Навошта ўлады Беларусі прыраўноўваюць чайлдфры і ЛГБТК+ да злачынстваў

ІнклюзіяГендарПравы чалавека
5
(7)

У Беларусі Генеральная пракуратура загаварыла аб тым, што неабходна ўвесці «прымусовае лячэнне і хімічную кастрацыю педафілаў». Міністэрства ўнутраных спраў ужо падрыхтавала змены ў Крымінальны кодэкс, а Міністэрства аховы здароўя распрацавала адпаведны клінічны пратакол. 

Сёння мы пакінем за дужкамі абмеркаванне  (не)этычнасці падобнага рашэння. Прапануем звярнуць увагу на тое, як гэту навіну фармулююць для чытачоў беларускія дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі (далей — СМІ). Спойлер: робіцца гэта ў лепшых традыцыях савецкай прапаганды.

Маніпуляцыі і мова варожасці ў дзяржаўных СМІ

Напрыклад, «Мінская праўда» адразу пасля інфармацыі аб «прымусовым лячэнні людзей, якія пакутуюць ад педафіліі» піша, што надыходзіць усталяванне адміністрацыйнай адказнасці за «прапаганду нетрадыцыйных сексуальных стасункаў, змены полу, педафіліі і чалдфры».

Фактычна,  злачынства супраць палавой недатыкальнасці непаўнагадовых ставіцца ў адзін шэраг з рознымі аспектамі асабістага жыцця,  якія не ўпісваюцца ў ідэалагічную канцэпцыю «традыцыйных каштоўнасцей».

Скрыншот сайту «Мінская праўда»

«СБ. Беларусь сегодня» цытуе Марыну Шкроб, намесніцу старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Палаты прадстаўнікоў: «У дзецях з самага ранняга ўзросту неабходна фармаваць правільныя ўстаноўкі для таго, каб не дапусціць уплыву на іх свядомасць старонніх нам ідэалогій і рухаў, такіх як чайлдфры, ЛГБТ і г.д. І калі, напрыклад, чайлдфры яшчэ можна разглядаць  як нейкую праяву інфантылізму і нежаданне браць на сябе адказнасць за нараджэнне і выхаванне дзяцей, то педафілія — гэта злачыннае дзеянне вычварэнскага характару. Сэнс нарматыўных новаўвядзенняў у гэтым дачыненні адлюстроўвае пазіцыю нашага Прэзідэнта і дзяржавы — падобным праявам мусіць быць пастаўлена надзейная заслона. Не варта забывацца, што чалавекам могуць рухаць не толькі вычварэнскія парывы, але і псіхічныя дэвіяцыі. У першым выпадку пакаранне мусіць быць адназначна жорсткім, а ў другім патрабуецца ўмяшальніцтва і вердыкт судовых псіхіятраў. У любым выпадку мы мусім рабіць усё магчымае, каб абараніць нашых дзяцей ад гвалту ў любым выглядзе, у тым ліку і ад бруднай прапаганды».

Скрыншот сайту «СБ Беларусь сегодня»

Няцяжка прасачыць паралель, якую праводзяць прапагандыст_кі: ставячы ў адзін шэраг злачын_ак супраць палавой недатыкальнасці дзяцей, ЛГБТК+ асобаў і чайлдфры, яны  хочуць упэўніць аўдыторыю ў тым, што гэтыя з’явы аднолькава небяспечныя для грамадства. 

Падобны спосаб падачы інфармацыі з’яўляецца маніпуляцыяй грамадскім меркаваннем, стыгматызацыяй сацыяльных груп і распальваннем варожасці.

Для чаго ўлады выкарыстоўваюць гэту рыторыку 

Прапаганда не ўпершыню прымяняе падобны прыём. Памятаеце знакамітую фразу «Сегодня ты играешь джаз, а завтра Родину продашь»? З’явілася яна ў СССР у эпоху барацьбы з распаўсюджваннем «буржуазнай культурнай заразы» ­— заходняй культуры сярод моладзі. Стылягаў не проста высмейвалі на старонках перыёдыкі і нават у дзіцячых кніжках (прывітанне, «Незнайка в Солнечном городе»), але і дэманізавалі. «Ад саксафона да нажа адзін крок», ­— сцвярджаў савецкі ідэолаг Андрэй Жданаў.

Прапагандыст_кі завяралі публіку: ад людзей, што слухаюць «буржуазную» музыку і аддаюць перавагу пэўнаму стылю ў адзенні, можна чакаць чаго заўгодна. Ад нападу з нажом за вуглом да шпіянажу на замову Захаду.

Лагічным працягам гэтай гісторыі стала тое, што так званыя стылягі сталі дыскрымінаванай групай. Іх абмяркоўвалі на камсамольскіх і студэнцкіх сходах, кагосьці нават адлічвалі з навучальных устаноў. З’явіліся дабраахвотныя народныя дружыны, прадстаўні_цы якіх арганізоўвалі аблавы на стылягаў. Гвалт у адносінах да стылягаў быў нярэдкай з’явай: дружынні_цы маглі іх збіць, прымусова абрэзаць валасы, парэзаць адзенне ці адабраць штосьці з рэчаў, якія спадабаліся. З пункту гледжання прапаганды падобныя паводзіны лічыліся цалкам апраўданымі. Бо ў іх была «добрая» мэта: перавыхаваць «маральных вырадкаў», якія трапілі пад знішчальны ўплыў Захаду. Вядома, звярнуцца ў міліцыю праз парушэнне сваіх правоў ніхто са стылягаў не мог. 

Размаўляючы з «Іншымі» аб мове варожасці, Алег Ражкоў, медыяэксперт, сузаснавальнік праваабарончай ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць», адзначаў, што ўсе людзі па змаўчанні з’яўляюцца ксенафоб_камі, і тыя, хто мае ўладу, часта гэтым карыстаюцца: «Мы можам узгадаць знішчэнне яўрэ_ек падчас Другой сусветнай вайны, якому папярэднічала свядомая інтэнсіўная інфармацыйная кампанія. Працуе яна заўсёды па адным прынцыпе:  спачатку ствараецца негатыўны вобраз для пэўнай групы, потым адбываецца яе ізаляцыя, дэгуманізацыя, абесчалавечванне, а пасля ― знішчэнне.  Каб перайсці да генацыду, неабходна пераадолець усе этапы. Немагчыма адразу сказаць: «А давайце знішчым вось гэту сацыяльную групу». Спачатку трэба растлумачыць: «Гэтыя людзі адрозніваюцца ад нас, яны ўвасабляюць небяспеку». А затым паступова падвышаць градус нянавісці ў грамадстве».

Што (магчыма) будзе далей

Беларусь і раней з’яўлялася краінай, дзе ЛГБТК+ людзі не маглі адчуваць сябе ў бяспецы. Адным з яркіх прыкладаў таму з’яўляецца гісторыя Міхаіла Пішчэўскага, які быў жорстка збіты пасля вечарыны ў мінскім гей-клубе. Некаторы час пасля гэтага Міхаіл правёў у коме, лекар_кам давялося выдаліць каля 20% мозгу. Акрыяць пасля атрыманых траўмаў мужчына не змог — праз паўтары гады ён памёр. Шматлікія СМІ называлі гэту гісторыю прэцэдэнтам: у судзе разглядаецца злачынства, здзейсненае на падставе нянавісці. Зрэшты, у судовай пастанове гэты матыў не ўказваўся. У якасці пакарання злачынец атрымаў 2 гады і 8 месяцаў у калоніі, аднак фактычна адсядзеў менш за год і выйшаў па амністыі.

Новая хваля прапаганды супраць ЛГБТК+, чайлдфры і іншых сацыяльна ўразлівых груп у дзяржаўных СМІ выклікаюць непакой. Пачынаецца чарговае «паляванне на вядзьмарак». Верагодна, з дапамогай дэманізацыі дадзеных груп і прыраўноўвання ўразлівых груп да злачын_ак  улады плануюць стымуляваць беларус_ак больш актыўна даносіць адно на аднаго. 

Як мінімум гэта прывядзе да таго, што  напружанне ў беларускім грамадстве ўзрасце:   маладыя жанчыны будуць часцей сутыкацца з псіхалагічным і рэпрадуктыўным гвалтам. Свядомае нежаданне мець дзяцей прапаганда называе і інфантылізмам, і псіхічнымі дэвіяцыямі. Застаецца адкрытым пытанне, як хутка беларускія дэпутат_кі ўзгадаюць, што можна ўвесці падатак на бяздзетнасць, які пэўны час існаваў у СССР.

 А для ЛГБТК+ асобаў краіна стане яшчэ болей небяспечнай.  Праца журналіст_ак, якія раней пісалі пра ўразлівыя групы, фактычна стане немагчымай. Таму, хутчэй за ўсё, у бліжэйшай будучыні любы тэкст, дзе гера_іняй з’яўляецца квір-персона або чайлдфры, аўтаматычна запішуць у «прапаганду нетрадыцыйных каштоўнасцей», а яго аўтар_цы будзе пагражаць адміністрацыйная адказнасць. 


Тэкст: Юля Міхасёва
Фота: Anna Shvets, скрыншоты сайтаў www.sb.by і www.mlyn.by

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 7

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x