Хаяа Міядзакі — легендарны японскі аніматар і рэжысёр, якому ў студзені гэтага года споўнілася 84 гады. Калі вы не аматар_ка анімэ і мульцікаў у цэлым, то пачакайце закрываць гэты артыкул: хутчэй за ўсё, на яго працы гэтая нелюбоў не распаўсюдзіцца.
Працы Міядзакі нетыповыя. У той час як «Дыснэй» будаваў свае казачныя светы вакол гераічных перамог, любоўных гісторый і трыумфаў над злом, Хаяа Міядзакі яшчэ ў 80-х гадах прапанаваў іншы пункт гледжання на анімацыю.
Ягоныя фільмы — гэта далікатныя, шматузроўневыя гісторыі, дзе сіла не ў бітвах, а ў дабрыні і разуменні іншага. Замест казачных прынцэс, якія чакаюць на выратаванне і, дарэчы, наогул не падобныя да сапраўдных жанчын, гераіні Міядзакі смелыя і праактыўныя. Замест выразнага падзелу на дабро і зло ён паказвае, што ўсё больш складана.
У гэтым артыкуле мы раскажам, за што асабліва любім працы Міядзакі і ўсёй яго неверагоднай студыі «Гіблі», якія — як найлепшы падручнік па інклюзіі, «напісаны» без павучання і маралізатарства.
1. Іншы — не значыць дрэнны або небяспечны
Мульцікі Міядзакі — гэта балады пра каханне і сяброўства паміж прадстаўні_цамі розных светаў. У іх іншы і незразумелы жыве з табою побач: пілот з тварам свінні; хадзячае агароднае пудзіла; багі, якія любяць папарыцца ў лазнях; ведзьма-падлетак, якая на сваёй мятле развозіць пасылкі жыхар_кам горада.
І калі спачатку гэтыя чароўныя і незразумелыя істоты могуць насцярожваць, то пасля бліжэйшага знаёмства з імі разумеем, што яны вельмі падобныя да нас: таксама саромеюцца, кахаюць, сумуюць і жадаюць сябраваць.
Сваімі працамі Міядзакі паказвае, што іншы — гэта не заўсёды пагроза. Пераканацца ў гэтым можна з дапамогай звычайных зносін, адкрытага сэрца і шчырай цікавасці. Так, прынцэса Наўсікая («Наўсікая з Логу вятроў») не баіцца туманных лясоў і велізарных жукоў, што іх насяляюць і якіх іншыя лічаць небяспечнымі, а таму жадаюць вынішчыць. Яна, наадварот, імкнецца зразумець іх прыроду, каб жыць з імі ў гармоніі.

Так, прынцэса дазваляе кузуркам набліжацца да яе і вывучаць яе — каб тыя пераканаліся: яна прыйшла з добрымі намерамі.

Міралюбівасць да іншага паказаная і ў знаёмстве Наўсікаі з вавёркалісам. Прынцэса нават дазваляе яму сябе ўкусіць, каб паказаць напалоханаму звярку: «Я бяспечная і не зраблю табе шкоды — нават у адказ». Менавіта гэта і стане пачаткам іх вялікага сяброўства.

Духі і багі з фільма «Скрадзеныя прывідамі» таксама спачатку пужаюць і нават здаюцца агіднымі. Але выяўляецца, што і ім патрэбны клопат і разуменне. Так, Ціхіро старанна адмывае незразумелую істоту ад бруду, а яна потым аказваецца богам ракі, які прыйшоў у заняпад з-за працы ў свеце людзей.

Часта чалавекам, які ідзе на кантакт з іншым, у працах Міядзакі аказваецца дзіця. І больш за тое, часам толькі дзеці і здольныя ўбачыць гэтых іншых — Тотара, чарнушак, Катабуса. Мусіць таму, што дзіця яшчэ не абрасло стэрэатыпамі адносна «сваіх» і «чужых», і яно ўспрымае новае не з варожасцю, а з адкрытым сэрцам і цікавасцю.
Мы можам павучыцца гэтаму навыку — бачыць іншага, пазнаваць яго і зважаць не толькі на адрозненні, але і на агульныя каштоўнасці.
2. Свет не дзеліцца выключна на дрэнных і добрых, сваіх і чужых
У працах Міядзакі і ўсёй ім жа ўзначаленай студыі «Гіблі» няма шаблоннасці і карыкатурнасці, так уласцівай шматлікім мультфільмам, у якіх дрэнны персанаж дрэнны і амаральны ва ўсім*, да кончыкаў валасоў, і да таго ж яшчэ і непрыгожы.
У мультфільмах Міядзакі няма дакладнай мяжы паміж сваімі і чужымі, дрэннымі і добрымі. Той, хто намі спачатку ўспрымаецца як чужы, потым аказваецца шматгранным персанажам — з уласнымі перажываннямі і матывацыяй. І калі паставіцца да яго з дабрынёй і разуменнем, то можна пасябраваць і з піратамі, злая ведзьма Юбаба стане «бабуляй», крыважэрная пачвара перакваліфікуецца ў памагатага па гаспадарцы, дакучлівая чапля стане адданым спадарожнікам. І само «зло» стане не такім ужо абсалютным і непераможным.



«Эбосі (гераіня мультфільма «Прынцэса Мананоке», 1997 г. — заўв. рэд.), напрыклад, нярэдка ацэньваецца заходнім гледачом як галоўная зладзейка, учынкі якой робяцца прычынай разладу. Гэтае спрошчанае бачанне не адпавядае складанасці задумы. Былая наложніца імператара (мікада), яна змагла стварыць плавільню выключна праз яго фінансавую дапамогу. Гэтыя грошы дазволілі ёй таксама выкупіць жанчын, якіх прывезлі для таго, каб ператварыць у прастытутак. Яна вызваліла іх, дала ім працу і магчымасці, роўныя тым, якія маюць мужчыны. Яна адзіная, хто займаецца пракажонымі. Адрынутых, якіх называлі буракумінамі, у Японіі звычайна лічылі за ізгояў. Эбосі шануюць і паважаюць, людзі ў кузнях жывуць у дастатку, у іх ёсць усё — дах над галавою, ежа, праца і бяспека»,
— цытата з кнігі Гаэля Бертона «Сусвет Хаяа Міядзакі».
3. Жанчынам можна даверыць усё, і яны ўсяму дадуць рады
Міядзакі — перакананы прафемініст, і гэта відаць па ўсіх ягоных працах, дзе цэнтральным стрыжнем гісторыі амаль заўсёды становяцца жанчыны. Не пластмасавыя дыснэеўскія прынцэсы з какетлівым позіркам, якіх трэба ратаваць і якія ні на што не здольныя без мужчыны поруч, а жанчыны са сваім характарам, імкненнямі і меркаваннем. Гэта і капрызныя падлеткі (Ціхіро са «Скрадзеных прывідамі»), і абаяльныя бабулі (Сафі з «Вандроўнага замка Хаўла»), і ваяўнічыя прынцэсы (Наўсікая з «Наўсікаі з Логу вятроў») і нават геніяльныя авіяканструктаркі (Фіа з «Порка Роса») і піраткі (Дора з «Нябеснага замка Лапута»).
Наогул Міядзакі — першапраходзец у адмове ад стэрэатыпаў у вобразах жанчын у кіно. Пачынаючы з яго самага першага фільма — «Наўсікая з Логу вятроў», — які выйшаў у 1984 годзе, жанчына ў яго існуе не проста як фонавая фігура, якая «адцяняе» смеласць і маскуліннасць мужчыны, а з’яўляецца паўнавартасным, шматгранным персанажам, які ўплывае на ход падзей.

Так, мы бачым Наўсікаю, 17-гадовую дзяўчыну, якую без пярэчання слухаюцца барадатыя грозныя дарослыя мужчыны са зброяй у руках і, як паказвае развіццё сюжэту, не дарэмна — Наўсікая ведае, што робіць.

Марка з «Порка Роса», цынічны пілот са знешнасцю свінні і ветэран вайны, спачатку скептычна ставіцца да таго, што гоначны самалёт для яго канструюе і мадэрнізуе 17-гадовая дзяўчына. Для яго авіяцыя — гэта сур’ёзная справа, і ён сумняваецца, што такая маладая Фіа дасць рады гэтай задачы. Аднак, убачыўшы яе талент, самаадданасць і сур’ёзны падыход, Марка хутка мяняе сваё меркаванне, перастае весціся на стэрэатыпы, і ў выніку Фіа яго не падводзіць. Зборкай яго самалёта, дарэчы, таксама займаюцца выключна жанчыны.

Моцныя нестэрэатыпныя жанчыны ў Міядзакі не толькі на першым плане. Мы сустракаем іх і на фабрыцы па канструяванні самалётаў у «Порка Роса», у плавільнях «Прынцэсы Мананоке» і ў купальнях «Скрадзеных прывідамі».

«Яшчэ больш істотна, што некаторыя жанчыны валодаюць дамінантнай ваяўнічасцю, якой звычайна валодалі мужчыны: паказальны прыклад Ксяны, якая камандавала войскамі ў «Наўсікаі з Логу вятроў», Доры, правадыркі піратаў у «Нябесным замку Лапута», спадарыні Эбосі, кіраўніцы свайго клана ў «Прынцэсе Мананоке», ці Юбабы, апякункі галоўнай купальні ў «Скрадзеных прывідамі». Кожная з гэтых гераіняў мае ў падпарадкаванні мужчын, якія яе баяцца, паважаюць і ніколі не ставяць пад сумнеў яе загады — для японскай анімацыі 1980-х гадоў гэта было досыць смела»,
— цытата з кнігі Гаэля Бертона «Сусвет Хаяа Міядзакі».
4. Галоўная суперсіла — не магія
Хоць у светах Міядзакі і прысутнічае чараўніцтва, яно ўсё ж другараднае. Міядзакі абвяргае і звыклыя стэрэатыпы пра тое, што сіла вымяраецца колькасцю перамог і бітваў. Ад мультфільма да мультфільма мы бачым, што ягоныя героі і гераіні не імкнуцца да перамогі над іншымі і нават не цягнуцца да магіі. Іх сіла — у дабрыні, смеласці і ў здольнасці заставацца сабою. І ў тым, каб не баяцца быць уразлівымі: плакаць ад бездапаможнасці, сумаваць па бацьках, злавацца ці баяцца.
Быць недасканалым у свеце Міядзакі — нармальна. Ад гэтага героі і гераіні не перастаюць быць улюбёнымі. Сафі, напрыклад, працягвае любіць Хаўла, нават калі разумее, што ён часамі інфантыльны і баязлівы. Ціхіро захоўвае цёплыя пачуцці да Хаку, нягледзячы на тое, што ён выконваў розныя заданні для Юбабы, сярод якіх былі і даволі сумнеўныя з пункту гледжання маралі. Фіа бачыць прыгожае і высакароднае ў Порка — цынічным пілоце са знешнасцю свінні — і ставіцца да яго з пяшчотай і павагай.
Гэтыя гісторыі нагадваюць нам: сапраўдная магія — гэта здольнасць любіць, прабачаць і быць сабою. І менавіта гэтая простая, але важная ісціна робіць свет Міядзакі такім блізкім і бяспечным — да таго ж у гэтых жывых, сапраўдных праявах так лёгка пазнаць сябе.


5. Прырода мае патрэбу ў нашай падтрымцы і павазе
Міядзакі надзяляе прыроду суб’ектнасцю, і таму прырода ў яго фільмах — гэта не проста фон. Яна — актыўная ўдзельніца падзей, паўнавартасная гераіня, жывая і чуллівая. Яна цешыцца, пакутуе, сумуе, аднаўляецца і паўстае.
У мультфільмах студыі «Гіблі» часта дэманструюцца разбуральныя наступствы нядбайнага чалавечага ўмяшання ў прыроду. Так, у «Наўсікаі з Логу вятроў» індустрыялізацыя і войны знішчылі экасістэму, ператварылі яе ў таксічныя лясы, населеныя гіганцкімі казуркамі. Прырода абараняецца, але не помсціць — яна спрабуе аднавіць раўнавагу. А Наўсікая паказвае, што выратаванне жыцця на гэтай зямлі магчымае праз разуменне прыроды.
Нягледзячы на тое, што ў экалагічных катастрофах зазвычай вінаваты чалавек, які шукае ўладу і рэсурсы, Міядзакі не дэманізуе людзей. Як мы ўжо казалі, у яго фільмах рэдка ёсць абсалютнае зло. Часцей за ўсё разбурэнне адбываецца не з мэтай разбурыць, а з капіталістычнага жадання максімальнай выгады і кантролю, якое спалучаецца з невуцтвам і няздольнасцю зразумець крохкасць навакольнага свету.
Некаторыя сцэнарыі Міядзакі «натхнёныя» рэальнымі экалагічнымі трагедыямі. Напрыклад, прататыпам таксічнага лесу і арганізмаў з мутацыямі ў «Наўсікаі» стала катастрофа ў Мінамаце, дзе нафтахімічная фабрыка дзесяцігоддзямі забруджвала ваду цяжкімі металамі. Калі ў 1960 годзе зліванне атрутных выкідаў было спыненае, мясцовым уладам давялося забараніць ужыванне рыбы з гэтай зоны, дзе яна страшэнна хутка распладзілася. Гэты прыклад прымусіў рэжысёра задумацца пра неверагодныя здольнасці да прыстасавання ў жывых арганізмаў і пра тое, як прырода спрабуе выжыць, нягледзячы на ўсё неабдуманае зло, зробленае ёй чалавекам.
Сваімі фільмамі Міядзакі нагадвае, што з прыродай не трэба змагацца — яе трэба любіць і берагчы. Бо свет, дзе людзі, прырода і нават робаты жывуць у гармоніі, значна больш перспектыўны для ўсіх нас.

Часам назіранне за прыродай падштурхоўвала і на стварэнне новых сацыяльных сюжэтаў.
«З ініцыятывы прадзюсара Ісаа Такахаты частка каманды фільма («Нябесны замак Лапута», 1986 — заўв. рэд.) выправілася ў падарожжа ў даліну Ронда ў Паўднёвым Уэльсе. Мясцовыя краявіды выклікалі захапленне ў мастакоў і ў выніку былі перанесеныя на паперу — так і нарадзілася шахцёрскае мястэчка, у якім працуе галоўны герой Пазу. Падчас гэтай паездкі Міядзакі вельмі ўразіўся шахцёрскім забастовачным рухам, які ўзняўся на хвалі абурэнняў цяжкімі ўмовамі працы і гібеллю многіх рабочых. Міядзакі, некалі сам прафсаюзны дзеяч, захацеў расказаць пра ўсе цяжкасці гэтай прафесіі, а таксама выказаць спачуванне мужным рабочым, — гэтаму ён вырашыў прысвяціць сваю карціну»,
— цытата з кнігі Гаэля Бертона «Сусвет Хаяа Міядзакі».
6. Руціна — гэта тканіна жыцця, і мы можам саткаць яе з цяпла і ўтульнасці
Усе мультфільмы студыі «Гіблі» напоўненыя бытавымі сцэнкамі, што таксама не заўсёды характэрна для казак, героі якіх толькі і робяць, што ратуюць свет без абеду і адпачынку. У працах Міядзакі героі і гераіні не толькі ядуць з вялікім апетытам, соладка спяць, з імпэтам прыбіраюць хату, але нават ходзяць у туалет.




Сумеснае гатаванне ежы, сняданак, мыццё бялізны — гэта ўсё моманты блізкасці і ўтульнасці. У грамадстве, арыентаваным на поспех, хуткія вынікі і няспынную вытворчасць, фільмы студыі «Гіблі» — важны напамін пра тое, што сэнс жыцця не толькі ў дасягненнях і геройстве, але і ў сумеснай спакойнай руціне і баўленні часу з блізкімі.

А яшчэ ў кожным фільме Міядзакі ёсць моманты любавання прыродай. Прырода для Міядзакі — не менш цікавы сюжэт, чым гераічная або камічная сцэна.

7. Не вайне
Хаяа Міядзакі — перакананы пацыфіст. І менавіта праз гэта ў сваіх працах ён штораз змяшчае герояў і гераінь у сітуацыі ўзброенага супрацьстаяння, каб кожны раз рабіць гэты свой выбар — заставацца пацыфістам, падкрэсліваць свой светапогляд, а заадно і абсурднасць, разбуральнасць і бессэнсоўнасць вайны.
Міядзакі нарадзіўся ў 1941 годзе, у разгар Другой сусветнай вайны. Яго бацька Кацудзі Міядзакі быў дырэктарам кампаніі Miyazaki Airplane, якая вырабляла запчасткі для японскіх ваенных самалётаў, у тым ліку і бамбардзіроўшчыкаў-камікадзэ Mitsubishi A6M Zero*.
Таму, з аднаго боку, дзяцінства Міядзакі было звязанае з самалётамі, што пасля вылілася ў велізарную любоў да авіяцыі, якая прасочваецца ў шматлікіх яго карцінах — асабліва ў «Падымаецца вецер», 2013. А з другога — вайна прынесла разбурэнні, страх і страты, стала глыбокім шнарам у свядомасці Міядзакі.


У 2003 годзе, калі фільм «Скрадзеныя прывідамі» атрымаў «Оскар», Міядзакі адмовіўся ехаць на цырымонію. Гэта было яго формай пратэсту супраць распачатай тады вайны ў Іраку, якую ён лічыў несправядлівай і жорсткай.
Вайна — гэта заўсёды трагедыя. Яна разбурае свет, прыроду і чалавечыя душы. Таму героі і гераіні Міядзакі знаходзяць сілу не ў гвалце, а ў прабачэнні, спагадзе і аб’яднанні.
Фільмы Хаяа Міядзакі — гэта не проста чароўныя казкі. Гэта ўрокі чалавечнасці, спагады і клапатлівага стаўлення да свету вакол нас. Яны вучаць нас бачыць прыгажосць у простых рэчах, быць адкрытымі да іншых, імкнуцца да гармоніі з прыродай і адстойваць свет нават ва ўмовах супрацьстаяння. Светы Міядзакі напоўненыя сэнсам, які застаецца актуальным па-за часам. Яны запрашаюць нас не толькі марыць, але і рабіцца больш добрымі, моцнымі, устойлівымі. Як гучыць у адной з яго карцін: «Падымаецца вецер — значыць, жыць імкніся». Менавіта дабрыня, здольнасць падтрымліваць адно аднаго і быць разам робіць нас па-сапраўднаму моцнымі — як людзей, як грамадства і як частку адзінага свету.
Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values — JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.
