Ясная мова: навошта яна вашаму івэнту?

Інклюзія
Главное фото
5
(7)

Читать по-русски

Калі вы хочаце рабіць інклюзіўныя мерапрыемствы, давядзецца папрацаваць і над падачай інфармацыі. Простыя фармулёўкі, кароткія сказы, лёгкія тлумачэнні. Ясная мова акурат тое, што вам трэба, каб быць сапраўды інклюзіўнымі.

Арганізатары і арганізатаркі мерапрыемстваў для шырокай публікі часам арыентуюцца на (каля)навуковую мову, быццам бы гаворка ідзе пра навуковую канферэнцыю. Але што апраўдана ці нават патрабуецца на прафесійных сустрэчах, можа быць вельмі кепскім падыходам для агульных івэнтаў. Так, надта складаная мова выключае з паўнавартаснага ўдзелу ў мерапрыемствах адразу некалькі супольнасцяў: людзей з інваліднасцю, людзей, якія толькі вучаць гэтую канкрэтную мову, дзяцей, людзей сталага веку, а таксама частку людзей з дыслексіяй.

Мы ўжо пісалі падрабязней пра Ясную мову ў нашым Instagram.
Каб рабіць тэксты больш даступнымі, а мерапрыемствы — больш інклюзіўнымі, можна выкарыстоўваць так званую ясную мову. Гэта методыка спрашчэння інфармацыі і падачы яе такім чынам, каб усё можна было лёгка зразумець з першага разу.

Фота 1

Канцэпцыя яснай мовы з’явілася ў 1960-я гады, і першыя напрацоўкі з’явіліся ў краінах Скандынавіі ў межах нацыянальнай стратэгіі і канцэпцыі «нармалізацыі», якая стала правобразам сучаснай інклюзіі. У Швецыі ў 1968 годзе выйшла першая кніга на яснай мове — раман Пера Андэрса Фогельстрома «Лета з Монікай». Гэта было зроблена пасля таго, як дзяржава прыняла закон пра спецыяльныя паслугі, які забяспечваў права на адукацыю для ўсіх, і ў тым ліку для дзяцей з інтэлектуальнымі парушэннямі.

З тых часоў уяўленні пра інклюзію пашырыліся, і цяпер ёсць запыт не толькі на базавую адукацыю для ўсіх, але і на самыя розныя мерапрыемствы для ўсіх.

«Інфармацыя на яснай мове патрэбная для ўсіх нас»

У 2016 годзе Беларусь ратыфікавала Канвенцыю пра правы людзей з інваліднасцю, але нягледзячы на гэта ў краіне ёсць моцная стыгма адносна людзей з інтэлектуальнымі парушэннямі.

З тэмай яснай мовы ў Беларусі шмат працуе Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. Сярод іншага, яна займаецца стандартызацыяй яснай мовы ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, а таксама ўключэннем стандарта яснай мовы на дзяржаўным узроўні. Такі стандарт быў уведзены ў дзеянне ў 2021 годзе. Ён апісвае, якіх падыходаў і правілаў трэба прытрымлівацца пры выкарыстанні яснай мовы і ўключае, у тым ліку, рэкамендацыі адносна размяшчэння тэксту на старонцы, памеру, колеру і асаблівасцяў шрыфту, патрабаванні да ілюстрацый, вэб-сайтаў і аўдыёінфармацыі.

Паводле словаў Алены Цітовай, старшыні асацыяцыі, інфармацыя на яснай мове можа выкарыстоўвацца паўсюль, і ў тым ліку на афішах і ў раздаткавых матэрыялах. «Гэта адзін з кавалкаў мазаікі, якая можа дапамагчы людзям з інваліднасцю лепш арыентавацца ў розных сітуацыях паўсядзённага жыцця. Яна можа спрасціць іх перасоўванне ў “небяспечнай” і складанай рэальнасці і ў той жа час быць методыкай, якая дапамагае вучыцца новаму, спазнаваць новае і прымяняць яго ў паўсядзённым жыцці. З іншага боку, калі задумацца, інфармацыя на яснай мове патрэбная для ўсіх нас».

Фота 2

Таксама Алена ўпэўненая, што інклюзіўныя мерапрыемствы вельмі актуальныя, бо людзі з інваліднасцю мусяць быць часткай грамадства і жыць у ім. Але ёсць шмат бар’ераў, якія ўскладняюць уключэнне гэтых людзей у грамадства, і варта прызнаць, што большасць перашкодаў самім грамадствам і ствараецца.

«Грамадства не звыкла сутыкацца з людзьмі, якія маюць інтэлектуальныя парушэнні», — кажа экспертка. «У ім дагэтуль ёсць забабоны, і яно не ведае, як з такімі людзьмі жыць побач і камунікаваць. Людзі без парушэнняў інтэлекту ў паўсядзённых сітуацыях арыентуюцца на дадатковую інфармацыю і асабісты досвед, які яны набываюць і ўдасканальваюць на працягу ўсяго жыцця. А людзям з цяжкасцямі разумення часта (альбо заўжды) не хапае гэтых ведаў і досведу.  І атрымліваецца такое кола: страх не даць рады ў пэўнай сітуацыі прыводзіць да таго, што гэтая сітуацыя яму і не прапаноўваецца. І чалавек не можа здабыць досвед і камунікацыйныя навыкі». 

«Я нічога не разумею»

Люцыя нарадзілася і вырасла ў Італіі, і апошнія тры гады дзяўчына вучыць рускую мову. Два з іх яна пражыла ў Менску, але культурнае жыццё было вельмі абмежаваным. Для паўсядзённага жыцця яе валодання мовы хапала, а вось з мерапрыемствамі не склалася: «У вас усё быццам зроблена ў фармаце квэсту. І толькі для разумных (смяецца). Я, напрыклад, вельмі люблю выставы і звычайна хачу трошкі разумець, на што менавіта іду. Дык вось у Менску я амаль ніколі не магла загадзя знайсці інфармацыю, каб яна была напісана даступна».

Мы вырашылі праверыць, як жа пішуцца ў Беларусі гэтыя анонсы. На сайце Belarus.by ёсць каляндар івэнтаў у Беларусі, і вось некалькі цытат з афішаў:

Можно будет увидеть 100 литографий и гравюр, выполненных в Париже и Лейпциге в 1864, 1913 и 1928 годах с зарисовок, эскизов, рисунков и картин Делакруа, созданных им в самый плодотворный период его творчества с 1823 по 1857 год. … По традиции совместных проектов НЦСИ и LIBRA в экспозиции также будут представлены работы белорусских авторов, творчество которых дополнит основную экспозицию французского художника.
«Чугунное кружево Петербурга» представят парадные и достопримечательности любимого города, причем чугунные и металлические детали – мосты, ограды, лестничные ограждения, лифты и двери — переданы с помощью текстиля.
Настоящая весна поселилась на полотнах участниц клуба «Сузор’е», которое объединило в 2007 году женщин разных возрастов и профессий, увлеченных вышивкой и другими видами декоративно-прикладного искусства.
Карацей, з выставамі ў мяне не склалася, і таму я збольшага хадзіла толькі туды, куды запрашалі мясцовыя сябры. Не ведаю, што б я без іх рабіла.

Фота 3

Дык як пісаць?

Ясная мова не мае строгіх правілаў, а тэксты могуць адаптавацца па-рознаму ў залежнасці ад таго, для якой канкрэтнай аўдыторыі іх рыхтуюць. Але ёсць шэраг агульных рэкамендацый. Нацыянальнае ўпраўленне архіваў і дакументаў ЗША вылучае 10 асноўных прынцыпаў яснай мовы:

Пішыце для чытачак і чытачоў, а не для сябе.
Не арыентуйцеся на свой аб’ём ведаў. Не так важна ці цікавы тэкст для вас — галоўнае, каб ён быў зразумелым для іншых.

Перш чым пераходзіць да дэталяў, патлумачце асноўныя моманты.
Прытрымлівайцеся структуры: ад вялікага трэба рухацца да маленькага. Спачатку галоўныя звесткі, потым — дэталі.

Прытрымлівайцеся сваёй тэмы.
Не адступайце ад тэмы, каб чытачы не гублялі ўвагу.

Адмяжуйце кожны абзац адной ідэяй і старайцеся рабіць яго кароткім.
І зноў: структура — ваша ўсё.

Выкарыстоўвайце дзеясловы актыўнага стану, а пасіўны пакіньце на выключныя выпадкі.
Добры прыклад: «мы пагаворым пра А і Б». Кепскі прыклад: «Будуць разглядацца тэмы А і Б».

Пішыце кароткімі сказамі.
Так людзям прасцей вас зразумець з першага разу.

Выкарыстоўвайце паўсядзённыя словы. Калі вам трэба ўжываць тэхнічныя тэрміны, патлумачце іх пры першым згадванні.
Не заўжды вы зможаце пазбегнуць складаных тэрмінаў, і гэта нармальна. Проста патлумачце іх на самым пачатку. І тлумачце максімальна простымі словамі, а не праз іншыя тэрміны.

Прыбірайце непатрэбныя словы.
Калі выкарыстоўваеце ясную мову, забудзьцеся на сродкі мастацкай выразнасці. У тэксце не павінна быць нічога лішняга.

Стаўце дзейнік і выказнік побач.
Гэта таксама важна, каб людзі разумелі прачытанае з першага разу. Але калі вы будзеце пісаць кароткія сказы, з гэтым не павінна быць складанасцяў.

Выкарыстоўвайце загалоўкі, спісы і табліцы, каб спрасціць чытанне.
Так-так, гэта зноў пра структуру. Тэкст, напісаны яснай мовай, мусіць быць візуальным.

Праверце сваю працу і папрасіце іншых таксама прачытаць ваш тэкст.
У ідэале, дайце тэкст на вычытку чалавеку з мэтавай аўдыторыі. Пішаце для замежнікаў? Хай ваш тэкст прачытае студэнтка, якая год як вучыць мову.

Тэкст: Наста Захарэвіч
Фота: DS stories, Cup of Couple (фотабанк Pexels)

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Average rating 5 / 5. Vote count: 7

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
Падпісацца на рассылкуПадтрымаць