія гульні, якія былі прысвечаныя багіні Геры і праводзіліся ў старажытнай Алімпіі каля 1000 года да н. э. Гэтыя гульні ўзніклі як частка рытуалу і культу ўрадлівасці і, на жаль, не сталі пачаткам раўнапраўнага ўдзелу жанчын у спорце.
Доўгі час жанчынам было забаронена браць удзел у Алімпійскіх гульнях і ў спартовых спаборніцтвах агулам. Жанчынам рэкамендавалі займацца фізічнымі практыкаваннямі, танцамі і гімнастыкай, але без спаборніцкага складніка. І як апраўданне выключэння жанчын са спорту выкарыстоўвалася ў тым ліку наяўнасць у тых месячных — маўляў, рэпрадуктыўная функцыя несумяшчальная з фізічнай нагрузкай і спаборніцтвамі і гэта наогул пагроза здольнасці да нараджэння дзяцей.
Сітуацыя стала мяняцца толькі ў пачатку XX стагоддзя. У 1900 годзе жанчыны дабіліся права ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях, праўда, толькі ў некалькіх «бяспечных» відах спорту, такіх як тэніс і гольф — і было тады жанчын усяго 2,2% ад усіх удзельнікаў. У 2012 годзе колькасць жанчын у Алімпійскіх гульнях вырасла да 44%. А Алімпіяда-2024 у Парыжы стала адметнай тым, што колькасць удзельнікаў і ўдзельніц дасягнула роўнасці.
З такімі перашкодамі заваяваўшы сабе права быць у спорце, вядома, казаць пра месячныя як пра нешта, што патрабуе дадатковай увагі, — быццам устаўляць сабе палкі ў колы.
Хоць, паводле даследаванняў, 83% жанчын падчас месячных адчуваюць прынамсі спазмы ў жываце.
Паводле іншага даследавання, больш за 77% адчулі б сорам, калі б у іх здарыўся непрыемны выпадак падчас менструацыі на публіцы, а дзве з пяці (45%) адчулі б сорам, калі б у іх здарыўся непрыемны выпадак падчас менструацыі сам-насам, напрыклад, калі б яны працяклі на прасціны.
Таму жанчыны былі прывучаныя менш згадваць або маўчаць пра свой цыкл, каб атрымаць дасяг да спорту. Да таго ж казаць пра гэта адкрыта — у свеце спорту, дзе дамінуюць мужчыны, — страшна і сорамна. І часта гэта не пакідае жанчынам ніякіх стратэгій, акрамя як даваць рады сваім сімптомам самастойна — з дапамогай абязбольвальных ці супрацьзачаткавых таблетак, якія змяняюць тэрміны надыходу месячных. Асабліва часта спартсменкі гэта робяць, калі цыкл супадае з вялікімі спаборніцтвамі, да якіх яны рыхтаваліся гадамі, — Алімпійскімі гульнямі ці чэмпіянатамі свету.
Як не змагацца са сваім целам, а зрабіць яго асаблівасці часткай спартовай стратэгіі
Менструальны цыкл — адзін з найважнейшых біялагічных рытмаў, які закранае не толькі рэпрадукцыйную сістэму, але і ўплывае на ўзровень энергіі, працу мозгу, рост цягліц, трываласць костак, абмен рэчываў і на іншыя аспекты здароўя. Гэтыя змены наўпрост уплываюць на тое, як жанчыны адчуваюць сваё цела падчас актыўнасці, і на тое, як арганізм адаптуецца да нагрузак.
Уважлівае стаўленне да цыкла і назіранне за сваім арганізмам — калі яму добра, а калі дрэнна — дае нам каштоўныя звесткі і дапамагае яго ўлічваць і разумець, дзе нам трэба больш падтрымкі.
Так, у TikTok папулярны трэнд Cycle Syncing Workouts — падыход, пры якім трэніровачны працэс адаптуецца да фаз цыклу.
Гэта дазваляе працаваць не супраць сваёй фізіялогіі, а ў гармоніі з ёю.
У розныя фазы цыкла арганізм рэагуе на нагрузку па-рознаму. Адразу пасля месячных — у фалікулярную фазу — спартсменкам лягчэй трэніравацца. Гэта звязана з падвышэннем эстрагену. У іх растуць мышцы і з’яўляецца больш энергіі. У такім выпадку можна займацца сілавымі і больш інтэнсіўнымі трэніроўкамі.
У перадменструальнай — лютэінавай — фазе назіраецца зніжэнне вынікаў. Трэніроўкі адбываюцца не самыя эфектыўныя, асабліва за 3-4 дні да месячных, калі ўзнікае раздражняльнасць, трывожнасць, губляецца канцэнтрацыя. Таксама ў арганізме затрымліваецца вадкасць, што можа прывесці да невялікага павелічэння вагі. Асабліва зніжэнне вынікаў прыкметнае ў спартсменак, якія займаюцца плаваннем і лыжным спортам.
У 2016 годзе на Алімпійскіх гульнях у Рыа кітайская плыўчыха адразу пасля фінішу ў эстафеце расказала, што яна не вельмі добра выступіла, таму што ў яе напярэдадні вечарам пачаліся месячныя. Чамусьці яна выбачылася перад сваёй камандай, што яны занялі чацвёртае месца. Спартсменка такім чынам, не планаваўшы, закранула табуяваную тэму месячных.
З іншага боку, ёсць прыклад галандскай лёгкаатлеткі Фані Бланкерс-Кун, якая за сваю кар’еру ўсталявала 7 з 9 сусветных рэкордаў падчас месячных.
У 2019 годзе жаночая зборная ЗША па футболе выйграла чэмпіянат свету і прадэманстравала, як індывідуальны падыход да менструальнага цыклу можа станоўча паўплываць на вынікі каманды. Кожная спартсменка трэніравалася па сваім асабістым графіку, адаптаваным да фаз яе цыклу. Спартсменкі выкарыстоўвалі мабільныя дадаткі, якія адсочвалі іх менструальны цыкл, якасць сну, фізічныя паказчыкі і агульнае самаадчуванне. Дадаткі дапамагалі як самім спартсменкам, так і трэнер_кам разумець, калі варта знізіць нагрузку або, наадварот, павялічыць інтэнсіўнасць трэніровак.
Пасля шасці год можна казаць, што такая практыка, калі трэнер_кі збіраюць дадзеныя пра жаночы стан цягам усяго цыкла, становіцца нормай. Яшчэ адзін прыклад з 2019 года распавядае пра трэнера ангельскай каманды па плаванні. Ён усталяваў сабе спецыяльную трэнерскую аплікацыю.
З дазволу спартсменак іх дадзеныя пра месячныя абагульняліся, і трэнер мог назіраць за іх станам у рэальным часе і планаваць індывідуальныя трэніроўкі для кожнай.
Ён адзначыў, што гэта «дапамагло зламаць ілжывае табу на гэтую тэму і нармалізавала размовы» паміж ім і спартсменкамі.
У 2024 годзе было апублікаванае новае даследаванне, падчас якога на працягу трох гадоў вялося назіранне за клубам жаночай Суперлігі і такім чынам адсочвалася сувязь паміж менструальным цыклам і атрыманнем траўм у футбалістак.
Каб зрабіць тэму больш даступнай для абмеркавання, аўтары даследавання падзялілі цыкл на чатыры асноўныя фазы:
«Мы назвалі іх чатырма фазамі, каб дапамагчы парушыць табу, таму што людзям нашмат зручней проста сказаць: першая фаза, другая, трэцяя і чацвёртая, чым “у мяне месячныя” ці “вось якраз пачнуцца”».
З аднаго боку, гэта сапраўды практычны і важны крок, які дазваляе нармалізаваць размовы аб цыкле, робячы іх менш далікатнымі і больш універсальнымі. Спартсменкі, трэнер_кі і медыцынскія спецыяліст_кі могуць лягчэй наладзіць камунікацыю, не баяцца няёмкасці і хутка пераходзіць да абмеркавання стратэгій трэніровак або лячэння.
Але, з іншага боку, такі падыход не павінен аддаляць нас ад адкрытага і сумленнага абмеркавання менструальнага цыклу. Замест таго каб увесь час згладжваць рэальнасць, важна называць рэчы сваімі імёнамі і разумець, што менструацыя — гэта натуральны працэс, які не павінен быць прычынай для няёмкасці ці маскіравання.
Адкрытыя размовы і праца са стыгматызацыяй месячных
Як мы ўжо адзначылі, прафесійны спорт, нягледзячы на сваю суровасць і высокія патрабаванні, часта становіцца арэнай для падзей, якія ўзнімаюць важныя пытанні інклюзіі і роўнасці.
Напрыклад, гімнастка Сімона Байлз падчас Алімпійскіх гульняў 2021 года адкрыта расказала пра свае праблемы з псіхічным здароўем, што прыцягнула ўвагу да неабходнасці падтрымкі ментальнага здароўя спартсмена_к.
Іншы прыклад — Футбольная ліга ЗША, якая ўвяла меры па павелічэнні заробкаў і паляпшэнні ўмоў для футбалістак пасля судовага пазову аб роўнасці аплаты працы.
Алімпійская чэмпіёнка Кэйтлін Джэнэр, заявіўшы пра сваю трансгендарнасць, адкрыла дыскусію пра правы трансгендарных людзей у спорце, што таксама стала важным крокам да роўнасці.
Тэма менструацый не стала выключэннем. Гаворкі пра фізіялагічныя асаблівасці жанчын у спорце робяцца ўсё больш адкрытымі, што дазваляе не толькі разумець іх патрэбы, але і рабіць спорт больш спрыяльным і даступным для жанчын.

Бягунка Кіран Гандхі (Kiran Gandhi) у 2015 годзе прабегла Лонданскі марафон падчас месячных, наўмысна вырашыўшы не выкарыстоўваць пракладку ці тампон. Гэта было зроблена ў знак падтрымкі жанчын ва ўсім свеце, якія не маюць доступу да сродкаў асабістай гігіены, і каб прыцягнуць увагу да праблемы стыгматызацыі менструацыі. Як заўжды ў такой тэме, бягуха сутыкнулася з вялікай хваляй як крытыкі, так і падтрымкі.
Сама ж Кіран свой учынак пракаментавала так:
«Культура з задавальненнем абмяркоўвае і робіць аб’ектам тыя часткі цела, якія могуць быць прадметам сэксуальнага спажывання з боку іншых, але як толькі мы пачынаем казаць пра нешта, што не прызначана для задавальнення іншых, напрыклад, пра месячныя, усім становіцца вельмі няўтульна».
Можна казаць, што спартсменкі часцяком і з’яўляюцца тымі актывісткамі, хто робіць умовы для сябе больш спрыяльнымі.
У 2022 годзе падчас правядзення чэмпіянату Еўропы па футболе сярод жанчын, зборная Англіі падняла пытанне пра белую футбольную форму. Каманда звярнулася да фірмы-вытворцы Nike.
«Спадзяюся, яны зменяць колер. Выдатна выступаць цалкам у белай форме, але часам, калі наступае той самы час, гэта непрактычна. Мы даем гэтаму рады як можам»,
— расказала тады ўдзельніца зборнай Англіі па футболе Бет Мід.
У 2023 годзе Футбольная асацыяцыя Англіі абвясціла, што цяпер жаночая зборная будзе выкарыстоўваць сінія шорты ў хатнім і выязным камплекце формы. Падобныя змены адбыліся і ў іншых клубах: жаночыя каманды «Манчэстэр Сіці» і «Вэст Бромвіч» аддалі перавагу бардовым і цёмна-сінім шортам адпаведна. Акрамя таго, жаночая зборная Ірландыі па рэгбі таксама адмовілася ад белых шортаў, выбраўшы цёмна-сінія.


Да нядаўняга часу прэстыжны тэнісны кубак Уімблдон меў вельмі строгі дрэс-код для ўсіх, незалежна ад гендару — цалкам белы строй. Жанчынам было некамфортна, таму што звычайна яны гуляюць у кароткіх спадніцах, пад якія трэба надзяваць таксама белыя шорты. Падчас гульні яны добра бачныя, і калі ў спартсменкі ў гэты час месячныя, яна сканцэнтраваная не толькі на гульні. Гэта можа ўплываць на вынік. Турнір вельмі кансерватыўны што да правілаў. Іх то крыху паслаблялі, то ўзмацнялі. Але ў 2023 годзе тэнісісткам дазволілі надзяваць не толькі белую бялізну. Гэта адбылося дзякуючы таму, што спартсменкі кожны раз шмат выказваліся пра свой дыскамфорт.
Што далей
Сучасныя даследаванні адкрываюць новыя перспектывы для будучыні спорту. Напрыклад, адсочванне менструальнага цыклу ў прафесійных валейбалістак нямецкай зборнай у 2024 годзе паказала, што вучоныя бачаць вялікі патэнцыял у больш шырокім зборы дадзеных і максімальнай індывідуалізацыі трэніровачных падыходаў.
У будучыні рэкамендуецца акцэнтаваць увагу на аднаўленні фізічных сіл, якасным сне, зніжэнні нагрузак падчас месячных, карэкціроўцы харчавання, кіраванні стрэсам і выкарыстанні сродкаў кантрацэпцыі.
Нягледзячы на складаны і доўгі шлях жанчын у прафесійным спорце, сёння робяцца важныя крокі для паляпшэння ўмоў для іх. Часта гэта не патрабуе значных высілкаў. Аднаўленне менструацыі адбываецца за кошт нефармакалагічных метадаў — павелічэння спажывання ежы, мадыфікацыі нагрузак.
Аднак разам з пазітыўным прагрэсам узнікаюць пытанні. Прафесійны спорт часта патрабуе значных фінансавых выдаткаў — асабліва калі мы кажам пра індывідуалізацыю і збор дадзеных. Ці могуць сабе іх дазволіць зборныя і трэнер_кі з краін не першага свету?
Дыскусія наконт збору дадзеных пра здароўе жанчын выклікае і этычныя пытанні: наколькі глыбока можна ўмешвацца ў асабістае жыццё і здароўе спартсменкі, нават калі яна сама згодная на гэта?
І, нарэшце, пра месячныя ў спорце пачалі гаварыць, таму што жанчыны ў спорце сталі больш заўважнымі. Гэта пазітыўная тэндэнцыя. Але калі грамадства нарэшце перастане разглядаць менструацыю як стыгму? Магчыма, гэта стане наступнай прыступкай, дасягнуўшы якой мы зможам выйграць не толькі ў спорце, але і ў культурным дыялогу.
Аўтарка: Маня Хмель (псеўданім)
Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values — JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.
