XXI стагоддзе ў самым разгары, а ў эфір усё яшчэ выходзяць падкасты, дзе вядоўцы зводзяць у дыскусіі нутрыцыялагіню і веганку, каб абмеркаваць, наколькі веганства небяспечнае для здароўя. Хоць на запыт «Дзе веганы бяруць бялок?» Google за 0,39 секунды выдае больш за 8500 вынікаў. Здавалася б, тэма вычарпаная. Але не, стэрэатыпы жывучыя, бо іншыя, чый стыль жыцця адрозніваецца ад нашага, па-ранейшаму выклікаюць насцярожанасць, непрыняцце, а то і непрытоеную антыпатыю. Гэтым артыкулам паспрабуем развеяць некалькі міфаў пра вегана_к, разабраўшыся, адкуль гэтыя міфы ўзяліся.
Міф № 1. Веганства — гэта дыета
Веганства — гэта не проста на 100% расліннае харчаванне, а цэлы лад жыцця. Людзі могуць па-рознаму трактаваць для сябе веганства і дапускаць розныя паслабленні, але ў цэлым кожн_ая веган_ка імкнецца жыць, не забіваючы і не здзекуючыся з жывёл.
Веганства дапускае, што ты не ясі жывёл; не ясі прадуктаў, дзеля якіх жывёл адмыслова разводзяць і ўтрымліваюць на фермах; не ясі прадуктаў, якія адбіраюць у дзікіх жывёл; унікаеш усяго з дадаткамі жывёльнага паходжання (не шырокавядомы факт, але харчовы дадатак Е120, якім часта фарбуюць напоі ў насычаны чырвоны колер, — не што іншае, як стоўчаныя ў парашок казуркі — самкі кашанілі). Апроч ежы веган_кам даводзіцца быць пільнымі пры выбары адзення: па зразумелых прычынах не пасуе скура, воўна, шоўк, пуховыя рэчы. Касметыку веган_ка выбера тую, што не тэставалася на жывёлах. Тое ж тычыцца лекаў. Пад забарону трапіць і фотастужка: у яе складзе ёсць жэлацін.
Вядома, ад усяго ўсцерагчыся складана, таму што той жа жэлацін можа ўваходзіць у склад зусім нечаканых рэчаў, напрыклад, кніг (ужываецца для склейвання). Але агульная мэта зразумелая. Таму веган_ку, найхутчэй, не сустрэнеш у дэльфінарыі ці ў цырку з ільвамі — для я_е жывёлы не нешта, што абслугоўвае я_е жаданні.
Калі сапраўды разумець веганства як стыль жыцця і набор каштоўнасцяў, то жаданне адпускаць шпількі ў адрас сябра, які ўчора адмовіўся ад мяса, адпадзе само сабою. Сябры не троляць сяброў з нагоды таго, у што тыя вераць і што для іх важна.
Міф № 2. Веган_кі пільнуюцца моды
Такое можа сказаць хіба што белы заходні чалавек, які адлічвае гісторыю веганства ад 1944 года, калі ў Брытаніі з’явілася Вяганскае таварыства, а яго заснавальнік Дональд Уотсан прыдумаў слова vegan, адкінуўшы некалькі літар са слова vegetarian. Нават з таго дрымучага часу шмат вады сплыло — якая ўжо тут мода?
Аднак адмова ад ежы жывёльнага паходжання з этычных прычын («птушачку шкада!») знаёмая чалавецтву з даўніх часоў. Розныя адгалінаванні ўсходніх рэлігій прапануюць сваім прыхільні_цам пашыраць прынцыпы нягвалту на жывёл. Падарожнічаючы, напрыклад, па Індыі, можна сустрэць мноства ўстаноў, дзе на патэльні ніколі не ляжала нічога жывёльнага. Але ўсё залежыць ад рэгіёна.
Тое, што якая-небудзь хваля коўчынгу раптам падымае веганства на шчыт разам з дэтокс-смузі і практыкамі «ўсвядомленасці», — гэта асобная з’ява. І калі нешта робіцца больш заўважным у публічным полі, гэта не значыць, што пэўныя людзі вакол паддаліся модзе. Так, магчыма, нехта больш даведаўся пра веганства, таму што зафанацеў ад Хаакіна Фенікса (актор вядомы строгімі патрабаваннямі, у кадры з ім не будзе талеркі з мясам, а на ім самім — скуранога адзення). Але хіба тое, як чалавек атрымаў інфармацыю, уплывае на тое, наколькі яна для яго важная?

Міф № 3. Веган_кі нажываюць праблемы са здароўем
Калі меркаваць па мемах, людзей на планеце надзвычай турбуе стан здароўя іншых людзей. Толькі вось «турбота» гэтая рэдка тычыцца дзяцей, якія галадаюць у Бангладэш, ці карыесу на шасцёрках поп-зоркі. Як там справы з жалезам і B12 у вегана_к? Адкуль яны бяруць бялок? Што будзе з іх косткамі праз дзесяць гадоў? Вядома, рэальныя адказы на гэтыя пытанні нікога не хвалююць — апроч блізкіх, якім рэальна не ўсё адно, ці добра харчуюцца дарагія іх сэрцу людзі і ці клапоцяцца яны пра сваё цела належным чынам.
Астатніх людзей турбуюць выключна эгаістычныя гульні ўласнага мозгу. Так ужо ўладкаваны наш чалавечы мозг: у здаровым стане ён заўсёды імкнецца давесці, што мы ўсё робім слушна — слушна і ямо, і абутак абіраем, і наагул. Калі ж нехта робіць нешта радыкальна іначай — трэба патлумачыць сабе, што з ім не так. А заадно — патлумачыць і тым, з кім «не так», хай выпраўляюцца (= будуць як мы)!
Просты адказ на любыя пытанні пра чужое здароўе: дарослыя людзі цямяць, што за здароўем трэба сачыць і неяк гэтаму ў сваім жыцці даюць рады. Калі чалавек зацікавіцца веганствам, ён пэўна даведаецца і дзе расліннага бялку больш, і як лепш прымаць вітамін B12, і іншае, і іншае. (Дарэчы, бялок не так проста набраць пры любой дыеце.)
Нярэдка кажуць, што веганства прынцыпова немагчымае ў халадах. Але пра якія халады (і пра якое стагоддзе) ідзе гаворка? Здаецца, Швецыя — самая што ні на ёсць паўночная краіна. Аднак з года ў год апытанкі паказваюць, што 8–10% яе жыхар_ак не ядуць мяса і рыбы. Усім зразумела, што калі рэгіён не гібее, то для пражытку яго насельніцтву звычайна не даводзіцца браць у рукі стрэльбу і ісці на дзіка. І свіная катлета, і катлета з сэйтану здабываюцца ў адным месцы — у супермаркеце.
Міф № 4. Веган_кі не даюць карэнным народам жыць іх традыцыямі
Нават рэлігійныя патрабаванні па частцы мясаедства трактуюцца гнутка, таму што дзе-небудзь у Гімалаях яшчэ паспрабуй забяспеч сябе гароднінай у адэкватным аб’ёме. Таксама рыбацкія вёскі ў Японіі, прымаючы будызм, не маглі адмовіцца ад свайго промыслу — бо гэта пытанне іх выжывання. Што ўжо казаць пра народы суровай поўначы? У фільме «Двойчы каланізаваная» (Twice Colonized) расказваецца гісторыя грэнландскай інуіткі Аю Пітэр, якая змагаецца за права свайго народа зарабляць паляўніцтвам на цюленяў. Забарона на такую здабычу кінула многіх людзей за рысу беднаты. Гэтая гісторыя — прыклад таго, як нельга карыстацца аднымі лякаламі для ўсіх. Абаронцы жывёл разглядалі паляванне на цюленяў праз сваю прызму: у іх рэкламных кампаніях цюлені гінулі з-за багацеяў, якія жадаюць займець шыкоўнае футэрка. У той час як для інуіта_к паляванне на цюленяў — магчымасць пракарміць сваю сям’ю.
Веган_кі па розных пытаннях могуць дыскутаваць і не згаджацца адно з адным, але тыповая памылка скептык_інь — лічыць, быццам веганства ставіць крыж на дабрабыце людзей у суровых жыццёвых акалічнасцях. Такое сцверджанне, па-першае, маніпуляцыя, падчас якой нечая пазіцыя падаецца як пазіцыя ўсёй групы. А па-другое, у кожным выпадку інтарэсы розных груп людзей могуць перасякацца па-свойму: не ўсе, хто баранілі цюленяў Грэнландыі, — веган_кі і не ўсе веган_кі падтрымліваюць тыя ці іншыя зоаахоўныя кампаніі.

Міф № 5. Веган_кі — людзі левых поглядаў
Яшчэ адно абагульненне. Так, колькасць вегана_к сапраўды ўзрастае ў супольнасцях з пэўнымі каштоўнасцямі, і, напрыклад, квір-веган_ка — гэта стандартны стэрэатыпны вобраз для тыктокаў. Але гэта ж абсалютна лагічна: чалавек, які, вельмі імаверна, сутыкаўся з жорсткім стаўленнем, не хоча ставіцца жорстка да іншых. Дакладна гэтак жа лагічна, што чалавек, які выступае супраць эксплуатацыі, супраць капіталістычнай перавытворчасці, супраць гвалту ў любых праявах, то бок чалавек левых поглядаў, — можа выбраць для сябе веганства. Калі ты супраць розных дыскрымінацыйных ізмаў, то, напэўна, выступіш і супраць спесішызму, то бок прыгнятання іншых біялагічных відаў.
Гэта, аднак, не аксіёма ў зваротны бок. Бо чалавек можа стаць веган_кай з іншых меркаванняў: рэлігійных (гл. вышэй), этычных (шкадуе жывёл), экалагічных — шматлікія дакументальныя фільмы распавядаюць пра тое, як жывёлагадоўля адбіваецца на стане планеты — напрыклад, «Скотазмова» (Cowspiracy: The Sustainability Secret) 2014 года ці «Зямляне» (Earthlings) 2005-га. Нехта лічыць веганскую дыету больш карыснай для здароўя. Напрыклад, топавая тэнісістка Вінус Уільямс веганіць з-за аўтаімуннага захворвання, а яе не меней славутая сястра Серэна веганіла, калі хацела хутка вярнуцца ў форму пасля родаў. Прычыны могуць быць розныя, а людзі наагул бясконца розныя.
Міф № 6. Веган_кі навязваюць усім свой лад жыцця
Шматлікія жарты актора_к-комікаў выстаўляюць веган_ак людзьмі, якія толькі і кажуць, што пра веганства, і пры кожным зручным і нязручным выпадку «прапаведуюць» адмову ад мяса. Гэта прыклад тыповага кагнітыўнага перакручвання — празмернага абагульнення: калі прыватныя ці адзінкавыя выпадкі мы раптам пачынаем разумець як штосьці ўсеагульнае. (Адгэтуль, дарэчы, растуць ногі ў многіх ксенафобных гісторый — пэўна, вам даводзілася чуць ад каго-небудзь думку пра цэлы народ, «падмацаваную» байкай пра сустрэчу з адн_ой прадстаўні_цай гэтага народа ў дрымучыя часы.)
Усе людзі розныя, і нехта сапраўды можа быць дакучлівы ў імкненні давесці, што яго стыль жыцця — самы слушны. Матывацыя ва ўсіх таксама адрозніваецца. Нехта абураны жорсткасцю і асуджае ўсіх, хто есць жывёл. Некаму хочацца знайсці новых аднадумцаў, і яны распавядаюць пра веганства, каб сябры таксама ім зацікавіліся і, магчыма, супалі яшчэ і ў гэтых каштоўнасцях. Нехта дзеліцца ведамі, якія нядаўна набыў, і гэта энергія «неафітаў» у цэлым падобна ў людзей, якія змяняюць свой лад жыцця ў якім кольвек кірунку. Узгадайце знаёмага, які адмовіўся ад алкаголю, ходзіць у мацоўню кожны дзень і так агітуе за ЗЛЖ, што гэта трохі азмрочвае ранейшае сяброўства. Рэч у тым, што стандартны чалавечы мозг зазвычай бароніць тое, што мы абіраем па жыцці: кожны чалавек лічыць сябе добрым, а свае выбары — лепшымі. І калі нехта кідае выклік нашаму выбару — можа паўстаць канфлікт. Дарогі зусім разыдуцца, калі людзі так і не змогуць выслухаць і зразумець адно аднаго. Бо адна справа — не бегчы ў мацоўню разам, і зусім іншае — высмейваць дасягненні сябра ў спартзале ці закідваць яго ролікамі пра шкоду сілавых трэніровак (каму такое спадабаецца?).
Ёсць такі жарт пра вегана_к: «Як ты пазнаеш пра тое, што нехта веган_ка? Яна/ён сам_а скажа табе пра гэта!» Цалкам імаверна, што сапраўды скажа. Але калі веган_ка цікавіцца, ці будзе веганская ежа на свяце, куды я_е запрасілі, то гэта не таму, што яна ці ён дыктуе ўсім, як жыць, а таму, што ёй/яму важна ведаць, ці будзе чым падсілкавацца на вечарыне і ці не патрэбна захапіць ежу з сабой. Калі веган_ка доўга разглядае этыкеткі печыва ў краме на запраўцы, гэта не з-за жадання некага перавыхаваць, а таму, што чалавеку важныя яе/яго прынцыпы (да таго ж арганізм можа насілу ператравіць тое, з чым даўно не меў справы). Калі веган_ка ўдакладняе, ці не скураную торбу вы хочаце ёй/яму аддаць, гэта не з-за жадання вас пакрыўдзіць, чапляючыся да падарунка, а таму, што не насіць рэчы ў скуры жывёлы — для яе/яго важна.
Любыя «пропаведзі» лёгка адрозніць ад жадання жыць паводле сваіх прынцыпаў. Хіба што ў дрэнных актора_к-комікаў адрозніць адно ад іншага не атрымліваецца. Гэтак і выходзіць, што з году ў год мы назіраем усё тыя ж жарты пра «прыгнёт мясаеда_к». Але неяк дзіўна выглядаюць прыгнечаныя, якія ў кожнай установе могуць нешта з’есці і якім у краме прысвечаныя наогул усе паліцы і маразільнікі, не знаходзіце?
Аўтарка: МП